«Радасьць людзкога жыцьця»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Радасьць людзкога жыцьця“
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1925
Крыніца: „Маладняк“, 1926, № 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кузьма Чорны. — „Срэбра жыцьця“ — Апавяданьні. Выд. ЦБ „Маладняка“. Менск — 1925 г., стар. 50, ц. 20 к.

„…Усё, што на зямлі, — мне роднае…“ — так у пачуцьцях дзядзькі.

„— Эх, зямля! эх, горад! жыцьцё ты маё вольнае. Сягоньня я тут, заўтра — там. Абшар ты мой вольнай зямлі. Радасьць людзкога жыцьця, бясконцае захапленьне існаваньня“, — так думае Мікіта ў апавяданьні „Срэбра жыцьця“.

„— Вось сьпяваюць вятры на палёх; па леташнім іржышчы слаўна йсьці будзе дадому досьвіткам, і будзе ўсё ў чалавека добра і радасна…“ — гэтак думае Кірылка ў апавяданьні „Мельнікі“.

Узмахі вясёласьці ў людзей выяўляюцца ў апавяданьні „У вёсцы“. У ваднаго ад „дзень ды ноч і суткі ўпроч“, так што ўжо стала „мора па калені“, а ў другіх ад „жыцьця, ад шырыні нязжытай жыцьцяздольнасьці…“.

„…Давайце і мы сабе закажам чаю ў шклянках і закруцім яму (свайму начальніку. — А–скі.) галаву за мілую душу“, — так шукаюць свае радасьці ў піўной Чарнілюк з Чыстапісам у апавяданьні „Ня пі густога чаю“.

Радасьць людзкога жыцьця шырокая, як само жыцьцё. Яна — той пункт, да якога накірована ўся людзкая дзейнасьць. І Кузьма Чорны — яе пясьняр у прозе. Яе выяўленьне ў жыцьці рабочых і сялянскіх прастораў — гэта галоўнае ў творчасьці К. Чорнага. І ўсе зьявы, выхапленыя ім з жыцьця, у яго творчасьці зьяўляюцца вобразамі альбо ажыцьцяўленьня гэтай радасьці, альбо вобразамі людзкой імкнённасьці да яе. Адарванасьць ад шляхоў да радасьці, блуканьне па сьцежках выдуманай фальшывай радасьці для К. Чорнага зьяўляецца асновай яго мяккага гумару, а часам і сатыры.

Гэтым асноўным творчасьці вызначаюцца ў К. Чорнага і прыёмы апавяданьня. Калі ў іншакраёвых літаратурах пачынаюць узьнімацца галасы аб неабходнасьці сужэтнага аформленьня матэрыялаў у апавяданьнях, то маладнякоўская творчасьць, быць можа, несьвядома, але заўсёды разьвівалася на аснове сужэтнага разгортаньня тэй ці іншай тэмы. Такой зьяўляецца і творчасьць К. Чорнага. Праўда, тут няма такіх сужэтаў, як зазвычай шукаюць у вялікіх аповесьцях або романах. Сужэтнае разгортаньне тэмы ў К. Чорнага зьмяшчаецца ў перастаноўцы роўніц жыцьця, што дае магчымасьць яскрава і завострана выявіць ажыцьцяўленьне асноўнай ідэі яго творчасьці. Гэта асабліва яскрава паказана ў апавяданьні „Ня пі густога чаю“, дзе роўніца жыцьця Чарнілюка і Чыстапіса пастаўлена ў роўніцу жыцьця іх начальніка Цэнтразыхера — і наадварот. Усё гэта дадзена на фоне жыцьця ў піўной. Вось чаму ад душы сьмяешся, як чытаеш пра гэтых асоб. Сьмяешся яшчэ і таму, што бачыш, як радасьць адных асоб закрываецца роўніцаю другіх і дарогі да яе пераблытваюцца, а цераз гэтага і ўсё выяўляецца ў сьвеце сьмешнага.

Адзнакі гэтыя кажуць за тое, што разьвіцьцё мастацкай прозы беларускай у васобе К. Чорнага ідзе правільным шляхам і дазваляе чакаць ад яго новага слова, што ўзьвядзе беларускую мастацкую прозу на агульналюдзкае ўзвышша, да якога даходзіць ужо беларуская поэзія.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.