Перайсці да зместу

Францішак Багушэвіч (Клімковіч, 1950)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францішак Багушэвіч (да пяцідзесяцігоддзя з дня смерці)
Артыкул
Аўтар: Міхась Клімковіч
1950
Крыніца: Звязда. – 1950. – 28 крас. – С. 4.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Імя Францішка Казіміравіча Багушэвіча (нарадзіўся 21 красавіка 1840 г., памёр 28 красавіка 1900 г.) вядома нашай грамадскасці, як імя паэта - рэволюцыйнага дэмакрата XІX стагоддзя, творчасць якога непасрэдна прымыкае да творчасці Шэўчэнкі, Некрасава, Салтыкова-Шчэдрына і ў значнай меры грунтуецца на гэтай творчасці. Гэта зусім натуральна, бо яна вынікла з тых самых гістарычных умоў класавай барацьбы перадрэформеннай і паслярэформеннай Расіі.

Праўда, творы Фр. Багушэвіча з'явіліся ў друку крыху пазней. Яны былі надрукаваны ў пачатку 90-ых гадоў («Дудка беларуская» ― у 1891 г. у Кракаве пад псеўдонімам «Мацей Бурачок», «Смык беларускі» ― у 1894 г. у Пазнані пад псеўдонімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава»). Але гэта не адрывае іх ад бурнай эпохі 60-70-ых гадоў, па-першае, таму, што ў той час складаўся светапогляд Багушэвіча, як грамадскага дзеяча і пісьменніка, а, па другое―таму, што 90-ыя гады―гады пачатку ўздыму рабочага рэволюцыйнага руху зноў ставілі, як адно з самых актуальных пытанняў, пытанне ліквідацыі рэштак прыгонніцтва.

Для Беларусі, дзе рэшткі прыгонніцтва былі яшчэ больш пашыраны і праяўляліся з яшчэ большай жорсткасцю, рэволюцыйна-дэмакратычная паэзія Багушэвіча, нават апублікаваная ў 90-ых гадах, мела асаблівае значэнне. Закранаючы пытанні несправядлівасці існуючага соцыяльнага ладу і беззаконнасці яго існавання, паэзія Багушэвіча давала штуршок рэволюцыйным імкненням сялянства, нягледзячы на тое, што сама непасрэдна і проста не заклікала да рэволюцыйнага дзеяння.

У 1902 годзе Ленін пісаў: «Мы перажываем бурныя часы, калі гісторыя Расіі крочыць уперад сямімільнымі крокамі, кожны год значыць часам больш, чым дзесяцігоддзі мірных перыядаў. Падводзяцца вынікі паўстагоддзю парэформеннай эпохі, закладваюцца камяні для соцыяльна-палітычных пабудоў, якія будуць доўга-доўга вызначаць лёс усёй краіны» (Ленін, т. V, ст. 145). Своеасаблівым адлюстраваннем паўстагоддзя парэформеннай эпохі была і творчасць паэта-дэмакрата.

Само сабой зразумела, што не ўсё ў спадчыне Фр. Багушэвіча было прыгодна стаць каменем у фундаменце новых «соцыяльна-палітычных пабудоў». Яму былі ўласцівы асобныя памылковыя погляды, напрыклад, на сярэдневяковую гісторыю Беларусі і на значэнне уніяцтва; ён ідэалістычна разглядаў пытанне аб мове і паэзіі і інш.

Але не гэтыя памылкі і недахопы абмежаванага часам светаўспрыймання складалі сутнасць творчасці пісьменніка. Сутнасць яе складала зусім іншае. Фр. Багушэвіч ясна бачыў прыгнечанае становішча людзей працы ― стваральнікаў усіх багаццяў на зямлі і ўзнімаў свой голас пратэсту супраць іх прыгнёту. А самае галоўнае ― ён першы у беларускай літаратуры смела і адкрыта стаў на пункт гледжання рускіх рэволюцыйных дэмакратаў ― Белінскага, Дабралюбава, Чарнышэўскага, Некрасава на паэзію, як на адзін з дзейсных сродкаў палітычнай барацьбы за лепшы лёс прыгнечаных народных нізоў. У гэтым напрамку яму давялося перш-на-перш абараніць права народа на літаратуру на сваёй уласнай мове. І трэба сказаць, што гэтую абарону Фр. Багушэвіч правёў бліскуча. У прадмове да зборніка «Дудка беларуская» ён пісаў:

«Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша―«мужыцкая» мова і толькі таго. Але... з тэй пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў, і праканаўся, што мова наша ёсць такая-ж людская і панская, як і французская, або нямецкая, або і іншая якая».

Аднак валоданне мовай для Багушэвіча не было самамэтай, хаця ён і прызнаваў за ёй выключнае значэнне. Багушэвіч рэзка адмежаваўся і асудзіў ліберальна-памешчыцкі напрамак у беларускай літаратуры, у прыватнасці Дуніна-Марцынкевіча. Паэта не задавальнялі беларускія кніжкі, якія па свайму зместу «нібы смеючыся з нашага брата пісаны».

Непасрэдны ўдзельнік сялянскага паўстання 1863 года, вучань Шэўчэнкі і Некрасава, ён добра ведаў, якія кніжкі патрэбны селяніну. Паэт двойчы едзе заграніцу і там выдае на ўласны кошт свае творы пад двума рознымі псеўдонімамі і арганізуе іх перапраўку ў Беларусь. Робіць ён спробы надрукаваць зборнік апавяданняў «Беларускія расказы» і зборнік вершаў «Беларуская скрыпачка» у царскай Расіі. Але царская цэнзура адразу убачыла непажаданую ёй соцыяльную накіраванасць паэзіі Багушэвіча і не дала дазволу на друкаванне. Магчыма да лірычных вершаў «Беларускай скрыпачкі» адносіцца і гэты невялічкі верш, два радкі з якога былі узяты сялянамі ― сябрамі паэта для надпісу на вянку ў часе пахавання Багушэвіча:

«Вецер дзьме і вые,
Што аж мыслі рвуцца.
Змоўклі песні тыя,
Што іграў на дудцы.
Раз яшчэ зайграю
У астатняй хвілі
Для тых, што жаль маю,
Што мяне забылі…»[1]

Скарга паэта на тое, што яго забылі, ― відавочна вымушаная неспрыяльнымі ўмовамі для дэмакратычнай паэзіі ў царскай Pacіі, была перадчаснай. Пісьменніка не забылі. На яго паэзіі выхоўваліся і вучыліся маладыя сілы беларускай рэволюцыйнай дэмакратыі 900-х гадоў.

У сваёй творчасці паэт праводзіць рэзкую грань паміж панам і селянінам, прычым усе сімпатыі яго на баку селяніна. Пан для яго―дармаед, паразіт, у якога, як і ў бандыта, «дабро усё здабыта толькі крыўдай братняй» (верш «Панская ласка»). Панскую дабрачыннасць паэт згодзен разглядаць толькі ў адным разрэзе: яна падобна на літасць разбойніка, які выкінуў абрабаванаму пану кажушок і пасталы, каб той не замёрз у лесе.

Багушэвіч ненавідзеў паноў векавой нянанавісцю селяніна і сэрцам і розумам перадавога, прагрэсіўнага разначынца-дэмакрата. Прычым гэтая нянавісць была і канкрэтнай і абагуленай. Так, эпіграме на магната Тадэуша Врублеўскага ён дае такі партрэт гэтага пана:

Малімончык наш Тадэўка,
Гад, на паперы масцюк:
Як пачуе, дзе ёсць дзеўка,
Дык улезе, як пацук...
Як ён моліцца―дык грэша,
Як смяецца―плачуць людзі,
Як пабожыцца ― то брэша,
Як салодкі―кепска будзе».[2]

А колькіх такіх-жа, толькі ўжо абагуленых і тыпізаваных партрэтаў паноў, ксяндзоў, ураднікаў, эканомаў, царскіх чыноўнікаў і суддзяў даў паэт у вершах «Быў у чысцы», «У астрозе», «Бог не роўна дзеле», «Скацінная апека», «Песня» («Гарцуй, танцуй, пане!―табе хлеба стане»). З нянавісцю паказвае паэт і тых, хто здрадзіў свайму сялянскаму класу і, падвучыўшыся, перайшоу у стан эксплуататараў (вершы «Ахвяра», «Калыханка»).

Доля селяніна непакоіць паэта. Ён гатоў аглохнуць, каб не чуць, «як звякаюць ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць», аслепнуць, каб не бачыць, як «крыж уеўся ў плечы, ланцугі ў рукі» (верш «Праўда»). Але лёс вызначыў пісьменніку пачэсную ролю будзіць свядомасць селяніна, раскрываць яму вочы на свет. І ўсю страсць сваёй душы, увесь талент мастака слова аддае паэт гэтаму свайму высокаму прызначэнню. У праграмным вершы першага зборніка «Мая дудка» Фр. Багушэвіч вызначае свае эстэтычныя погляды. Паэзія для яго―справа жыцця. Покуль «не высахнуць грудзі», «не выцякуць слёзы», «не падарвуцца сілы», паэт будзе змагацца за лепшую долю селяніна, здабываць для яго

Вадзіцы ходь каплю,
Ды такой вадзіцы;
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто наш'ецца,
Дык вольным стаецца.

У сатырычных куплетах «Дурны мужык, як варона», трыбунным лірычным вершы «Бог не роўна дзеле», байцы «Воўк і авечка», баладзе «Не усім адна смерць», паэтычным дыялагу ў народным стылі «Чаго бяжыш, мужычок?», вершаваных апавяданнях «Быў у чысцы», «У судзе» і інш.―усімі новымі тады яшчэ для беларускай літаратуры паэтычнымі формамі і жанрамі―імкнецца растлумачыць пісьменнік селяніну, што ён сапраўдны творца багаццяў зямлі. Сваімі творамі Фр. Багушэвіч імкнуўся прабудзіць у працоўным чалавеку пачуццё сілы і чалавечай годнасці.

Разам з гэтым ён ставіў і другую задачу―абудзіць у сэрцы кожнага чэснага чалавека любоў да сваёй радзімы-Беларусі. Ён едка высмейваў касмапалітызм і нізкапаклонства перад захадам з боку мясцовага шляхецтва.

Вуаліруючы свае парады ў форму апавядання прастадушнага, наіўнага селяніна («У астрозе», «Быў у чысцы»), Багушэвіч падказваў магчымую расправу народных нізоў са сваімі прыгнятальнікамі. Ва усім гэтым сказаўся жыватворчы ўплыў на яго паэзію рускай рэволюцыйна-дэмакратычнай літаратуры. Усім гэтым дораг і блізкі Фр. Багушэвіч і нашаму чытачу, як папярэднік сучаснай беларускай паэзіі. Дораг і блізкі нам Фр. Багушэвіч і тым, што ён быў першым паэтам, які паставіў беларускую літаратуру канца XІX і пачатку ХХ стагоддзяў на грунт крытычнага рэалізма. У яго вучыліся гэтаму рэалізму і страснаму служэнню народу маладыя сілы рэволюцыйнай дэмакратыі пачатку дзевяцісотых гадоў: Цётка, Янка Купала, Якуб Колас, якія прышлі на змену «аднаструннай ліры» Фр. Багушэвіча са сваімі шматструннымі лірамі. Яны развілі далей тое, што даў беларускай паэзіі яе першы революцыйна-дэмакратычны пісьменнік.

Mіx. КЛІМКОВІЧ.


  1. Верш гэты, як і нізка другіх, толькі нядаўна знойдзены і ўпершыню
    друкуюцца ў часопісе «Полымя» № 4, 1950 г.
  2. Адтуль-жа.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.