Калі ўсё ломіцца ўнутры,
Маўкне пабеды веры—
Надзеяй мляўкасьць ты сатры
І ня шукай больш меры.
Ў разсудку зломленым тваім
На чыны ўздыму волі.
Змаганьне ў імпаце сваім
Ня мерай ты ніколі.
Сумлівы, трэзвасьць... а пашто?
Каб больш нас брала роспач?!
Хоць чын наш быў-бы нінашто —
У барацьбе ёсьць роскаш.
Маўчыць ці б’е ў душы журба —
Нам путы трэба скінуць.
Ляпей сьмяротна барацьба,
Чымся ляжачым згінуць.
Дык хай ляціць бадзёры ўздым
Над Краем громам крыкне,
Разьвее ўвесь няволі дым.
Хай вораг ўжо прывыкне.
Нас бачыць стойкіх ў барацьбе,
Ня знаўшых болю, страху,
Чужых той жаласнай мальбе
І мляўкасьці, і жаху.