Перайсці да зместу

Досьвіткі (1926)/Трасца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Трасца (Гарэцкі))
Дурны настаўнік Трасца
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Сасна
Датуецца 18 жніўня 1921 году.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трасца

Дзеелася гэта даўно, — тады, калі яшчэ дзяды нашы мусілі баяцца і пана, і бога, і Чорта…

Дзеелася гэта тады, калі бедны чалавек мусіў за палена дроў цягацца па начы ў панскім лесе…

Дзеелася гэта тады, калі цёмны челавек, змарнованы цяжарам працы, усяго баяўся і ўва ўсё верыў, і нават хваробу сваю зьвязваў з усякімі зданьнямі…


Трасца прычапілася к яму вясною, калі ён хадзіў у ночы ў панскі лес красьці дровы. Ноч была месячная і ёдкая. З хаты ён вышаў, як папелі першыя пеўні. Па дарозе яму нічога не здалося. Ціха спалі будынкі. У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Ад саджалак цягнула веснавою мокрасьцю. Чалавек спакойна пераступіў граніцу і падаўся глыбей у лес. Незабавам узьбіўся ён на добры лом, папляваў у рукі і з прыемнасьцю, але паціху, асьцярожна завінуўся над паваленай бярэзінай. Хапаўся і дзеля таго троху лішне ўвагрэўся. Потым, не марудзячы заткнуў сякеру ззаду за паяс, узваліў бярэзіну на правае плячо і, доўга нядумаўшы, засігаў шыбчэй назад. Сьпярша лясіна не здавалася цяжкою. Аднак, калі вышаў ён на поле, дзе пачыналась панаваньне месяца і холаду, несьці стала цяжка. Лясіна гнула яго ўніз і за кароткі час намуляла яму і правае, і левае плячо. Сам зьдзіўлены сваёю слабасьцю, ён падумаў, што трэба адсячы кавалак макушкі, бо толькі гутаецца і замінае несьці, а карысьці з яе мала. Скінуў лясіну і прыстоіў; абцёр пот. І тады пачуў на сьпіне, пад кажушком, няпрыемны дрыгкі халадок. „Э, ці гэта ня бывае“, падумаў сам сабе, узяў сякеру ў рукі і нахіліўся, шукаючы, дзе-б адсячы канец лясіны. Аж раптам неўспадзеўкі, з подзівам заўважыў, што ззаду, яшчэ нехта жывы поркаецца пазямлі. Прыгледзеўся пільней і па месяцу ўбачыў, што гэта нейкая баба. Ня стаўшы адсякаць канца, падняў ізноў лясіну і моўчкі, ня гледзячы назад, ішоў да самай хаты. Гэта яшчэ ня быў страх, а ўсё-ж ткі там на сьпіне, дзе чуўся халадок, цяпер зрабілася аж надта цёпла. — Папсавала мне работу, — ціха сказаў ён сам сабе, злажыўшы бярэзіну ля хаты пад страху, сеў тут-жа пад страхою і закурыў піпку. Тымчасам пеўні прапелі ў-друга, ён падумаў: „Якога ліха баяцца“, і пашоў у лес яшчэ раз…

Разважаць аб зданьнях ён не хацеў, але цяпер мімаволі час-ад-часу пытаўся ў свае памяці: ці гэта ён бачыў жывую бабу, ці гэта яму толькі здалося? і цяпер ён ня дужа сьмела йшоў туды, дзе спадзяваўся болей сухога буралому. У лесе быў яшчэ сьнег; бялеў і хрупаў пад нагамі, разганяючы дурныя страхі цішы і поцемкаў. Усё було ціха, нідзе ніхто не варушыўся, не здаваўся. Зараз трапіўся яму сухі пень. Хацелася курыць, ды адлажыў ужо да хаты, абчысьціў з большага пень ад кары, узваліў яго на плечы і маўчаком пасунуў к полю. Бабы ня было. Па дарозе ён сьмела строіў здогады, што, мусіць, і яна таксама крала дровы, толькі не спазнаў яе — адкуль і хто. Так вышаў ён на поле. У гразкім пераходзе хацеў паправіцца, каб лепей было несьці, азірнуўся… аж сунецца тая баба! На сьпіне ў яго, пад кажухом, дзе было так горача, разьліўся мокры холад, а троху ўмочаныя ногі занылі, як пасьля доўгае і труднае хадні ці ад рэматызму, — і засягаў, больш не азіраючіся. Тое, што блізка былі хаты з людзьмі, паддавала яму болей сьмеласьці. Злосьць яго ўзяла: чаго, думае сабе, учапілася за ім дурная баба, як той сабачы хвост за ваўком? — „Ча‘ яе за мною носіць?“ — развжаў, абціраючы сьцюдзёны пот і зашпіляючы каўнер, бо ёдкае паветра ахапіла яго ўсяго.

Кінуўшы пад страхою пень, прышоў у хату, каб трошку адпачыць і сагрэцца. Жонка заварушылася, пачуўшы яго. — „Ці ў дровы схадзіў?“ — спыталася. — „Ага. Прынёс макушку і пянушок… дый яшчэ раз думаю схадзіць“, — адказаў ёй, пыхкаючы ў сьветлаватай ад месяца хаце, аб тэй-жа старой змоўчыў, каб не спалохаць жонку. „Яшчэ пабаіцца адна з дзяцьмі заставацца ў хаце“, так падумаў. Хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да сьвітаньня, дык ня стаў. І піць яму захацелася. Жонка, як на тое, устала паіць хлопчыка, дык і ён ня ўцерпеў, напіўся і выпіў болей, чым можна піць, спацеўшы, — „А я ўсё нейкую дурную сьніла“, — сказала жонка, кладучыся ізноў на пасьцелю, і, відаць, манілася зараз, хоць каротка пераказаць яму свой сон. Ён-жа наўмысьля ня стаў слухаць і пашоў у лес трэці раз.

Пабрыў за гумны з цікаўнасьцю і страхам: стрэнець ён цяпер гэтую старую ці не? А ў жончыныя сны ня дужа верыў, бо жонцы заўсяды нешта нейкае вярзлося. На полі нікога ня было. Неба ачысьцілась ад хмар, выплыў месяц у другой квадры. Усё асьвяцілася спакойна-сонньм яго сьвятлом, ёдкасьць спусьцілася ў мокрыя нізіны, паветра пазванчэла, і дзесь адзаду, срод хат, гаўкнуў сабака, за ім яшчэ другі. Чалавек супакоіўся, шыбка скакаў з сухога на сухое, каб угрэцца й пасьмялець. Над цёмным лесам зьявіўся невялічкі, але рэзкі гэткаю парою вецер, і макушкі зьлёгку зашумелі, заківаліся. Ступіўшы цяпер у лес, напалоханы чалавек разы са тры пераксьціўся зморанаю цяжкім пнём рукою, — ня тое што дла страху, але так, на ўсякае ўсё. І пачуў, што яму робіцца сьцюдзёна ня зусім так, як бывае звычайна. „Хоць-бы трасцу не схапіць“, дзіўна аслабеўшы на кароткі час духам, падумаў ён і злаяў старую: „Прычапілася-ж, падла, ні стуль, нісьсюль“. Яе-ж пакуль што не было, і пашоў ён гэтым разам ня туды, дзе знашоў макушку і пень, а троху ўбок. Тут ён зараз сабраў ношку сухога паленьня, ды неяк трапіў у благое месца: пад нагамі хлюпала вада, ён яшчэ болей памачыў ногі, аббрызкаўся вадою і ўпэцкаўся ў леташнія хваёвыя голкі, зьмешаныя з гразёю. Толькі ўзьняў ён ношку на плечы, глядзіць аж баба тая стаіць побач… Па ім прабегла палахлівая дрыготка. Стала ворашна й сьцюдзёна… Маўкліва панёс ношку, — і цяпер самі сабою закалаціліся ў яго зубы: д-д-д-д… Хваравітая, мляўкая асьцюдзянеласьць пашла па ўсім целе, і чалавек са страхам памысьліў, што трасца апанавала яго. Цяпер ужо ён ня мог саўладаць з дрыготкаю, барджэй адкінуў колькі паленьняў і панура вышаў з лесу на поле. Прырода ўсё яшчэ ціхамірна спала, толькі як-бы троху паслабела месячнае сьвятло, і паветра пацямнела ў нізінах, а ядранейшым і сьвятлейшым зрабілася, здаецца, над галавою. Там, дзе дагэтуль маўчалі хаты, закукарэкалі трэцім разам пеўні, у вадным акенцы бліснула было сьвятло, ды йзноў згасла: відаць, хацелі там ужо ўставаць, але ўбачылі, што яшчэ вельмі рана. Яго трасло і трасло… Рады, што падышоў да хат, кінуў ён ношку ля гумна і ўгрунь пабег у хату — мокры, спацелы, сьцюдзённы

„Яшчэ прынёс?“ — прыхільна спыталася жонка. Ён маўчаў і мокрымі ад поту і ад вады рукамі раскручваў аборыну. Зубы яго ляскаталі, усё цела калацілася, а часам яго ўсяго няведамая сіла кідала з боку у бок. Мляўкая асьцюдзянеласьць разьлівалася ад патыліцы к сярэдзіне, усё цяплеючы й вяшчуючы гарачку. Жонка: зьдзівілася яго маўчаньню, боязка прыслухалась і тады пачула дробненькае зуб аб зуб: д-д-д-д… Яна схапілася з пасьцелі і падышла ды нахінулася: — „Што табе? Чаго маўчыш?“ — А ён усё маўчаў. — „Што табе!“ — крыкнула ў упудзе і кінулася паліць лучыну. — „Н-н-не п-п-па-л-і-іі“ — насілу вымавіў, трасучыся ўвесь, мужык, а тады сьцюдзёнымі ліпкімі, як мярцьвец ці жаба, пальцамі ўзяў яе за руку і пацягнуў к акну. Шлёпаў голаю, разутаю нагою і чвякаў другою, абутаю. І калаціўся, як асінавы ліст пад вялікім ветрам. Яна з жахам зірнула ў акно… Прыхіліўшыся да яе вуха, ён стаў шаптаць, вымаўляючы склад за складам, слова за словам: ці не стаіць там на месячным відным надвор‘і, на гародзе, між блізкаю, віднейшаю пуняю і далячэйшым, цёмным гумном, пахілая чорная постаць? Жонка слухала і глядзела, як зачараваная. Тады раптам жахліва адшаснулася ад акна: хоць там, пэўна-ж, нічога ня ўбачыла, але і ёй здалося, што быццам нешта чорнае мільгаецца там у ваччу. Яна рынулася к полу, схапіла там першае што трапіла пад руку, — спадніцу — і, распасьцёршы яе ў руках захінула акно. У хаце зрабілася цёмна і нязручна, але затое забаронна ад надворнага ліха. Зачапіла яна спадніцу адным ражком за крук у сьценцы, а другі падціснула пад налесьнік. Край спадніцы апаў… Вузкая коска белага месяца няроўна праскачыла ў хату — і спалохала іх абаіх. Ня палячы сьвятла, памагла жонка мужыку ўзьлезьці на пол, на пасьцелю, на якой ён і пракачаўся дзён дваццаць з гакам у хваробе і выпятрыў на шчэпку ад гарачкі…