Перайсці да зместу

Страхі жыцьця (1919)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Страхі жыцьця)
Страхі жыцьця
П’еса
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1919 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішк Алехновіч.

СТРАХІ ЖЫЦЬЦЯ

драма ў 3 актах.




ВІЛЬНЯ — — — — — — — — 1919

ВЫДАВЕЦТВА НАРОДНАГА КАМІСАРЫЯТУ

№ 19АСЬВЕТЫ.№ 19


Францішк Алехновіч.

СТРАХІ ЖЫЦЬЦЯ

драма ў 3 актах.




ВІЛЬНЯ — — — — — — — — 1919

Ахвярую Тэй, Каторая была
мне́ ве́рнай Таварышкай у
жудасныя часіны 1915—1918 г.

АСОБЫ:

СЫМОН

АЛЬЖБЕ́ТА, яго жонка.

ЮЗЯ, іх дачка.

АЛЕ́СЬ, іх сын.

КАЗЮК, жаніх Юзі.




Акт I

[правіць]

Бе́дны брудны пакой. На ложку ляжыць хворая Альжбе́та. Каля ложка ўслончык, на ім кубак, якаясь пляшка з ле́камі, лыжка — як заўсёды бывае ў гэтакіх здарэньнях. Ля стала сядзіць Юзя і глядзіць у люстэрка. На сваёй пасьце́лі, наладжанай на старых якіхсьці скрынях, сядзіць Але́сь.

Пасярэдзіне — глаўныя дзьве́ры, управа — у пакой Сымона.


ЗЬЯВА І.

Альжбе́та, Юзя, Але́сь.

Альжбе́та. Юзя! піць!..

Юзя (бярэ кубачак з услончыка, чэрпае вады з вядра і дае́ маці). А я, мама, думаю, ці ня ле́пш будзе, калі паклікаць санітарнага доктара… Ен-жа грошы ня возьме…

Альжбе́та (слабым голасам). Ой, ня трэба!.. Ці-ж ты ня ве́даеш гэтых дахтароў!.. Зара прышлюць карэтку і завязуць у гэты… іхні барак… Сама добра памятаеш, як было ў Міхале́вічаў: ён захварэў і не вярнуўся… забілі-замарылі…

Юзя. О, Божа-ж мой!.. Дык што рабіць? што рабіць?! А як-жа ж у хаце́ так хварэць ды хварэць бяз ніякае помачы… О, Божа мой!..

Альжбе́та. Але… Я ве́даю, што я вам усім надае́ла: і бацьку, і табе… Ве́дама — хворая!.. Няхай ужо хутчэй памірае! Але! ніякае літасьці!.. Пабачыш, сама старая будзеш — захварэеш, і цябе́ можа так сама дзе́ці шкадаваць ня будуць…

Юзя. Ах, мама, далібог, ня мае літасьці над намі ўсімі! Хто кажа, што мамы не шкада?.. Дык што рабіць?.. Я розуму ўжо ня маю… Работа скончылася… Пазычыць няма чаго ніскуль… Далібог, сягоньня-б за кухарку дзе пайшла, каб ня трэба было маму даглядаць!..

Альжбе́та. О, многа ты мяне́ тут даглядаеш!..

Юзя. Эх!.. (сядае).

(Паўза. Але́сь падыходзіць да Юзі).

Але́сь. Юзя! мама хворая, га?

Юзя. Але.

Але́сь. Ей не́шта баліць, га?

Юзя. Але. Баліць.

Але́сь. А што баліць? Галованька?

Юзя. Ідзі! ня дуры галавы!

(Паўза).

Але́сь. Чаму ты, Юзя, мамы не шкадуеш?

Юзя. Эх, дурне́нькі ты!

Альжбе́та. Юзя! піць!..

Але́сь. Чакай, Юзя, чакай! я падам… (дае́ Альжбе́це ваду).

Альжбе́та. Хто гэта? — ты, Алесь? Дзе-ж Юзя? пайшла?

Але́сь. Не. Яна тутака… Я хаце́ў даць маме вады…

Альжбе́та. Ах, ты, даражэнькі мой сынок!.. Ты адзін сэрцо маеш, бо яны…

Юзя. Мама! кінь, бо сіл слухаць няма!..

Альжбе́та. Але… Няма… няма…

(Пауза. Юзя задумываецца. Пасьля бярэ свой капялюш і папраўляе на ім стужкі).

Альжбе́та. Ці бацька яшчэ не варочаўся?

Юзя. Яшчэ не.

Але́сь. Ці тата прынясе́ нам е́сьці?

Альжбе́та. Але, міленькі, прынясе́, — пацярпі!..

Але́сь. Каб хутчэй прыйшоў! чаму-ж ня прыходзе!

Альжбе́та. Е́сткі хочаш?

Але́сь. Хочацца.

Альжбе́та. Юзя! ці няма…

Юзя. О, Божа мой!.. нічога няма… Бацька засе́дзіўся… Ох, што рабіць, сама ня ве́даю… Я хіба што…

Альжбе́та. Эх, і ён — пажалься Божа — чалаве́к!.. Усё было-б добра… Са службы выгналі… ці-ж можна п’яніцу трымаць!.. Цяпе́р шукае ўсюды, а дарма! Не такі час, каб цяпе́рака службу знайсьці! Дый людзі іншыя, — цяпе́р з голаду памры — ніхто гнілое бульбіны ня дасьць… Кожны, каб ратаваць сябе́…

Юзя. Мама! Аб бацьцы так не кажы, ён не вінаваты. Са службы выгналі, бо і іншых выганялі, а ён не вінаваты. А цяпе́р робіць, што мага і, каб ня ён…

Альжбе́та. Эх, усе́ вы добрыя! Пакуль я хадзіць магла, яшчэ было сяк-так… Цяпе́р…

Юзя. Э, што казаць пустое! Ніхто не вінаваты, а вінаваты паганы лёс. Ня мы адны… Шмат людзе́й што дня з голаду памірае…

Альжбе́та. А ў нас ня голад? Што маеш зье́сьці, га? Можа катле́т якійсь смачны, га? Ну, калі маеш, дай, га?!. Эх-эх!.. Ня хочаце працаваць — вось што! Ах, каб я была здарова, молада, няўжо-ж я-б працы не знайшла!?

Юзя. Мама! Закідаў мне́ не рабі, каб пасьля не шкадавала!..

(За сцэнай чуваць крокі).

Альжбе́та. Чакай, не́хта па ўсходах ідзе́…

Юзя. Мусіць бацька…

Але́сь (бяжыць да дзьвярэй).

ЗЬЯВА ІІ.

Тыя-ж і Сымон (уходзіць).

Але́сь. Тата! Што прынёс?

Сымон (пануры). Ідзі!.. Нічога… (Сядае. Паўза. Усе́ глядзяць на яго). Ну, чаго? Як стада галодных ваўкоў укруг мяне́! Чаго? — пытаюся… Ідзе́це, спаць, ці што… Есьці няма!..

Юзя. Тата! ты ізноў піў!

Сымон. Але. Дык што? А думаеш, што за гэтыя грошы вы-бы ўсе́ былі сыты?.. Ах, Божа мой!.. заўтра тое самае ізноў, і што дзе́нь, і канца ня відаць!.. — Дык што? ле́пш піць, каб у галаве́ дур…

Юзя. А мы?

Сымон. Вы? гм… вы! Ратуйцеся, як мага… (Паўза. Апіраецца аб стол і, заглядзе́ўшыся ўпе́рад, пачынае расказаваць). Я йшоў цяпе́р… Ляжыць на вуліцы якійсь — ужо труп… Людзі міма йдуць… Нічога!.. Кожны думае толькі аб сабе́… Праходзяць міма… Добра, што праз труп ня йдуць… А іншы сьпяшаючыся дый нават нагой зачэпіць… Міма йдуць, быццам не чалаве́к, а камень, пе́нь…

Альжбе́та. Ды што ты тут пачаў развадзіць сваю філязофію! У хаце нават скурачкі ад бульбы няма, а ён пачаў расказаваць, што бачыў!.. Хочаш, мусіць, каб і мы так на вуліцы ляглі, як той… Ох, ох!

Сымон (ускочыўшы) Маўчы! ня охай, бо ня стрываю!

Альжбе́та. А што? біць будзеш? Бі! усё роўна паміраць… Забі! няхай хутчэй…

Але́сь (з плачам). Татачка! Ня бі!

Юзя. Ды кіньце, мама!..

Сымон. Ах, подлая ты гніль! (ідзе́ на права).


ЗЬЯВА ІІІ.

Тыя бяз Сымона.

Юзя. О, Божа мой! Няўжо-ж адважыцца, няўжо-ж?!.

Альжбе́та. О, подлы, подлы п’яніца!..

Юзя. Але… Рады ніякай няма. Ўсё роўна: заўтра, пасьля заўтра… Трэба йсьці!

Альжбе́та. Што ты там бармочаш?

Юзя. Прыйшоў мой час! Згніюць тут, здохнуць усе́! Ох, Божа мой! не магу глядзе́ць! не магу жыць! Выхаду іншага няма! Трэба іх ратаваць — і сябе́. Усё роўна. Не я адна… Шмат хто! Шмат іншых, каторым яшчэ ня хочацца галаву ў пятлю…

Альжбе́та. Аб тым чы там кажаш?

Юзя. Ах, мама! Дай мне́ супакой! Ты кажаш „працаваць“! Дзе? як? якую працу можна цяпе́р знайсьці?

Альжбе́та. Хто хоча — працу знойдзе — ох!..

Юзя. Дык вось — знайду і я! Толькі пасьля не праклінай часіны гэтай!.. Знайду і я, — каб вас карміць — ха, ха, ха!..

Альжбе́та. Даўно пара.

Юзя. Што? Даўно пара? Мама! ці ве́даеш ты, што гаворыш! Мама!!.

Альжбе́та. Ах, някрычы! Ах, дайце ўжо мне супакой! Галава гарыць, як у агні — ох!..


ЗЬЯВА ІV.

Тыя-ж і Сымон (уходзіць).

Сымон (да Юзі). Падлажы маці што-не́будзь пад галаву… Падушку трэба будзе дзесь прадаць…

Юзя. Ня трэба, татка, не!

Сымон. А што-ж? Падушку будзеш е́сьці, ці што?

Юзя. Я ве́даю! (апранаецца).

Сымон. Куды йдзе́ш?

Юзя. Куды трэба!

Сымон. Ты як гэта мне адказываеш!

Альжбе́та. Ах, кіньце ўжо раз, ох! Галава баліць…

Сымон. Ці можаш дзе што-колечы дастаць? Юзя. Але!

Сымон. Ну, йдзі!

Альжбе́та. Грабовічы ўжо нам не пазычаць… Я знаю, ве́даю… Гэта дарма!

Юзя. Я ве́даю… (выходзіць).


ЗЬЯВА V.

Тыя-ж бяз Юзі.

Сымон (да Альжбе́ты) Куды яна пайшла?

Альжбе́та. Ня ве́даю. Мне́ не казала. (Паўза).

Сымон (да Алеся). Ты кладзіся ўжо. Пара спаць.

Але́сь. Тата, калі мне́ е́сьці хочацца!

Сымон. Ну пацярпі. Заўтра пад’ясі. Дастанеш хле́ба з салодзенькай гарбатай… Цяпе́р сьпі.

Але́сь. Я лягу, але спаць ня буду… Можа Юзя нам не́шта прынясе́…

Сымон. Ну, ляж… (падыходзіць да жонкі). Ну, як-жа табе́?

Альжбета. Эх! як мне́?.. Галава гарыць, трасе́, то йзноў пот… Накрый мяне́! (Сымон яе́ накрывае). Вось так… так…

(Паўза).

Сымон (сядае каля ложка). Ня гне́вайся ўжо, Альжбе́та, на мяне́! Я ня п’яны… Я трохі піў, бо ня стрываў… бо надта цяжка… ды нічога… Заўтра ўсё добра будзе. Я нічога яшчэ табе́ не казаў… Вось скажу: дастаў работу! за ме́стам — шэсьць вярстоў — шосу будаваць… Што тыдзень грошы — у суботу… Заўтра пазычу трохі, абяцаўся адзін…

Альжбе́та. О, дзякуй Богу!.. Мне́ нічога ня трэба. Есьці мне́ зусім ня хочацца… толькі піць. Дык вось Але́ся мне́ шкада! Дзіця! За што? на што яму цярпе́ць?!

Сымон. Але… за што цярпе́ць… (Устае́ і падыходзіць да пасьце́лі Але́ся). Заснуў, здае́цца, ну і добра. (Ізноў сядае). Усё добра-б было, каб ня гэты паганы страх!..

Альжбе́та. Які страх?

Сымон. Я сам ня ве́даю, што робіцца са мной! С хаты выйду — баюся ісьці паміж людзе́й… Агартае мяне́ не́йкі дзіўны страх! Палохаюся ўсяго: каня, возу, людзе́й… а асабліва людзе́й! Як трэба на другі бок вуліцы прайсьці — не магу! Здае́цца, што вось-вось растопчуць мяне́, здратуюць… Глянуў не́хта на мяне́ — здае́цца, што ў саму глыб душы мне́ глянуў… наскрозь! Ці не́хта, не́йдзе крыкнуў — мне́ як нажом у грудзі — здае́цца, што на мяне́… Не́йкі дзіўны страх, страх ўсяго, нават дамоў… Іншы раз здае́цца, што вось-вось сьцяна паваліцца і прыдушыць мяне́…

Альжбе́та. Эх, гэта ўсё з таго, што п’еш!

Сымон. Я-ж ня п’ю!.. Але, калісьці піў, дык-жа цяпе́р — не! Тое, што цяпе́р — гэта нічога… (Паўза). Альжбе́та! Сумна, страх, як сумна! (Паўза). Чаму мы такія нешчасьлівыя, Альжбе́та?.. Альжбе́та! сьпіш?

Альжбе́та. Не, ня сплю.

Сымон. Чаму-ж ты нічога ня кажаш?

Альжбе́та. Ах, што казаць! Я ле́дзь жыву… ах! што казаць…

Сымон. Ах, я-б хаце́ў, як ты, захварэць, ня думаць, ляжаць… Няхай прыходзе раз кане́ц!

Альжбе́та. Сымон! Не гняві Бога!

Сымон. Але… Няхай раз прыйдзе канец паганага жыцьця!.. Ня жыць, ня жыць, ня думаць!...

Альжбе́та. Ты так кажаш, бо здароў. Калі-б захварэў, як я, тады іншу пе́сьню-бы запяяў… Ох, піць дай!..

Сымон (дае́ ёй вады. Паўза). Памятаеш, Альжбе́та? Калісь? Мы-ж былі шчасьлівы! Але, і мы былі шчасьлівы! Я працаваў, любіў цябе́… Памятаеш? я казаў: добра! ле́пш, ня трэба! Хай будзе гэтак праз усё жыцьцё!.. Ты хаце́ла ле́пшага, а я — не!.. А вось цяпе́р бяда звалілася… Цяпер, як той біблійны Гіоб…

Альжбе́та. Сам вінаваты. На што піў? Трэба было зьбіраць грошы на чорную часіну…

Сымон. Ты йзноў!.. Ня злуй мяне́!.. Што-ж я тысячы ме́ў, каб зьбіраць? Капе́йкі-грашы́! усё роўна, каб нават і зьбіраў, да сёньня не хапіла-б!

Альжбе́та. А усё ж было-б лягчэй!

Сымон. Ня злуй, пакуль я добры!.. „Ня пі! трэба зьбіраць“… — усё адно й тое самае!.. Ты ў душу мне́ заглянь! Чаму я піў? Чаму я п’ю? — Туга, зразуме́й, туга!.. Туга смокча маю душу… Ці-ж я калісь, як быў молад — праўда, я й цяпе́р яшчэ не стары — ці-ж я так думаў жыць?.. Я хаце́ў тварыць, будаваць новае жыцьцё!.. Эх, закапаў я сябе́ ў гэтым горы — бядзе, у гэтай гнілі… — Душа мая рве́цца да чыстасьці, да сонца, да сьвятла, — а тут што?!

Альжбе́та. Ды хто-ж вінаваты? Ці-ж я?

Сымон. Я не кажу, што ты… Не!.. Так ужо на долю выпала!.. (Паўза). Альжбе́та!

Альжбе́та. Што?

Сымон. Хочаш спаць?

Альжбе́та. Не… Галава гарыць… Не магу спаць. Але ты нічога не кажы ўжо, бо змучылася. Я так ціха паляжу, мой’ засну.

Сымон (ідзе́ да стала, сядае, апірае галаву на руках). Адзін!.. Адзін, як выгнаны з хаты вон паршывы сабака… Як у полі пе́нь… Няма каму душу адчыніць, няма скуль спогаду дастаць!.. Адзін… (пачынае пяяць сабе́ пад нос арыю з опэры „Тоsса“. Устае́). Ах, выпіў-бы цяпе́р!.. Ох, піць!.. (раптам). О, ве́даю, што зраблю! Усё роўна, заўтра грошы будуць!.. (выходзіць апрануўшы пальтот).


ЗЬЯВА VІ.

Альжбе́та і Але́сь.

Альжбе́та (пасьля паўзы). Сымон! Сымон! ты дзе? ці сьпіш?.. Юзя! гдзе ты? (падымаецца і глядзіць увакруг). Нікога няма! Няма нават, каб хто вады падаў… О, Божа мой! Памру, і ніхто нават ве́даць ня будзе! ніхто вочы не зачыніць!..

Але́сь (прачнуўшыся). Мама! што ты?.. чаго?

Альжбе́та. Нічога… Сьпі, сынок, сьпі!

Але́сь. Мама! можа чаго табе́ трэба?

Альжбе́та. Не, нічога, сынок, нічога… Сьпі!

Але́сь. Мне́ ўжо ня хочацца спаць… Гдзе тата? га? А Юзя гдзе?

Альжбе́та. Ня ве́даю, Алесь, нічога ня ве́даю… Ты сьпі!

Але́сь. Ве́даеш, мама, мне́ сьніўся які харошы сон! Толькі ня ве́даю, як расказаць, бо не́як трудна. Не́шта такое круглае-круглае і такое сьве́тлае-сьве́тлае, і мне́ так добра-добра было!..

Альжбе́та. Ну, дык сьпі, сынок!..

Але́сь. І е́сьці ўжо ня хочацца… А ты, мама, хочаш?

Альжбе́та. Не, дзе́тачка, мне ня хочацца…

Але́сь (прыслухоўваецца). О, не́хта йдзе́, мусіць Юзя…


ЗЬЯВА VII.

Тыя-ж і Казюк.

Казюк (уходзіць). Добры ве́чар… Пані ня сьпіць?

Альжбе́та. Ве́чар добры. Не, вось мучаюся…

Казюк. Як-жа ж пані?

Альжбе́та. Ах, што казаць… Самі бачыце.

Казюк. Мне́ здае́цца, што ўжо ле́пш…

Альжбе́та. Эх, якое там ле́пш!..

Казюк. А гдзе-ж усе́? Юзя?

Альжбета. Нічога я ня ве́даю… Ох!..

Казюк. Пані позволіць крыху пасядзе́ць, пачакаць?

Альжбе́та. А сядзе́це! чаму-ж не? Я нават рада, што людзкая душа пасядзіць тут каля мяне́, а то боязна аднэй…

Казюк (ставіць на стале́ міску, каторую прынёс з сабой). Я трохі тут дастаў… купіў… Вось можа пані не загне́ваецца… Пакаштаваць…

Альжбе́та. О, дзякую вам, нішто цяпе́р праз горла не прале́зе!.. Але нашто вы?.. Цяпе́р не такі час, каб трактамэнты…

Казюк. Нічога, пані, калі ласка… Зрабе́це ласку!..

Альжбе́та. Не, дзякуй, не хачу… не магу… Вось хіба можа Але́сь…

Але́сь. Мне, мама, цяпе́р так сама ня хочацца…

Альжбе́та. Ну, зье́ш, ну зьясі трошачкі!..

Казюк. Хадзі, Але́сь! (вядзе́ Але́ся да стала). Вось, Але́сь, смачная бульбачка, а вось там у нізе, цягні! там трошачкі тлустасьці і мяса…

Але́сь (е́сьць). А смачна!.. А Казюк чаму не?..

Казюк. Я ўжо… Ты е́ш! Вось так… Яшчэ…


ЗЬЯВА VIII.

Тыя-ж і Юзя.

Юзя (уходзіць. Пабачыўшы Казюка, затрымалася ў дзьвярах). Ах!..

Казюк. А! чаго-ж спалохалася? Добры ве́чар, Юзя!

Юзя. Я… нічога…

Казюк. Гдзе́-ж была?

Юзя (п’яная). Я была… я была… Ха-ха-ха! — на вуліцы была! А ты — ха, ха — прынёс (глядзіць у міску) нам бульбу… ха-ха-ха! спазьніўся крыху!.. з міскай бульбы… Думаеш, што за тваю я бульбу… Я грошы вось дастала, вось глядзі… (выймае з кішані не́калькі рублёў).

Казюк. Юзя! што з табой! ты няпрытомная!

Альжбета. Юзя! ты здурэла… ох!..

Юзя. Я п’яная думаеце? Не, я не п’яная… Я так толькі… піла, але я не п’яная… А чаму-ж бы і не?! Бацьцы можна, іншым можна, а мне́ не?.. (Кідае грошы каля ложка). Маеш, матка, грошы, на! бяры! На доктара, на лякарства, на страву, на ўсё… Вось вам усё — мне́ ня трэба!.. Не!.. і мне́ трэба… (да Казюка, каторы стаіць адзярвяне́ўшы і глядзіць з перапудам на яе́). Ну, чаго глядзіш? Ааа!.. Дурны!..

Альжбе́та. Юзя! ты ашале́ла!

Юзя. А гнала ўсё, гнала, каб зарабляць… „Маладая, маладая, а не працуе!..“ Вось я й зарабіла!..

Казюк. Юзя! ляж спаць!

Юзя. А? ляж спаць? ха-ха, можа, каб… га?.. о, не! ха-ха!..

(За сцэнай чуваць крокі).

Альжбе́та. Юзя! ціха! бацька йдзе́!

Юзя. Што мне́ бацька!.. (але заціхае, бо трохі палохаецца).


ЗЬЯВА ІХ.

Тыя-ж і Сымон.

Сымон (уходзіць без пальтоту). А… вясёлая кумпанія… Сьме́х… Радасьць… Вясе́лье… Добра!.. (да Юзі). Ты гдзе́ была?

Юзя (ня ве́дае, што адказаць). Я… была…

Альжбе́та. Сымон! А дзе́-ж пальтот?

Сымон. Ня муч, адчапіся! — Прапіў! Ну, і што?! — Мучыць цяпе́р будзеш? га?.. (пабачыўшы раскіданыя каля ложка па падлозе грошы). Скуль грошы? га? Хто даў? (да Юзі) Ты прынесла? (Паўза, глядзіць на ўсіх, усе́ маўчаць). А? скуль грошы, пытаюся! Хто даў? Чаму маўчыцё?

Юзя. Гэта мае́! Давай мне́ палову, татка! (хістаецца).

Сымон (пабачыўшы, што Юзя п’яная). Ты што?!. п’яная? Ты дзе была?

Юзя (з хванабэрыяй). Гдзе была, там была, а грошы мае́, не прап’е́ш! Давай!

Сымон. Вон! Дзе была?

Юзя. Дзе трэба… Сам добра ве́даеш, за што грошы даюць!..

Сымон (хоча яе́ біць). Ах, ты гнільлё гэтакае!..

Але́сь. Тата! ня бі!..

Казюк (хапаючы Сымона за руку). Пан Сымон! не чапайце!

Сымон (да Казюка). А ты што? Хэ-хэ! Што? можа рад, што так?.. га? А яшчэ жаніх! Ах, ты бруд! (Да дачкі). Вон з мае́ хаты!

Юзя (з п’яной гордасьцю). Яна — хата не твая, а мая! Я прынесла грошы, а ты нічога ня прынёс, а выносіш толькі!.. Хата мая!

Сымон (аддае́ ёй грошы). Маеш!.. (сядае і закрывае вочы рукамі).

Юзя (узяла грошы; стаіць і маўчыць).

(Паўза).

Але́сь (да Казюка). Казюк! Чаму тата злуе́цца? Грошы хоча, га?

Казюк. Ціха, Алесь, маўчы, нічога не кажы…

Альжбе́та (крычыць). О-ох!.. душна!.. Ва-а-ды!..

(Усе́ бягуць да яе́. Паўза. Казюк мацае пульс хворай).

Казюк. Памёрла…

Сымон (кідаючыся да жонкі). Альжбе́та!..

Юзя (на кале́нах каля ложка). Мама!..

Але́сь. Казюк! што маме? Чаму мама маўчыць? Казюк, га?

Казюк. Ціха, Але́сь! твая мама памёрла.

Але́сь (з плачам). Чаму?.. чаму?..


ЗАСЛОНА.

Акт II

[правіць]


ЗЬЯВА І.

Юзя і Але́сь.

Юзя (сядзіць перад люстэркам і чэрніць сабе́ бровы).

Але́сь (каля яе́). Юзя!

Юзя. Чаго табе́?

Але́сь. Юзя! ці як на маму кідалі пясок, яна нічога ня чула?

Юзя. Не. Ужо нічога.

Але́сь. А ці?..

Юзя. Дай супакой, — ня муч!..

(Паўза).

Алесь. Юзя!

Юзя. Чаго?

Але́сь. А ці гэтую булку, што ляжыць у кухні, можна мне́ зье́сьці?

Юзя. Можаш. Сягоньня прынясу другую, яшчэ смачне́йшую.

Але́сь (ідзе́ праз дзьве́ры ў сярэдзіне, прыносіць булку і е́сьць). Юзя! (Юзя маўчыць). Юзя! (ізноў паўза). Юзечка!

Юзя. Ну чаго? Ня дуры галавы, бо ня маю часу.

Але́сь. На што ты гэта робіш?

Юзя (сьмяе́цца і дале́й чэрніць бровы).

(Паўза).

Але́сь. Юзя! мамы ўжо няма, тата кудысьці пайшоў, ты скора прыходзь, бо я баюся.

Юзя. Ня бойся, я скора вярнуся. Прынясу булачку…

Алесь. Ну, добра…

(За сцэнай чуваць крокі).

Юзя. Не́хта йдзе́… Зачыні дзьве́ры, ня ўпускай!


ЗЬЯВА ІІ.

Тыя-ж і Казюк.

Казюк (уходзіць). Добры-дзе́нь! (сядае, крыху маўчыць). Ідзе́ш?

Юзя. А ну то як?

Казюк (просячы). Ня йдзі!

Юзя. Здурэў! Ізноў тое самае!

Казюк. Юзя! ты-ж казала, што любіш, што ня хочаш ніякае прыкрасьці мне́ рабіць…

Юзя. Ну дык што? А як-жа ж жыць? Чакаць, пакуль ты міску халоднае бульбы прынясе́ш? (паказывае на Але́ся). О, глянь!.. карміць трэба! Бацьцы так сама трэба даць лыжку стравы!.. Які-такі, а усё-ж шкада, каб з голаду здыхаў… Усё-ж чалаве́к дый бацька… Дый сама хачу е́сьці, — любоўю тваёй сыта ня буду!

Казюк. Ці ты ня чуеш ганьбы?

Юзя. Ганьбы! Хэ-хэ!.. Падай мне́ пудэр, там на століку стаіць…

Казюк (падае́ пудэлачка з пудрам). Ты-ж так нядаўна зусім інакш на гэту справу глядзе́ла, зусім інакшыя рэчы казала… Вось з гэтага ве́чара, як мама твая памёрла, ты перамянілася… Ты-ж так нядаўна, калі-б хто сказаў табе́, што гэтак будзе, плюнула-б яму ў вочы. А цяпе́р…

Юзя. Мой міленькі дружок! Калі хто сягоньня кажа глупства, дык гэта зусім ня значыць, каб заўтра не паправіўся.

Казюк. Ты, значыцца, кажаш, што чыстым быць — гэта глупства?

Юзя. Ня дуры галавы! Ты зусім, як Але́сь. Такі стары, вялікі, а дурны, як дзіця.

Казюк. Юзя! На ўсё, што ёсьць для цябе сьвятое, заклінаю цябе́ — апамятайся! О, Божа! мы тут так супакойна гутарым аб гэтым, а гэта-ж — страх падумаць!.. Калі я тут з табой, калі ты так з сьмехам аб гэтым гаворыш, я трохі супакаіваюся, мне́ нічога… Здае́цца, што можа так і трэба. А як вярнуся дамоў, як застануся сам адзін у чатырох сьценках, як падумаю аба ўсім, як падумаю, што мо’ цяпе́р у гэты момант… з табой… Кроў мне́ у жылах халадзе́е… Гэта-ж ганьба, страх… Ох, слоў ня маю!..

Юзя. Ты-ж сам калісь казаў, што гэтак было ад самых даўніх часаў!..

Казюк. Было, ну дык што? Былі заўсёды і людзі кале́кія — бяз рук, бяз ног, дык ці-ж і нам такімі быці?

Юзя. (адпіхае яго). Чакай, ня перашкаджай, бо часу ня маю…

Казюк (адыходзіць ад яе́). Ох, трудна зразуме́ць вашую душу, дзяўчаты!

Юзя. Што там разуме́ць!.. Вось ляпе́й ідзі ў кухню, прынясі сабе́ міску, тамака засталося ад абе́ду, — закусі…

Казюк. Не хачу… ня трэба…

Юзя. Чаму-ж ня трэба? Закусі. Ты калісьці прынасіў нам — ха, ха — бульбу, памятаеш?.. Цяпе́р прыймі трактамант ад мяне́.

Казюк. Ня трэба.

Юзя. Але́сь! прынясі! У пе́чы стаіць… Толькі асьцярожна, не разьлі ды не апарся!


ЗЬЯВА ІІІ.

Тыя-ж без Але́ся.

Казюк. Юзя!.. Не апамятаешся?..

Юзя (жартам). Апамятаюся, апамятуюся, дружок!.. (апрануўшы капялюш). Ну, бывай здароў!.. Прыйдзі пасьля, буду чакаць! (пацалавала Казюка й пайшла).


ЗЬЯВА ІV.

Казюк, пасьля Але́сь.

Казюк (сядае і хапаецца за галаву). У галаве муціцца!.. Страшна мне́!..

Але́сь (прыносіць міску з ядой і ставіць яе́ на стол). Еш, Казюк!

Казюк. Ня трэба, Але́сь! (пасьля надумаўшыся пачынае е́сьці). А ну!..

Але́сь. Казюк! Куды Юзя пайшла? Яна ніколі цяпе́р ня кажа…

Казюк. Яна… пайшла… Ня ве́даю, Але́сь! Мусіць інтэрас не́йкі мае…

Але́сь. А ты чаму яе́ намаўляў, каб яна ня йшла? Ці-ж інтэрас рэч благая?

Казюк. Дзіця!..

Але́сь. Вось у таткі благія інтарэсы, бо як пойдзе дык сядзіць, сядзіць праз уве́сь дзе́нь і часта варочаецца п’ьяны… А Юзя добрая… Як яна прыходзе, то заўсёды прыносіць мне́ не́шта смачнае… Яна добрая, праўда?

Казюк (закрывае рукой вочы і ціха гавора). Яна добрая…

Але́сь. Казючок! Чаго ты плачаш? Ці табе́ не́шта баліць? ты хвор?

Казюк (выціраючы рукой вісеўшую пад вокам сьлязу, усьмяхаецца). Не… я нічога, я ня плачу… я так… сьмяюся!..

Але́сь. Не. Я бачу, што ты плачаш.

Казюк. Але́сь! ці ты хаце́ў-бы ісьці адсюль?

Але́сь. Куды? на спацэр? О, хачу!

Казюк. Не. Зусім ісьці і болей ужо не варочацца?

Але́сь. О не! Мне́ тут добра. Ране́й было дрэнна, як мама жыла, ня было чаго е́сьці, а цяпе́р добра… Я люблю Юзю, яна мне заўсёды гасьцінцы прыносіць… А татку я ня так люблю, — ён заўсёды злы, нічога не дае́, бурчыць толькі…

Казюк. А мяне́ любіш?

Але́сь. Цябе́ люблю. Але Юзю больш.

Казюк. А ты-б хаце́ў жыць там, гдзе́ многа дзяце́й, гуляць з імі гульні, вучыцца?..

Але́сь. Не. Я ня люблю дзяце́й. У нас на дзядзіньцу ёсьць дзе́ці… Яны сьмяюцца, дражняць мяне́.

Казюк. Ах, так…


ЗЬЯВА V.

Тыя-ж і Сымон.

Сымон (уходзіць). Як маешся! А Юзя — ужо пайшла?

Казюк. Пайшла.

Сымон. А ты нічога… маўчыш?..

Казюк. Што-ж я зраблю!

Сымон. Праўда. Я — бацька, а і я нічога не зраблю. Калісь гаварыў… Кажа: накармі або работу дай! — Чым накармі? якую работу дай, калі для сябе́ шукаю дарма, не магу знайсьці! Хаце́ў ісьці шосу будаваць… Дык што! так сама голад… Я сам адзін нават з работы гэтае сыты ня буду, а ня то, каб усе́… Дый не магу! Кале́ньне, ногі круціць, ломіць… Ад не́йкага часу ў галаве́ шуміць. Устану раніцай — і ня піў, і нічога такога, а галава цяжкая, як пасля страшэннага п’янства… Што гэта — сам ня ве́даю! Мусіць ад гэтых паганых дум, што супакою не даюць!

Казюк. Ад якіх дум?

Сымон. Я сам ня ведаю, як табе́ сказаць… Вось іншы раз прычэпіцца якаясь думка і сядзіць, сядзіць у галаве́, і смокча сэрцо, а прагнаць яе́, ніяк не прагоніш!.. Як прыстане, дык на ўве́сь дзе́нь… Вось і цяпе́р!.. Я думаю гэтак: у жыцьці людзкім шмат больш мук, чымсі радасьцяў… Радасьці ёсьць, праўда, але так мала, што як капелька ў шклянцы… Ці чэлаве́к багаты, ці бе́дны, ці малады, ці стары — кожны мае сваё горо-бяду, свой страх… Значыцца што? — забіць чалаве́ка гэта добрае дзе́ла, гэта значыцца паме́ншыць на сьве́це лік мук… А нам кажуць: не забівай!.. Чаму?.. Кажуць: не забівай, а вось возьмем — вайна напрыклад…

Казюк. І ў муках радасьць ёсьць…

Сымон. У муках радасьць? Ну, не, брат! Дзякую за такую радасьць, што родзіцца з мук… Я думаю гэтак: калі радасьць дык радасьць! — сонцо сьве́ціць, кве́ткі цьвітуць, а ты бяз гора, без бяды сьпявай свой гымн шчасьця!.. А радасьць там, дзе бруд, хвароба, голад, — не́! гэтага я сьцяміць не магу!.. (Паказавае на Але́ся). Вось глянь: дзіця!.. Ён учора не́шта з лучынак змайстраваў. — Ве́дама: дзіця! забавак няма, дык сам не́шта майструе — няма дзіва… нуда!.. Дык вось я гэтую самую яго работу кінуў у пе́ч… Ты думаеш, што?.. Ён плакаў… Ен плакаў так, як ты або я заплакалі-б, калі-б ад нас адабралі не́шта дарагое, не́шта такое, што ёсьць зьме́ст нашага жыцьця… Я ве́ру, што ён страту сваю адчуваў ня ме́нш… І вось гэтак — усё жыцьце!.. Сягоньня плачаш, бо ляльку сваю разьбіў, заўтра — бо каханка кінула цябе́, пазаўтра заплачаш — бо моладасьць прайшла, старасьць ідзе́, а ты душой банкрут! Эх-хэ-хэ! Але!.. Я, мілы мой, банкрут… Іншы раз здае́цца, як вып’ю, што не! што сілы яшчэ ёсьць, што моладасьць яшчэ не прайшла — ды не, брат, дудкі! п’яная фантазія!.. Бачыш? — сівыя валасы! (паказавае галаву). Яны пасіве́лі не праз адну ноч, як кажа паэта, а дзеля таго, што арганізм пачынае ўжо слабе́ць, жыцьцёвае энэргіі ўсё ме́ней ды ме́ней, працэс папаўне́ньня зрасходаваных сіл адбываецца памале́й… Старасьць прыйшла, сьме́рць ідзе́, а я што? — Нішто, нуль, на дне́, безработны сьпіўшыся інтэлігэнт!.. Жонка з гора і голаду памёрла, дачка — эх! пайшла на лёгкі хле́б… Ох, чорт!.. жыцьцё!!.

Казюк. Ня трэба так… пан Сымон!.. Вы сягоньня страшэнны пэсыміст…

Сымон. Але… Дык як ня быць? як ім ня быць, чалаве́к мой!.. Ды ня толькі… Я — ўсё!.. Я анархіст, я, як зьве́р!.. Іду па вуліцы… Як спаткаю якую сытую, здаволеную, чыстую морду, ува мне́ ўсё аж затрасе́цца!. Так вось нажом і пырнуў-бы і рука ня дрыгнула-б!.. А побач з гэтым — у душы страх… Баюся гэтым сытым глянуць у вочы… Баюся!.. З дарогі уступлю… Зразуме́й! гэта якійсьці моральны страх, я-бы нават сказаў — містычны страх!.. Я так ужо зжыўся, зрадніўся з сваім брудам-бядой, што мне́ страшна глядзе́ць на ўсё чыстае, харошае, як дзіцяці бывае страшна ў цёмным пакою… Вось!..

Казюк. Пан Сымон, гэта нэрвы…

Сымон. Нэрвы? — Але́… Чорт іх ве́дае! Мусіць нэрвы… (падсоўваецца да стала, пабачыўшы міску з стравай). А ёсьцека тут трохі?.. (Пачынае е́сьці). Ве́даеш, калісь, як пе́ршы раз яна пайшла, — я е́сьці ня мог, я давіўся куском, што яна прынесла, яе́… заработкам… А цяпе́р нічога… прывык… е́м… смачна… нічога!.. О, чалаве́к! паганы брудны гад!.. Але ты толькі ня думай, што я ўжо так… злажыў рукі і рахую ўжо толькі на дачку! О, не! барані Бог! Я яшчэ не такі! Гэта так… пакуль што… Мае́ мазгі працуюць… бязупынна… Я маю свае́ думкі, свае́ праэкты!.. О, пабачыш! яшчэ ўсё добра будзе, яшчэ я ня зусім прапаў!..

Казюк. Дай Божа…

Сымон. Ня ве́рыш, браце? Пабачыш!..

Казюк (устае́). Бывайце здаровы, пан Сымон!

Сымон. Ідзе́ш ужо? Ну, добра… Надае́ў я ўжо табе́… ідзі! Нагаварыў, наплёў, што на язык прыйшло… Няма дзіва! Іншы раз страшэнна хочацца пагутарыць, душу адкрыць такому, хто-б зразуме́ў… Ну, ня сьме́йся з старога дурня!..

Казюк. Што вы! Я вас разуме́ю і апрача сымпатыі нічога ня маю… (выходзіць).


ЗЬЯВА VІ.

Сымон і Але́сь.

Сымон. Ну, добра… Бывай здароў… (пачынае пяяць сабе́ пад нос. Пасьля паўзы). Але́сь! што? сумна? нудна?

Але́сь. Але́, тата!

Сымон (падыходзіць да яго). Вось пачакай, усё добра будзе… Твой бацька яшчэ ня здурэў, як усе́ думаюць, о не!.. Твой бацька мае галаву на плячох!.. Будуць грошы! усё будзе!.. Будзем кожны дзе́нь е́сьці смачны абе́д, ве́даеш, з мясам; будзем піць гарбату з цукрам, а! любіш? і куплю табе́ харошых забавак, куплю табе́ драўлянага каня, каторы, як сядзеш, хістацца будзе то напе́рад, то ўзад… Будзеш на ім е́хаць, як на жывым…

Але́сь. Я жывога каня баюся, а вось драўлянага хачу!.. Купі, татка!

Сымон. Куплю, ве́дама, куплю!.. І яшчэ куплю табе́ харошую бліскучую такую трубу, будзеш сядзе́ць на кані і трубіць: тру-тру!..

Але́сь. Буду трубіць… Вось добра!..

Сымон. Усё гэта будзе, як твайму бацьцы ўдасца адзін інтэрас… (задумываецца). Эх, Божа мой! нішто мнё ніколі не ўдавалася — і цяпе́р ня ўдасца!.. І я, як дзіця, пацяшаю толькі сябе́!.. Эх, дурны Сымон! дурны, як дзіця!.. Эх, выпіў-бы цяпе́р!.. О не! стыд, сорам!.. Дачка там… зарабляе грошы, а я — піць… не, не!!. Эх, нуда, роспач!.. (пяе́ пад нос; пасьля да Алеся): Але́сь! любіш татку?

Але́сь. Люблю… Але, як татка крычыць, баюся… Люблю, калі татка такі добры, як цяпе́р…

Сымон. Хадзі, Але́сь! (садзіць яго сабе́ на кале́ньні). Як вырасьцеш і будзеш ужо мужчына, тады, Алесь, будзеш… Алесь! памятай: у куфры ёсць розныя папе́ры… ты памятай! — гэта твае́, твой скарб… Як я памру, як мяне́ ўжо ня будзе — гэтыя папе́ры твае́…

Але́сь. Тамака ёсьць грошы?

Сымон. Не. Гэта ня тое… Гэта праца майго жыцьця… ня скончана… Нічога ня скончыў… Я хачу, каб ты дакончыў тое, што я хаце́ў зрабіць дый не зрабіў… Памятай і скажы Юзі: папе́ры, каторыя ў куфры, шанаваць, не выкідаць, бо гэта частка душы мае́…

Але́сь. Татка! а ці я патраплю?

Сымон. Патрапіш, калі захочаш, патрапіш, калі ня будзеш такі зьбіўшыйся з дарогі няшчасны, як я… (чуваць крокі). Юзя ідзе́!..


ЗЬЯВА VІІ.

Тыя-ж і Юзя (уходзіць).

Юзя (кідаецца не распрануўшыся на ложа і нэрвова дрыжыць ўсім це́лам).

Сымон (нясьме́ла падыходзіць да яе́). Юзя! што ты?..

Юзя. Не магу!.. Сіл ня маю… Пагана, брыда!.. Зьдзе́куюцца… п’яны… ух! не магу!.. (плача).

Сымон. Супакойся… Ну нічога…

Юзя. Добра: нічога!.. Добра: супакойся!.. Эх, татка! Сядзіш толькі ў хаце, хле́б ясі і супакоіваеш мяне́… хэ-хэ!.. Што ты робіш? што? Толькі свае́ без канца праэкты будуеш, а нічога не парадзіш, каб дачка не прадавалася… Эх, чорт!.. Ме́ўся ісьці на шосу каме́ньне лупіць… Што? цяжка? Ня хочацца? — А мне́ лёгка, га? Пайшоў бы — усё-ж лягчэй было-б, а ён тут — як маці казала — філязофію сваю разводзіць!.. Эх, татка! грэх на душы маеш, вялікі грэх — і за маму, і за мяне́… Хай Бог табе́ не памятае!.. (Сымон бярэ шапку). Ну, куды ідзе́ш? Позна ўжо… Усё роўна нічога ня зробіш, толькі паходзіш па вуліцы дый ве́рнешся… І ўсё сваё: страх! страх!.. А мне́ ня страх? — Мне́ сто разоў быў горшы страх, як я першы раз пайшла… А рады ніякае ня было…

Сымон. Я пайду… Памагу… Пазычу можа…

Юзя. Скуль пазычыш? — Ніхто ня дасьць! Дый ня трэба! На што яшчэ болей паніжаць сябе́, і так мы ўжо нізка ўпалі… Ле́пш сядзі!..

Сымон. Не. Я… пайду… (выходзіць).

Але́сь (шырока расчыненымі вачыма прыглядаўся да гэтае сцэны і прагавіта лавіў кожнае слова. Калі бацька пайшоў, ціха выйшаў за ім).


ЗЬЯВА VIII.

Юзя (адна), пасьля Але́сь.

Юзя. Эх, старое дзіця!.. І злосьць, і шкада, далібог! (сядае пры стале́ і пачынае лічыць грошы)… Эх! ашукаў гад! не хапае!.. ці можа я абмылілася… трэба яшчэ раз… (ізноў лічыць грошы).

Але́сь (убягае; нэрвовым шэптам да Юзі): Юзя! бяжы хутчэй!.. ратуй!.. татка вяроўку на ўсходах зачапіў і сам хоча…

Юзя(не разумеючы). Што?.. што татка?..

Алесь (яшчэ болей нэрвуючыся). Татка вяроўку на сходах зачапіў!..

Юзя (сьцяміўшы). Ах!!. (выбягае).


ЗЬЯВА ІХ.

Юзя, Сымон, Але́сь.

Юзя (пасьля кароткае паўзы вядзе́ за руку Сымона). Што робіш, татка?! Сорам! сорам!.. Калі каму, дык мне́ даўно ўжо пара, а я жыву!.. Ну, сядай, не рабі гэтага… Сядай!..

Сымон (се́ўшы). На што?.. Нікому я не патрэбны!.. На што перашкодзіла?.. Так трудна… боязна… раз нарэшце адважыўся… за Альжбе́тай усьле́д — а ты перашкодзіла!.. (плача абапёршыся аб стол).

Юзя (супакоівае яго). Ціха, татка, ціха…


ЗАСЛОНА.

Акт III

[правіць]

Юзя ляжыць на ложку, Казюк сядзіць ля стала, Але́сь — на падлозе не́шта майструе з лучынак.


ЗЬЯВА І.

Юзя, Казюк і Але́сь.

Юзя (да Казюка). Аб чым думаеш?

Казюк. Ах, ёсьць аб чым думаць!.. Душна, душна, голадна… Няма жыцьця!.. Сьме́рць!.. На кожным кроку вышчырыўшы зубы глядзіць на чалаве́ка сьме́рць!.. Трэба ўцякаць…

Юзя. Куды?..

Казюк. Куды?.. Думаеш, я сам ве́даю куды?.. — Чакаў вясны… — Усё ажывае, будзіцца да жыцьця… Думаў, што лягчэй будзе… — Яшчэ горэй!.. Добра, што цяпло хаця… Пайду на вёску, няхай мяне́ абве́е ве́цер нашых палёў… Пайду, куды вочы панясуць… Горай ня будзе!.. Гараць ня ўмею, — за пастуха наймуся… Ня возьмуць — жабраваць пайду… Будуць гнаць вон — ў ле́с пайду… Усё роўна… Ня думаю, — каб толькі ўцякаць… Гоніць не́шта мяне́… Бо будзе са мной, як і з тваім бацькам… Чую, што і мае́ мазгі ўжо не ў парадку…

Юзя. Ну… а я? Што-ж са мной будзе?

Казюк. Юзя!.. Калі людзі тонуць, ня думаюць аб другіх, нават адзін аднаго топіць, каб толькі выратаваць сябе́… А вось чытаў я калісь апісаньне пажару ў якімсь вялікім тэатры… Людзі — прыяцелі, нават муж жонку, нават каханак каханку, — адзін аднаго дратавалі, сьпіхалі ў вагонь, каб толькі выратаваць сябе… Страх забівае ў людзёх усё… Мы тут ляцім у якуюсь чорную пропасьць бяз дна… Страх!.. Страх!.. — Я жыць хачу!!. інстынкт жыцьця загадывае мне́ хапацца за кожны выступ, за кожную гнілую дошку, каб ратавацца, каб хоць на момант затрымацца над сваёй загубай…

Юзя. Інстынкт жыцьця!.. Хэ, — а ў мяне́-ж яго няма?.. І я-ж так сама хачу жыць!..

Казюк. Ты-ж знайшла сваю дошку ратунку, ты за яе́ ўхапілася…

Юзя. Ах!.. ты аб гэтым!.. Але даўжэй ужо не магу… Дый хворая…

Казюк. Што-ж рабіць?

Юзя. Ты жаласьці ніякае для мяне́ ня маеш!..

Казюк. Дык што-ж я магу зрабіць? чым памагчы? — Міску бульбы?.. Ха-ха!.. Ты-ж сама калісь сьмяялася з мяне́... Ну што я? — Жабрак! Жабрак, як і вы, а мо і горэй…

Юзя. Я сэрца хачу, больш нічога… Толькі сэрца!.. Ты так гаворыш са мной быццам мяне́ ўжо ня любіш, быццам тое, што было…

Казюк (паказваючы вачыма на Але́ся, ўстрымлівае яе́ гутарку). Гм… Але́сь…

Юзя. Але́сь! У кухні ёсьць ў шафцы кусок хлеб́а… Налі сабе́ гарбаты — пэўне яшчэ цёплая — і зьясі.

Але́сь. Усё можна зье́сьці?

Юзя. Можаш усё… Там нямнога…

Але́сь (выходзіць).


ЗЬЯВА ІІ.

Юзя і Казюк.

Юзя. Казюк! Сядай сюды! (Казюк сядае каля яе́ ложка. Юзя бярэ яго за руку). Ты, бачу, іншы для мяне́ цяпе́р, чымся быў ране́й… Я бачу, ты не́як ахаладзе́ў… Казюк! я прашу цябе́ — ну, усё роўна — скажы мне́ шчыра, зусім шчыра, ці ты яшчэ мяне́ любіш? ці я табе́ не абрыдла? (паўза. Казюк маўчыць, не глядзіць на яе́). Казюк! га?

Казюк. Як бы табе́ гэта сказаць… Хочаш праўду? Добра! Я лгаць не хачу, дый ня трэба… Ле́пш праўда… Справа вось ў чым: мы мужчыны самі брудныя, і вось можа дзеля гэтага самага мы любім чыстасьць… страх, як любім!.. Пакуль ты была толькі мая, я цябе́ страшэнна любіў, кожным сваім нэрвам, кожным дрыгненьнем душы сваёй я любіў цябе́… Цяпе́р…

Юзя. А цяпе́р? Цяпе́р — ня любіш?..

Казюк. Не. Цяпе́р люблю, але інакш. Цяпе́р люблю цябе́, як няшчаснага чалаве́ка, жаласьліва цябе́ люблю… Люблю цябе́ толькі… як сястру…

Юзя. Толькі… як сястру…

Казюк. Але́. І кінуць цябе́ мне́ цяжка. Тое, што мы супольна перажылі, дужа зьвязала нас, трудна ўсё адразу парваць, але калі страх звар’яце́ньня ў вочы гляне — нічога не парадзіш…

Юзя. Значыцца, ты хочаш усё парваць?

Казюк. Ня ве́даю, што будзе пасьля… Хіба, што так… Сумна, цяжка, але — так!..

Юзя. Казюк! Ты ве́даеш, я заўсёды гордая была, я ніколі ні перад кім не паніжалася, — а цяпе́р я, Казюк, прашу, малюся: застанься! ня кідай мяне́ адну… у такі момант… Ты ў душу маю не́як дзіўна ўрос, я без цябе́ ўжо не магу жыць… Тое, што здарылася, гэта не́йкая дур, як у бацькі, я ўжо апамяталася, я бачу ўве́сь бруд… Ты мне́ закідаў не рабі, бо-ж я не хаце́ла быць ціжарам табе́, я хаце́ла ратаваць сям’ю, сябе́… я сама ня ве́даю, што было са мной… я здурэла з гэтага гора-бяды… Казюк! Не маўчы!.. Ну як?.. Кажы!

Казюк. Лгаць не магу… Старое ўжо ня ве́рнецца…

Юзя. Але?.. Ну, нічога не парадзіш!.. (паўза). Ідзі ад мяне́!.. (Казюк адыходзіць да стала. Паўза). Не, — ідзі ўжо зусім! Ідзі — і болей ня прыходзь!..

Казюк (сядае ля стала і закрывае вочы рукамі. Паўза).

Юзя. Хадзі, Казюк, яшчэ… бліжэй… (Казюк памалу падыходзіць да яе́). Пазволь мне́ пацалаваць… апошні раз… як калісь… як даўне́й… (цалуе яго ў вусны). Вось так… і йдзі ўжо сабе́, ідзі сваёй дарогай… Ідзі! (плача, хаваючы твар ў падушку!).

Казюк. Ціха, Юзя!.. Многа мы ўжо цярпе́лі, гэтулькі намучыліся, — і яшчэ будзем цярпець… Цярпі!.. Час усё ле́чыць… Ня плач!.. Змагайся!.. Бывай здарова!.. (цалуе яе́ ў галаву і выходзіць).


ЗЬЯВА ІІІ.

Юзя, пасьля Сымон (з правых дзьвярэй).

Юзя (плача).

Сымон (уходзіць з брытвай у руцэ. Гавора скора, парванымі фразамі, з паўзамі. Вочы яго блішчаць няпрытомна). Ты — што?.. Сьпіш?.. Чаму-ж так доўга сьпіш?..

Юзя. Я… хворая…

Сымон. Ага… (паўза. Пачынае не́шта шукаць).

Юзя. Чаго шукаеш?

Сымон. Мыла…

Юзя. Мыла? Мыла ў нас няма…

Сымон. Кусочак… малы… Хачу пагаліцца…

Юзя. Пашукай там, у скрыначцы…

Сымон. Няма… Шукаў…

Юзя. Значыцца — няма. (Паўза).

Сымон. Што я хаце́ў зрабіць?.. Ага!.. галіцца!.. Не! Яшчэ не́шта… не́шта важнае, патрэбнае… Не магу ўспомніць… (да Юзі). Што я хаце́ў зрабіць? ня ве́даеш?..

Юзя. Скуль я магу ве́даць!

Сымон. Ага… Ня ве́даеш… (раптам). А я ўжо колькі разоў казаў: ня ўпускаць!.. Прыйдзе, мучае, мучае, душу вырывае…

Юзя. Дык хто?

Сымон. Як — хто!.. Быццам ня ве́даеш!.. Такі чорны… Прыйшоў уначы, ізноў сядзе́ў, сядзе́ў, казаў аб сатварэньні сьве́ту…

Юзя. Тата! табе́ здавалася…

Сымон (іроніч.). Але!.. здавалася!.. Сядзе́ў… Я кінуў у яго крэслам… ён пад ложак схаваўся… Ня ўпускаць, кажу! Ня ўпускаць!!. На што ўпусьцілі?!.


ЗЬЯВА ІV.

Сымон, Юзя і Але́сь (уходзіць).

Але́сь (да Юзі). Я ўжо зье́ў… (ціха, з перапугам). Чаго тата крычыць? злуе́цца?..

Юзя. Цсс!.. Нічога не кажы…

Сымон (да сябе́). Ён усё адно: ране́й, кажа, вада… Гад паршывы! Ох, галава баліць!.. (выходзіць ізноў у свой пакой на права).


ЗЬЯВА V.

Юзя і Але́сь.

Але́сь. Тата няпрытомны? Чаму гэта?

Юзя (не адказаваючы на яго пытаньне). Дзе́тка! Ты ведаеш, гдзе жыве́ Казюк? Патрапіш да яго? (устае́).

Але́сь. Патраплю. Зара ісьці?

Юзя (сядае пры стале́ і не́шта піша на папе́рцы). Не. Не цяпе́р… Вось папе́рка!.. Сягоньня ўве́чары… або не! ле́пш заўтра… але́! заўтра раніцай занясе́ш гэта Казюку…

Але́сь. А што сказаць?

Юзя. Што хочаш… (ідзе́ да камоды, бярэ якіясь парашкі і варочаецца на ложак). Дай мне́ шклянку вады…

Але́сь. А можа хле́ба? Там яшчэ застаўся кусочак…

Юзя. Не… Мне́ ўжо ня трэба…

Але́сь (узяў шклянку і пайшоў у кухню).


ЗЬЯВА VІ.

Юзя (адна), пасля Але́сь.

Юзя. О, Божа мой!.. Ха-ха-ха!.. Інстынкт жыцьця!.. Не інстынкт жыцьця, а страх жыцьця, страх, як у бацькі… Але… Так ляпе́й… адзін парашок… або ле́пш два… пэўне́й… — і ўсё скончыцца… (хавае твар у падушку і ціха плача).

За сцэнай чуваць вясёлы сьпе́ў.

Але́сь (прыносіць з кухні ваду).

Юзя (да Але́ся). Хто там пяе́?..

Але́сь. А гэта на другім паве́рсе пяюць… Учора прые́халі… Вясёлыя…

Юзя. Але… Вясёлыя… — Але́сь! Ідзі, дзе́тка, на панадворак, там весела, сонца сьвеціць, пяюць… Ідзі, дзе́тка!..

Але́сь. Ня хочацца!.. Там страшна… Дзе́ці сьмяюцца…

Юзя. Ідзі, Але́сь! трохі пахадзі, а пасьля прыходзь…

Але́сь. Ня хочацца!.. (выходзіць няхочучы).


ЗЬЯВА VІI.

Юзя (адна), пасьля Сымон.

Юзя. Вось так… (сыпле парашок у ваду, п’е атруту, пасьля кладзе́цца і акрываецца коўдрай).

Сымон (уваходзіць). Трэба… кане́шна трэба… Забыўся!.. Не магу ўспомніць… Гэты — чорт — усе мысьлі спутае… Моладасьць, кажа, прайшла… Моладасьць не праходзе! Моладасьць ве́чна, як жыцьцё… (да Юзі). Юзя! Чаго сьпіш? Уставай!..

Юзя (слабым голосам). Ох, дай супакой!.. Не чапай мяне́!.. Спаць хочацца…

Сымон. Спаць хочацца! А я не магу заснуць!.. Упушчаюць!.. Зумысля ўпушчаюць, каб я ня спаў… Мучыцялі!.. Зале́з пад ложка і сядзіць… Трэба зачыніць… (хітра сьмяе́цца, зачыняе дзьве́ры ад свайго пакою і ставіць пры дзьвярох стол). Ня ўвойдзе!.. Што я хаце́ў зрабіць?.. забыўся… Не магу… можа ўспомню… А дзе Альжбе́та?.. чаму абе́ду не даюць?.. Усе́ сьпяць… Трэба ўжо абе́даць… Ніхто ні аб чым ня думае, ніхто нічога ня робіць… Толькі я адзін аба ўсім думай… а яшчэ гэты прыходзе і мучае, мучае!.. Ох!.. (глядзіць на дзьве́ры). А! ізноў ле́зе гад… чаго?! чаго ізноў?.. Што? моладасьць прайшла?.. Брэшаш! моладасьць не праходзе… Моладасьць вось тут, у грудзёх, жыве́ да самае сьме́рці… Старасьці няма!.. ёсьць толькі моладасьць, пакуль чалавек жыў… Што? кажаш, дух зале́жыць ад матэрыі?.. А вось! злавіў! — брэшаш!.. Дух — ад матэрыі!.. Ха-ха-ха! А ты? — ты-ж дух, а жыве́ш! Дзе-ж матэрыя? — Няма!.. чысты дух!.. Што? раней матэрыя, пасьля — дух?.. Не! ране́й дух, пасьля — матэрыя!.. Вон! не спрачайся!.. Вон! вон! ня йдзі! (хапае шклянку і кідае ў дзьве́ры). Фу!.. прапаў!.. Схаваўся пэўне… ізноў пад ложка… Пайду выганю… (адсоўвае стол). Хто стаіць!? хто за мной стаіць?.. Бе́лы… На што дыхаеш на мяне́ холадам?.. на што дыхаеш?!. Ох, мучыцелі!.. (выходзіць).


ЗЬЯВА VIII.

Юзя (на ложку) і Але́сь (уходзіць).

Але́сь. Юзя! я ле́пш тутака буду сядзе́ць… ня хочацца гуляць… Юзя! ты сьпіш? (прыглядаецца). Сьпіць… (адыходзіць ад яе́). Я буду будаваць дом… (бярэ з кута лучынкі і се́ўшы на падлозе пачынае не́шта майстраваць). Вось так… А гэта сюды… (пяе сабе́ не́шта пад нос). А гэта вось сюды… Ах, каб цьвякі!.. каб я ме́ў грошы, купіў-бы сабе́ цьвякі і змайстраваў-бы харошы дамок… (задумаўшыся на хвіліну). Не! каб ме́ў грошы, Юзі-бы аддаў, няхай куціць е́сьці для мяне́, для таткі і для сябе́… (кідае сваю работу і йзноў падыходзіць да ложка). Юзя! ты сьпіш?.. (тузае яе́ за руку). Юзя! чаму ты сьпіш?.. (з плачам, сьцяміўшы праўду). Ах! Юзя!.. Юзечка! А!.. Такая, як мама была… Юзя!.. (плача).


ЗЬЯВА ІХ.

Тыя-ж і Сымон.

Сымон (уваходзіць з свайго пакою). Сталом накрыў… Ляжыць… Ня ўстане!..

Але́сь. Каго тата накрыў?

Сымон. Ня ве́даеш, га?.. Дурны!.. — Яго накрыў… (пасьля кароткае паўзы, раптам). А! успомніў!.. Абрагам!.. ахвяру трэба!.. Сын! хадзі!.. (хапае Але́ся за руку і цягне за сабой).

Але́сь (з плачам упіраючыся). Татка!.. Я цябе́ баюся!.. Я не хачу!..

Сымон. Сын!.. хадзі!.. ахвяру…

Але́сь (крычыць). Татка! я цябе́ баюся…

Сымон (цягне Але́ся з сабой у другі пакой. Там за момант чуваць кароткі страшны здушаны дзіцячы крык. Пасьля ўходзіць Сымон адзін з брытвай у руцэ з акрываўленымі рукамі, каторыя махінальна выцірае аб сваю вопратку).


ЗЬЯВА Х.

Юзя (памёршая на ложку) і Сымон.

Сымон. Ня прыйдзе ўжо!.. Праз кроў… праз труп — ня прыйдзе… Трэ’ было ахвяру? — мае!.. Кроў ачышчае… кроў моладасьць дае́… Дачка! ты дзе́? (падыходзіць да ложка). Дачка! на вуліцу ня йдзі!.. Ня трэба!.. Ужо ня трэба!.. Ужо ўсё скончана!.. Я буду тварыць новае жыцьцё… Трэба, каб лілася кроў… Крыві многа ліе́цца… дый мала яшчэ!.. Трэба, каб вось гэтак… з шыі, з жыл лілася кроў… сьвятая, цёплая кроў… тагды — жыцьцё!.. Дачка! уставай новае будаваць жыцьцё… а на вуліцу ўжо ня йдзі! ня трэба!.. Уставай!.. (тузае яе́). Ты молада — і я малады… Маткі ня трэба… яна старая, дурная… Мы адкрылі новую праўду… Будзем тварыць!.. Вось чакай!.. Есьць слова адно такое… трэба ўспомніць… успомніць не магу… ён там хаце́ў сказаць дый не сказаў… Але нічога!.. я ўспомню… Такое слова… тагды уве́сь сьве́т наш!.. Ты так сама думай, успамінай… бо я не магу… Дачка! ня сьпі!.. (тузае яе́, пасьля доўга глядзіць на яе́ і пачынае прытамне́ць). Што гэта?!. — Труп!.. (паўза ізноў). Ох, галава мая!.. (хапаецца за галаву). Ох, сьме́рці Бог не дае́!.. (трохі хістаючыся ідзе́ ў другі пакой і затрымаўся з страхам на парозе). Божа!.. гэта што? — Алесь!!. (кідаецца у другі пакой). Што гэта?! што з табой?!. (праз момант варочаецца на сцэну). Сьме́рць!.. усюды сьме́рць!.. Я адзін… між трупамі… Ратуйце!.. (бярэ пакінутую на стале́ брытву). І я за імі ўсьле́д — мне́ ўжо даўно пара!.. (за сцэнай ізноў чуваць той самы, што і ране́й сьпе́ў). Ох! хто там пяе́?! наскрозь душу… мазгі, як нажом, коле!.. Ох! не пяі!.. не пяі!!. (пасьля кароткае паўзы). Моладасьць мая!.. жыцьцё маё!.. гдзе́ вы? — прайшлі!.. Памяць чэзьне… Нічога ня памятаю… Якіясь сны, толькі сны… Пара!.. ужо пара!.. (бярэ брытву ў руку і хоча рэзацца. Пасьля у роспачы апускае рукі і крычыць). О, Божа мой!!. не магу!.. баюся!.. страх!.. страх!.. страх!..


ЗАСЛОНА.


КАНЕЦ.

Ме́нск.
У верасьні 1918 г.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.