Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў віне, — віно каштавала таней вады. Іншыя ціха падкрадаліся аж да варожых перадавых пастоў і кралі ежу, забіраючыся проста ў палаткі; варвары былі так здзіўлены, што часта і не чапалі іх і давалі ім варочацца.

Сярод вуліц гурбой руін ляжалі каменныя знарады катапульт і адломкі зруйнаваных у мэтах абароны будынкаў. У часы зацішша, па іх мітусіліся з гучнымі крыкамі натоўпы народу, зьнянацку ахопленыя трывогай, чулася гучная каманда начальнікаў, і без перапынку грымелі цяжкія ўдары тыранаў у вароты, а з вышыні Акропаля пажары здаваліся барвянымі лахманамі, раскінутымі па тэрасах і вецер развіваў і скручваў іх.

Тры вялікіх катапульты не спыняліся ні на мінуту, закідваючы горад велізарнымі каменнямі. Але больш за ўсе дакучалі гліняныя кулі прашчамятальнікаў. Яны заляталі на дахі, і ў сады, і на сярэдзіну двароў, у той час, калі людзі сядзелі за мізернай вячэрай, з сэрцам балеўшым ад цяжкіх уздыхаў. Асабліва жорсткімі былі гэтыя знарады з прычыны выразаных на іх надпісаў, якія адбіваліся на целе забітых і параненых; і на трупах часта можна было прачытаць усякую лаянку, накшталт: свіння, чакал, свалота, а іншы раз і насмешкі: «лаві»; ці «гэта мне па заслугах».

Варвары прыдумалі яшчэ закладаць у катапульты, замест знарадаў, гаршкі поўныя змей, гліняныя гаршкі разбіваліся аб брук, змеі распаўзаліся ў розныя бакі, здавался, яны самі сабою пладзіліся і выходзілі са сцен, так многа іх было. Не зусім задаволеныя сваёй выдумкай, варвары ўсяляк яе ўдасканальвалі: машыны пачалі выкідаць розны бруд, чалавечы кал, кавалкі здохлых жывёлін, трупы.

У Карфагене зноў распаўсюдзілася чума. У жыхароў выпадалі зубы і дзясны іх пабялелі, як у вярблюдаў пасля доўгай дарогі.

І як раней, ва ўсіх бядотах вінавацілі аднаго Гамількара. Каб прыцягнуць на свой бок народ, ён загадаў раскапаць ямы, дзе хаваўся назапашаны ім хлеб; кіраўнікі раздалі яго народу. На працягу трох дзён ім наядаліся па горла.

Але смага зрабілася яшчэ больш нязноснай, а перад сабою яны заўсёды маглі бачыць, як высокім вадаспадам падалі празрыстыя струмені папсаванага вадаправода.

Наспа яшчэ не дасягала вышыні ўмацаванняў, але ўсё-ж на