Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нах дрэва. Пот сцякаў па грудзях паміж квадратнымі мускуламі, цяжкае дыханне ўздымала бакі і бронзавы пояс, абвешаны даўгімі палоскамі скуры, нібы махрамі, спускаўся да самых кален, цвёрдых, як мармур. Саламбо, якая сустракала толькі жрацоў-эўнухаў, мімавольна была захоплена сілай гэтага воіна.

Нейкая збянтэжанасць аўладала ёю; яна зноў накіравалася да заімфа і працягнула ўжо рукі, каб схапіць яго.

— Што ты робіш? — крыкнуў Мато.

Яна каротка адказала:

— Я вярнуся з ім у Карфаген.

Ён падышоў, склаўшы крыжам рукі, і зірнуў на яе з такім страшным выглядам, што яна замерла, як прыкаваная да зямлі.

— Ты з ім вернешся ў Карфаген?! — ён ледзь выгаварываў словы і паўтараў скрыгочачы зубамі:

— Ты з ім вернешся ў Карфаген? Ты толькі дзеля заімфа ішла сюды, каб мяне перамагчы і знікнуць потым? Не, не, ты належыш цяпер мне, і ніхто ўжо не вырве цябе адсюль! Я не забыўся на занослівы ўзрок тваіх велізарных спакойных вачэй, не забыўся як ты прыгнятала мяне велічнасцю твайго хараства! Цяпер мая чарга. Ты мая палонніца, мая нявольніца, служанка. Заві, калі хочаш, бацьку, яго войска, старэйшын, багатых і ўвесь твой пракляты народ цалкам! Я начальнік соцень тысяч салдатаў! Я прывяду іх яшчэ з Лузітаніі, Галіі, з глыбокай пустыні і зруйную твой горад, спалю ўсе яго храмы; трырэмы паплывуць па хвалях крыві. Я зруйную ў ім ўсё, да апошняга дома, не пакіну і камяня на камяні, ні аднэй пальмы. А калі не хопіць людзей, я прывяду горных мядзведзяў, я нацкую на вас ільвоў! Не думай бегчы, інакш я заб’ю цябе!

Пабляднеўшы, сціснуўшы кулакі, ён увесь дрыжаў, як струны арфы, гатовыя парвацца. Раптам плач пачаў душыць яго, ногі яго падагнуліся.

— О, даруй мне! Я нікчэмны падлюга, я агідней скарпіёна, горш чым бруд і пыл! Раздушы мяне, толькі-б мне адчуваць дакрананне тваіх ног! Праклінай мяне, я буду чуць прынамсі твой голас! Не адыходзь, злітуйся! Я кахаю цябе! Я кахаю цябе!

Ён стаяў на каленах перад ёю, абхапіўшы абодвума рукамі яе стан, адкінуўшы назад галаву; залатыя кружкі, падвешаныя ў яго вушах, блішчэлі на бронзавай шыі; буйныя слёзы, нібы срэбныя гарошыны каціліся з вачэй.