Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце яна сказала яму:

— Правядзі мяне ў сваю палатку! Я так хачу.

Нейкае няяснае, няўлоўнае ўспамінанне прабегла ў памяці Мато. Ён адчуваў, як білася яго сэрца. Яна гаварыла з ім так уладарна, што ён міжвольна рабіўся нясмелым.

— Ідзі за мной! — сказаў Мато.

Рагатка апусцілася перад імі і зараз-жа Саламбо апынулася ў самым лагеры варвараў.

Велізарны, шумны натоўп напаўняў яго. Яркія вогнішчы палалі пад катламі; чырвоныя водблескі асвятлялі толькі бліжэйшыя прадметы, — усё-ж навокал заставалася ў глыбокай цемры. Раздаваліся крыкі, нехта некага клікаў; спутаныя коні доўгімі простымі радамі стаялі каля розных палатак; адны з палатак былі круглыя, другія чатырохкутныя, пакрытыя скурай ці цалкам з палатна, трапляліся хаціны з трысцінніка, а то і проста норы ў пяску, якія капаюць для сябе сабакі. Салдаты ўжо клаліся слаць, заверчваючыся ў цыноўкі.

Саламбо ўспомніла, што ўжо бачыла раней многіх з гэтых людзей; але бароды іх цяпер адраслі; твары загарэлі яшчэ больш, галасы агрубелі. Мато, у чырвоным плашчы, ішоў перад ёю, і ўсе расступаліся перад уладарным рухам яго рукі. Адны цалавалі яму рукі, другія, нізка схіляючыся перад ім, падыходзілі за загадамі, бо цяпер ён быў сапраўдным, адзіным правадыром варвараў; Спендзі, Аўтарыт, Нар-Гавас упалі духам, а ён выявіў столькі адвагі, такую настойлівасць, што ўсе яму скарыліся.

Два негры, з палаючымі смалянымі факеламі, стаялі з абодвух бакоў уваходу ў палатку. Рэзкім рухам Мато адкрыў заслону. Яна ўвайшла ўслед за ім.

Гэта была глыбокая, прасторная палатка, са слупам, падпіраўшым сярэдзіну. Вялікі свяцільнік у форме лотаса, асвятляў яе. Нейкае ваеннае ўзбраенне блішчэла ў змроку. Да лавачкі, побач са шчытом, быў прыслонены аголены меч: на вяровачных пляцёнках, у беспарадку раскіданыя, ляжалі бізуны з гіпапатамавай скуры, цымбалы, бубенцы, маністы; крышкі чорнага хлеба плямілі лямцавую коўдру; у кутку на круглым камні нядбайна былі кінуты кучай манеты з бронзы; і скрозь дзіркі ў палатне вецер знадворку прыносіў пыл, разам з пахам сланоў; і чутно было, як яны елі, звонячы ланцугамі.