Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

руках і на пальцах ног блішчэла так многа каштоўных каменняў, што люстра, быццам сонца, асвятляла яе адлюстраванымі праменнямі; і Саламбо, побач з Таанах, якая нахілілася, каб любавацца ёю, усміхалася, акружаная асляпляючым ззяннем.

Раптам заспяваў певень. Саламбо хутка прымацавала да валасоў даўгую жоўтую вэлёну, абкруціла шыю шалем, сунула ногі ў боцікі з сіняй скуры і сказала Таанах:

— Ідзі, паглядзі, ці не стаіць у гаі пад міртамі чалавек з двума коньмі.

Калі Таанах вярнулася, яна сустрэла Саламбо ўжо на сходках галер.

— Не едзь! — кінулася да яе старая. — Вазьмі мяне з сабой!

Саламбо, у знак маўчання, прыклала палец да вуснаў.

Таанах выслізнула за ёю ўслед. Саламбо ішла хутка, асветленая поўным месяцам, па алеі кіпарысаў; злева ад яе плыў велізарны цень, што было, па павер’і карфагенян, прадраканнем смерці.

Таанах вярнулася ў свой пакой і кінулася на каменныя пліты падлогі. Яна ціха плакала, закрываючы твар рукамі, баючыся быць пачутай.

Пасля стамляльнага трохдзённага падарожжа па спустошаных вайной палях і дарогах, позна ўвечары Саламбо са сваім спадарожнікам прыехала да лагера наёмнікаў.

Па грэбні акопу хадзіў вартавы з пікай на плячах і лукам у руках.

Саламбо пад’ехала бліжэй; варвар стаў на калені, падняў лук і даўгая страла прабіла край яе плашча. Потым, з прычыны таго, што яна ўжо не рухалася, ён, крыкнуўшы, запытаўся, што ёй трэба.

— Гаварыць з Мато, — адказала яна. — Я перабежчык з Карфагена.

Вартавы засвістаў, і свіст некалькі разоў паўтарыўся ў далю.

Калі Мато з’явіўся, узыходзіўшы месяц асвятляў Саламбо ззаду. Твар хаваўся пад жоўтай вэлёнай з узорам з чорных кветак, і так многа пакрывалаў ахутвала яе ўсю, што пазнаць у няяснай фігуры дачку Гамількара было немагчыма. З грэбня акопа Мато ўглядаўся ў няясны вобраз, выступаўшы як здань у паўзмроку вечара.