Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Першая спроба Мато скончылася няўдачай. Град каменняў адбіў варвараў, бо суфет захапіў з сабою катапульты, кінутыя ім пад Уцікай.

Аблога павінна была зацягнуцца надоўга, і каб выйграць час, суфет прыкінуўся, што хоча пачаць перамовы аб міры.

Пакуль варвары абмяркоўвалі яго прапановы, ні на што не рашаючыся, суфет усё больш умацоўваўся. Ён загадаў капаць студні, і дзякуючы таму, што навокал былі горы, вада з’явілася; загадаў выкапаць за плотам яшчэ адну канаву, пабудаваць другую сцяну, а па рагох узвесці драўляныя вежы. Сланы кідаліся ва ўсе бакі на прывязі, — іх пачалі горш карміць. Каб сена хапіла надалей, ён загадаў клінабарам забіць самых слабых жарабцоў. Пачалі есці коняй. І ўжо ў наступныя дні аб гэтым свежым мясе ўспаміналі з вялікім смуткам.

З глыбіні амфітэатра, у якім карфагенскае войска аказалася замкнутым, яны бачылі навокал, на схілах узгоркаў, усе чатыры лагеры варвараў, поўныя руху і жыцця.

Жанчыны з гладышамі на галовах абыходзілі палаткі, козы крычалі, прабіраючыся пад дрэўкамі складзеных пік; мяняліся вартавыя, салдаты елі, седзячы вакол трыножнікаў. Суседнія плямёны дастаўлялі ім даволі харчоў; і наёмнікі самі не ведалі, да чаго іх бяздзейнасць палохала пуніцкае войска.

Аднойчы Гамількар, які прыходзіў у роспач, пастанавіў выбрацца ва што-б там ні было, і загадаў раскрыць праход праз агарожу; імпэтным націскам карфагеняне падняліся на тры сотні крокаў уверх па схіле. Але, насустрач ім, такім патокам рынуліся варвары, што змялі іх зараз-жа пад свае-ж рады. Карфагеняне схаваліся за агарожамі. Адзін з гвардзейцаў Легіёна застаўся знадворку, спатыкнуўшыся на каменнях. Да яго падбег Зарксас і, паваліўшы на зямлю, усадзіў у горла кінжал; потым вынуў клінок і прысмактаўся да раны губамі; мармычачы ад задавалення і ўздрыгваючы ўсім целам, пачаў захлынаючыся, высмоктваць кроў; потым ён спакойна сеў на труп; падняў уверх твар, адкінуўшыся назад, каб лепш удыхаць паветра, як робіць сарна ў гарах, напіўшыся вады з крыніцы; рэзкім прарэзлівым голасам заспяваў балеарскую песню, сумную мелодыю, поўную доўгіх мадуляцый, якія прыпыняліся і чаргаваліся адна за аднэй, як пераклікаецца рэха сярод скал; ён заклікаў у ёй братоў, забітых у баях і запрашаў іх на трызну;