Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што варвараў забіта шэсць тысяч, астатнія-ж не маюць сілы ўтрымацца; што вайна ўжо скончана; усе абдымаліся на вуліцах і ў храмах; у адзнаку ўдзячнасці, твары багоў-патэкаў намазалі маслам з цынамонам.

Старэйшыны пастанавілі пакараць смерцю ўсіх палоннікаў, насуперакі жаданню суфета, які хацеў залічыць лепшых з іх у сваё войска, і гэтым выклікаць здрадніцтва ў варвараў. Але нянавісць перавярнула ўсе яго разлікі.

Усіх палоннікаў да апошняга, цэлых дзве тысячы чалавек, прывялі ў Мапалы на могілкі і прывязалі да слупоў на магілах; гандляры, кухонная чэлядзь палацаў, вышывальнікі, і нават жанчыны, удовы забітых, разам са сваімі дзецьмі, — усе, каму толькі хацелася, прышлі забіваць іх, страляючы з лукаў. Каб падоўжыць іх пакуты, цэліліся доўга і раптам, апускалі лук уніз; потым зноў і зноў паўтаралі тую-ж забаву; а натоўп з рэвам і шумам штурхаўся навокал. Многія прадугледжальна запасліся ежай і не ішлі адсюль да самага вечара; частка-ж заставалася нават і на ноч. Гандляры раскінулі палаткі, дзе можна было з’есці і выпіць. А тыя, хто прыдумаў пазычаць лукі і стрэлы, зараблялі буйныя грошы.

Раскрыжаваныя трупы так і засталіся стаяць ля слупоў, быццам надмагільныя чырвоныя статуі.

І самі богі таксама выявілі сваю зычлівасць, — бо з усіх бакоў свету наляталі хмарамі вароны. Яны зляталіся, кружыліся ў паветры з гучнымі, рэзкімі крыкамі, і велізарным воблакам віліся ўвесь час над тым-жа месцам. Часамі яно разрывалася, і чорныя віхуры далёка разносіліся ў бакі, гэта арол налятаў у самую гушчыню і, пакружыўшыся над месцам пакарання, зноў знікаў у небе. На тэрасах, на кумпалах, на вострывах абеліскаў і на франтонах храмаў, — усюды сядзелі тлустыя птушкі, якія трымалі ў пачырванелых дзюбах кавалкі чалавечых трупаў…

Гэта пакаранне, як відаць, навяло жах на варвараў; з вышыні храма Эшмуна бачылі, як стаяўшы тут атрад Аўтарыта зняў палаткі, сабраў статкі, склаў поклаж на спіны аслоў, і ў той-жа дзень увечары войска, усё цалкам, адышло.

Яно павінна было, размясціўшыся ад гары Цёплай вады да Гіпа-Зарыта, загарадзіць Гамількару дарогу да тырскіх гарадоў, захаваўшы за сабою шляхі да Карфагена.