Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зненні, нават за нараканні; пераможаным народам прыходзілася вырабляць тое, у чым адчувала патрэбу рэспубліка, дастаўляць тое, што яна патрабавала; ніхто не меў права ўладаць зброяй; калі паселішчы паўставалі, жыхароў прадавалі ў няволю; кіраўнікі цаніліся па колькасці выцісканых імі з насельніцтва падаткаў. За вобласцямі, падначаленымі Карфагену, знаходзіліся землі саюзнікаў, якія былі абкладзены значна меншай подаццю, а далей за саюзнікамі бадзяліся вандроўнікі, якіх на выпадак патрэбы можна было на іх нацкаваць. Дзякуючы такому ладу, ураджаі кожны год былі збыткоўныя, каняводства вялося ўмела, плантацыі працвіталі.

Ганцы не паспелі выехаць, як агульная радасць ахапіла правінцыі. Не чакаючы нічыіх распараджэнняў, задушылі ў лазнях кіраўнічых гаспадаркамі і чыноўнікаў рэспублікі; з пячор павыцявалі схаваную там старую зброю; кавалі мечы з жалеза плугоў. Дзеці тачылі пікі на парогах хат, а жанчыны аддавалі свае каралі, пярсцёнкі, завушніцы і ўсё, што магло паслужыць для зруйнавання Карфагена. Кожны хацеў унесці сваю долю.

Звязкі пікаў, як снапы кукурузы, гурбамі ляжалі ў гарадах. У лагер наёмнікаў адсылалі жывёлу і грошы. Мато зараз-жа выплаціў наёмнікам рэшту іх пенсіі (так прыдумаў Спендзі) і быў абвешчан вышэйшым начальнікам варвараў — шалішымам.

У той-жа час прыбывала і дапамога людзьмі. Спачатку з’явіліся даўнейшыя жыхары краіны, пасля рабы з вёсак. Захапілі караваны неграў-нявольнікаў і ўзброілі іх. Бесперапынна праходзілі шматлікія атрады. З вышыні Акропаля відаць было, як войска варвараў расло.

Уціка і Гіпо-Зарыт адмовілі ім у саюзе. Як і Карфаген, гэта былі амаль незалежныя фінікійскія калоніі. Яны вельмі лічыліся з рэспублікай, іх моцнай сястрой-апякункай і не верылі, што натоўп варвараў здольны перамагчы Карфаген; наадварот, іх самых чакае поўнае знішчэнне. Таму абодва гарады жадалі заставацца ў баку і жыць, як і раней, спакойна і ціха.

Але яны займалі такое становішча, што абыйсціся без іх было немагчыма. Праз Уціку, якая змяшчалася ў глыбіні затокі, было вельмі выгодна падвозіць у Карфаген падмацаванні. Калі-б здалася адна толькі Уціка, Гіпо-Зарыт, які знаходзіўся ў шасці гадзінах дарогі далей па ўзбярэжжы, замяніў-бы яе. Пры іх садзейнічанні Карфаген рабіўся непераможным.