Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шэрсці, запяклася нацёкамі на канцы хваста, які вісеў проста ўздоўж крыжа. Воіны забаўляліся; яны называлі яго консулам, грамадзянінам горада Рыма і кідалі ў вочы яму каменьчыкі, уздымаючы раі мух.

Праз сотню крокаў яны ўбачылі яшчэ двух; пасля раптам пацягнуўся даўгі рад крыжоў з раскрыжаванымі ільвамі. Адны з іх ужо так даўно памерлі, што на слупах заставаліся толькі рэшткі касцякоў. Іншыя, напалову струхлелыя, віселі са скажонай у жахлівую грымасу мордай; сярод іх трапляліся ільвы велізарных размераў, крыж схіляўся пад імі, і цела гойдалася ад ветру, у той час як над галавой бесперапынна кружыліся зграі воранаў. Так помсціліся карфагенскія сяляне, калі ім удавалася захапіць якога-небудзь драпежнага звера; яны спадзяваліся гэтым прыкладам запалохаць астатніх. Варвары ўжо больш не смяяліся, іх ахапіла глыбокае здзіўленне.

— Што гэта за народ, — думалі яны, — які крыжуе ільвоў дзеля гульні.

На сёмы дзень паказалася лінія сцен, узведзеных на скалах, і горад раптам разгарнуўся перад імі.

Але Сіка не магла даць прытулак такому мноству людзей. І варвары спыніліся пад самым горадам ля сцен; дысцыплінаваная частка рэгулярнымі атрадамі, астатнія па плямёнах, ці дзе каму спадабалася.

Грэкі выцягнулі паралельнымі радамі свае скураныя палаткі, і берыйцы паставілі шатры ў кола, галы зрабілі з дошчак будкі, лібійцы склалі хаты з голага камення, а негры праста выкапалі на ноч яміны ў пяску. Многія, не ведаючы куды падзецца, блукалі сярод паклажы, а ноччу, захутаўшыся ў дзюравыя плашчы, клаліся на зямлю.

Спендзі спаў па цэлых днях, расцягнуўшыся перад палаткай Мато. Ён часамі прасыпаўся; у сне яму здавалася, што ён чуе свіст раменнага бізуна; тады ён гладзіў рукой рубцы на нагах, на тым месцы, дзе доўга насіў кайданы; пасля засыпаў зноў.

Мато прыняў яго таварыства. Спендзі, з доўгім мечам на баку, хадзіў за ім ўсюды, быццам ліктар; іншы раз Мато нядбайна апіраўся рукой на яго плячо, бо Спендзі быў малога росту.