Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ручкі мечаў; і скрозь дзіркі ў бронзе ўзбраення было відаць голае цела, магутныя члены, якія выклікалі страх, быццам баявыя машыны. Пікі, сякеры, рагуліны, лямцавыя шапкі і бронзавыя каскі — ўсё калыхалася ў адзіным і мерным руху. Сцены трашчэлі: так напоўнілі яны вуліцу, і даўгія рады ўзброеных воінаў разліліся наміж высокімі, шасціпавярховымі дамамі, абмазанымі асфальтам. З-за вокнаў з жалезнымі ці трысцінавымі кратамі, жанчыны з тварамі, захутанымі пакрываламі, моўчкі глядзелі на ўхадзіўшых варвараў.

Плоскія дахі дамоў, умацаванні, сцены — усё знікла пад натоўпам карфагенян у чорных вопратках; чырвоныя тунікі матросаў здаваліся плямамі крыві сярод змрочнага натоўпа; паўголыя дзеці туляліся ў зеляніне, якая абвівала калюмны, ці паміж галінамі пальмаў.

Жыхары горада былі ахоплены аднэй трывогай. Баяліся, каб варвары, заўважыўшы раптам сваю сілу, не надумаліся застацца. Але яны выходзілі так даверліва, што карфагеняне пасмялелі і змяшаліся з радамі воінаў. Гараджане пачалі засыпаць іх запэўніваннямі, абдымалі, развітваліся. Кідалі пахнючасці, кветкі і грошы. Давалі ім амулеты ад розных хвароб: але перад гэтым плявалі на іх тры разы, каб прыцягнуць смерць, ці хавалі ў сярэдзіне іх шарсцінкі шакала, ад якіх сэрца ахоплівае баязлівасць, голасна заклікалі міласць бога Мелькарта, а ціхенька яго праклёны.

Выйдучы з горада, войска разбілася на няроўныя атрады. Ім весела было зноў быць разам і, як раней, крочыць па чыстым полі. Грэкі заспявалі старадаўнюю паходную песню. Воіны крычалі, скакалі; самыя вясёлыя ўзяліся за апавяданні; час няшчасцяў, здавалася ім, прамінуў.

На наступны дзень варвары прайшлі па краіне, дзе ўсё было ўзроблена. Памесці патрыцыяў змяняліся адно адным каля дарогі; маленькія абвадняльныя каналы цяклі сярод пальмавых гаёў, даўгімі зялёнымі палоскамі цягнуліся алівы; ружовы туман насіўся ў лагчынах паміж ўзгоркамі; ззаду ў глыбіні ўздымаліся блакітныя горы. Дуў цёплы ветрык. Па шырокіх лісцях кактуса поўзалі хамелеоны.

Варвары пайшлі цішэй.

Яны рассыпаліся разрозненымі атрадамі, ці цягнуліся адзін за адным на далёкай адлегласці. Зрывалі гронкі паўскрай віна-