Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Далей ішлі бедныя, але вольныя грамадзяне, якія насялялі кварталы рамеснікаў, маракоў і займалі розныя ніжэйшыя пасады. Апрача іх, была яшчэ велізарная маса, якая складала большасць насельніцтва Карфагена, але не карысталася ніякімі правамі. Яна складалася з велізарнага ліку рабоў — служак у багатыроў, прыгонных і паўпрыгонных туземцаў-лібійцаў, вольнаадпушчаных — былых рабоў і ўсякай беднаты і галечы, прадстаўнікоў рознастайных народаў. Вось гэты натоўп, пачуўшы аб паўстанні наёмнікаў супроць Карфагена, зараз-жа пакінуў горад, і разам з беглымі з суседніх маёнткаў далучыўся да войска наёмнікаў.

Да іх, каго карфагенцы так пагардна называлі варварамі, нас міжвольна прыцягвае гарачае спачуванне. Не гледзячы на ўсю іх цемнату, беспараднасць, няўмеласць ясна і цвёрда акрэсліць задачы свае і паставіць сабе пэўную мэту, з прычыны чаго паўстанне ўжо загадзя было асуджана на няпоспех, не гледзячы на тое што нават у выпадку ўдачы наёмнікі ўсёроўна ніколі не здолелі-б пакарыстацца ёю, — не гледзячы ні на што, мы ўсёткі ўсёй душой падзяляем іх надзеі і расчараванні, радуемся, калі яны перамагаюць, і пакутуем, калі пакутуюць яны. Бо мы адчуваем у іх тое полымя, якое гарыць у душы ўсіх прыгнечаных — бачым і адчуваем у іх нашых папярэднікаў у вялікім змаганні за распрыгнечанне і вызваленне працоўных.

У заключэнне разгледзім яшчэ адну старонку жыцця старажытнага Карфагена — яго рэлігійныя вераванні, якія праявіліся так яскрава ў гісторыі са свяшчэнным пакрывалам багіні Таніты, ад аднаго дакранання да якога павінна была памерці Саламбо, і ад уладання якім залежыў лёс горада і арміі наёмнікаў, а затым у страшным па сваёй жорсткасці і дзікасці афярапрынашэнні дзяцей гнеўнаму боству Карфагена — Малоху.

Чытач даведаецца з прыкладзенага ў канцы кніжкі тлумачэння цяжкіх і незразумелых слоў, што рэлігійныя вераванні карфагенцаў перайшлі да іх у спадчыну ад фінікійцаў, якія ў сваю чаргу перанялі іх у вавілонцаў. Галоўнымі багамі ў Карфагене былі — «Ваалы». Як заўсёды было ў гісторыі, са зменамі ў жыцці народу, змяняўся характар вераванняў, а тым больш гэта адбывалася, калі вера пераймалася ад другога народа з другім складам жыцця. Вераванні заўсёды адлюстроўвалі характар народа. У Вавілоне — старажытнай манархіі, з не-