Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кіраўнічы таксама раб, але не просты — ён прайшоў спецыянальную школу рабоў, якіх шмат было ў культурных краінах таго часу. У гэтай школе яго навучалі, як весці паасобныя галіны гаспадаркі і як кіраваць і прымушаць слухацца сваіх-жа ўласных братоў па няволі. Пасля ідуць бясконцыя рамеснікі — тут кавалі і збраёўнікі, ювеліры, ткачы, столяры і цесляры. Ёсць нават нешта падобнае да фабрык і заводаў, але таксама з паднявольнай рабскай працай — гэта, па-першае, хімічная лабараторыя, дзе нарыхтоўваюцца рознастайныя сарты пахнючасцяй і пернасцяй, а затым яшчэ завод (які толькі мімаходзь ўспамінаецца ў Флобера) для вырабу чырвонай фарбы — пурпура, якая ў старажытныя часы, калі не было іншай трывалай чырвонай фарбы для тканін, з’яўлялася прадметам каштоўнага гандля. Апрача велізарнага штату рознастайных служак і служачых у канторах, — пісцоў, рахункаводаў, упакоўнікаў, мы бачым яшчэ маракоў гандлёвых караблёў і вопытных праваднікоў караванаў вярблюдаў, адвозіўшых у розныя краіны вырабленыя ў памесцях тавары і закупляўшых там новыя. Тут-жа ёсць нават цэлая армія ўзброеных целаахоўнікаў і аховы пры памесці, на караблях і т. д; ёсць турма — эргастул — для ваенна-палонных і рабоў, якія правінавацяцца, велізарныя стайні для сланоў і равы для дзікіх звяроў, якія трымаліся, галоўным чынам, для ўрачыстых паляванняў гаспадароў памесцяў.

У гэтым раздзеле перад намі ва ўвесь рост паўстае выдатная постаць — вялікага палкаводца і вярхоўнага кіраўніка Карфагена, суфета і ў той-жа час памешчыка, гандляра, фінансіста, спекулянта, які скупляў у абложаным горадзе ўсе запасы збожжа, — сапраўднага прадстаўніка вышэйшага класа карфагенскіх грамадзян.

Такім быў клас, які стаяў на чале дзяржавы. Мы ўжо ўспаміналі пра сярэдняе саслоўе, якое цалкам залежыла ад першага і падзяляла яго погляд. Гэта саслоўе складалася з менш багатых памешчыкаў, дробных гандляроў і спекулянтаў, а таксама з шматлікіх чыноўнікаў і служачых у дзяржаўных і гандлёвых канторах. Да іх трэба далучыць яшчэ велізарнае саслоўе жрацоў пры шматлікіх царквах. Трэба мець на ўвазе тое, што царквы з’яўляліся не толькі месцам служэння багам, але і ўласнікамі памесцяў, гандлёвых кантор, фінансавых і спекуляцыйных прадпрыемстваў, як і астатнія багатыя грамадзяне.