Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Затое Карфаген быў слабы ў адным пункце: галоўную апору рэспублікі складала наёмнае войска, набранае з усіх народаў і плямён, якія толькі насялялі ўзбярэжжа Міжземнага мора. Уладары Карфагена, багацеі-гандляры, суднаўласнікі, памешчыкі, — не маглі і не хацелі пакінуць сваіх прыбытковых заняткаў для небяспечнай і няпэўнай ваеннай справы. Толькі з сярэдняга класа, прадстаўнікі якога займалі ў мірны час пасады дзяржаўных чыноўнікаў, служачых у гандлёвых прадпрыемствах і канторах, а таксама вялі ўласны дробны гандаль ці спекулявалі, вербаваліся афіцэры, якім даручаліся самыя важныя камандныя пасады ў войску, нанятым толькі на час вайны.

Вайна паміж Рымам і Карфагенам наспявала даўно. Рым, паступова скарыўшы ўсе плямёны і народы, якія насялялі старажытную Італію, ператварыўся ў буйную сусветную дзяржаву, якая імкнулася ўсё далей і далей распаўсюдзіць свой уплыў і свае гандлёвыя зносіны. У хуткім часе двум вялікім дзяржавам стала цесна ў заходняй частцы Міжземнага мора. Пачаліся сутычкі і, у першую чаргу, з-за вострава Сіцыліі, каланізаванага фінікіянамі, які знаходзіўся пад моцным уплывам Карфагена, і нават на працягу некаторага часу быў яго правінцыяй.

Пачалася жорсткая барацьба, якая цягнулася 118 год і скончылася ў 146 годзе да пачатку нашага часалічэння поўным зруйнаваннем і знішчэннем Карфагена. Пераможцы зруйнавалі ўсё, не пакінуўшы каменя на камені ў горадзе, а жыхароў каго перабілі, а каго прадалі ў няволю. За гэты час адбыліся тры вялікія вайны, якія рымляне назвалі пуніцкімі.

Да часу сканчэння першай пуніцкай вайны, якая з пераменным шчасцем цягнулася 24 гады і зводзілася да барацьбы за аўладанне Сіцыліяй, і адносіцца дзеянне аповесці Густава Флобера, у нашым выданні назвай: «Ля сцен Карфагена».

Шмат што з таго, аб чым апавядаецца ў ёй, і зусім не выдумана. Старажытны рымскі гісторык, які апісваў усе галоўнейшыя падзеі свайго часу, Полібі, склаў падрабязнае апісанне вайны паўстаўшых наёмнікаў. Гамількар Барка, славуты карфагенскі палкаводзец і прадстаўнік аднаго з найбольш старажытных карфагенскіх родаў, заснавальнікаў горада, які ўжо праславіўся сваімі перамогамі над рымлянамі — паспяховай вайной супроць наёмнікаў дабіваецца вялізарнага ўплыву. Упоследку ён яшчэ больш узвысіцца сваім надзвычайным умельст-