Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Асабліва шмат такіх калоній было заснавана ўздоўж берагоў Міжземнага мора. Так адзін толькі горад Тыр налічваў там каля 300 сваіх калоній.

У ліку гэтых калоній знаходзіўся і Карфаген (што на мове фінікійцаў значыць «Новы горад»), закладзены, як кажуць паданні, каля 914 году да пачатку нашага часалічэння.

Раскіданыя па берагах трох частак свету, фінікіянскія калоніі не складалі аднэй дзяржавы. Але між горадам, адкуль вышлі пасяленцы, і новай калоніяй захоўваліся прыяцельскія адносіны; каланісты, як і раней, маліліся галоўнаму богу роднага горада, і, як карфагенцы, пасылалі Мелькарту тырскаму штогадова афяры.

Перасяліўшыся ў Карфаген, фінікіяне і на новым месцы трымаліся заняткаў і звычаяў свайго племя. Увесь паўночны бераг Афрыкі, пачынаючы ад Кірэны на ўсходзе і да Геркулесавых Слупоў (ці слупоў Мелькарта, як называлі фінікіяне Гібралтарскую пратоку) на захадзе, быў пакрыты шматлікімі паселішчамі фінікіян. Гэта частка Афрыкі па сваіх прыродных і кліматычных умовах больш за ўсё нагадвае сабой Паўднёвую Еўропу. Ад пустыні яе адгароджвае і ахоўвае высокі ланцуг год Атласа; даліны працякаючых па ёй рэк вызначаюцца раскошнай ураджайнасцю. Нават ускрайкі пустыні не зусім бясплодныя: усюды сустракаецца тут мноства оазісаў, а ўслед за перыядам дажджоў уся краіна на некаторы час пакрываецца густой і багатай расліннасцю.

Тут знайшлі сабе прытулак многія тысячы фінікійскіх уцекачоў, якіх гнаў сюды нястатак, страшэнная цесната бацькаўшчыны і частыя вайсковыя напады асірыйскіх цароў. Тут утварылася магутная Карфагенская рэспубліка, якой давялося вытрымаць жорсткую барацьбу з дзяржавамі перш грэкаў (элінаў), а пасля рымлян.

Было-б занадта доўга апавядаць аб усім тым, што давялося перажыць Карфагену за час яго існавання. Барацьба з грэкамі, якая цягнулася да трэцяга века, лічачы назад ад пачатку нашага часалічэння, скончылася поўнай перамогай Карфагена. Зусім адваротны вынік мела барацьба з Рымам.

Карфаген меў значную перавагу над Рымам і ў адносінах насельніцтва (у часе свайго росквіту адзін толькі горад Карфаген налічваў у сабе да 800 тысяч жыхароў), і ў адносінах плошчы ўладанняў, і грашовых сродкаў.