Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

народаў было наладжанне гандлёвых зносін паміж самымі далёкімі краінамі і праробленыя імі шматлікія вандраванні па морах.

У старажытныя часы плаванне па моры было зусім непадобнае да сучаснага. Караблі былі вельмі невялікія, нетрывалыя — гэта былі галеры спачатку з адным, а пасля з двума, трыма і больш радамі вёслаў і невялічкім трыкутным парусам. Маракі выяжджалі ў дарогу толькі летам, калі на моры радзей бывалі буры. Дый то не адважваліся адплываць далёка ў чыстае мора, бо палохаліся не толькі прыродных небяспек, але і мноства ўяўных страшыдлаў, злых багоў і духаў, — у якіх верылі людзі тых часоў. Яны па магчымасці не аддаляліся ад берагу, і дзеля гэтага рабілі велізарныя абходы, чым замаруджваўся і падаўжаўся іх шлях, або перабіраліся ад вострава да вострава так, каб з самага пачатку бачыць месца самай бліжэйшай стаянкі. Міжземнае мора з паўвастравамі, што глыбока ўразаюцца ў яго, і мноствам астравоў было вельмі прыдатным для такіх невялікіх пераездаў.

Не гледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, фінікіяне, падарожняючіы на сваіх маленькіх караблях, далёка рассунулі межы вядомага тады свету. Яны аб’ездзілі не толькі ўсё Міжземнае мора, паднімаючыся па ўцякаючых у яго рэках у глыбіню краіны, прычым заяжджалі і ў Чорнае мора, а па Дону і Дняпры праніклі ў цяперашнюю Расію, на месцы якой жылі тады некультурныя вандроўныя народы, — але аб’ездзілі ўсю Еўропу навакол і спускаліся ўздоўж Атлантычнага берага Афрыкі далёка на поўдзень, да Канарскіх астравоў і да берагоў Гвінеі.

Важнейшай часткай гандля фінікіян быў тавараабарот паміж Егіптам ў Асіра-Вавілоніяй. З усходу, апрача збожжа, віна і інш. сельскагаспадарчых прадуктаў, яны вывозілі вырабы рамеснікаў — тканіны, зброю, посуд, прадметы раскошы і каштоўнасці, развозячы іх далёка па краінах Захаду. Адтуль назад у Азію яны, наадварот, везлі сырыя матэрыялы: металы, пурпуровую фарбу, якая здабываецца з цела морскай ракавіны; з берагоў Балтыцкага мора атрымлівалі бурштын, які вельмі цаніўся ў старажытныя часы і ўжываўся як для вырабу розных аздоб, так і для вырабу манет; з цяперашняй Англіі — з Касітэрыдскіх астравоў — вывозілі волава, неабходнае для вырабу бронзы.

Усюды, куды пранікалі фінікіяне, і дзе ім удавалася завесці цесныя гандлёвыя зносіны, яны закладалі паселішчы — калоніі.