Перайсці да зместу

Старонка:Ля сцен Карфагена (1934).djvu/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У суседстве з Егіптам і Вавілонам, і з Асірыяй, якая замяніла з часам пераможанае ёю Вавілонскае царства, якраз на шляху паміж гэтымі краінамі, на ўсходнім беразе Міжземнага мора, з’явіўся народ, які потым назвалі фінікіянамі.

Фінікіяне — нешматлікі народ, і краіна іх была вельмі невялікая — гэта вузкая, не шырэй чатырох вёрст калябераговая палоска паміж морам і горнымі ланцугамі Лібана, даўжынёй ўсяго каля чатырыста вёрст. І ўсё-ж фінікіянам давялося адыграць вельмі значную ролю ў гісторыі старажытнага свету.

Фінікіяне ніколі не маглі злучыцца ў адну непадзельную дзяржаву. Вузкая палоска зямлі, перарэзаная адгор’ямі, якія спускаліся да самага мора, і мноствам маленькіх рэчак, — бурных і парожыстых, зусім няздатных для зносін з унутранымі краінамі Сірыі, — толькі больш драбнілі фінікійскае ўзбярэжжа. Адзіным сродкам зносін паміж гэтымі часткамі было мора, але яно не яднала краіну, а наадварот, калола яе на варожыя часткі, бо карыстанне яго дарункамі выклікала бязлітаснае суперніцтва і канкурэнцыю. Гісторыя Фінікіі поўна суперніцтва і спрэчак гарадоў (асабліва галоўных — Тыра і Сідона), узаемна прадаваўшых адзін аднаго ў імя гандлёвых выгод.

Краіна спрыяла развіццю мораплаўства. Ужо з самых старажытных часоў на ўзбярэжжы, часцей за ўсё на астравох, аддзеленых не надта шырокай пратокай ад берага, утварыўся рад паселішчаў, жыхары якіх займаліся ловам рыбы і гандлем. Апошні стаў нарэшце адзіным заняткам тутэйшых жыхароў. За дзве ці паўтары тысячы год да пачатку нашага часалічэння, фінікіяне зрабіліся выключна гандлёвым і мораплаўным народам, галоўным пасярэднікам паміж усімі астатнімі народамі.

Фінікіяне празвалі сябе хананеянамі і складалі адну з галін семітычнага племя. Грэкі, а за імі рымляне, празвалі хананеянаў фінікіянамі; рымляне пісалі і вымаўлялі гэтае слова крыху інакш, чым грэкі, адкуль і ўзнікла назва пунійцаў. Фінікіяне не стварылі сваёй уласнай культуры, як ёгіпцяне і вавілонцы. Усё, што называецца культурай, — г. зн. дасягненні і ўдасканаленні ў грамадскім і прыватным жыцці, у вытворчасці, у рамёствах, у земляробстве, у мастацтве, у будове грамадства, у звычаях і т. д. нават аж да рэлігійных паданняў — усё гэта было запазычана імі ад народаў, з якімі яны знаходзіліся ў зносінах, і, галоўным чынам, ад вавілонцаў. Затое іх укладам у гістарычнае жыццё старажытных