Старонка:Да рускіх сяброў.png

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Да рускіх
сяброў

Вы, ці помніце мяне?.. Я так часта мару
Аб вас, загінуўшых у турмах, у Сібіры.
Вашы чужаземныя успамінаю твары,
Што маюць грамадзянства ў маіх думах шчырых,

Дзе вы сёння? Рылеева рыцарская шыя,
Што як братнюю сціскаў, да слупоў высокіх
Прывязана яна і вісне над Расіяй…
Будзьце пракляты, на кім кроў сваіх прарокаў!

А рука Бестужэва — воіна, паэта, —
Што не раз працягваў мне, царом-тыранам
Разам з польскаю рукой недзе па-за светам
Ланцугом да тачкі прыкавана.

Іншых мо’ сустрэла горшая канчына.
Мо’ хто назаўсёды запрадаўся трону
І сябе зняславіў ордэнам і чынам,
Нізка перад катам хіляцца з паклонам.

Ці прадажным языком яго славіць справы,
Цешыцца з таго, што кроў братоў ліецца,
Злачынствам выхваляецца крывавым,
Подласцю сваёю задаецца.

І калі да вас здалёк песня завітае,
Песня вольная мая, што пяю народу,
Рэхам адгукнецца ў зледзянелым краі, —
Хай, як журавы вясну, абвясціць свабоду!

Голас мой пазнаеце!.. Скован кайданамі,
Поўзаў я змяёй ля ног царскіх, гнеўны, злосны,
Ды я таямніц сваіх не хаваў прад вамі,
Толькі з вамі я заўжды быў, як голуб, просты.

Зараз я на цэлы свет горыч выліваю,
Горыч слоў маіх, нібы кубак той атруты.
Я набраў яе з крыві, слёзаў свайго краю:
Спаліць хай яна — не вас, але вашы путы.

Той, хто скардзіцца пачне, — пёс з труслівым сэрцам,
Што ў ашыйнік сам залез, па сваёй ахвоце,
І прывыкшы да яго, з пенаю на роце,
Ён гатовы пакусаць рукі вызваленцам.

Пераклаў з польскай

К. ЦІТОЎ.