Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/С. Дарожны/Спатканьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Васількі Спатканьне
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926 год
Пастушка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СПАТКАНЬНЕ

Марыць восень цяпер туманамі.
І кастрычнік журбу разьліў…
Песьні гэтакай
Звонкія гамы
Я за пазухай моўчкі стаіў.
Хоць часамі й зьвінелі струны,
Ды ня так, як вучыла маці…
Адзьвінела вясна, і руньню
Зноў увосень пачаў я сьпяваць.
Сумна мне…
Ў гэты сіні вечар,
Ў цішыні анямелі дубы.
Неба край агняцьветам пасечан,
Ён такі, як і я тады быў.
Хмурыць восень, белым інеем
Плача, лісьцем сьлязу тачыць…
Помню дзеўчыны вочы сівія —
Грубіяна любіць навучылі.
Першы раз…
Помню, была стрэча,
Дзе цяпер дываном лісты,
— Ты маўчала, Гануля.
У той вечар
Шэпат кустоў не астыў.
Ой, ды ветры бярозы гнулі —
Палюбілі, відаць, як і я…
.......
.......
Сэрца маё — Гануля,
Радасьць мая!
Гаварыла ты мне а заводзе,
Пра каханьне шмат ведала слоў, —
І хмялеў я,
А ў сэрцы разводзьдзе
Новай радасьці хлынула зноў.
Я пакінуў ўжо быць грубіянам
І забыў
Свой юнацкі хмель.
Толькі-б радасьць мая акіянам
Кіпела, як і раней!
Знаю я, ты паедзеш зноў
На завод, дзе пяе варстат,
Скажаш ты
Ужо яму пра любоў,
Будзеш з ім песьні новыя ткаць.
Ну, а я,
Сабе сьціснушы грудзі,
Зноў пайду, дзе стаяць гады…
І вярнуся, калі восень будзе
Зноў такая, як і тады…
І цяпер, у сівую восень,
Калі дол ўсё жаўцее болей,
Сумна сеюць мяцеліцай сосны
Сумны шум
На шырокае поле.
Ня туляцца ўжо вечару болей
Ня курчавіць маіх валасоў:
На растаньні ківала нам гольле
Косамі жоўтых лістоў.
Вось і дрэвы ўжо выцьвілі інеем,
І асмужыўся першы сьнег.
Буду зноў
Чакаць я мілую,
Буду ў песьнях зьвінець той вясьне!