Спадчына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Спадчына
Верш
Аўтар: Янка Купала
1918
Крыніца: http://rv-blr.com/pages/book_contents.jsp?idLit=2673#41


Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.

Жыве зь ім дум маіх сям’я
І сьніць зь ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

(1918)

Wikipedia logo
Глядзі артыкулы Спадчына (верш) ў Вікіпедыі і Спадчына (верш) ў Вікіпэдыі (тарашкевіца), свабодных энцыклапедыях.