Перайсці да зместу

Палі загаманілі (1930)/Сны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Палі загаманілі Сны
Паэма
Аўтар: Тодар Кляшторны
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СНЫ

ПОЭМА

У нашу эпоху ня месца гульні…
Кіруем уперад надзейна…

У нашу эпоху ня месца гульні…
Кіруем уперад надзейна…
У нашы вялікія, слаўныя дні —
Упартыя людзі, рашучыя дзеі.

Між дзённае працы ня любім прыкрас, —
А ўночы, калі засынаем,
Мы сэрцам прымаем сягоньняшні „ТАСС“
Мы радыё-хвалі чытаем.

Я так-жа спрасоньня пачаў гаварыць,
Часамі ўзьнімаючы вэрлах…
Штодзённыя дзеі да раньняй зары
Іграюць на стружаных нэрвах.

Мне сьніцца надзейная воля брыгад,
Комбайны і трактары сьняцца…
Я трызьню скрозь морак, нібыта вар‘ят,
Аж сорамна неяк прызнацца.

Хаця я ад вёскі далёка даўно, —
Яна-ж паўстае, як жывая…
І вера, і побыт, і межы дзядоў
Апошнія дні дажываюць.

Жывое імкнецца па-новаму жыць,
Дзе рухнулі вежы старыя,
Дзе колісь на кожнай сялянскай мяжы
Паставіў аўтограф Сталыпін.

Яго вартаваў там учорашні раб,
Стаіўшы у сэрцы праклёны…
І гэты сталыпінскі рошчарк пяра
Трымаў пад загадам мільёны.

А сёньня да новай, да творчай вясны
Вяслуюць мільённыя вёслы…
Нязломны, магутны, як сьвет, рулявы
Кіруе Кастрычнікам вёскі.

І тое, што колісь жаданьнем было, —
Сягоньня, як сонца, рэальна…
Сьцірае адвечную плесьню балот
Магутная песьня комбайнаў.

Таму вось штодня правяраем сябе
І дома і ў творчых майстэрнях…
За кожны учынак, за кожны прабел
Адказнасьць нясем перад эрай.

Таму вось ня любім ніякіх прыкрас,
І нават, калі засынаем,
Мы сэрцам прымаем сягоньняшні „ТАСС,“ —
Мы радыё хвалі чытаем.

У нашу эпоху ня месца гульні…
Кіруем уперад надзейна…
У нашы вялікія, слаўныя дні —
Упартыя людзі, рашучыя дзеі.

I

Зоранька ясная,
Ветлая,
Пачакай за вокнамі шалясьцець!
Нэрвы працай струджаны…
Зморанасьць!..
Сон няйдзе…


У люстры хістаецца месяц,
А зоры прыстылі да шкла…
Мне сьняцца вясковыя далі
І шумныя сходы сялян.

Сьпяваюць чацьвертыя пеўні,
Ды вёска чамусьці ня сьпіць…
Пад сіняй заслонай махоркі
Хаваюць учорашні дзень.

Хаваюць там даўнія межы,
Хаваюць царкву і званы…
Хаваюць там дзедаўскі побыт
І кола зганьбованых дзей.

II

Даўніх меж
І даўніх тэмпаў больш няма!
Гром падзей душу ускалыхнуў…
Адбудуем
„Волат-сельгасмаш“
У Растове,
У Растове-на-Дану.
Гэй дружней!..
Мацней ударым там і тут!
Адбудуем!
Абсталюем
На Украйне „Трактарбуд“.
Шле нам трактары Масква і Ленінград.
Не адстане такжа Сталінград.
Каб жыцьцё інакш перарабіць —
Дасьць комбайны нам Новасібірск.
Каб сваёй магутнасьцю зарэць,
Каб краіну вольтамі сагрэць, —
Дык шпарчэй уперад
Там і тут!..
Адбудуем слаўны Асінбуд.
Хай бягуць у далечы дарог
Міліёны сіл па правадох.
Даўніх меж,
Я даўніх тэмпаў больш няма!..
Гром падзей душу ускалыхнуў!..
Адбудуем
„Волат-сельгасмаш“
У Растове,
У Растове-на-Дану.

III

Так плыве за гадзінай гадзіна…
Сьняцца дзеі жыцьця бяз прыкрас…
Гэты сон дзесь губляецца, гіне, —
Пачынаецца новы сэанс.

Засьпявалі у полі дзяўчаты…
У бязьмежжы іх сьпеў заміраў,
Дзе туліўся туман сіняваты
Пад зарою вясны загараць.

Гэта песьня машыннага рытму,
Гэта дзень нашу моц вылічаў…
Гэта сьпеў без паганскага міту
І трагічных трывог палачан.

Так выразна ад кожнае гаммы
Веяў творчы парыў маладых…
Адчуваўся запал нястрыманы
І магутны, ак сталь, колектыў.

IV
(СЬПЕВЫ ДЗЯЎЧАТ)

Блудзіць месяц над гаямі,
А гаі паснулі…
Трактарысту васількамі
Вышыю кашулю.
Для Іларавай кашулі
Нават мяты пашкадую.

На твае, Ілары, плечы
Я мяшок адзену…
Крапівою,
Ды пякучай,
Вышыю каўнерык.

Каб рахманы быў надзіва,
Каб ня вешаў галавы, —
У падол нашыю дзідаў,
Дзеразы у рукавы.

Ходзяць зоры над гаямі,
А гаі паснулі…
Трактарысту васількамі
Вышыю кашулю.

V

Каля ветлых кляновых прысад
Раптам сьціхлі прыпеўкі дзяўчат.

На вазёрах кавур зарыдаў…
Хтосьці скрыпку мне моўчкі падаў…

І маўляла мне скрыпка тады:
— Вось прыпомні былыя гады,
Калі быў у пажары сусьвет,
Калі жыў твой калішні сусед,
І напэўна пазнаеш мяне?

— Быў ён слаўны музыка, якіх
Больш ня знойдзеш між вёсак глухіх.

— Я кранала, як ружу агонь,
І душу і пачуцьці яго.

— Ды пакінуў музыка мяне, —
Многа часу была на сьцяне…

— Грамадзянін музыку сказаў:
— Вось вінтоўка, ідзі партызань!

— Чым вялікі Кастрычнік аддаць,
Лепш магілу у полі прыдбаць.

— Эх, музыка!.. Ня знойдзеш такіх,
Ды сканаў ад бандыцкай рукі.

— З тых часоў між імшараў глухіх
Я іграю хаўтуры,

Для іх,
Для паноў,
І для катаў былых.

— Я іду ў гарады і палі
Рэволюцыяй сьвет запаліць.
— Хай адчуе працоўных душа,
Што мацнее компартыі штаб…

— Нездарма між лафэтаў гармат
Фашыстоўскі шалее урад.

VI

…Колёны жандараў…
…Колёны салдат…
…Вуліца апусьцела…
…Шыбеніцы…
…Вясёлы кат…
…Уздрыгвае нейчае цела…
…Трывожная ноч…
…Сьвісткі…
…Шумяць і жывуць рэстораны…
…Замоўклі гудкі…
Ня клічуць гудкі…
…Чорная здань на экране…
…Істэрыка…
…Рогат…
…Шум…
…Звонкі сьвіст гільотыны…
…Катуюць цела,
Крыжуюць душу
Па новаму стылю…
Ды ярка працоўных паходні гараць…
На вуліцах барыкады…
Рашучая бойка…
І будзе скончана гра
Фашыстоўскага ўраду.

VII

Цішэй ад змрочнасьці,
Цішэй
Ад вокамгненнае маркоты,
Нібыта ў шыбы стукаў Швейк[1],
Згубіўшы маршавую роту.

ШВЕЙК:

— Так што, дазвольце далажыць,
Ніхто пусьціць ня хоча ў хату…
О то-ж становішча, скажы,
Нібыта з нашым фэльдкуратам[2],

Любіў ён колісьці мяне,
Хоць і прайграў пасьля другому[3],
І вось прапіўшы ўсё, што меў,
Ён папрасіў аванс пад бога.

А хто пад бога дасьць аванс?
Усім апрыкрыў гандаль гэты…
Гандлююць ім па гэты час
Уладары старога сьвету.

У „Поўнай чашы“[4] ёсьць усё,
Там многа рознага народу…
Напіўся наш вайсковы ксёндз,
Ды перад самым новым годам.

Пасьля, як цень, пайшоў блудзіць.
У шыбы стукаць несьвядома…
Ніхто у хату ня пусьціў —
Пакуль ня трапіў да знаёмых.

Назаўтра бачыць:
Што за чорт!?.
І не чакаў такой прыгоды:
Глядзіць са сьценкі новы год,
А ён-жа лёг у старым годзе.

Цяпер і я вось так зблудзіў,
Згубіўшы прыстані былыя…
Так што, дазвольце заявіць, —
Не пазнаю зусім Расіі!

Іду, ня ведаю і сам
Куды ісьці… Нібыта злодзей…
Мне ўсё здаецца, што праспаў
Я дзесьці цэлае стагодзьдзе.

Дзе ад зары і да зары
Спрадвеку турмы муравалі,
Там вялічэзныя муры,
Муры індустрыі паўсталі.

Дзе вокны хатак урасьлі
У межы цемры і праклёнаў, —
Па тэй сталыпінскай Русі
Праходзяць трактараў колёны.

У тэй пакінутай царкве
Тугу вякоў замкнулі, марыць?
А дзе-ж колега мой цяпер
Агульна-рускага маштабу?

Яго даўным ужо даўно,
Напэўна, буры пахавалі…
А вось калішніх Балуноў[5]
Я напаткаў і тут ня мала.

Нібы асьвістаны лясун,
Адзеўшы Юдаўскую сьвітку,
За кожнай вёскаю Балун
Схаваў халодную „бандытку[6].

На ім адыграная гра
Згубіла хворыя дакоры…
Ён сам, як рошчарак пяра
Былой сталыпінскай рэформы.


Цішэй ад змрочнасьці,
Цішэй,
Чым нават цені пералесіць,
Пайшоў нячутна бравы Швейк,
Ды затрымцеў халодны месяц.

Гусьцелі моракі палёў…
І што за ліха?!.. Гэткім часам
Балун звар‘ёвана панёс
Агонь і порах да колгасу.

— Трымайце злодзея!..
… Хутчэй........
............
… Балун!.. Злачынца
… Стой на месцы!..
… Трымай!.. Трымай!..
… Не уцячэ!..
… Хутчэй!.. Хутчэй!..
… Пабег да весьніц!

— Які Балун?!......
Які пажар?!.......
Ачніся!.. Годзе хвалявацца!..
Прабіла восем… і пара
На працу, мабыць, сабірацца?


∗     ∗

У нашу эпоху ня месца гульні…
Кіруем уперад надзейна…
У нашы вялікія слаўныя дні —
Упартыя людзі, рашучыя дзеі.

Як шчасьце, сьпяшым спатыкаць новы дзень
За працай у творчых майстэрнях…
Вялікае кола сусьветных падзей
Дае нам натхненьне і веру.

Затое на даўняй мяжы не стаім…
Няма у нас тэмпаў павольных…
Мы дбаем аб кожным рыштунку сваім
У гмаху вялікай будоўлі.

Жывое імкнецца па-новаму жыць,
Дзе рухнулі вежы старыя,
Дзе колісь на кожнай сялянскай мяжы
Паставіў аўтограф Сталыпін.

Мы з боем наўчыліся крэпасьці браць.
Таму вось ня дзіва, ня цуда,
Што казачным тэмпам у рытмах жыцьця
Растуць карпусы трактарбудаў.

У нашу эпоху ня месца гульні…
Кіруем уперад упарта…
У нашы вялікія слаўныя дні
Ня сойдзем з грамадзкае варты.

Між дзённае працы ня любім прыкрас,
А ўночы, калі засыпаем, —
Мы сэрцам прымаем сягонешні „ТАСС“,
Мы радыё-хвалі чытаем.



  1. Швейк — гэта герой твору чэскага пісьменьніка Гашэка. „Похождение бравого солдата Швейка“. Твор гэты Мае некалькі частак. У аднэй частцы аўтар падае Швейка ў расійскім палоне. Вось за гэтым не бязгрунтоўна Швейк у маім творы гаворыць аб былой Расіі.
  2. Фэльдкурат — гэта вайсковы ксёндз.
  3. Гашэк падае фэльдкурата, як п‘яніцу і карцёжніка. Калі Швейк быў дзяньшчыком у гэтага фэльдкурата, то гэта духоўная асоба прайграла свайго дзяньшчыка ў карты паручніку Лукашу.
  4. „Поўная чаша“ — гэта назва піўной у Празе, аб якой часта ўспамінаў Швейк.
  5. Балун — гэта герой таго ж твору. Тыповы кулак. Меў фізычны недахоп — многа есьці. Часта зьядаў порцыю свайго паручніка, за што нёс кару.
  6. Бандыткай завуць абрэз.