Полымя (часопіс)/1927/3/Царскі суд над творамі Ф. Багушэвіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Царскі суд над творамі Ф. Багушэвіча
Артыкул
Аўтар: Яўген Хлябцэвіч
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аўг. Хлябцэвіч

Царскі суд над творамі Ф. Багушэвіча

Адным з выдатных беларускіх пісьменьнікаў, які адыграў вялікую ролю у рэволюцыянаваньні беларускіх мас, траба лічыць Ф. Багушэвіча (Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава).

Ф. Багушэвіч быў першым беларускім поэтам, які прымаў актыўны ўдзел у паўстаньні супроць улады царскага самаўладзтва. У яго асобе мы бачым прыклад злучэньня поэтычных мар і практычных дзеяньняў рэволюцыйнага паўстаньня.

Вось чаму вершы Ф. Багушэвіча да 1905 году хадзілі ў нелегальным выглядзе, выданыя ў Лёндане на папяроснай паперы, хоць і з кур'ёзным дазволам сынодальнай друкарні. Вершы яго адыгралі значную ролю ў якасьці агітацыйнага матэрыялу, калі распаўсюджваліся 1-ай Беларускай Рэволюцыйнай Грамадой (1904-1906) разам з іншымі проклямацыямі Грамады, якія заклікалі да зьнішчэньня ўлады царскага ўраду, памешчыкаў і капіталістых.

Лічачы беларускую мову ня мужыцкаю, а прыроднаю, Ф. Багушэвіч уносіць выхаваўчае пачуцьцё прызнаньня асобы чалавека ў кола людзей, якія гавораць мужыцкаю народнаю моваю. Ён лічыць мову "адзежаю душы". Не пакідайце-ж.-піша Ф. Багушэвіч,-мовы нашай Беларускай, каб ня ўмерла".

"Пазнаюць людзей ці па гаворцэ, ці па адзежы, хто якую носе: отож гаворка, язык ёсьць адзежа душы".

Фр. Багушэвіч яскрава паказвае соцыяльную няпраўду. Мастацкія вобразы яго так моцна заражалі моладзь рэволюцыйным настроем, што да 1905 году творы яго лічыліся нелегальнымі. А калі ў 1907-8 г. яны былі выданы беларускаю - "Суполкаю" ў Пецярбургу. "Загляне сонца і ў наша ваконца" пад рэдакцыяй В. Л. Іваноўскага і Б. і. Эпімаха-Шыпілы, дык урад Сталыпіна і Макарава ўзяўся ліквідаваць выданьні Фр. Багушэвіча. Абвінавальны акт, прад'яўлены рэдактару "Дудкі Беларускай" і "Смыка Беларускага" Вацлаву Іваноўскаму складаўся з пераказваньня беларускіх вершаў Ф. Багушэвіча, пераложаных на расійскую мову.

І вось, пры чытаньні абвінавальнага акту ў Пецярбурскай судовай палаце пад старшыняваньнем вядомага ката-сэнатара Крашаньнікава, прокурор, падтрымліваючы абвінавачаньне, кваліфікаваў выданьне, як заклік да клясавай барацьбы і разбураньня ўстояў расійскай політыкі ў Паўночна-Заходнім краі (праваслаўя і расійскай народнасьці).

Пецярбурская судовая палата прыцягнула да судовай адказнасьці Багушэвіча, як аўтара "Дудкі Беларускай", і прадстаўніка выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца", які выпусьціў гэты твор. І вось, калі судовы чыноўнік, чытаючы абвінавальны акт, стаў чытаць у перакладзе на расійскую мову вершы Ф. Багушэвіча, то яскрава ўсталі вобразы Беларусі, створаныя поэтам, і мары беднага селяніна з асаблівым адценьнем беларускай беднасьці, жальбы і шуканьня соцыяльнай праўды.

У ліку іншых вершаў інкрымінаваўся выдавецтву і аўтару верш "Хрэсьбіны Мацюка", у якім выведзен тагочасны генэрал-губарнатар Паўночна-Заходняга краю, князь Хаванскі, які ўжыў казацкую плётку для далучэньня вуніятаў да праваслаўя.

Аўтар дае малюнак спатканьня Мацея з казакамі, прычым ухільны адказ Мацея наконт нацыянальнасьці і веры быў прычынаю таго, што казак выцяў яго плеткаю. Мацей быў ашаломлены і заявіў:

"То мусіць і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны..."

Але гэтым справа ня скончылася. Увосень прыехаў сам князь Хаванскі. Склікалі мужыкоў. Да іх ён зьвярнуўся з прамоваю:

"Эх, кажа, рыбяты. Вы дуракі,
Што ў русскай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае у сваю веру:
Дасьць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішэце, а поп пасьвенце, -
Ну, братцы, вып'ем па чарцы ўсе;
Бацюшка крык і крапілла нясе!"

Пасьля гэтай прамовы сабраныя захісталіся. Першы з іх нерашуча заявіў:

"Спытайце, кажа, вун Мацея:
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца".

Але Мацей, ужо раз навучаны казакамі, рашуча адмовіўся перамяніць веру.

"Надумаўся, кажу, каб сто катаў
Дралі мне скуру, пяклі на агню
Я веры сваей тыкі не зьмяню!"

Князь ускіпеў і загадаў даць Мацею сто лоз. Схапілі яго казакі і пачалі лупіць

"І б'юць-не баліць, хоць за сэрдца бярэ!
За што-ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: "Эй, біце-ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей?!
О так то хрысьцілі мяне казакі
З тутэйшага ды ў палякі!"

Прокурор, які падтрымліваў на судзе абвінавачаньне, адзначаючы гэты верш, даводзіў, што выданьні і пашырэньне яго падрывае праваслаўе, самаўладзтва і paсійскую народнасьць у Паўночна-Заходнім краі.

Абаронца-ж Гольдштэйн ужыў усё сваё адвакацкае кручкатворства і разьбіў гэты пункт абвінавачаньня такім чынам. Дастаўшы ад беларусаў кнігу протопрасьвіцера вайсковага і марскога духавенства, царскага духаўніка Шавельскага пад назваю "О воссоединении униатов с православной церковью", прадэманстраваў гэту кнігу судзьдзям у камэргерскіх мундзірах і прачытаў услых якраз тое месца з гэтай кнігі, дзе Шавельскі пісаў, што нетактычнасьць князя Хаванскага пашкодзіла справе праваслаўя. Карыстаючыся гэтаю думкаю Шавельскага, абаронца зазначыў, што "протопрасьвіцер і царскі духаўнік" дае гістарычную даведку аб князі Хаванскім, якая апраўдвае прыведзеныя ў вершы факты. А потым, гаварыў абаронца, гэта справа мінулага, справа гісторыі, - як аўтар, так і выведзеныя ім асобы даўно-даўно памерлі.

Яшчэ больш кур'ёзна вышла з другім пунктам абвінавачаньня. Прокурор, адзначаючы верш "Ахвяра" абвінавачваў выдаўца В. Інаноўскага у падбухторваньні сялян на клясавую барацьбу з панамі. Абаронца-ж Гольдштэйн, разьбіваючы гэта абвінавачаньне, даводзіў, што гэты верш-ня столькі заклік да клясавай барацьбы, колькі пераказ эвангельскіх запаведзяй у поэтычнай форме. Вось урывак з гэтага вершу - грамадзянскай малітвы:

"Маліся, бабулька, да Бога.
Каб я панам ніколі ня быў:
. . . . . . . . . . . . . .
Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё меў за іх;
Каб за край быў умерці гатоў;
Каб ня прагнуў айчыны чужых;
. . . . . . . . . . . . . .
Каб ня здрадзіў за грошы свой люд...

Верш "У судзе", які зьяўляецца сатыраю на тагочасны суд, быў першым зьмешчан у нелегальным "сынодальным выданьні" „Песьні" і дэклямаваўся часта вучнёўскаю моладзьдзю на вечарынках і концэртах. Выданьне гэтага вершу інкрымінавалася выдаўцу В. Іваноўскаму, як супроць урадавы акт і заклік да клясавай барацьбы. Прыцягнуты па гэтай справе да адказнасьці аўтар на суд не зьявіўся, бо быў ужо ў магіле.

Побач з гэтым мне ўспамінаецца яшче адзін эпізод. Раз, яшчэ да імпэрыялістычнай вайны, гурток студэнтаў беларусаў у Пецярбургу наладжваў вечарынку. Аўтару гэтых радкоў прышлося рыхтавацца да дэклямацыі вершу Ф. Багушэвіча "Быў у чысцы". І вось тэатральная цэнзура, куды пасылаўся ўвесь рэпертуар вечарыны на дазвол, выкасавала найбольш агітацыйныя месцы з гэтага вершу[1]. Карыстаючыся-ж тым, што беларусы добра "пачаставалі" гарэлкай прыстава, які сядзеў на вечарыне ў якасьці прадстаўніка ўлады, я гэтыя месцы, дэклямуючы, яшчэ мацней падкрэсьліў, тым больш, што я быў загрымаваны. Суфліраваў мне Тарашкевіч (цяперашні беларускі дэпутат польскага сойму).

Такім чынам з дэклямацыі верша Ф. Багушэвіча вышаў цэлы мітынг. А пасьля концэрту беларусы так напаілі прыстава, што ён ледзь ногі валачыў і страціў усякую здольнасьць наогул адрозьніваць легальнае ад нелегальнага.

Фр. Багушэвіч меў значны ўплыў на іншых пісьменьнікаў, аб чым сьведчыць, напрыклад, прызнаньне Цёткі, што адзін зборнік сваіх вершаў яна назвала "Скрыпка Беларуская" пад уплывам прадмовы Ф. Багушэвіча да свайго зборніку "Смык Беларускі", у якой ён гаворыць, што будзе лічыць сваю мэту дасягнутай, калі яго зборнік каго-небудзь заахвоціць скласьці "скрыпачку". Вось, як сьведчыць Цетка, яна пад уплывам гэтай прадмовы і напісала "Скрыпачку".

І сапраўды "Смык" Багушэвіча і "Скрыпка" Цёткі сыгралі сваю рэволюцыйную ролю ў справе рэволюцыянаваньня беларусаў і нацыянальнага іх самавызначэньня.


  1. Увага. Радкі, выкасаваныя цэнзураю:

    "іду і мяркую: ці то цяпер шчасьце,
    Як паноў ня стала, ці то была доля?
    І лічу на пальцах: паншчызны дванасьце,
    А гадоў да трыццаць, як настала воля...
    Там быў аканом, камісар і цівун,
    Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны,
    І кожны меў права ўзяць за бізун,
    І кожны меў права да нашай сьпіны...
    А цяпер... Ой, штосьці кепска выходзе,
    Цяпер ці ня болей настала паноў...
    Ня надта свабодна у гэтай свабодзе
    І давай я лічыць паноу новых зноў:
    Стараста, соцкі, пісар, старшыня,
    Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
    Зьезд міравы, прысуцтвы і сход...
    Аж паднялася са страху чупрына,
    Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
    А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.