Песьня дзяўчаці (Зязюля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня дзяўчаці
Верш
Аўтар: Андрэй Зязюля
Крыніца: http://media.catholic.by/nv/n18/art3.htm#refs

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вось пасе кароўку дзеўка маладая
І аб горкай долі ціхенька гадае.

Як згадала, хутка думка спанавала
Да таго й зязюля ў грунь закукавала.

Цяжэнька прыйшлося ў гэта ёй прадвесьне,
Вось і палілася, палілася песьня:

«Ой ляцелі гусі, дый с-пад Белай Русі…»
Цяжка было жыці бедненькай Карусі.

Цяжка будзе жыць ёй, пакуль не сканае,
«Замуцілі гусі ваду на Дунаі…»

І сьпявае дзеўка песьню сваю далей
Аж нясецца голас з ветраною хваляй.

І панёсься, рэхай у ляску аддаўся.
І навекі зьнік там, і не варачаўся.

Дасьпявала дзеўка слоўца «рассталіся»,
І на твар дзявочы сьлёзы паліліся.

Сонейка схавала ў лесе ясны вочы,
Рэха ж усё сьпявала горкі лёс дзявочы.