Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Другое саборнае пасланьне сьвятога Апостала Пётры Пе́ршае саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова
Аўтар: Апостал Іоан
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Другое саборнае пасланьне сьвятога Апостала Іоана Багаслова

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзел 1[правіць]

1 Аб тым, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядалі і да чаго датыкаліся рукі нашыя, аб Слове жыцьця, -

2 (бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьве́дчым і абвяшчаем вам гэтае ве́чнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам),

3 аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы ме́лі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць - з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

4 І гэтае пішам вам, каб радасьць ваша была поўная.

5 І вось тое абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло́, і няма ў Ім жаднае це́мры.

6 Калі мы кажам, што маем лучнасьць з Ім, а ходзім у це́мры, дык манім і ня робім па праўдзе;

7 а калі ходзім у сьвятле́, як Ён у сьвятле́, дык маем лучнасьць міжы сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

8 Калі кажам, што ня маем грэху, - ашуківаем самых сябе́, і няма́ ў нас праўды.

9 Калі вызнаём грахі нашыя, дык Ён - ве́рны і справядлівы, каб дараваць нам грахі нашыя і ачысьціць нас ад усякае няпраўды.

10 Калі кажам, што мы не саграшылі, дык робім ілжывым Яго, і няма́ ў нас слова Ягонага.

Разьдзел 2[правіць]

1 Дзе́ткі мае́! пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі бы хто саграшыў, дык маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка;

2 Ён ёсьць зьмілаваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але й за грахі ўсяго сьве́ту.

3 А што мы пазналі Яго, даве́дываемся з таго, што выпаўняем за́паведзі Яго.

4 Хто кажа: я пазнаў Яго, але за́паведзяў Яго не выпаўняе, той брахун, і няма ў ім праўды;

5 а хто выпаўняе слова Яго, у тым запраўды любоў Божая завяршылася: з гэтага пазнаём, што мы ў Ім.

6 Хто кажа, што ў Ім прабывае, той павінен хадзіць так, як Ён хадзіў.

7 Браты! ня новую запаведзь пішу вам, але запаведзь старадаўную, якую вы ме́лі ад пачатку: запаведзь старадаўная ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.

8 Зноў жа і новую запаведзь пішу вам, што праўдзіва і ў Ім, і ў вас: што праходзе це́мра, і праўдзівае сьвятло сьве́ціць ужо.

9 Хто кажа, што ён у сьвятле́, а ненавідзіць брата свайго, той у це́мры дагэтуль.

10 Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятле́, і няма ў ім спакушэньня;

11 а хто ненавідзіць брата свайго, той у це́мры знаходзіцца і ў це́мры ходзіць ды ня ве́дае, куды йдзе́, бо це́мра вочы яму асьляпіла.

12 Пішу вам, дзеткі, што дараваны вам грахі дзеля іме́ньня Яго.

13 Пішу вам, айцы, бо вы пазналі Істнуючага ад пачатку. Пішу вам, дзяцюкі, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, падросткі, бо вы пазналі Айца.

14 Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі Беспачатнага. Я напісаў вам, дзяцюкі, бо вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі злога.

15 Ня любе́це сьве́ту, ні таго, што ў сьве́це. Хто любіць сьве́т, у тым няма любві Айца.

16 Бо ўсё, што ў сьве́це: пажаданьне це́ла, пажаданьне вачэй і пыха жыцьцёвая, - ня ёсьць ад Айца, але ад гэтага сьве́ту.

17 І сьве́т праходзе, і пажаданьне яго, а хто выпаўняе волю Божую, той трывае даве́ку.

18 Дзе́ці! Апошняя гадзіна! І, як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, а цяпер зьявілася многа антыхрыстаў, дык мы і пазнае́м з гэтага, што настала апошняя гадзіна.

19 Яны выйшлі спаміж нас, але ня былі з нашых; бо, каб яны былі з нашых, дык асталіся-б з намі; але яны выйшлі, каб выявілася, што ня ўсе́ з нашых.

20 Дый вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ве́даеце ўсё.

21 Я напісаў вам не затым, што вы ня ве́далі-б праўды, але затым, што вы ве́даеце яе́, дый што ўсякая ілжа не ад праўды.

22 Хто брахун, калі ня той, хто адкідае, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэта - антыхрыст, які адкідае Айца і Сына.

23 Усякі, хто адкідае Сына, ня мае і Айца.

24 Дык што́ вы чулі ад пачатку, тое няхай і прабывае ў вас; калі прабывацьме ў вас тое, што́ вы чулі ад пачатку, то й вы прабываць будзеце ў сыне і Айцу.

25 І вось гэтае абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё ве́чнае.

26 Гэта я напісаў вам аб тых, што зводзяць вас.

27 Дый памазаньне, якое вы дасталі ад Яго, у вас прабывае, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але, як гэтае самае памазаньне вучыць вас аб усім, а яно праўдзівае і не манлівае, дык, як яно навучыла вас, у тым прабывайце.

28 Дык вось, дзе́ткі, прабывайце ў Ім, каб, як Ён зьявіцца, ме́ць нам адвагу й не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны.

29 Калі вы ве́даеце, што Ён праведнік, дык ве́дайце й тое, што ўсякі, хто праўду робе, ад яго народжаны.

Разьдзел 3[правіць]

1 Глядзе́це, якую любоў даў нам Аце́ц, каб нам называцца Дзяцьмі Божымі. Сьве́т затым ня ве́дае вас, што не пазнаў Яго.

2 Умілаваныя! мы цяпер дзе́ці Божыя, але яшчэ ня выявілася, што́ мы будзем. Ве́даем толькі, што, калі выявіцца, дык будзем падобныя да Яго, бо ўгле́дзім Яго, як Ён ёсьць.

3 І ўсякі, хто мае гэту надзе́ю на Яго, ачышчае сябе́, бо Ён чысты.

4 Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.

5 І вы ве́даеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.

6 Усякі, хто ў Ім прабывае, не грашыць; усякі, хто грашы́ць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.

7 Дзе́ткі! няхай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць праўду, той праведны, як і Ён праведны.

8 Хто робіць грэх, той ад д'ябла, бо ад пачатку д'ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьніштожыць дзе́ла д'яблавае.

9 Усякі, наро́джа́ны ад Бога, грэху ня робіць, бо насе́ньне Яго прабывае ў ім, і ня можа грашы́ць, бо народжаны ад Бога.

10 Дзе́ці Божыя і дзе́ці д'яблавы пазнаюцца гэтак: кожын, хто ня робіць праўды, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.

11 Бо гэткае ёсьць абвяшчэньне, што вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго, -

12 ня гэтак, як Каін, што быў ад ліхога й забіў свайго брата. А за што забіў яго? За тое, што ягоныя ўчынкі былі благія, а брата яго - справядлівыя.

13 Ня дзівуйцеся, браты маі, калі сьве́т ненавідзіць вас.

14 Мы ве́даем, што перайшлі ад сьме́рці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто-ж ня любіць брата, прабывае ў сьме́рці.

15 Кожын, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ве́даеце, што ніводзін душагуб ня мае жыцьця ве́чнага, у ім прабываючага.

16 У тым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны пакладаць душы свае́ за братоў.

17 А хто мае дастатак у сьве́це, але, бачучы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца свае́, - дык як прабывае ў ім любоў Божая?

18 Дзе́ткі мае́! Будзем любіць ня словам ці языком, але дзе́лам і праўдаю!

19 І гэтак пазна́ем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.

20 Бо, калі сэрца нас асуджаеі дык тым бале́й Бог, бо Бог большы за сэрца нашае і ве́дае ўсё.

21 Умілаваныя! Калі сэрца нашае не асуджае нас, дык маем адвагу перад Богам,

22 і, чаго ні папросім, дастанем ад Яго, бо выпаўняем запаведзі Яго і робім добрае прад абліччам Ягоным.

23 А запаведзь Яго тая, каб мы ве́рылі ў імя Сына Яго Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён запаве́даў нам.

24 І хто захоўвае за́паведзі Яго, той прабывае ў Ім, і Ён у тым. А што ён прабывае ў нас, даве́дваемся па Духу, Якога Ён нам даў.

Разьдзел 4[правіць]

1 Умілаваныя! ня ўсякаму духу ве́рце, але выспрабуйце духаў, ці ад Бога яны, бо многа зьявілася на сьве́це фальшывых прарокаў.

2 Духа Божага пазнавайце з гэтага: усякі дух, які вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ёсьць ад Бога;

3 а ўсякі дух, які не вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ня ёсьць ад Бога, і гэта дух антыхрыста, аб якім вы чулі, што ён прыдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьве́це.

4 Дзе́ткі! вы - ад Бога і вы перамаглі іх; бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьве́це.

5 Яны ад сьве́ту, бо і гавораць ад сьве́ту, і сьве́т слухае іх.

6 Мы ад Бога: хто знае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. Гэтак вось і пазнае́м духа праўды і духа манлівасьці.

7 Умілаваныя! будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога.

8 Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Боґ ёсьць любоў.

9 Божая любоў да нас у тым выявілася, што Бог паслаў на сьве́т адзінароднага Сына Свайго, каб мы жылі праз Яго.

10 У тым любоў, не што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго дзеля зьмілаваньня над грахамі нашымі. .

11 Умілаваныя! калі Бог палюбіў нас гэтак, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.

12 Бога ніхто ніколі ня бачыў: калі-ж мы любім адзін аднаго, дык Боґ у нас прабывае, і любоў Яго дасканалая ў нас.

13 Што мы прабываем у Ім, і Ён у нас, пазнае́м па тым, што Ён даў нам ад Духа Свайго.

14 І мы бачылі й сьве́дчым, што Аце́ц паслаў Сына, Збавіцеля сьве́ту.

15 Хто вызнае́, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.

16 І мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паве́рылі ў яе́. Бог ёсьць любоў, і той, хто прабывае ў любві, прабывае ў Богу, і Бог у ім.

17 Любоў дасканаліцца з намі на тое, каб мы ме́лі адвагу ў дзе́нь суда, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьве́це.

18 Страху няма ў любві, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; хто баіцца, той у любві недасканалы.

19 Мы любім Яго, бо Ён пе́рш палюбіў нас.

20 Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, якога ба́чыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?

21 І мы маем ад Яго гэткую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.

Разьдзел 5[правіць]

1 Кожын, хто ве́руе, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожын, хто любіць Радзіўшага, любіць і Народжанага ад Яго.

2 Што любім дзяце́й Божых, пазнае́м з таго, калі любім Бога і выпаўняем запаведзі Яго.

3 Бо тое ёсьць любоў да Бога,. каб мы выпаўнялі запаведзі Яго; і запаведзі Яго не цяжкія.

4 Бо кожны, народжаны ад Бога, перамагае сьве́т; і гэтая перамога, што перамагла сьве́т, ве́ра нашая.

5 Хто той, што перамагае сьве́т, калі ня ве́руючы, што Ісус ёсьць Сын Божы?

6 Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, які прайшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьве́дчыць, бо Дух ёсьць праўда.

7 Бо тры сьве́дчаць на не́бе: Аце́ц, Слова і Сьвяты Дух, і гэтыя тры ёсьць адно.

8 І тры сьве́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры - адно.

9 Калі мы прымаем сьве́дчаньне чалаве́чае, дык сьве́дчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьве́дчаньне Божае, якім Бог сьве́дчыць аб Сыне Сваім.

10 Хто ў Сына Божага ве́руе, ма́е пасьве́дчаньне ў самым сабе́; хто ня ве́рыць Богу, той ілжывым зрабіў Яго, бо ня ўве́раваў у пасьве́дчаньне, якім Бог засьве́дчыў аб Сыне Сваім.

11 А гэтае сьве́дчаньне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё ве́чнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Яго.

12 Хто ма́е Сына, ма́е жыцьцё; хто Сына Божага ня ма́е, ня ма́е жыцьця.

13 Гэтае напісаў я вам, ве́руючым у імя Сына Божага, каб вы ве́далі, што маеце жыцьцё ве́чнае, ды каб ве́равалі ў імя Сына Божага.

14 І вось адвага, якую мы маем да Яго, што, калі просім чаго водле волі Яго, Ён слухае нас;

15 а калі мы ве́даем, што Ён слухае нас у-ва ўсім, чаго-б мы ні прасілі, - дык ве́даем, што дастанем прошанае ад Яго.

16 Калі хто бачыць брата свайго, які грашыць грэхам не на сьме́рць, то няхай моліцца, і (Бог) дасьць яму жыцьцё, гэным, што граша́ць не на сьме́рць. Ёсьць грэх на сьме́рць: не аб гэтым кажу маліцца.

17 Усякая няпраўда ёсьць грэх, але грэх не на сьме́рць.

18 Мы ве́даем, што кожын, хто народжаны ад Бога, не грашыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе́, і ліхі не зачэпіць яго.

19 Мы ве́даем, што мы ад Бога, і што ўве́сь сьве́т ляжыць у зьле́.

20 Ве́даем такжа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб пазналі (Бога) праўдзівага; і мы ў праўдзівым Сыне Яго Ісусе Хрысьце́: Гэты ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё ве́чнае.

21 Дзе́ткі! захоўвайце сябе́ ад ідалаў. Амін.