Пе́ршае Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Другое Пасланьне да Фесалонікійцаў сьв. ап. Паўлы Пе́ршае Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Другое Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1[правіць]

1 Паўла, Апостал Ісуса Хрыста па загаду Бога, Збавіцеля нашага і Госпада Ісуса Хрыста, надзе́і нашае,

2 Цімахве́ю, праўдзіваму сыну ў ве́ры: ласка, міласьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Адыходзячы ў Македонію, я ўпрасіў цябе́ быць у Эфэсе і загадаць некаторым, каб яны ня вучылі іншага

4 і не займаліся міфамі ды радаводамі бясконца, якія робяць больш спрэчак, чымся Божага збудаваньня ў веры.

5 Завяршэньне-ж загаду ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумле́ньня ды веры бяз хітрыкаў,

6 ад чаго адступіўшы, некаторыя ўзьбіліся на шлях пустаслоўя,

7 жадаючы быць вучыцяля́мі закону, ды не разуме́ючы ані таго, аб чым гавораць, ані таго, што сцьвярджаюць.

8 А мы ве́даем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

9 ве́даючы тое, што закон не пакладзены для праведніка, але для беззаконных і непакорных, бязбожных і грэшнікаў, распусных і паганых, для забойцаў бацькоў і матак, для душагубаў,

10 для блуднікаў, мужаложнікаў, грабе́жцаў людзе́й, брахуноў, вераломных і для іншага, што праціўна здаровай навуцы,

11 водле Эвангельля славы шчаснага Бога, якое мне́ даве́рана.

12 І дзякую Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, Які дае́ мне́ сілу, што Ён прызнаў мяне́ ве́рным, паставіўшы на служэньне,

13 мяне́, які ране́й і зьняважаў, і перасьле́даваў, і крыўдзіў, але памілаваны, бо рабіў гэта праз няве́даньне, у няве́ры.

14 Ласка-ж Госпада нашага памножылася ўва мне́ разам з ве́раю і любоўю ў Хрысьце́ Ісусе.

15 Ве́рнае гэтае слова і ўсякага прыйма́ вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў на сьве́т збавіць грэшнікаў, а каторых я пе́ршы.

16 Але дзеля таго я й памілаваны, каб Ісус Хрысгос у-ва мне́ пе́ршым паказаў усю доўгацярплівасьць, на прыклад тым, што хочуць ве́рыць у Яго дзеля жыцьця ве́чнага.

17 Цару-ж вякоў нятле́ннаму, нявідомаму, адзінаму прамудраму Богу чэсьць і слава на ве́кі вякоў. Амін.

18 Гэты запаве́т выкладаю табе́, сын мой Цімахве́й, водле былых аб табе́ прароцтваў, каб ты ваяваў згодна з імі добрую вайну,

19 маючы ве́ру і добрае сумле́ньне, адкінуўшы якое некаторыя заняпалі ў ве́ры;

20 із якіх Імяне́й і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб навучыліся не зьняважа́ць (Бога).

Разьдзе́л 2[правіць]

1 Дык пе́рш за ўсё прашу ўпрашаць, маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзе́й,

2 за цароў і за ўсіх, што наве́рсе, каб вясьці нам жыцьцё ціхое і спакойнае ў-ва ўсякай багабойнасьці і чыстасьці,

3 бо гэта добра і прые́мна перад Спасам нашым Богам,

4 Які хоча, каб усе́ людзі збавіліся і да пазнаньня дайшлі.

5 Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі — чалаве́к Хрыстос Ісус,

6 што аддаў Сябе́ дзеля адкупле́ньня ўсіх, сьвядоцтва сваім часом,

7 дзеля Якога я пастаўлены зьвястуно́м і Апосталам (праўду кажу ў Хрысьце́, не маню), вучыцелем паганаў у ве́ры і праўдзе.

8 Дык жадаю, каб на кожным ме́сцы маліліся мужы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гне́ву і сумляваньня;

9 каб таксама й жанчыны, у прыстойнай вопратцы, са стыдлівасьцяй і мудрасьцяй аздаблялі сябе́ не пляце́ньнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані ша́тамі дарагімі,

10 але добрымі ўчынкамі (што прыстойна жанчынам, якія на багабойнасьць сябе́ пасьвяцілі).

11 Жанчына няхай моўчкі вучыцца ўсякае пакоры,

12 а жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была.

13 Бо пе́рш створаны Ада́м, а пасьля Ева;

14 і не Адам быў спаку́шаны, але жана́, спаку́шаная, у праступку была,

15 збаўлёна-ж будзе праз раджэньне дзяце́й, калі будзе трываць у ве́ры й любві ды ў сьвятасьці з мудрасьцяй.

Разьдзе́л 3[правіць]

1 Ве́рнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзе́ла жадае.

2 Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае́ жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,

3 ня п’яніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,

4 каб добра сваім домам кіраваў, дзяце́й у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;

5 бо хто ня ўме́е кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве́ Божай?

6 (Трэба быць) не з нованаве́рненых, каб не загардзе́ў і не падпаў пад асуджэньне з д’яблам.

7 Трэба яму і сьвядоцтва ме́ць добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і се́ці д’яблавы.

8 Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,

9 каб ме́лі тайну ве́ры ў чыстым сумле́ньні.

10 І гэтакіх трэба пе́рш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.

11 Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, ве́рнымі ўва ўсім.

12 Дыяканы каб былі мужамі аднае́ жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,

13 бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе́ добрую ступе́нь і вялікую адвагу ў ве́ры ў Хрыста Ісуса.

14 Гэтае табе́ пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе́,

15 каб ты, калі забаўлюся, ве́даў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква́ Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.

16 І запраўды — вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў це́ле, апраўдаў сябе́ ў Духу, паказаў сябе́ Ангелам, абве́шчаны ў народах, прыняты ве́раю ў сьве́це, узьне́сены ў славе.

Разьдзе́л 4[правіць]

1 Дух жа ясна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адступяцца ад ве́ры, слухаючыся духоў спакушаючых і навук дэманавых,

2 у крывадушнасьці брахлівых, загарэлых у сумле́ньні сваім,

3 што забяраняюць жаніцца, (кажуць) узьдзе́ржывацца ад е́жы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай ве́рнымі і пазнаўшымі праўду.

4 Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішта не гане́бнае, што прымаецца з падзякаю,

5 бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

6 Падаючы гэтае братом, будзеш добрым служкай Ісуса Хрыста, кормленым словамі ве́ры і добрай навукай, за якой ты пасьле́даваў.

7 А паганых і бабскіх казак цурайся, сябе́-ж прывучай да багабойнасьці;

8 бо цяле́снае навытараньне мала карыснае, а багабойнасьць на ўсё карысная, маючы прырачэньне жыцьця цяпе́рашняга і будучага.

9 Слова гэтае ве́рнае і ўсякага прыняцьця годнае.

10 Бо мы дзеля гэтага і працуем, дый ненавідзяць нас, што спадзяваліся на Бога Жывога, які ёсьць Збавіцель усіх людзе́й, а найбале́й ве́рных.

11 Апавядай гэтае і навучай.

12 Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй твае́й, але будзь узорам для ве́рных у слове, у жыцьці, у любві, у духу, у ве́ры, у чыстасьці.

13 Пакуль прыду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем.

14 Ня будзь няўважлівым на здольнасьць у табе́, што дадзена табе́ прароцтвам, з узлажэньнем рук сьвяшчэнства.

15 На гэта зважай, у гэтым будзь, каб пасьпяваньне твае́ для ўсіх было яўнае.

16 Уваходзь у сябе́ і ў навуку, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе́ збавіш, і тых, што слухаюць цябе́.

Разьдзе́л 5[правіць]

1 Старога не дакара́й, але малі, як бацьку; малодшых, як брато́ў;

2 старых жанчын, як матак; малодшых, як сёстраў, з усякаю чыстасьцяй.

3 Удоваў паважай, тых, што ўдовы запраўды.

4 Калі-ж якая ўдава ма́е дзяце́й, ці ўнукаў, дык яны насампе́рш няхай вучацца паважаць уласны дом і ў свой чарод аддзячыць бацьком: бо гэта добра і ўгодна перад Богам.

5 Праўдзівая-ж удава і адзінокая спадзяе́цца на Бога і трывае ў малітвах і просьбах уначы і ўдзе́нь,

6 раскошніца-ж, жывучы, мёртвая.

7 І гэтае загадвай ім, каб былі беззаганнымі.

8 Калі-ж хто аб сваіх, а асабліва аб хатніх не клапо́ціцца, той адрокся ад ве́ры і горш за няве́рнага.

9 Удава-ж няхай выбіраецца ня ме́нш, як шасьцідзесяціго́дняя, якая была жонкаю аднаго мужа,

10 дазнаная з добрых учынкаў, ці дзяце́й узгадавала, ці прымала падарожных, ці абмывала ногі сьвятым, ці памагала нешчасьлівым, ці рупілася аб кожную добрую справу.

11 А маладых удоў ня прымай, бо яны, разласаваўшыся насупраць Хрысту, хочуць замуж;

12 яны падлягаюць асуджэньню, бо адкінулі ране́йшую ве́ру;

13 да таго-ж яны, гуляючы, прывучаюцца хадзіць па дамох; дый ня толькі гуляшчыя, але й баўтлівыя, і цікавыя, і гавораць, чаго ня сьле́д.

14 Дык хачу, каб маладыя ўдовы йшлі замуж, радзілі дзяце́й, кіравалі домам і не давалі праціўніку ніякае падставы дзеля абмаўляньня:

15 бо некаторыя ўжо зьвярнулі на сьле́д шатана.

16 Калі які ве́рны ці ве́рная ма́е ўдовы, няхай памагае ім і не абцяжа́е Царквы, каб яна памагала запраўдным удовам.

17 Старшыя, якія старшынствуюць добра, варты падвойнае пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.

18 Бо Пісаньне кажа: не закелза́й вала, які малоціць, і: работнік варты нагароды свае́й (Другазак. 25, 4; Мацьв. 10, 10).

19 Абвінава́чаньне на старшага ня йначай прымай, як пры двох ці трох сьве́дках.

20 Тых, што граша́ць, дакара́й перад усімі, каб і іншыя страх ме́лі.

21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі заклінаю цябе́ захаваць гэтае, не асуджаючы напе́рад, нічога ня робячы водле ўнады.

22 Рук хутка ні на кога не ўскладай і ня будзь супольнікам у чужых грахох; хавай сябе́ чыстым.

23 Дый ня пі адну ваду, але ўжывай крыху віна дзеля жывата твайго і частых тваіх недамаганьняў.

24 Грахі ў іншых людзе́й яўныя і напе́радзе вядуць на асуджэньне, а за іншымі ідуць сьле́дам.

25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі напе́рад яўныя; а калі інакш, схавацца ня могуць.

Разьдзе́л 6[правіць]

1 Рабы́, што пад ярмом, павінны лічыць паноў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб ня было ганьбаваньня на імя Божае і на навуку.

2 Тыя-ж, што ве́рных маюць за паноў, няхай ня будуць нядбалымі, бо яны браты; але тым бале́й няхай паслугуюць ім, што яны ве́рныя і ўмілаваныя, прымаючы дабро. Гэтага навучай і заклікай.

3 Калі-ж хто навучае інакш і ня йдзе́ за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за навукай аб багабойнасьці,

4 той загардзе́ў, нічога ня ве́даючы, але хворы на змаганьне і спрэчкі, ад чаго бывае зайздрасьць, сварка, лаянкі, благія падазрэньні,

5 пустыя гутаркі між людзьмі папсаванага розуму, што згубілі праўду і думаюць, быццам багабойнасьць служыць дзеля прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.

6 Вялікі-ж набытак быць багабойным і здаволеным.

7 Бо мы нічога ня прыне́сьлі на сьве́т; дык ясна, што й нічога вы́нясьці ня можам.

8 Маючы-ж е́жу і вопратку, будзем здаволены гэтым.

9 Тыя-ж, што жадаюць узбага́чвацца, па́даюць у спакушэньне і ў се́ці і ў многія неразумныя і шкадлівыя пажаданьні, што топяць людзе́й у зьніштажэньні й загубе;

10 бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад ве́ры і самі сябе́ аддалі на многія мукі.

11 Ты-ж, чалаве́ча Божы, уцякай ад гэтага, але пасьпява́й у праўдзе, багабойнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці, ціхасьці;

12 змагайся добрым змаганьнем ве́ры, дзяржыся за жыцьцё ве́чнае, да якога ты і пакліканы, дый ты вызнаў добра́е вызна́ньне пе́рад многімі сьве́дкамі.

13 Перад Богам, усё ажыўляючым, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьве́дчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнаньне, загадываю табе́

14 захаваць гэту запаведзь чыстай, беззаганнай, аж да зьяўле́ньня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 якое ў свой час адкрые шчасьлівы й адзіны магутны Цар Цароў і Госпад гаспадароў,

16 адзіны, што ма́е несьмяротнасьць, жыве́ ў сьвятле́ недаступным, якога ніхто із людзе́й ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і дзяржава ве́чная. Амін.

17 Багатым у гэтым ве́ку загадывай, каб яны ня думалі шмат аб сабе́ ані спадзяваліся на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, што дае́ нам усё шчодра дзеля ўслады;

18 каб яны рабілі дабро, багаце́лі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,

19 зьбіраючы сабе́, як скарб, добры грунт дзеля будучыны, каб дастаць жыцьцё ве́чнае.

20 О, Цімахве́ю, захоўвай пераданае табе́, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасьці фальшывага знаньня,

21 пахваляючыся якім, некаторыя ўхіліліся ад ве́ры. Ласка з табою. Амін. Да Цімахве́я пе́ршае напісана з Ляодыкіі, што ёсьць сталічнае ме́ста Фрыгіі Пакатыянскае.