Перайсці да зместу

Звон вясны (1926)/С. Дарожны/Пастушка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Спатканьне Пастушка
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926 год
⁂ (Гэты сьпеў я падслухаў у руні)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСТУШКА

Ой, даўно за зялёным парканам
Я сьпяваў ёй у гэты час.
І быльлё, як у воду, кане,
Бы агонь пазяхае і згас…
Думкі што? Як туман над вадою
Курыць вохкую памяць журбы.
А успомніў — дзікай градою
З ёю пасьвіў авец… і любіў…
Сьцежкі мілыя на Беларусі,
Між дуброў, што згубілі канец.
Ўспомніў я малады і бязвусы
Пра яе і пра шэрых авец.
І ня раз зімою белаю,
Белаю зімою ня раз,
Ціхіх дум барвовасьць сьпелую
Выганяў я на сіні папас,
Дзе калісь з маладою пастушкай
Абліваліся песень агнём,
Дзе юнацтва калісь наша гушкаў
Сіні бор на паклоны днём.
І каціліся песьні далёка,
Рассыпаліся й ніклі ў глыбі…
Ой, пастушка мая сінявокая,
Ці-ж цябе я тады ня любіў?
Зьнікла ўсё… толькі мары цяпер
Навяваюць халодны сум.
І пяром, бы касой, на паперы
Я ў пракосы кладу травы дум.
І радкі, бы забытыя сьцежкі,
Палыном, як тады, абрасьлі…
Сыплеш, мілая, ціхія ўсьмешкі
Сёньня ты, як вясною са сьліў.
Знаю я — ты пастушка далёка…
З кім я радасьць вянком завію?
Ой, дзяўчына мая сінявокая!
Ці-ж забуду прыгожасьць тваю?
Тут зіма і у сковах марозу,
Чуць дрыжаць ля азёраў кусты.
Хай ад ветру сумуюць бярозы,
Толькі памяці век не астыць!
Тут зіма і ня першы сьнег
Я у сьцежках другіх тапчу…
Ад таго і з бяроз, як у сьне
Іней радасьці выпіць хачу.
Ці ня ты звоніш песьняй цяпер?!
Ці ня ў ростань вачэй тваіх вугальлі
Гаварылі мне — ашчапер!..
Палюбіў, хоць і сам ня ведаў,
Што прысьніцца у белых снах…
.......
Толькі громы крывавілі беды!
І прышла маладая вясна…