Палессе (Каганец)
Выгляд
(Пасля перасылкі з Палесьсе (Каганец))
Палессе Верш Аўтар: Карусь Каганец Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Palessie.html |
Па-над Шчарай і над Пцічам,
Над Бярозай і над Случам, —
Дзе та Прыпяць прабягае,
Піну, Горынь што прыймае.
Гэй, Палессе, Палессе!
Скрозь балоты залягаюць,
Лясы цёмны зарастаюць;
Па дрыгве каза праскача,
А на стозе воран крача.
Гэй, Палессе, Палессе!
То з чароту качкі хлынуць,
Ды у лозах ваўкі выюць.
Паляшук у шэрай свіце
Век гаруе, штобы жыці.
Гэй, Палессе, Палессе!
Сячэ дровы, лес сплаўляе,
То са стрэльбай прабягае,
У смалярні смалу гоніць,
То па рэчках рыбу ловіць.
Гэй, Палессе, Палессе!
Гарэ ніўку пяшчаную,
Ды староначку радную
Ён кахае ды мілуе
І на другу не згандлюе.
Гэй, Палессе, Палессе!
Бо у лесах слядок волі
(Хоць пры кепскай нашай долі),
Яшчэ малы застаецца,
Дзе не ўсяк да нас даб’ецца.
Гэй, Палессе, Палессе!
11.ІХ.1906 г.