З духовай кволасьці, з вяковае няволі,
З прыгону страшнага і з мляўкага быцьця —
Устане ўсёткі нам дух моцнай нашай волі,
Каб захапіць, вясьці да дзейнага жыцьця.
Адзене ў вопратку бадзёрасьці вясёлай,
Ўвалье амбіцыю ў народны ціхі дух;
Пакору вырве нам—адзнаку волі кволай
І уступлівасьці разгоніць ўвесь задух.
І ўзварухнецца люд, паднімецца на ногі,
І пойдзе волатам да дзейнага жыцьця,
І працярэбіць ўсе паросшыя дарогі;
Ачысьціць сьцежкі ўсе ад бруду і сьмяцьця.
І з песьняй вольнаю і з воляю няўхільнай
На новы ўзыйдзе ён прачышчаны свой шлях.
Змаганьнем, працаю, бадзёрым духам сільным
Ён незалежнасьці падніме горда сьцяг.