Перайсці да зместу

Неафіты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Неафіты (Шаўчэнка/Колас))
Неафіты
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
8 сьнежня 1857 году
Арыгінальная назва: Неофіти
Пераклад: Якуб Колас
Крыніца: nlb.by

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕАФІТЫ

Паэма

Сия глаголет господь: сохраните
суд и сотворите правду, приближибося
спасение мое прийти, и милость моя
открыется.

Ісаія, глава 56, ст. I.

М. С. ШЧЭПКІНУ

На памяць 24 снежня 1857

Мой друг, абраннік муз і грацый!
Цябе чакаю, ціха плачу
І думу смутную маю
Тваёй душы перадаю.

Прывітай жа ты зычліва
Маю сіраціну,
Наш вялікі цудадзею,
Дружа мой адзіны.
Прывітаеш: убогая,
10 Горкая, з табою
Пераплыве яна Лету;
І агнём-слязою
Упадзе ў свой час на землю
І прытчаю стане
Распінацелям народным,
Катам і тыранам.

---

Даўно ўжо я сяджу ў няволі,
Нібы той злодзей пад замком,
На шлях гляджу я ды на поле,
20 Ды на варону пад крыжом
На могілках, і больш нічога
З турмы не згледзіш; дзякуй богу
І за гэта. Ды жыве

І богу моліцца і мрэ
Хрышчоны люд.
А крыж высокі,
Як вартавы і трохі збоку,
Там, на тых могілках, стаіць.
Відаць, багаты тут ляжыць.
30 І намалёвана: распяты
За нас сын божы на крыжы.
І дзякуй сіратам багатым,
Што крыж паставілі. А я…
Такая долечка мая.
Сяджу сабе ды пазіраю
На гэты крыж з свае турмы…
Гляджу, малітвы пасылаю.
І гора, горачка маё,
Як выгадованы дзіцёнак,
40 Заціхне трохі. І турма
Нібы пашырыцца. Спявае
І плача сэрца, ажывае,
І ў цябе, божа, і ў святых
Ды праведных тваіх пытае:
Што ён зрабіў ім, той святы,
Той назарэй, той сын адзіны
Богам абранае Марыі,
Што ён зрабіў ім? І за што
Яго, святога, мардавалі,
50 У путы кавалі
І галаву яго чэсную
Цернем увянчалі?
І вывелі з злодзеямі
На Галгофу-гору
І павесілі між імі.
За што? Не гаворыць
Ні сам сівы верхатворац.
Ні яго святыя —
Памочнікі, паборнікі,
60 Кастраты нямыя.

Благаславенная ў жэнах,
Святая праведная маці
Святога сына на зямлі!

Не дай мне марна прападаці
І дні мае ў няволі траціць.
Балесных радасць! Ты пашлі,
Пашлі і мне святое слова,
Спрадвечнай праўды голас новы!
І слова розумам святым
70 Ты ў сэрцы ажыві маім!
І раскажу я людзям гора,
Як тая маці рэкі, мора
Слёзы крывавыя ліла
Так, як і ты, і прыняла
Ў жывую душу свет нявідны
Сына распятага пастыдна.
Ты, маці бога на зямлі,
Ты слёзы матчыны да краю,
Да кроплі выліла. Рыдаю,
80 Малю, рыдаючы: пашлі,
Падай душы убогай сілу,
Каб агнявіста гаварыла,
Каб слова полымем гуло,
Каб людзям сэрцы растапіла
І па Ўкраіне каб свяціла,
Як тое божае кадзіла,
Кадзіла ісціны. Амін..



I

Не ў нашым краю, богу мілым,
90 А ў рымскіх ідальскіх краях,
Не за гетманамі й царамі,
Бяззакань гэтая тварылась.
Ці то за Дэцыем-царом?
Ці за Неронам-ўладаром?
Сказаць напэўна не здалею.
Няхай за Неранам!
Расеі
Тады й на свеце не было,
Як у Італіі расло
Дзяўчо малое. І красою,

100 Святою, чыстаю красою,
Як тая лілія, цвіло.
Уцеху мела з яе маці,
Аж маладзела, ды дзяўчаці
Людзей шукала, і знайшла.
Хвалу аддаўшы Гіменею
У тым вясёлым гінекею,
Яго чужому адвяла.
І неўзабаве стала маці
З тае прыгожае дзяўчаці:
110 Дзіцёнка-сына прывяла.
Малілася сваім пенатам
І ў Капітолі прынясла
Ахвяр нямала. Упрашала
Капіталійскі той сінкліт,
Каб першачка яе віталі
Святыя ідалы. Гарыць
І дзень і ноч у яе хаце
Святы агонь. І рада маці,
Алкідам сын яе расце,
120 Расце... Аж падаюць гетэры
І перад вобразам Венеры
Лампаду паляць.

                II

Тады ўжо ўсходзіла зара
Над Віфлеемам. Праўды слова,
Святое праўды і любові
Зара ўсясветная ўзышла
І мір і радасць прынясла
На землю людзям. Фарысеі
І ўся мярзота Іудзеі
130 Заварушылася, раўла,
Як тая гадзіна ў балоце,
І сына божага ва плоці
На той Галгофе распяла
Паміж зладзеямі. І спалі,
Упіўшыся крывёю, каты,
Тваёй крывёю. А ты
Паўстаў з труны. І слова ўстала,

І слова праўды паняслі
Па ўсёй нявольніцкай зямлі
140 Твае апосталы святыя.

                III

Тады ж якраз яе Алкід,
А з ім гетэры маладыя
Ды п’яны дзед — казліны від —
На самым Апіевым шляху
У гаі слаўна разлягліся
Ды яшчэ лепей напіліся,
Хвалу прыносячы Прыапу.
Аж зірк! Ідзе святы Пятро
Ды, ў Рым ідучы з божым словам,
150 Звярнуў у гай — пад яго сховам
З дарогі адпачыць. — Мір вам! —
Сказаў утомлены апостал
І оргію благаславіў.
Ды словам ціхім і лагодным
Ім звеставаў, як блізкім, родным,
Любоў і праўду і дабро,
Дабро найлепшае на свеце —
То браталюбства. І той сыты
І п’яны, голы як ёсць Фаўн,
160 І сын Алкід твой, і гетэры —
Пападалі ўсе да зямлі
Перад Пятром, і павялі
К сабе у тэрмы на вячэру
Таго апостала…

             IV

І ў тэрмах оргія. Зіхцяць
Палацы ў пурпуровых шатах.
Амфоры курацца. Дзяўчаты
Траха не голыя стаяць
Перад Кіпрыдаю і ў лад
170 Спяваюць гімн. Тут угатован
Вясёлы баль. І паляглі
На ложах госці. Рогат. Гоман.

Гетэры госця прывялі
Сівабародага. І словы
З вуснаў апостала святога,
Як рэчка срэбра, пацяклі.
І сціхла оргія. А жрыца
Кіпрыды, оргіі царыца,
Панікла радасным чалом
180 Перад апосталам. І ўстала,
І ўсе за ёю паўставалі
І за апосталам пайшлі
У катакомбы. І адзіны
Твой сын Алкід пайшоў за імі
І за апосталам святым,
За тым настаўнікам сваім.
А ты вясёлай выйшла з хаты -
Ці не ідзе к сваім пенатам
Алкід твой з гаю... Не, няма!
190 І ўжо не будзе! Ты сама
Памолішся сваім святыням.
Вячэраць сядзеш, ды без сына,
І не вячэраць, а рыдаць,
Рыдаць і долю праклінаць
І век зжываць адной. І гора!
Памрэш адна ў глухой цішы,
Як у праказе!

V

На крыжы
Пятра, апостала святога,
200 Распялі долу галавой,
А неафіты ў Сіракузы
Адведзены ў кайданах. Твой
Алкід, твая дзяціна,
Твая адзіная радзіна,
Любоў адзіная твая,
Гніе ў няволі, ў кайданах.
А ты, гаротная, не знаеш,
Дзе ён канае, прападае.
Ідзеш шукаць яго ў Сібір,
210 Ці як там... Скіфію... І ты...

І ці адна ты? Божжа матка!
І заступі нас і укрый.
Няма сям’і і няма хаткі,
Няма ні брата, ні сястры,
Каб з горам цяжкім не хадзілі,
Не катаваліся ў турме
Або ў далёкай старане
Ў брытанскіх, гальскіх легіёнах
Не мардаваліся… Нероне,
220 Нероне люты! Божы суд,
Праўдзівы суд, неспадзяваны,
Цябе асудзіць. Прыплывуць
І прыляцяць у славе-цвеце
Святыя мучанікі, дзеці
Волі святой. Каля адра
Каля смяротнага ў кайданах
Падыдуць і табе даруюць:
Яны браты і хрысціяне,
А ты сабака! людаед!
230 Сшалелы дэспат!

VI

Аж кішыць
Нявольнікаў у Сіракузах
Па лёхах, турмах. А Мядуза
Ў шынку п’янюсенькая спіць.
Вось-вось прахопіцца… і потам
І кроўю вашаю, дэспоты,
Пахмелле справіць.
Скрозь шукала
Сыночка маці, не знайшла…
240 І ў Сіракузы паплыла.
Ды там яго ужо ў кайданах
Знайшла, пакутная, ў турме.
Не дапусцілі паглядзець,
І мусіла яна сядзець
Каля астрога і чакаць,
Як бога з неба выглядаць
Свайго сына: аж покі то
Яго ў кайданах павядуць
Брук падмятаць.

250 

А ў Рыме свята,
І немалое. Сціск народу,
Са ўсяго царства ваяводы,
Пратарыяне і сенат,
Жрацы і дзіктары стаяць
Ля Капітолія. І хорам
Спяваюць гімн і кураць дым
З кадзіл і амфар. З усім зборам
Ідзе сам кесар. Перад ім
З бронзы адлітую статую
260 Самога кесара нясуць.

VII

Напэўна выдумалі свята
Патрыцыі-арыстакраты
І мудры кесараў сенат.
Яны ж бо кесара ўслаўлялі
На ўсе лады, аж прыкра стала
Самім ім дурня выслаўляць,
Ды заадно, каб даказаць,
Яны на радзе й прысудзілі,
Каб проста кесара назваць
270 Самім Юпітэрам, ды годзе.
І напісалі ваяводам
З канца ў канец: моў, так і так,
Што кесар — бог. Што больш ад бога!
І тым майстрам далі каваць
Статую кесара. Да тога
Так note bene дадалі,
Што бронзавы той кесар будзе
Караць і мілаваць. І людзі
Нібы ў той вырай паплылі
280 У Рым па міласць. Паплыла
І тая з Сіракуз нябога
Прасіць і кесара і бога.
А ці адна яна? Мой божа!
Прыйшло іх тысячы ў слязах,
Прыйшлі здалёку.
Гора з вамі!
Каго прасіць, маліць прыйшлі?

Каму вы слёзы прыняслі?
Каму вы прыняслі з слязамі
290 Сваю надзею? Гора з вамі,
Рабы нязрачыя! Каго,
Каго вы просіце, дурныя,
Рабы, нявольнікі сляпыя?
Ці ж кат памілуе каго?
Маліцеся богу адному,
Маліцеся праўдзе адной.
І на зямлі боль анікому
Не пакланяйцеся. Брахнёй
Гучаць — поп, цар…

VIII

300 Перад Неронам,
Перад Юпітэрам новым,
Паклоны білі сенаторы
І ўсе патрыцыі; і ўчора
Лілася божжа благадаць.
Каму ці чынам, ці грашамі,
Каму ў арэнду Палестыну,
І байструкам кусок, каму
Зрабілі ласку самі даць
Сваю наложніцу за жонку,
Хоц падтаптаную. Нічога,
Абы з-пад цара. У другога
Сястру зрабілі ласку ўзяць
У свой гарэм. І то нічога -
На тое бог ён, мы ж пад бога
Сябе павінны падкладаць,
Не толькі сёстраў…
Пратарыяне папрасілі,
Пратарыянам даў указ:
Рабіце тое, што рабілі,
А мы памілуема вас.
І вы, плебеі, грэчкасеі,
І вы маліліся; ды вас
Ніхто не мілуе. Не ўмеюць
Дарыць вам міласці хоць раз.

IX

Ужо на трэці дзень пусцілі
Маліцца і за хрысціян.
І ты прыходзіла, маліла,
І міласэрны той балван
Загад даў весці з Сіракузаў
330 У Рым закутых хрысціян.
І рада ты, ты ажыла,
Ідалу нанова
Памалілася. Той ідал,
Юпітэр той новы
Вось пабач, якое свята
Будзе задаваці
Ў Калізеі. А тым часам
Ідзі сустракаці
Свайго сына. Ды не дужа
340 Радуйся, нябога.
Бо ты новага не знаеш
Ласкавага бога.
А пакуль што з мацярамі
Алкідава маці
Пайшла сыну на спатканне,
Святых прывітаці
На беразе. І ты пайшла,
Траха не спяваеш
Ды кесара-Юпітэра
350 Хваліш-выслаўляеш.
- Вось Юпітэр дык Юпітэр!
І назваць не шкода
Юпітэрам. Я ж дурная,
Дурная ж урода,
У Афіны Юпітэра
Упрашаць хадзіла!
Ды ціхенька зноў кесара,
Як бога, маліла.
І пайшла па-над балотам,
360 На Тыбр паглядае,
А на Тыбру з па-за гаю
Байдак выплывае,
Ці галера. На галеры

Вязуць твайго сына
З неафітамі ў кайданах.
Твой родны хлапчына
Да галеры прыкаваны -
Не неафіт новы,
А апостал вялікага
370 Хрыстовага слова.
Вось ён хто такі. Ці чуеш,
Спявае у путах
Твой мучанік:
- Псалом новы богу духу
І новую славу
Заспяваем усе разам
Сэрцам чыстым, правым,
У псалтырах і тымпані
Бога ўсе уславім.
380 Бог карае непраўдзівых,
Памагае правым.
Прэпадобныя бо ў славе
І на ціхіх ложах
Радуюцца, славясловяць,
Хваляць імя божжа.
І мячы ў святых руках іх
Праўдзе служыць будуць -
Для адпомсты злым народам,
Для навукі людзям.
390 Акуюць цароў праглівых
У кайданы-путы
І аковамі іх, слынных,
Ручнымі акруцяць.
І асудзяць няправедных
Судом сваім правым,
І навекі будзе слава,
Прэпадобным слава.

X

А ты на беразе стаяла,
Нібы панурая скала,
4000 Не слухала і не рыдала,
А «алілуя» падала

За мацярамі хрысціянам.
Як звоны, загулі кайданы
На неафітах. А твой сын,
Адзіны твой, апостал новы,
Перахрысціўся, ўзгаласіў:
- Маліцеся, браты! Прасіце
За ка́та лютага. Яго
Ў сваіх малітвах памяніце.
410 Перад гардыняю ж яго
Не кланяйцеся, не маліце -
Малітва госпаду. А ён
Няхай лютуе на зямлі,
Няхай прарока пабівае,
Няхай усіх нас распінае;
Ужо бо зачаліся ўнукі,
І будуць сільныя іх рукі,
Ды не забойцы ўнукі тыя -
Хрыстовы воіны святыя!
420 І без нажа і без агню
Стратэгі божыя паўстануць.
І цьмы і тысячы паганых
Перад святымі пабягуць.
Маліцеся, браты.
Малілісь,
Маліліся перад крыжом
У цяжкіх путах неафіты.
Малілісь радасна. Хвала,
Хвала вам, душы маладыя,
430 Хвала вам, рыцары святыя,
Вавекі вечныя хвала.

XI

І ў Рым галера прыплыла.
Мінае тыдзень. П'яны кесар,
Узвёўшы сам сябе ў Зевеса,
Задаў Зевесу юбілей.
Балюе Рым. Перад кумірам
Вязуць вазамі ладан, міро,
Гуртамі гоняць хрысціян
У Калізей. Як у разніцы

Кроў пацякла. Балюе Рым.
І гладыятар, і патрыцый -
Абодва п'яныя. Кроў, дым
Іх упаіў. Руіну славы
Рым прапівае. Трызну правіць
Па Сціпіёнах. Лютуй! лютуй,
Старызна гнусны, і балюй
Ты па гарэмах. Там, з-за мора,
Святыя выплываюць зоры.
Не громам праведным, святым
Цябе заб'юць - нажом тупым
Цябе зарэжуць, як сабаку,
Заб'юць абухам.

XII

Другі дзень
Раве арэна. На арэне
Лідзійскі залаты пясок
Пакрыўся пурпурам чырвоным,
З крывёй змяшаўшыся людской,
А сіракузскіх назарэяў
Яшчэ не відна ў Калізеі.
На трэці толькі дзень закутых
Іх стража з голымі мячамі
Гуртом на бойню прывяла.
Арэна зверам зараўла.
А сын твой горда на арэну,
Псалом спяваючы, ўзышоў.
І п'яны кесар, як шалёны,
Стаў рагатаць. І леапард
На сцэну ўскочыў раз'яроны,
Ступіў, зірнуў... І палілася
Святая кроў. Па Калізеі
Грымучым шумам праняслася
І сціхла бура. Дзе ж была?
Дзе ты схавалася, нябога?
Чаму на кесара сятога
Не кінулася? Не магла,
Бо варта пільна сцерагла
Зевеса гэтага. За ім,

Тваім Юпітэрам святым,
І браму зараз зачынілі.
480 І засталася ты адна,
Адна-адненькая у дворы.
І што ты зробіш? - Гора! Гора!
О гора лютае маё!
Мая ты доля! Без яго
Што мне рабіць? І да каго
Я прыхілюся?.. - І нябога
Вакол зірнула, і аб мур,
Аб мур старою галавою
Ударылася, трупам пала
490 Пад самай брамай...

XIII

З відовішча надвячоркам
У тэрмі схаваўся
Святы кесар з ліктарамі.
Калізей застаўся
Без кесара і без рымлян
І быццам заплакаў
Адзінокі. І гарою
На полі чарнее
Калізей той сярод Рыму.
500 Ціха, ціха вее
Свежы вецер з-за Альбана
Над знямелым Рымам.
А над чорным Калізеем,
Быццам бы з-за дыму,
Плыве месяц круглаліцы,
І свет першатворны
Адпачыў на лоне ночы.
Толькі мы, Адаме,
Твае дзеці бяспутныя,
510 Не адпачываем
Аж да самай дамавіны
У праспаным раі.
І грыземся, як сабакі
З-за косткі смярдзячай,
І самога зневажаем,
Праойча лядачы.

XIV

Трохі адпачыла
Стара маці-недабітка.
Жывучую сілу
520 Сіла ночы ажывіла.
Устала, пахадзіла
Каля брамы замкнёнае
Ды штосьці шаптала.
Ці не кесара святога
Моўчкі праклінала?
Можа і так. Ціхусенька
Каля брамы стала,
Паслухала і са смехам
Нешта прашаптала,
530 Слова нейкае. І ціха
Каля брамы села
І журыцца. Неўзабаве
Браму расчынілі
І на вазах, на калясніцах
З той калізейскае разніцы
Святыя вывезлі цяла
І павязлі на Тыбр. Цяламі
Святых забітых гадавалі
Для таго ж царскага стала
540 У Тыбры рыбу. Ўстала маці,
Вакол зірнула і ўзялася
За голаў бітую рукамі
І ціха, моўчкі за вазамі
Марою чорнаю пайшла.
І не адзін скіф шэравокі,
Што гэты вёз — апошні раб, —
Падумаў тут: сястра Марока,
Прыйшла аж з пекла правадзіць
У пекла ж рымлян. Паскідалі
550 У ваду трупы дый назад
З вазамі скіфы павярталі.
І засталася ты адна
На беразе. І ты глядзела,
Як круг за кругам анямела
Ішоў, знікаючы над ім,

Над сынам праведным тваім.
Глядзела ты, пакуль не стала
І следу іх сярод вады.
І усміхнулася тады
560 І цяжка, страшна зарыдала,
І першы раз ты ўзнесла рукі
Таму, хто выбавіў ад мукі
Цябе — распяты сын Марыі,
І словы ты яго жывыя
Ў жывую душу прыняла.
І ты ў палац і ў дом убогі
Жывога ісціннага бога
Са словам праўды панясла.

1857, 8 снежня

Ніжні Ноўгарад