Нашто глядзіш ты мне ў вочы (Маракоў)
Нашто глядзіш ты мне ў вочы Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1926 Крыніца: Малады араты. – 1926. – № 14. – С. 10. |
* * *
Нашто глядзiш мне так у вочы,
Скажы, о любая, скажы?
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць.
Я знаю: сэрца тваё б’ецца
Агнём нявыпiтай крывi,
I вось затым ў шырокiм свеце
Хачу я песнi абнавiць...
Ты горка плачаш, слёзы льюцца,
Яны гараць-пякуць агнём.
Глядзi навокал: кветкi й людзi
Цябе вiтаюць з новым днём.
А так нядаўна, так шчаслiва
Твой смех палаў ў маiх грудзёх,
Калi мы дружна, хоць маўклiва,
Iшлi змагацца за жыццё!
І ты парою песнi пела,
Як птушка вольная дуброў,
I ўсё на нiвах паланела,
Як паланее толькi кроў!
I так iшлi ў трывозе ночы,
Так беглi днi i ўсё жыццё.
А я маўчаў, i толькi вочы
Шукалi нешта над трысцём.
I я не знаў, што ў час расстання
Душу мяцежную аддам
Ўсяму, што з подыхам свiтання
Iмкнецца ў радасную даль.
Дзе ёсць другая маладзiца,
I гэта песня для другой,—
Я толькi ёй адной малiўся,
Адну кахаў сярод лугоў.
Чаго ж глядзiш так мне у вочы,
Скажы, о любая, скажы?
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць!