Перайсці да зместу

Настаўніцкі з’езд

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Настаўніцкі з'езд)
Настаўніцкі з’езд
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 20 чэрвеня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Напрыканцы мая адбыўся ў Мінску з’езд настаўнікаў, або сялянскіх вучыцялёў Мінскай губерніі. На ўсіх, хто быў там наўмысля ці трапіў туды выпадкова, гэты з’езд адбіўся бясконца цяжкім уражаннем. Слухаючы прамоўцу на з’ездзе, не хацелася даваць веры, што гэта дзеецца ў рэвалюцыйнай Расіі, што перад вамі дзеці народу, тыя працаўнікі, што, на агульны пагляд, «сеют разумное, доброе, вечное». "Здавалася, — пісала мясцовая расійская газета «Товарищ», — што гэта парада парахвіяльных папоў, разважаючых пытанне, як найлепей выславіць «чувства безпредельной любви к обожаемому монарху». Ад прамоў іх патыхала вогкасцю склепа і такой архаічнасцю, кансерватызмам, адсталасцю і дзікарствам, што нехаця, якось само сабой паўставала пытанне: што гэта — з’езд настаўнікаў ці «собрание истинно-русскихъ людзей»? Старасвецкія прамовы дакладчыкаў, здзек і выскалянне з усяго роднага, беларускага, незразумелая пагарда і пакепліванне з таго, што не расійскае, крывавая помста немцам, баязлівасць таго самага народу, адкуль яны выйшлі і вучыць каторага яны прыстаўлены, — вось тыя матывы, што панавалі на з’ездзе, тыя мацнейшыя мелодыі, ад каторых настаўнікі з фронту затыкалі вушы ды ўцякалі вон з пасяджэння.

Не маючы на ўвазе гаварыць аб тым, што там дзеелася наогул, цікава нам спыніцца на тым, як стасавалася беларускае вучыцельства да беларускай справы. Тым больш што, супыніўшыся на гэтым, не трудна будзе дагадацца, што магло зрабіць яно ў справах іншага зместу — педагагічных, палітычных і грамадзянскіх.

Бо досыць сказаць, што ўсе даклады кансерватыўнага зместу праваджаліся апладысментамі і з’ездам ухваляліся, каб зразумець, у якім кірунку разважаліся пытанні.

Стасоўнасць з’езду да беларускай справы выявілася з першага дня. Пачаць з таго, што адна вучыцелька за прамову па-беларуску была абсмяяна, спынена і нават цяжка абражана. Трэ было бачыць, як шчыра і сумленна верадавалі і абражаліся настаўнікі, што на іх з’ездзе, на з’ездзе гаспод-вучыцялёў, хтосьці адважыўся загаварыць да іх на «мужыцкай гаворцы», на «простом наречии», як ахрысціў старшыня з’езду беларускую мову, тую самую мову, якая панавала ва ўрадавым ужытку ва ўсём Літоўска-Рускім гасударстве і пануе цяпер сярод 10-ці мільённага беларускага народу.

Беларуская справа? Далоў, прэч яе! Гэта турбуе мазгі, варочае дагары нагамі ўсю тую вучобу, якую спазналі яны з семінарскай крыніцы прамудрасці, нішчыць дашчэнту іх жыццёвы пагляд і робіць ім асабістую непрыемнасць. Яны ж бо ўвесь час прапанавалі народу, што ён не ён, і мова не яго, і што ўся беларушчына адна толькі брыдота, якую чым хутчэй забудзеш, тым яно лепш будзе. Не, выбачайце, беларускай справы няма. Гэта выдумка, махлярства і іх не падашукаеш. Асабліва, калі ўзяць на ўвагу, што гэта патрабуе развагі, думак і працы…

Барані Божа! Працаваць і думаць яны не вучыліся. Яны вучыліся за паноў, і ў семінарыі ім ясна даводзілі, што настаўніку многа ведаць не трэба, а знаццё — рэч небяспечная, шкадлівая. Многа аб чым даведаешся, дык часам і ў катаргу трапіш. Бывалі здарэнні, прыкладаў нямала. Настаўнікам трэба крыху навучыцца расійскай граматыцы, цвёрда праканацца, што яны «искони русские и православные», а ўсё ліха на свеце ад палякаў, ды ісці спакойна на вёску калечыць душы дзяцей і вучыць добрых людзей так, каб чалавек мог распісацца ў воласці, ідучы пад арышт на высідку.

А тут на табе, ахцыкі якія! Беларуская справа, мова, культура, адраджэнне… Далоў, гэта вунія, польская інтрыга. Аб гэтым мы ў семінарыі чулі, і не такоўскія мы, каб якісь там «беларус» нас падцукраваў. Смяхота, ды годзе — вучыцца па-беларуску!.. Ды ці няма тут германскага шпігоўства?!

І можна было бачыць на з’ездзе, як гэтыя «светачы народныя», панакупляўшы беларускіх газет, рвалі іх на шмаццё, шпурлялі на падлогу ды тапталі нагамі… Што гэта, чытачу, — барбарства, глупства ці недавумства?!

«Калі справядлівая пагудка, — піша вышэйпамянёная газета, — што нямецкі вучыцель у свой час перамог французаў, дык беларускі настаўнік, з адным скарбовым клункам у глуздзе, гэты прыхвасцень папоў і паліцэйшчыны, нікога не пераможа; што ад сяўбы гэтых сейбітаў вырасце чамяр, а не разумнае, добрае, вечнае. Трэба як найхутчэй ліквідаваць казённую і інспектарскую школу і на руінах яе пабудаваць народную беларускую з навучэннем у роднай мове, і толькі за гэтакую школу скажа шчырае „дзякуй“ беларускі народ».

Сучаснаму беларускаму вучыцельству, прынамсі, у тым яго складзе, які выявіўся на гэтым з’ездзе, беларус, напэўна, не выславіць падзякі. Гэта калі не разумеюць, дык адчуваюць яны самі, бо на павятовым з’ездзе, напрыклад, яны рыхтаваліся арганізавацца ў тым сэнсе, каб адгарадзіцца ад народу, бо, як шчыра прызнавалася адна настаўніца, сяляне іх не любяць, смяюцца, «не даюць дроў на апалу» і дражняць дармаедамі і гультаямі. Ці зрабілі яны якую пастанову ці не — немаведама — паны-настаўнікі не прывыклі выносіць смецце з хаты і публічнасць не надта шануюць, але можна было бачыць як паціскалі людзі плячыма ды пыталі: што гэта — «чайная саюза рускага народу» ці з’езд Саланевічаў, Кавалюкоў і Акаловічаў?

Над нацыянальным пытаннем з’езд дарэмна галавы не турбаваў. Усё ім ясна, проста і зразумела. Досыць разгарнуць гісторыю Пуцыковіча або Бранцава, каб кожнаму пабачыць, што, як і да чаго. І вось дзеля праканання слухачоў, што беларускай мовы ніколі не было і беларусы дарэмна з гэтым спрачаюцца, дык дакладчык па нацыянальнаму пытанню прыводзіў артыкул з «Літоўскага статуту»: а «пісар земскі мает па-руску словы і літары позвы пісаці, а не іншым ензыком і літарамі». Слухай дабрадзейства, па-руску, а не па-беларуску. І зала з’езду грымацела ад усплёскаў «таварышаў-прафесароў», як мянавалі сябе настаўнікі. Слухаючы такое пэўнае тлумачэнне гістарычных дакументаў, мабыць, не адзін «прафесар» пазайздросціў яснасці, пэўнасці і праканаласці дакладчыка. Вот дзе галава! І то скажы, гад, выкапае, раскусіць і дадасць да рэчы. А як скажа, дык як звяжа!

Непатрэбнасць аўтаноміі для Беларусі дакладчык аргументаваў тым, што нельга будзе карыстаць з багацця «Матушки-Росии» і не дастанеш газы(!). Ergo, аўтаномія — гэта хітрыкі, вунія з Польшчай, і болей нічога.

Каб «навучна» пракапаць, што беларускае мовы няма, што гэта жаргон, расійскі правінцыялізм (паветалізм), дык дакладчык спасылаўся на Карскага, Шэйна, Сербава і інш.

Уся праца людзей ахвяравана беларушчыне, яе мове, творчасці і літаратуры, а сялянскія «прафесары» ўмудрыліся тым часам скарыстаць яе па-своему. Хтосьці сказаў, што каб «двойчы два — чатыры» перашкаджала інтарэсам людзей, дык бы, напэўна б, людзі і досі спрачаліся з гэтым.

«Уся навука, гісторыя, усе сусветныя педагогі, як Ушынскі, напрыклад, прапануюць, — прамаўляе беларус-вучыцель, — што без навучэння ў школах на роднай мове…» — «Брахня! — абсякаюць прамоўцу настаўнікі. — Гэтага ніхто нідзе не казаў»…

У кулуарах з’езду тыя з вучыцялёў, у каторых яшчэ тлее іскра жыцця, наіўна прызнаваліся, што калі згадзіцца з беларусамі, дык прыйдзецца страціць пасады, бо яны ўвесь час насміхаліся з беларушчыны, мову забыліся і вучыць па-беларуску не здольны. Як бачым, нават у сумленнейшых і лепшых сярод іх, шкурны інтарэс на першым месцы і засланяе вымогі часу, вялікай праўды і справядлівасці. Наогул жа, з’езд выявіў нечуванае ў гісторыі з’явішча. Сыны народа, светачы вясковай цемры, адракліся ад бацькаўшчыны свае, адцураліся мовы бацькоў сваіх і на ўвесь свет выславілі, што яны ненавідзяць усё роднае, беларускае і рады і надалей цягнуць ярмо Маскоўшчыны і нацыянальнага ўціску. Мала таго, яны ахвотна згадзіліся ўскладаць ёрмы подданства і на тых меньшых братоў сваіх, каторыя будуць ухіляцца. Актыўна абараняючы сваё рэнегацтва, яны ўпарта перашкаджалі тым таварышам, каторыя сапраўды жадалі азнаёміцца з Беларуссю, яе гісторыяй і сучаснымі вымогамі. І ў зладзействе прыемна мець прыхільніка. Прынамсі, уцеха будзе на ўсялякія здарэнні: не я адзін — і той гэтакі самы…

Не ведаюць, што твараць… Яны павінны ведаць, гэта святая павіннасць кожнага грамадзяніна. А калі да гэтага часу не ведаюць і ведаць не хочуць, дык «з дурня — глупая навіна! Хто наш звычай ці ігрышча на пасмеішча падыме — што ж з яго край родны зышча? Што ж з пустой каліты выме?!»

Рабы былі і рабамі засталіся.

«О, поле, поле! Хто цябе ўсыпаў мёртвымі касцямі?!»