Мой дом/Пасля зімы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Над Свіслаччу Мой дом
Пасля зімы
Аўтар: Якуб Колас
У сухмень


ПАСЛЯ ЗІМЫ

Вышла з халоднай пасцелі зямля,
Нібы пасля цяжкай хваробы.
Поле пустое, сырая ралля —
Ніякай украсы, аздобы.
Снегам прымяты галінкі хваін
На ўскрайку знямелых палеткаў.
Прэлае лісце сярод раўчавін —
Бяздушнай зімы недаедкі.
Сям-там засохлых раслін цыбуры
Схіліся мёртва над долам.
Ходзяць па полі сіроты-вятры,
К зямлі прыпадаючы чолам.
Шэпчуць ёй ціха: «Не плач, не тужы —
Мінула тваё амяртвенне!
Сонца развее дыханне імжы
І новае вытча адзенне.
Рунню засцеле гмах шэры палёў,
Акрые шаўкамі даліны.
Будзеш мець выгляд, зямелька, ты зноў
Вясёлай красуні-дзяўчыны».

27/11-1938 г.