Мой дом/Ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ноч пад новы год Мой дом
Ноч
Аўтар: Якуб Колас
Вусце


НОЧ

Між палёў шырокіх
Я адзін стаю,
Ахваціла ціша
Душу ўсю маю.

Ночанька мая ты,
Водблеск глыбіні!
Ты чаруеш душу
Спевам цішыні.

Многа ў гэтым спеве
Водгукаў жывых,
Іх не зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.

Ночанька мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небе!
Як блішчаць яны!

Водблескам пажару
Неба край гарыць, -
Там двурогі месяц
Выплыў з-за гары.

Ночанька мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам,
І тых слоў няма

Апісаць твой вобраз,
Хараство, спакой -
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.

1910 г.