Камсамолія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Камсамолія
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1924


1

Вёска дрэмле… Вечар ліпнёвы…
Толькі вуліцы звонкі смех…
У лапці абуты з ліп новых,
Едуць яны на начлег.


Світкі зрэбны… Палатаны…
Але хлопцы — проста душа!
Гора бачылі шмат яны…
— Гэй, паганяй! Шырай шаг!..

Заляскалі коней капыты,
Дарогу друкуе сто ног…
Месяц плача хмаркай закрыты —
Угнацца за імі не мог.

Вось паляна — коньмі стрыножана…
Вогнішча! Песні! Смех!
Толькі лес шэпча трывожна
Дзіўны сказ пра новы начлег.

2



Ночка, ночка… Цёмна, нявесела…
Вые на выгане воўк —
Гэтай ночкай паўстанца павесілі,—
Разудалы спеў вёскі змоўк.

Загарэліся хлопцы помстаю:
Калі гэтак — адплата не грэх!
Хто з касой, хто з сякерай востраю
Выйшлі ў пушчу на новы начлег.

Звоніць пушча зноў разудалымі,
Зноў шугае на вогнішчы корч,
Калі трэба, то раз! — ударым мы!
Ты маўчы, чарнавокая ноч!..

Дні мінулі — хлопцам весела!
Выйшлі з лесу — іх не стрымаць.
— Сягоння паўстанцы вешалі.
Сягоння на волі іх раць!

3



І яны, яны камсамольцы.
Ім не страшна адкрытая смерць,
Іх аружжа выстралам моліцца,
Кліч іх гучны — наўкола глядзець!

І ў полі пад градам шрапнелі,
Захіліўшы ў чырвоны сцяг,
Марш хаўтурны не раз ім пелі
І хавалі пад звон — «тра-ра-рах!».

Тады раць іх спраўляла трызну.
Набіралася смеласці, сіл…
Камсамолію — вольну айчыну
Не спужаць мільёны маглі.

Камсамолец — запалены гартам,
Камсамолец — бунтарскі дух,—
Адзін кліч — стане новая варта,
Адзін кліч толькі — «Змену рыхтуй!».

4



І расце, і расце, і мужае
Камсамольцаў адважная раць.
Што ім вораг? Што і мяжа ім,
Як захочуць яны пагуляць!

На заводах, на фабрыках дымных,
Дзе палёў сінявокі прастор,—
Яны злучаны палкім уздымам,
Іх злучае юнацкі задор.

Толькі кліч — і за шэрагам шэраг,
Нібы мора прыбоямі хваль,
Яны змыюць мяжуючы бераг —
Вольным спевам запеніцца даль.

Не стрымаць, не спыніць ў падарожжы,
Хто агнём гэтай сілы сагрэт…
Пабядзіць дух паўстанчаскі зможа
Камсамолец, бунтар і паэт!

5



Вёскі спеў… Шумы горада…
Вуліц вясёлы, звонкі смех…
Ўспамінаюць сягоння горда
Камсамольцы мінулы начлег.

З маршам ўдаль!.. Бач, здаволены!..
— Гэй, не адстань! Шы-рай шаг!..
Песню! Плакаць даволі нам!
Камсамольцы — хлопцы-душа!..

Світкі зрэбны… палатаны…
Фабрычнага дыму пах…
Гора бачылі шмат яны,
І цяпер ім змагацца — не страх!

Не жыццё — а раздолле!..
Бо дзеці паўстаўшых краін…
Беларусь! і ты, Камсамолія!
Я, камсамолец,— твой сын!..

1924