Другое Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы
← Пе́ршае Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы | Другое Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Пасланьне да Ціта сьв. ап. Паўлы → |
Разьдзе́л 1
[правіць]1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, водле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце́ Ісусе,
2 Цімахве́ю, умілаванаму сыну: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3 Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумле́ньнем, што безперастанку ўспамінаю аб табе́ ў малітвах маіх уначы і ўдзе́нь,
4 жадаючы бачыць цябе́, помнячы аб сьлёзах тваіх, каб мне́ напоўніцца радасьцяй,
5 успамінаючы некрывадушную ве́ру тваю, якая ране́й жыла ў бабцы тваёй Ляідзе і ў матцы тваёй Яўніцы; дый я пэўны, што і ў табе́.
6 Дзеля гэтае прычыны напамінаю табе́, каб падаграваў дар Божы, які ёсьць у табе́ праз узлажэньне рук маіх,
7 бо даў нам Бог ня духа страху, але сілы й любві і мудрасьці.
8 Дык ня стыдайся сьве́дчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ані мяне́, вязьня Яго; але цярпі муку разам з Эвангельлем водле сілы Бога,
9 што вы́бавіў нас і паклікаў прызваньнем сьвятым, ня водле ўчынкаў нашых, але водле пастановы Свае́й і ласкі, да́дзенае нам у Хрысьце́ Ісусе перад ве́чнымі часамі,
10 а цяпе́р выяўленае праз зьяўле́ньне Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста, што зьнішчыў сьме́рць і асьвяціў жыцьцё і нятле́ннасьць праз Эвангельле,
11 для якога я пастаўлены за прапаве́дніка і Апостала ды вучыцеля паганаў.
12 З гэтае прычыны я і цярплю гэтае; але не саромлюся, бо ве́даю, у Каго я ўве́раваў, і пэўны, што Ён дуж захаваць залог мой на гэны дзе́нь.
13 Дзяржыся прыкладу здаровых слоў, што ты чуў ад мяне́, у ве́ры й любві, што ў Хрысьце́ Ісусе.
14 Хавай добры залог Духам Сьвятым, што жыве́ ў нас.
15 Ты ве́даеш тое, што адвярнуліся ад мяне́ ўсе́, што ў Азіі, між імі Фігел і Гармаге́н.
16 Няхай дасьць Госпад міласьць дому Анісіфара, бо ён часта прымаў мяне́ і ня стыдаўся путаў маіх,
17 але як быў у Рыме, з вялікай рупнасьцяй шукаў мяне́ і знайшоў.
18 Няхай дасьць яму Госпад знайсьці міласьць у Госпада ў гэны дзе́нь; а колькі ён служыў мне́ у Эфэсе, ты ле́пей ве́даеш.
Разьдзе́л 2
[правіць]1 Дык ты, сын мой, узмацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце́ Ісусе,
2 і, што чуў ад мяне́ пры многіх сьве́дках, тое перадай ве́рным людзям, якія будуць здольнымі і другіх навучыць.
3 Дык цярпі мукі, як добры жаўне́р Ісуса Хрыста.
4 Ніводзін жаўне́р ня зьвязвае сябе́ справамі жыцьцёвымі, каб дагадзіць начальніку войска.
5 Калі-ж хто і змагаецца, не дастане вянка́, калі будзе баро́цца незаконна.
6 Трэба, каб зямляроб, які працуе, пе́ршы спробаваў пладоў.
7 Разуме́й, што́ кажу. Няхай жа дасьць табе́ Госпад разуме́ньне ў-ва ўсім.
8 Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста, з насе́ньня Давідавага, што ўскрос із мёртвых водле Эвангельля майго,
9 у якім цярплю мукі аж да путаў, як ліхадзе́й, але слова Божага не́льга закаваць.
10 Дзеля гэтага я ўсё цярплюдля выбраных, каб і яны здабылі збаўле́ньне, што ў Хрысьце́ Ісусе з ве́чнаю славаю.
11 Ве́рнае слова: бо калі мы з Ім паме́рлі, дык з Ім і жыць будзем;
12 калі мучымся, дык з Ім і цары́ць будзем; калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас;
13 калі мы няве́рныя, ён ве́рным астае́цца, бо ад сябе́ адрачыся ня Можа.
14 Гэтае напамінай, сьве́дчучы перад Госпадам не спрача́цца, што зусім не карысна, а на няшчасьце для слухаючых.
15 Старайся паставіць сябе́ годным перад Богам, работнікам беззаганным, правільна пераказваючы слова праўды.
16 Ад нягоднага марнаслоўя ўхіляйся; бо яны яшчэ бале́й будуць памнажаць бязбожнасьць.
17 І слова іх, як гангрэна, ме́ціме корм. Гэтакія Гімэнэй і Філе́т,
18 якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўскрасе́ньне ўжо было, і пераварача́юць у некаторых ве́ру.
19 Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы гэтакую пячаць: пазнаў Госпад Сваіх; і: няхай адступіцца ад няпраўды кожны, хто імя Госпада называе.
20 А ў вялікім доме ёсьць пасудзіны ня толькі залатыя і сярэбраныя, але і драўляныя і гліняныя; і адны ў чэсьці, другія — ня ў чэсьці.
21 Дык, калі хто ачысьціцца ад гэтага, той будзе судзінаю ў чэсьці, асьвянчонаю і карыснаю Валадару, прыгатаванаю на кожнае добрае дзе́ла.
22 Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а дзяржыся праўды, ве́ры, любві, міру з прызываючымі Госпада ад чыстага сэрца.
23 Ад дурнога і ненавуковага змаганьня ўхіляйся, ве́даючы, што яно родзіць сваркі;
24 рабу-жГоспадаву ня сьле́д сварыцца, але́ быць ве́тлым да ўсіх, навучаючым, лагодным,
25 у ціхасьці навучаць супраціўнікаў, ці ня дасьць ім Бог пакаяньня дзеля пазнаньня праўды,
26 каб яны вызваліліся з се́ці д’ябла, што жыўцом улавіў іх пад сваю волю.
Разьдзе́л 3
[правіць]1 Ве́дай жа тое, што ў апошнія дні прыйдуць цяжкія часы.
2 Бо будуць людзі самалюбнымі, срэбралюбцамі, пышнымі, гордымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацьком, няўдзячнымі, бязбожнымі, няпрыязьлівымі,
3 нязгодлівымі, абмоўцамі, непаўстрыманымі, жорсткімі, нялюбячымі дабра,
4 здрайцамі, напастлівымі, надзьмутымі, будуць больш любіць раскошу, чым Бога,
5 маючы выгляд багабойнасьці, сілы-ж Яго выракшыся. Ад гэтакіх ухіляйся.
6 Бо з гэткіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і зводзяць жанок, абцяжоных грахамі, кіраваных усялякай пажадлівасьцяй,
7 што заўсёды вучацца ды ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8 Як Яньні і Ямбр спраціўляліся Майсе́ю, гэтак і яны спраціўляюцца праўдзе, людзі з папсаваным розумам, не́вукі ў ве́ры
9 Але яны ня шмат пасьпявацімуць: бо дурасьць іх выкрыецца перад усімі, як гэта і здарылася з гэнымі.
10 А ты пайшоў за мной у навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, ве́ры, любві, цярплівасьці,
11 у перасьле́даваньнях, муках, што здарыліся мне́ ў Антыохіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьле́даваньні я перанёс, із усіх вызваліў мяне́ Госпад.
12 Дый усе́, што жадаюць жыць багабойна ў Хрысьце́ Ісусе, перасьле́даваны будуць.
13 Людзі-ж нягодныя і чарадзе́і пасьпявацімуць у зьле́, баламуцячы і баламучаныя.
14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе́ даве́рана, ве́даючы, кім ты навучаны;
15 дый ты з дзяцінства ве́даеш сьвятое пісаньне, што́ зрабіць цябе́ можа мудрым на збаўле́ньне ве́раю, што ў Хрысьце́ Ісусе.
16 Усе́нькае пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўле́ньня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці,
17 каб дасканалым быў чалаве́к Божы, на ўсякае добрае дзе́ла гатовым.
Разьдзе́л 4
[правіць]1 Дык сьве́дчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўле́ньні Сваім і ў царстве Сваім:
2 прапаве́дуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усе́нькай доўгацярплі́васьцяй і навучаньнем,
3 бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе́ вучыцялёў, ла́шчаныя па слыху,
4 і ад праўды слых адве́рнуць і зьве́рнуцца да казак.
5 Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзе́ла дабраве́шчаньня, служэньне твае́ выпаўняй.
6 Бо мяне́ ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў.
7 Бароўся я добрай барацьбой, бе́г закончыў, ве́ру захаваў;
8 наастатак гатовіцца мне́ вянок праўды, які дасьць мне́ Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзе́нь; і ня толькі мне́, але і ўсім, што зьяўле́ньне Яго палюбілі.
9 Пастарайся хутка прыйсьці да мяне́.
10 Бо Дымас пакінуў мяне́, палюбіўшы цяпе́рашні ве́к, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыске́нт у Галятыю; Ціт у Дальматыю; адзін Лукаш са мною.
11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне́ патрэбны для служэньня,
12 Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс.
13 Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя.
14 Аляксандра, ме́днік, шмат зрабіў мне́ благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго!
15 Сьцеражыся яго і ты, бо ён ве́льмі працівіцца нашым словам.
16 Пры пе́ршым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе́ мяне́ пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!
17 Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне́, каб пропаведзь праз мяне́ забясьпе́чана была, ды каб і пачулі яе́ ўсе́ пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы.
18 І вызваліць мяне́ Госпад ад усякага ліхога дзе́ла і спасе́ для Свайго Нябе́снага Царства. Яму слава на ве́кі вякоў. Амін.
19 Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў.
20 Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Міле́це.
21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе́ Яўвул і Пуд, і Лін і Кляўдыя, і ўсе́ браты.
22 Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін. Другое да Цімахве́я, пе́ршага рукапакла́дзенага япіскапа Эфэскае царквы, пісанае з Рыму, калі паўторна стануў Паўла перад ке́сарам Нэронам.