Перайсці да зместу

Заранкі (1924)/Гымн вясьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Гімн вясьне (Журба))
⁂ (Задымілась рака…) Гымн вясьне
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Кліч вясны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГЫМН ВЯСЬНЕ.

Прышла вясна магутная,
Прырода аджыла.
Устань, усё пакутнае, —
Вясна, вясна прышла!

Прышла вясна шумлівая,
Руччамі загула;
Шуміць рака бурлівая:
Вясна, вясна прышла!

Прышла вясна пявучая,
К нам птушак прывяла.
Нясецца песьнь жывучая:
Вясна, вясна прышла!

Прышла вясна цяністая,
Лясом лісты дала.
Унікла ўюга мглістая.
Вясна, вясна прышла!

Прышла вясна цудоўная
І краскі прынясла
Пахучыя чароўныя…
Вясна, вясна прышла!

Прышла вясна к нам ясная
І сонца нам дала.
Устань, усё няшчаснае:
Вясна, вясна прышла!