Перайсці да зместу

Гэтым пераможам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Гэтым пераможаш!)
Гэтым пераможам
(нарысы крытычнага аптымізму)
Фрагмент

Аўтар: Уладзімір Самойла
1923
Крыніца: Уладзімір Самойла // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / [уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі]. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — С. 36-37. — 692 с. — (Беларускі кнігазбор).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




12

У сусвеце існуе толькі адно «абсалютнае зло». «Радыкальнае зло», паводле выражэння Канта

Гэта — «ленасць волі», як кажа Фіхтэ.

Гэтае радыкальнае зло — адсутнасць у нас не толькі сілы, але і жадання быць тварцамі самых сябе, свайго духу і свайго лёсу на свеце, — нашая неахвота быць супрацоўнікамі Бога ў сусвеце…

Гэтае зло — нашае падчыненне таму, што «бывае», а не вольнае падляганне таму, што «павінна быць», што гаворыць ува мне голас Бога — маё сумленне.

Абсалютнае зло — гэта нашае рабства закону так званае «натуральнае неабходнасці», нашае рабскае падляганне векавітай «інерцыі быту», нязменнаму кругавароту, бязвыхаднаму колу «ўстаноўленага ладу», «адвечнай песні» несвядомае прыроды.

Абсалютнае зло — гэта дабравольнае рабства чалавека і народа, падчыненне чужой волі, Прыпадку, Лёсу, — той ці іншай не маёй, не свабодна прызнанай маім сумленнем сіле, а вонкавай і затым заўсёды варожай і раскладаючай мой дух Сіле…

Народ, які не ўмее і не хоча быць вольным, не шукае развіцця, радасці і шчасця ў сваім уласным росце і творчасці, — такі народ і не заслугуе на тое, каб усё гэта атрымаць у жыцці.

І такога народа няма што шкадаваць…

Ён станецца — і мусіць стацца — «навозам» для другіх народаў, як некалі немцы казалі аб славянах…

13

Гэтак апошнім практычным вывадам з усяго вышэй сказанага павінна быць цэлая сістэма новага нацыянальнага ўзгадавання беларускага народа.

Гэты вывад для нямецкага народа зрабіў некалі Фіхтэ з сваёй «Філасофіі свабоды», з сваёй новай навукі аб «малым» і «вялікім» «Я» — у часіну поўнага разгрому і паняволення Нямеччыны.

Фіхтэ паставіў нямецкаму грамадзянству, як заданне, «аднова стварыць нацыю» дарогай новага ўзгадавання.

Новае ўзгадаванне павінна стацца сапраўды ўсенародным.

Апошняе здзейсніць у напалову феадальнай Нямеччыне таго часу было вельмі трудна; затое гэта лёгка і проста, як адзінае магчымае, для Беларусі, у якой увесь народ прадстаўляе бадай выключна сялянскую масу.

Як мы ўжо казалі, даўнейшая спайка, даўнейшыя сувязі, даўнейшая адзінасць — пляменная, этнаграфічная — цяпер ужо недастатачны.

Проці новых метадаў падзелу трэба ўжыць новых метадаў аб’яднання «ў Духу», у вялікім нацыянальным «Я».

Прыватныя эгаізмы павінны быць ператвораны ў вышэйшыя інтарэсы самазахавання і самаразвіцця народа як арганічнага цэлага.

Духовая актыўнасць народа павінна быць паднята на вышэйшую па сваёй колькасці і па сваёй якасці ступень.

Новая барацьба вымагае і новае свядомасці, новае асабістасці, новага, больш моцнага і стойкага, жыццёвага тыпу.

Страшэнная небяспека абвешчанае беларусам вайны «да поўнага зніштажэння» вымагае ўсенароднага гераізму.

Нас запытаюцца няверучыя: ці магчыма гэта барацьба пры такой няроўнасці сіл? Зажадаюць, як малаверныя патрыярхі Бібліі, «знакаў ад Бога», «залогаў перамогі» — хаця б у далёкай будучыні.

І беларускі народ можа быць пэўным, што такіх залогаў і знакаў у Таго Бога, імем каторага адважваецца прамаўляць аўтар гэтых радкоў, — нялічанае мноства!..

Аб гэтых залогах шмат ужо сказана вышэй.

Не будзем тут давадзіць, што ў нашы дні дэмакратызм, народапраўства, нармальнае развіццё народных мас — гэта ж і ёсць той «знак часу», той неабходны варунак, без якога немінуча гінуць блудныя дзяржавы, пабудаваныя на патаптанні народных правоў і інтарэсаў. Мы толькі коратка пералічым тыя «залогі», якія ў сваім часе знайшоў быў у нямецкім народзе той самы Фіхтэ і выявіў іх у сваіх уславіўшыхся «Прамовах да нямецкага народа».

Галоўную падставу для нашага аптымізму і для нашае веры ў светлую будучыню беларускага нацыянальнага адраджэння мы, падобна Фіхтэ, знойдзем у «нацыянальнай самабытнасці» беларускага народа.

Беларускі народ, як гэтага і вымагае Фіхтэ, з’яўляецца іменна тым «пачатным народам», «чыстым народам», які пры ўсіх пераменах, пры ўсялякіх зносінах і змешванні з другімі народамі захоўвае свой «пачатны духовы ўклад».

Фіхтэ кажа, што існуе адзін бясспрэчны знак дзеля развязання пытання аб тым, ці дадзены народ — духова самабытны.

Гэта — самабытнасць мовы.

Калі беларускі народ гаворыць самабытнай мовай, дык у яго і ёсць усе ўнутраныя варункі дзеля маральнага адраджэння дарогай новага ўзгадавання.

І аўтар гэтых радкоў, філолаг-славіст, можа з поўным правам паўтарыць, mutato mutando, следам за Фіхтэ яго вядомую формулу «залогу перамогі»: «Беларуская мова сведчыць за беларускі народ».

Гэтае пачуццё духовае самабытнасці і яго маральнае аба­снаванне духова-працоўнай, свядома-творчай актыўнасцю беларускага народа і павінна быць пакладзена ў аснову новага ўсенароднага нацыянальнага ўзгадавання.

Стварэнне такое народнае школы дзеля ўзгадавання і сфармавання беларускага народа — вось першая задача для беларускага грамадзянства.

І гэта магчыма — павінна быць і будзе магчыма! — незалежна ад таго, які ўрад ці якое гаспадарства, — сваё «самаўладства» ці яшчэ горшае зло: чужая ўлада, — будзе панаваць над нашым народам.

Гэта затым, што, як казаў і Фіхтэ, знаходзячыся пад французскай акупацыяй, «школа пераносіць самастойнасць народа ў другую жыццёвую сферу, незалежную ад урадовае ўлады і палітычнае барацьбы: у сферу грамадскае самадзейнасці».

І можам смела сказаць, што тое, што было магчыма і было жывым дамаганнем маральнае свядомасці ў Еўропе больш за сто гадоў таму назад, тое — не сягоння, дык заўтра, — станецца магчымым і здзейсніцца пад націскам новае сілы дэмакратычнага духу сучаснасці нават у Польшчы п. п. Гломбіньскага і Вітаса!..

Беларусы перш за ўсё і дамагаюцца ад польскае ўлады гэтае «незалежнасці нацыянальна-грамадскае самадзейнасці», — таго, што цяпер мае назоў «культурна-нацыянальнае аўтаноміі».

Рэалізоўвацца гэта пачне ў меру таго, як паваенная барбарызацыя еўрапейскага грамадзянства, гэткая сільная і ў Польшчы, будзе занікаць і зжывацца, а з другога боку будзе расці і ўзмацоўвацца нацыянальная свядомасць і жывая энергія беларускага народа, арганізаванае дамаганне беларускага грамадзянства.

Тое, чаго, апіраючыся на сваю фактычную сілу і на «турэцкае» паняцце аб сваім неабмежаваным «суверэнітэце», сучасныя паны палажэння не дадуць беларускаму грамадзянству сягоння, — тое заўтра будзе «заваявана» самымі мірнымі, нармальнымі метадамі нашае непераможнае духовае актыўнасці.

Такая нармальная школа з найвялікшай для абедзвюх старон карысцю развяжа гэткае балючае з прычыны ўжывання імі «ненармальных» — «рэвалюцыйных» метадаў пытанне аб так званай «лаяльнасці»…

Маючы на ўвеце толькі і выключна фізічнае і душэўнае здароўе беларускага дзіцяці, развіццё яго асабістасці, узвышэнне ў ім яго працоўнае актыўнасці, узвышэнне яго цэннасці для грамадзянства і гаспадарства — усё роўна якога, — такая нармальная школа павінна будзе — дзеля педагагічнае неабходнасці — выключыць з свайго арсеналу ўсялякае палітычнае аружжа, адкінуць усе атручаючыя гэтае здароўе «ад’ёмныя метады» барацьбы з злом палітычнага паняволення, а ўсю сілу ўзгадаваўчага ўплыву сканцэнтраваць на дадатных метадах, што робяць беларуса больш дасканалым чалавекам, больш неабходным дзеячам, здольным перамагаць зло акружаючага яго свету дарогай ператварэння яго ў дабро.

І няхай тады, калі мінецца барбарызаваны стан еўрапейскага грамадзянства, — няхай тады Польшча — вуснамі свайго першага міністра — паўторыць перад усім светам, што ёй не патрэбна гэтае дабро, створанае ў яе межах трыма мільёнамі яе грамадзян, што для польскага гаспадарства ўсё роўна, «злая ці добрая воля» кіруе трацінай насялення яго, як гэта нядаўна сказаў цяперашні прэм’ер Вітас!..

Ведама, гэтым Польшча вынесла б смяротны прыгавор, толькі не Беларусі, а самой сабе…

А пытанне аб выпаўненні гэтага прыгавору было б толькі справай часу…

Беларускі народ павінен толькі — цераз пасрэдніцтва сваёй новай нацыянальнай інтэлігенцыі — прысвоіць сабе тую вечную праўду, што няма такога зла, якое было б дужэй за дабро, — і чым дужэй і страшней зло, чым цяжэйшыя акружаючыя нас вонкавыя абставіны жыцця, тым вялікшую сілу перамагаючае гэтае зло духовае актыўнасці павінны мы развіць у сабе, тым мацней і цясней павінны мы спаяцца ў непераможны, як для вонкавага, так і для ўнутранага зла, нацыянальны арганізм. […]