Драматычныя паэмы (Клімковіч, 1947)/Георгій Скарына/Частка першая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Георгій Скарына. Частка першая
Драматычная паэма
Аўтар: Міхась Клімковіч
1947 год
Частка другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Акт I[правіць]


ЧАСТКА ПЕРШАЯ

АКТ І

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына — хлопец, гадоў 17-ці.
Лукаш Скарына — яго бацька, 60 год.
Іван Скарына — брат Георгія, гадоў 30.
Маргарыта — дзяўчына, гадоў 16-ці.
Арына — яе мамка.
Айцец Сіман — манах, кнігапісец.
Андрэй — знахар, гадоў за 70.
Фон-Шпілер — заморскі госць, купец, гадоў 50.
Товій — яўрэйскі хлопец, сябра Георгія.
Слуга ў доме Скарыны.

1504-ы год. Полацк. Дом багатага купца Лукаша Скарыны. Старажытныя, пісаныя на дошчачках абразы ў залатых акладах з запаленымі лампадкамі перад імі. На асобным аналоі дарожны іканастасік: яго возіць з сабой купец за мяжу ў часе сваіх падарожжаў, каб там, дзе чужыя багі, мець свайго пад рукамі. На покуце дубовы стол з выразнымі ножкамі і такія-ж лаўкі. Стол засланы прыгожым вытканым абрусам, лавы — дыванамі. Над лавамі — паліцы. На паліцах — кнігі ў цяжкіх, драўляных, абцягнутых скурай вокладках, з залатымі крыжамі і палоскамі на карэньчыках. Трапляюцца пергаментныя скруткі: купец, відавочна, цікавіцца кніжнай справай. Але не яна — асноўнае ў яго гандлі: скуры мядзведзяў, лісаў, баброў развешаны па сценах, раскладзены па лавах, ляжаць у кіпах на падлозе, — купец Скарына вядзе буйны гандаль звярынымі скурамі, і ў яго пакоях зложаны найлепшыя з іх для найбольш паважаных пакупцоў і для сябе. У правым кутку цяжкі, акаваны жалезам і размалёваны ў кветкі і грыфы, куфар — скарбніца купца. На ім малыя куфэркі з залатой і срэбранай гатоўкай. Крыху вышэй — паліца з біркамі і гандлёвымі граматамі, з якіх звешваюцца ўніз васковыя пячаткі.
У дубовым масіўным крэсле, каля асвечанага сонцам звонку невялікага акна з рознакаляровай слюдой у шыбах, сядзіць, ухутаная мядзвежай скурай Маргарыта, — бялявая дзяўчына, малая для сваіх год, але надзвычай прыгожая, хаця прыгажосць яе нейкая хваравітая, крохкая і паветрана-лёгкая, Каля яе ног, на нізкім табурэціку, сядзіць Георгій, малодшы сын Лукаша Скарыны. На ім вышываная сарочка, шырокі тканы пояс, аксамітныя чырвоныя штаны, запраўленыя ў казловыя татарскія боцікі. На поясе, у скураным чахле, нож з багата ўбранымі тронкамі. На каленях у яго кніжка з каляровай застаўкай «Космограф». Георгій бойка, хаця і нараспеў, чытае сваёй госці апавяданне пра чужыя, далёкія краіны.

Георгій.
«А далей, за краінай індзійскага каралевіча Варлаама, ляжыць акіян-мора. І жывуць у тым акіяне, на выспах лазоравых, сірэны салодкагалосыя. І туды хрысціянскаму чалавеку ходу няма, а ні ў чоўне чэрвленым, а ні ў ладдзі марсцей. Бо выходзяць сірэны, сі-рэч, дзевы прыгажосці неапісанай, са дна акіян-мора і спяваюць спевы кахання прывабныя. І не можа сэрца чалавечае тым спевам супрацівіцца»…
Маргарыта.
Юрка! А адкуль людзі пра тое дазналіся?
Георгій.
Ад другіх людзей, мабыць, пачулі.
Маргарыта.
А гэтыя другія адкуль?
Георгій.
Яшчэ ад іншых.
Маргарыта.
А самыя першыя? Мабыць, хто-небудзь быў там і не паддаўся спакусе тых спеваў кахання сірэн з акіян-мора?
Георгій.
Чытаў мне айцец Сіман Гоміра, баяна зямлі Грэцкае, пра Адысея — мораплаўцу славутага, як ён ехаў праз акіян-мора, заляпіўшы воскам вушы сваім спадарожнікам. А сам прывязаўся да мачты карабельнае, каб не кінуцца ў мора на тыя спевы сірэн звабныя.
Маргарыта.
Мабыць, ён не кахаў тады нікога…
Георгій.
Чаму?
Маргарыта.
Каб ён кахаў каго, не трэба было-б сябе і прывязваць: ніякія спевы другіх яго-б не прывабілі. Эх, каб я хлопцам нарадзілася! Я пакахала-б каго і знарок паехала на той акіян-мора, сваё каханне выспытаць. Юрка…
Георгій.
Што, Маргарыта?
Маргарыта (ціха).
А ты… кахаў каго-небудзь?
Георгій (глядзіць на яе захопленым поглядам).
Да гэтага не кахаў, а цяпер…
Маргарыта (спалохалася).
Не, гэта я так, Юрка… Не трэба, не кажы… Чытай, чытай далей!
Георгій(за гэты час ён зблытаў старонкі і, шукаючы пальцам, трапляе, відавочна, на другі тэкст). «А за тым райскім поясам зямлі агаранскай — праклятая богам пустыня ад усходу сонца аж да заходу яго. Засы пана яна пяскамі зыбучымі, і вогненныя віхры носяцца па ёй, выпякаючы ўсякае семя жывое, вятрамі занесенае. А ўздоўж пустыні, якраз пасярод зямлі, града гор, сонцам распаленых. А жывуць у гэтым сярэднім поясе толькі яшчуры-саламандры, якія ў агні не гараць, ды па начах выходзяць з расшчэлін малыя карлы барадатыя, завомыя гномы, валхвы і знахары, якім падуладны ўсе нетры зямныя, з багаццямі іх. Людзі знаючыя кажуць, што за гэтым поясам ёсць месячная выспа, акружаная акіян-морам з залатым дном. Хвалі мора штодзённа намываюць пясок залаты на яе берагі. Толькі ніводная душа жывая не пройдзе туды праз вогненную апаяску зямлі»
Маргарыта.
Юрка! А ты скажы мне…
Георгій.
Што сказаць табе, Маргарытачка?
Маргарыта.
Не глядзі на мяне… Ведаеш… Юрка, я ўсёроўна памру… Скажы мне паціху, на вуха… каго ты… кахаеш?
Георгій.
Ты не памрэш, Маргарыта! Мой тата загадаў прывесці сюды найвялікшага знахара Андрэя, будзе яшчэ немец, доктар заморскі… Па ўсіх цэрквах, манастырах і сінагогах моляцца папы, мніхі і равіны, каб бог вярнуў табе здароўе тваё. Хай яны вымаляць толькі на час, пакуль я паспею схадзіць у краіны заморскія. Там я сам стану вялікім лекарам. А тады я прыду і вылечу цябе. Бо… я люблю цябе, Маргарыта!
Маргарыта.
Юрка мой…
Георгій.
Люблю цябе, Маргарыта… (Ён нахіляецца да яе бязвольна апушчанай рукі, прыкладаецца да яе шчакой. З вачэй яго цякуць ціхія слёзы.)
Маргарыта.
Юрка… Можа я і не памру цяпер, Юрка…

(Уваходзіць айцец Сіман, мніх, з тоўстай кнігай у руках і пяром павы за вухам. За нагой у яго цягнецца нейкая калодачка на ланцужку, ланцужком-жа прыкута кніга да яго рукі. За ім асцярожненька праслізгваецца ў дзверы Товій, яўрэйскі хлопец, равеснік і прыяцель Георгія, высокі, тонкі, увесь у рабацінні).

Айцец Сіман.
Мір дому сему і прысутным у ім!
Георгій.
І табе, святы ойча, мір навекі. Амін.
Айцец Сіман.
Бацька дома?
Георгій.
На кірмашы яшчэ, ойча Сіман.
Айцец Сіман.
Вывеў мяне бог з манастырскага узілішча з дапамогай гэтага іудзейскага отрака, яко Данііла з пешчы вогненнай.
Товій (падміргваючы Георгію).
Я айцу Сіману пілку дастаў нямецкую, праз акно ў келлю падаў, каб ён ножку ў аналоі адрэзаў. А то яго ігумен вялеў да бажніцы прыкаваць.
Айцец Сіман.
Даруе бог табе за гэта грахі твайго племені. Мо знайшлі-б вы, ягняткі мае, вадзіцы святой, агнём вавілонскім асвечанай, каб прагнаць мне смагу лютую? А за гэта я зноў пакажу вам навуку артыстычнай завомую, — хітрасць кнігапісання вялікую.
Георгій.
Дома нікога няма, але я сам ведаю, дзе стаіць мёд сычаны. І гарэлкі пашукаю добрую браціну…
Айцец Сіман.
Дай табе ахоўнік-анёл крыллі свае, быстралётныя.
(Георгій палез ў паграбнік пад падлогу.)
Айцец Сіман.
Садзіся і ты, іудзей-чалавек. І ведай: у бога несць іўдзей, а ні элін, ні барбар, ні рымлянін. У бога ёсць злыя і добрыя. І толькі па сэрцу, а не па племені будзе судзіць нас суддзя чалавекаў у час суда астатняга, каму пекла, каму рай прысуджваць. Ты-ж, атракавіца, адкуль?
Маргарыта.
Я з Вільні, ойча.
Айцец Сіман.
Як зваць па імені?
Маргарыта.
Маргарыта.
Айцец Сіман.
Маргерыт — жомчуг па-грэцкаму. Ты-ж веры якой, жамчужына?
Маргарыта.
Да уніі фларэнцкай бацькі далучыліся.
Айцец Сіман.
Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця
У чым ты, божая авечка, тут павінна, калі
Айцы епіскапы — і Полацкі і Новаградскі —
Шлюць рыжскім ратманам і мештару благаславенне,
Сынамі іх і братам называюць, каб бараніць
Сваю кішэнь ці каліту тугую?
З іх кожны — муж нявучаны, падобны да асла
У збруі залатой: акраса ўся яго наверсе,
Душой-жа ён — асёл. Дзе-ж знаць аслу,
Што за мяшкамі з золатам стаілася, паўзе
На рускую зямлю латынская пагібель!
Маргарыта.
Пагібель?
Айцец Сіман.
Пагібель, большая за глад і трус і мор.
Нянавісць трэба супраць іх…
Товій.
Калі дазволена мне будзе запытацца, —
Супроць каго?
Айцец Сіман.
Супроць Юльяшкі, папы рымскага, сасуда д’ябла,
І рыжскіх ратманаў. Яны зямельку кропяць
Слязьмі людзей, а не вадой святой.
То разумее толькі цар маскоўскі.
Не! Трэба шчыт каваць для Белай Русі,
Вось гэты шчыт…

(Ён падымае перад сабой тоўстую кнігу і тут нібы ўпершыню заўважае, што да яе прыкута ланцужком яго рука).

Шчыт рускай веры, да якога прыкавалі
Сляпыя совы ў клобуках руку маю!.. Навошта?
Ці-ж вы не бачыце,
Што к ёй душа мая прыкута,
Што ў ёй жыццё маё? што, як пчала,
Я з кожнай кветкі мёд збіраю
У буквіцы, нібы у залатыя соты,
Каб кожная душа людская, прагнучая ведаў,
Магла прыйсці, вады жывой напіцца?
Ці-ж вы не бачыце, што рукі хітравумца
Капаюць рэчышча, якім цячэ у свет
Рака навукі й розуму, сляпыя совы?

Прэч путы з гэтых рук! З душы знявагу прэч!
(Ён перакручвае тонкі ланцужок, рве яго і абарачваецца, каб адкінуць, і тут заўважае, што Георгій даўно ўжо па грудзі высунуўся з паграбца і прагна слухае яго маналог).

Давай!
Георгій.
Вось, на здароўе спажывайце, ойча. Толькі
Мо’ вы-б нам з Товіем сказалі, што рабіць
Патрэбна з кнігай далей?
Айцец Сіман
(дастае з кішэні закручаныя ў рушнічок буквіцы).
Вось буквіцы заглаўныя, адлітыя з металю,
Які завецца вісмутам. Адзнакай «рубер», —
«Чырвоны» — гэта значыць па-латыні, —
Яны адлучаць главы ў кнізе. Трэба
Іх падабраць на месца, дзе стаяць павінны,
Пакрасіць фарбаю вось гэтай тонкай:
Дзе ліст, — зялёнай, дзе кветка — залатой,
Дзе птушка райская — там колер пер’я павы.
Працуйце з богам, я-ж душу павесялю.

(Ён налівае сабе коўшык. Маладыя людзі схіляюцца над кнігай).

Маргарыта (шэптам).
А можна мне? Спытайся, Юрка.
Георгій (паглядзеўшы на мніха, занятага сваёй справай).
Можна.
Айцец Сіман.
Эх, ці такія віны ў Слуцку мы півалі?!
Бывала, манастыр — не манастыр, а разліўное мора!
На успамін душы магнатаў — раманея
І фражскае, — не толькі пі, — купайся!
А хор які! А кнігі! А божай службы лепнасць!
Не, пашукаюць хай ігумена такога!
Эй, сцеражыся там, душа, ашпару!

(Куляе ў глотку чарку).

Георгій.
Зірніце, ойча, гэтак добра будзе?
Айцец Сіман (адмахваецца рукой).
Добра, —
Цябе я знаю: залатыя рукі.
Маргарыта (захоплена).
Прыгожа, Юрка, як!
Товій.
Давай, Георгій, паспрабуем фарбай
Мы тую буквіцу, што выразалі з дрэва.
Маргарыта.
Самі?
Товій.
Самі.
Маргарыта.
Якую літару?
Георгій.
Букву «М» — мыслеце.
Маргарыта.
«Мыслеце»- «М»? Маю?
Товій.
Вось, калі ласка.
Маргарыта.
О, як прыгожа! Галубкі у дзюбках
Трымаюць ланцужкі, якімі сэрца
Абвіта тройчы! Божа мой, як люба!
Георгій (ставячы адбітак на кнізе).
Навек, пакуль пергамент служа,
Я літару тваю ў святую кнігу стаўлю.
Хай бессмяротна будзе, як і пачуццё маё,
Якое кіравала мной, калі яе я рэзаў!
Товій.
Амін.
Маргарыта.
Не, Юрка, зараз не памру я… не памру… не трэба!

(Айцец Сіман, перакуліўшы з дзесятак чарак, пачынае кляваць носам. Па сходках сыходзіць Арына — мамка Маргарыты).

Арына.
А я шукаю ластаўку маю ў пакоях горніх!
Як ты сышла сюды?
Маргарыта.
Мяне… звёў пан Георгій.
Георгій.
Я асцярожненька, бабулька. Ды яна-ж
Лягчэй пушынкі!
Арына.
Развесялілася хоць трошкі, лебядзінка?
Маргарыта.
Мне весела і лёгка стала, мамка.
Арына.
І дзякуй богу! Везучы цябе у Полацк,
Я ведала, галубка, злітуецца бог,
Не стане на табе шукаць
Віны бацькоў тваіх,
Адступнікаў ад веры нашай.
Вось паздаравееш
І падужэеш, ластаўка,
А там і замуж
За чалавека добрага…
Маргарыта.
Я… замуж не пайду…
Арына.
І-і, ластаўка мая, з тваёй красой, з багаццем
У дзеўках не заседзішся. Ды і навошта?
Я прывяла Андрэя, знахара на ўсю акругу.
Як загадаеш, дзіцятка, сюды яго прывесці,
Ці ў горніцу паднімешся сама?
Маргарыта.
Мне страшна, мамка!
Арына.
Не пужайся, любка.
Маргарыта.
Хай, Юрка, калі можна, са мною будзе.
Арына.
Яно то непрыгожа, ясачка мая, але…
Вы-ж нібы брат з сястрой… А гэты?
Георгій.
А гэты прыяцель мой Товій — сірата,
Яго бацькоў рабаўнікі забілі,
І дзед яго сляпы…
Товій.
Сляпы… нябось, відушчы біцца!
Георгій.
Аддаў на час да справы прыглядзецца.
Товій.
Георгій, я пайду, падрэжу трошкі
Вось гэту буквіцу ў тваім пакоі? Добра?
Георгій.
Добра, Товій.

(Товій выходзіць).

Арына.
А мніх?
Георгій.
Ён спіць.
Арына.
І праўда, спіць. Хай спіць. І крыж на ім святы,
Нячыстай сіле страшан. Я прывяду Андрэя

(Яна пайшла наверх).

Маргарыта.
Зайшлося сэрца, Юрка.
Георгій.
Не бойся, Маргарыта, я з табой.
Маргарыта.
Не адыходзься, тут сядзі… З табой
Не так мне боязна. Чаму так, Юрка?
З табой, здаецца, я-б і ў свет пайшла.
Георгій.
Што-ж, пойдзем, Маргарыта. У свеце так цікава!
Пабачым мора цёплае, спаткаем вырай,
Які да нас адсюль у госці прыляціць,
Пабачым горы, стэпы, гарады чужыя…
Маргарыта.
Я, Юрка, не дайду, адзін ідзі…
А мне пасля раскажаш.
Георгій.
Пайду, пайду вучыцца, Маргарыта,
І дзе-б ні быў, я да цябе вярнуся.
Маргарыта.
А я цябе чакацьму, Юрка.

(Па сходцах сыходзяць Андрэй і Арына).

Андрэй.
Я крыж святы кладу на ўсход і захад,
На поўдзень і на поўнач, на зямлю сырую,
І неба зорнае, і замыкаю
Святое гэта месца ад нячыстай сілы,
Ад трыццаці хвароб: ад трасцы, ад падвею,
Ад касцяных ламот і ад сухот бяссільных,
Ад жыльных і паджыльных боляў,
У белым целе, і касцях-суставах,
Ад варажбы і чараў і суроку.
Амінь. Амінь. Амінь. Будзь крэпка маё слова!

(Хрысціць усе куты і закуткі).

Замкнуў я гэтую прастор-камору
Ў імя Хрыста і бога ключам залатым,
Яго кладу пад камень Алатыр
На дно у акіяне-моры. Не дастаць яго
Ні рыбе-кіт, ні вадзяному змію,
Ні сілам ўсім пякельным.
Амінь. Амінь. Амінь. Будзь крэпка маё слова.
Перахрысціся, пракажы малітву
Сваёй святой. Як зваць цябе, атракавіца?
Маргарыта.
Маргарыта, добры старча.
Андрэй (раптам пасуровеў, нахмурыў бровы, рэзка).
Латыніца?!
Няма ў мяне для вас ні лекаў, ні палёгкі!
Як мне не ўзняць дзяцей маіх з магілы,
Забітых ірадамі пад латынскім крыжам,
Так прок…
Георгій.
Чакай, стары!
Калі табе патрэбна помста,
Звалі пракляцці ўсе на галаву маю,
Бязвінную, як і яе, затое
Не кволую, не крохкую. Я вынесу праклёны!
Яе-ж благаславі, стары, няхай жыве!
Андрэй.
Твая душа праклятай быць не можа:
Твой розум трэба нам. Сыйдзі з яе пуці:
Што суджана на смерць, хай памірае.
Кляну…
Георгій.
Кляні яе бацькоў,
Якія выракліся нашай веры,
Калі яна яшчэ не знала зор і сонца,
Кляні, хто іх паставіў на шлях здрады,
А не яе, стары…
Айцец Сіман (прачынаецца).
Кляні, вядзьмар, кляні!.. Чакай!
Каго?
Яе? за што?
Маргарыта.
Абараніце мяне, ойча!
Георгій.
За тое, што яна інакшай веры.
Айцец Сіман.
Бог адвядзе яго праклёны
На лес сыры, на верасы сухія…

(Уваходзіць фон-Шпілер і, не разумеючы ў чым справа, спыніўся).

Айцец Сіман (паказвае на Шпілера).
Яго, вядзьмар, кляні.
І папежа, што ў Рыме,
Кляні, і продкаў і патомкаў каралёў,
Якія к нам латынь наблізілі.
Яе клясці за што?
Шпілер.
Не разумею. Вас іст дас? Запрошан
Да хворай я купцом гер-Люкас…
Айцец Сіман.
Ты чуеш, знахар? Ратман рыжскі
Прышоў лячыць яе! Яна яму чужая,
Ён па крыві сваёй ёй вораг,
А лячыць бярэцца і калі памрэ —
Душа яго заявіць богу: «Дай мне рай:
Я на зямлі лячыла нават рускіх,
Якім браты іх рады не падалі».
Шпілер.
Няма мне часу. Хворая яна?
Я прыступаю. Вас прашу я
Ўсіх выйсці вон.
Андрэй.
Не ў Рызе ты, а ў Полацку, і вон
Сам выйдзі! А не выйдзеш…
Шпілер.
Што гэта знача? Я — фон-Шпілер…
Георгій.
Толькі тое, што вас, фон-Шпілер,
Мы просім пачакаць айца.
Айцец Сіман.
Не, не гэта значыць, — іншае… За дзверы!
Шпілер.
Як так?
Айцец Сіман.
А гэтак… Вон, нячысты дух!

(Ён бярэ немца за шыварат і выштурхвае за дзверы).

Андрэй (да Маргарыты).
Зямлю сваю і свой народ ты любіш?
Маргарыта.
Люблю.
Арына.
Не муч дзіця, дзядуля!
Я — выхаваўца ёй, і па маіх расказах
Яна душой сваёй сюды праглася,
Да сваіх людзей…
Андрэй.
Па веры будзь тваёй. Дае зямля
Руду сваю, каб кроў тваю ачысціць.
Вось гэта кроў зямлі. Гаючая крыніца,
Што б’е з гары святой Сафіі, вынесла яе
З падземных нетраў. Корні жывасіла,
Лісты тысячагодніка настоены у ёй.
Пі гэты сок, — і здрава будзеш.
Маргарыта.
Як дзякаваць табе?
Андрэй.
Не трэба, згубяць лекі сілу. Богу дзякуй.
Вазьмі, Арына, кветкі гэтыя. Сабраны
Яны ў цалебны час. Настоем з гэтых
Паі яе трыкраты кожны дзень.
Вось гэтыя кладзі у ночвы і купай,
Бо сонца ў іх купалася на Яна.
Вось гэтымі абкурвай ложак перад сном,
Каб зноў не падышла ўначы, як таць, хвароба.
Устань, атракавіца, ідзі, і вер,
Што родная зямля дае табе збаўленне.

(Маргарыта ўстае, падтрымліваемая Георгіем і Арынай. Усе трое кланяюцца паясным паклонам Андрэю і выходзяць наверх).

Айцец Сіман.
Упарты ты і смелы. Я люблю такіх.
Дай вып’ем, брат.
Андрэй.
З дзён маладых я хмелю не ўжываю.
Айцец Сіман.
Тады не рускі ты: «Русі веселье — піць».
Андрэй.
А ў чым прычыну бачыш ты, каб весяліцца
Русі Літоўскай? Што яна разбіла немцаў,
Ці вырвалася з польскага палону?
Айцец Сіман.
Тады пі з гора.
Андрэй.
Тады што? гора знікне?
Айцец Сіман.
Тады сядзі і плач, а я, брат, вып’ю.

(Уваходзяць фон-Шпілер і Іван, большы сын Скарыны).

Шпілер.
Гэр Ёган, супроць усякіх правіл —
Прасіць у дом к сабе заморскага гасця,
Каб тут яму наносілі абразу…
Іван.
Прабачце, госць, тут нейкая абмылка.
Гасцінны дом наш быў ад прадзедаў і дзедаў.
Шпілер.
Я ведаю, — ад Рыгі да Масквы,
Ад Полацка і да Пазнані
І ў сэрцы Княжства — Вільні, — імя Скарыны,
Славутага купца, на вуснах у людзей,
Як самае паважнае, але…
Іван.
Хто вас абразіў?
Шпілер.
Вось тыя дзікуны, гэр Ёган,
І покуль тут яны,
Нага мая не ступіць далей
Вось гэтай памаснічыны…
Айцец Сіман.
Брэшаш, немец: не дастаць адтуль
Рукой, тваёю нават, доўгай, сквапнай на чужое,
Тых скур бабровых, што ў кутку ляжаць.
А значыць, пойдзеш, не урымсціш, далей.
Шпілер.
Гэр Ёган, я не маю хэнці
Размову весці з дзікуном. Дазвольце
Зірнуць бабры…
Іван.
Зрабіце ласку, Ойча Сіман, благаславіце
З дарогі дальняй.
Айцец Сіман.
У лазні быў? змыў пыл зямлі чужой?
Душу абмыў на споведзі пасля прыезду
Ад агаран няверных?
Іван.
Не, не паспеў яшчэ: кірмаш-жа сёння.
Айцец Сіман.
Тады няма табе благаславення сёння.
Андрэй.
Майго не будзе, покуль ты з нямчынам,
Як з братам, а не з ворагам жывеш.
Іван.
Айцы святыя, мы-ж — купцы,
Тавар не знае веры.

(Уваходзіць Лукаш Скарына, крэпкі, як смаляк, чалавек у багатым адзенні. Ён хрысціцца на іконы і аддае паклоны ўзняўшымся яму насустрач гасцям).

Лукаш.
Здароў будзь, старча! Як ласка бога
Да сівізны тваёй?
Андрэй.
Здраў будзь, купец! Не ўспамінае бог
Грахі мае па ласцы вышняй.
Лукаш.
Здароў, ігумен слуцкі, залатыя рукі
І вусны грэшныя!
Айцец Сіман.
Не тое грэх, што ў вусны уваходзіць,
А тое грэх, што вусны выракаюць.
Будзь здароў, купец!
Лукаш.
Здраў будзь, заморскі госць!
Шпілер.
Жадае ўсякай ласкі бога і удачы
У справах гандлю ваш слуга пакорны.
Лукаш.
Што, аглядалі хворую?
Шпілер.
Мне не дазволена было, на жаль, вось імі.
Лукаш (сурова).
Я іх не нанімаў у доме Скарыны
Гаспадарамі быць…
Айцец Сіман.
Нас бог наняў быць стражай збройнай
Душ хрысціянскіх ад нячыстага.
Глядзі, купец, каб бога не ўгнявіў!
Андрэй.
І я кажу: глядзі! Па узаемнай згодзе
Бес беса выгнаць можа, каб пасля ўдваіх
Апанаваць другога чалавека, блізкага табе.
Лукаш.
Хай нас бароніць бог. Прабач мяне, мой госць,
Сыйсціся мы на іншым можам: мы — купцы.
Як падабаюцца бабры?
Шпілер.
Яны нанеслі мне абразу…
Лукаш.
Бабры?
Шпілер.
Не, барбары вось тыя. А бабры нішто…
Лукаш.
Тады мы сойдземся…
Іван, схадзі з купцом у клець,
І пакажы баброў, з Бярозы што прыслалі.
Шпілер.
А гэтыя, гэр Люкас?
Лукаш.
На жаль, замоўлены для біскупа, мой гэр.
Не горшыя і тыя…
Шпілер.
Я еду ў Вільню к біскупу і мог-бы перадаць,
За процант невялікі…
Лукаш.
Георгія пашлю у Вільню, можа й сам паеду.
Вядзі гасця, Іван.

(Іван і Шпілер выходзяць).

Ну, што, старыя? Немец не пад нораў, бачу?
А мне ён люб, ці што? Прыціснула бяда…
Андрэй.
З дзяўчыны хопіць хрысціянскіх лекаў.
Лукаш.
Хопіць? Дай то бог! Быў скамарох, Андрэй?
Чакай…

(Ён зазірае за дзверы і прычыняе іх).

… Цяпер кажы.
Андрэй.
Быў. Князь Міхайла Глінскі перадаў,
Што крымскі хан, Менглі-Гірэй, па згодзе
З царом Іванам крымскую арду
На Польшчу павядзе і што тады
Нам Полацк паднімаць на Ягелонаў,
Калі паны увязнуць недзе ў стэпу.
На вас надзея, кажа князь, купцы.
Айцец Сіман.
Надзея на купца, то толькі чвэрць надзеі.
Лукаш.
Мніх, памаўчы! Купец — Русі апора.
Айцец Сіман.
Русі апора — цэркаў.
Лукаш.
Ісідар вам з Фларэнцыі прывёз апору?
Што робіце вы, мніхі, супраць базільянцаў,
Што ад часоў Андрэя-Казіміра
Заселі ў Троках, і, як чэрві ў дубе,
Падточваюць асновы нашай веры,
Схіляючы князёў да уніі фларэнцкай?..
Не, й цэркві без купца не абыйсціся, Сіман.
Айцец Сіман.
А што вы зробіце, купцы, супроць ражна
Латынскага?
Лукаш.
Ражон адвесці можна ці адбіць
Хаця-б сабе рукой цара Івана.
На раду склічу я купцоў сягоння.
Прашу і вас. Твой скамарох прыбудзе?
Андрэй.
Ён тут ужо…
Айцец Сіман.
І немец гэты будзе?
Андрэй.
Што немец? Ён — разменны грош:
Дзе больш дадуць, туды ён пойдзе.
Вось бачыш кнігі бітыя? Прывёз мне гэты Шпілер…
У Кракаве напэўна базільянцы згаварылі
Феоля, немца нейкага, каб ён адбіў
На мове нашай кнігі для касцёлаў,
У ерась фларэнційскую каб лепей нас завабіць.
Айцец Сіман.
О, гірадавы дзеці!
Шкада, што я не праламаў
Акладам кованым яму мазгі дурныя.
Лукаш.
Феоля, кажуць, затачылі ў кляштар,
Ці у турму ксяндзы… Пасля судзілі.
Ды вырабіўся немец, бо давёў, што іх
Рабіў ён справу. А яны баяцца, —
Калі народ пабачыць і пачуе
Сам слова боскае у роднай мове,
Тады канец мане пап рымскіх, як пры Гусе
Было то ў Чэхіі. Але аб тым пасля…
Ты, ойча, збег, відаць, з манастыра?
Вярыгі пакаяння скінуў? Што, не смачны?
Пакой патрэбен?
Айцец Сіман.
І чарка добрая, купец!
Лукаш.
Ну, чарка заўтра будзе, а сягоння
Канчай пісьмо святое, будзь на радзе…
Эй, хто там ёсць?

(Ён ляснуў у далоні, і завіўся слуга).

Пакой над горанкай айцу Сымону
І для Андрэя — поруч з горацкай маёй,
Гукні Георгія, хай прыдзе да мяне…

(Айцец Сіман і Андрэй, пакланіўшыся Лукашу, выходзяць за слугой).

Лукаш (адзін).
Ну, што-ж, душа мая, здаецца, час настаў:
На скрыжаванні трох дарог нас лёс паставіў,
Якой ісці, каб не гарэць пасля ў агні пякельным,
І не раскідаць марна прадзедаў набытак?
Набытак прадзедаў…
Ён тут, у Полацку, ў Пазнані, ў Вільне, ў Рызе,
У золаце, у складах, на руках давераных людзей…
Далёка знаюць нас, Скарынічаў,
Сыноў маіх і ўнука,
Цякуць да нас сярэбраныя, залатыя ручаіны,
Ды толькі іх паток танчэе з кожным годам:
З Масквы ўсе рэчышчы абцяты каралеўскай вартай,
У Рызе немцы ход далей перапынілі…
На Гельгаланд, у Данію, у Нідэрланды
Яны маё дабро вязуць і золата сабе грабуць,
Мне плацячы грашы. Кароль, чужога статку пастыр,
Даў шляхце прывілей на гандаль скрозь без мыта
І абцякаюць гарады тавары, ручаямі
Цякуць у замкі шляхты… Гібель бачу
Я гарадоў тваіх, мая радзіма!.. Чую
Як глухне звон святой Сафіі… Што рабіць?
Пакінуць Полацк, выехаць у Рыгу, ў Познань?..
Пакінуць веру прадзедаў? дзяцей у пекла ўкінуць?
Не згодна ты, душа мая? І я не згодзен!
Мы бараніць сябе павінны, толькі як?
Як? Не маўчы, душа, скажы…

(Уваходзіць Георгій).

Георгій.
Ты клікаў, тату?
Лукаш.
Клікаў, сынку. Бліжай падыйдзі.
Ты — сын мой любы. Розумам цябе
Бог не па летах надзяліў рукою шчодрай,
Даў мудрасць кніжную пазнаць
Не толькі нашу, — грэцкую, латынь…
Хачу трымаць з табою раду, сын мой…
Георгій.
Я слухаю, мой тату.
Лукаш.
Зачынены нам выхады з дзяржавы нашай:
На вусці рэк заселі немцы, на мяжы з Масквой
Пятля застаў літоўска-польскіх.
Ўнутры краіны шляхта, і штогод
Цяжэйшае ярмо нам будзе, сын мой.
Кароль — чужы нам, на яго няма надзеі.
Князь Глінскі кліча нас падняць паўстанне,
Маскоўскага цара нам дапамогу зычыць,
І я рашыў — сваёю галавой
І часткаю сваёю ў гандлі рызыкну я.
Георгій.
Вазьмі і нашу долю, бацька, на святую справу.
Лукаш.
Вазьму, калі патрэбна будзе… Зараз, — не.
Патрэбна паглядзець, памацаць…
Паверыць Глінскім не адразу можна…
Я хачу
На роўныя чатыры долі падзяліць маёмасць.
Пазнань аддам Івану, Рыгу даю Раману — ўнуку,
Табе дам Вільню. Што у Полацку — маё.
Аддам яго на справу.
Вас разашлю адсюль…
Тады, калі загіну, нават,
Кароль наследнікаў чапаць не мае права.
Георгій.
Ты — бацька. Сам рабі. як знаеш. Волі
Тваёй мы не парушым. Толькі…
Лукаш.
Што, сынку?
Георгій.
Пусці мяне вучыцца, свету дай пабачыць.
Лукаш.
Няма дзе, сын, вучыцца нам. Святло з усходу,
А ўсход закрыла Магамета ноч.
Георгій.
А захад, бацька?
Лукаш.
На захадзе — латынскі вечар, змрок.
Няма там, сыне, нашай веры.
Не, сынку. Ты — купец. Тваёй навукі досыць,
Каб справу мець з заморскімі гасцямі, нават.
Жаніць цябе хачу. Калі дачка Дароты
Ад хворы злой, напушчанай ад недругаў яе,
Пазбавіцца, — мы злучым вашы рукі,
І грошы злучым. Выедзеш у Вільню,
І гандаль свой адчыніш з ласкі бога.
Георгій.
Не, бацька.
Лукаш.
Што? Не люба Маргарыта?
Георгій.
Не, Маргарыта люба, як само жыццё!
Лукаш.
Тады — канец размове. Кліч яе!

(Маргарыта спускаецца са сходцаў, трымаючыся за балясы).

Маргарыта.
Юрка, мы з Товіем цябе чакаем…
Лукаш.
Ідзі сюды, дачка мая. Ну, як здароўе?
Маргарыта.
О, значна, значна лепей, бацька! Бачыш? Хаджу ужо…
Лукаш.
І дзякуй богу!.. Дачкой мне хочаш быць?
Маргарыта.
Я й так нібы дачка ў цябе…
За клопаты, за ласку
Удзячна буду я да самай смерці.
Лукаш.
Тваё я сэрца залатое знаю, ды хачу,
Каб ты дачкой маёй была зусім,
Пайшоўшы замуж за Георгія.

(Маргарыта засаромелася, адвярнулася і маўчыць).

Знаю, знаю,
Што не з табой, а з мацеркай тваёй
Патрэбна гаварыць пра гэта. З ёй у нас
Дамоўлена аб тым, калі абое вы яшчэ
Ў калысках гушкаліся. Ёй скажы, Георгій,
Што пра яе мне гаварыў ты зараз.
Георгій.
Я бацьку гаварыў, што я люблю цябе,
Што ты — жыццё маё…
Лукаш.
Ну, бог благаславіць вас, дзеці,
Як я благаслаўляю…
Сёння-ж
Я выдзелю тваю, Георгій, долю…
Георгій.
Бацька, я гандляваць не буду.
Няхай Іван, напапалам з Раманам,
Бярэ маю часціну. Я пайду
У свет вучыцца.
Лукаш.
Георгій, не жартуй! Ты ведаеш,
Што я сказаў, то з камня высек.
Георгій.
Бацька, я Скарына таксама, я не гнуся
Ні пад чыёй рукой.
Лукаш.
Я і зламаць магу…
Георгій
Не зломіш, бацька!
Лукаш (зазлаваў).
У манастыр аддам, ў паслушнікі!
Георгій.
Хіба што мёртвага, жывы й адтуль збягу.
Лукаш.
Ў жалезы закаваць вялю…
Георгій.
Перагрызу зубамі.
Лукаш.
Ты што маўчыш, дачка? Даю я права
Адмовіцца ад ослуха бацькоўскай волі.
Маргарыта.
Я, тата, так, як ён… Я мо’ памру датуль…
Лукаш.
Ты… ты гатоў праз труп яе ісці?
Георгій.
Ты, Маргарыта, не памрэш! Ты ведай,
Што я люблю цябе,
Што для цябе вучыцца буду,
Мы пачакаем год і два, затое ўсё жыццё…
Маргарыта.
Я, тату, пачакаю…

(Бацька і сын доўга глядзяць адзін на аднаго. Бацька не вытрымлівае).

Лукаш.
Сядзь, Георгій, слухай… Я ў небяспечны шлях
Жыццёвы човен свой кірую.
Я хачу спакойны быць,
Што я не ўсё згублю у часе буры.
Георгій.
Тату! Дазволь мне на чаўне маім, на новым
Паставіць ветразі, каб мне даплыць туды,
Куды ты сам баішся, што не трапіш.
Для чалавека ветразь — веды.
Па веды я пайду няхай сабе й на захад.
Хачу знаць сілы ворага, яго знаць зброю.
Валодаць ёю дасканала. А здабуду, —
Вярнуся з імі я к свайму народу
Працягваць тую справу, на якую
Ты ахвяруеш свой набытак. Лептай
Маёй хай будуць веды!
Лукаш.
Не разумееш ты па младасці на што ідзеш:
На холад, голад…
Георгій.
Я малады, я дужы, бацька!
Лукаш.
На барацьбу з касцёлам, з папай рымскім.
А мо’ й на смерць.
Георгій.
Нічога, бацька, я праб’юся,
Смерць абыйду.
Лукаш.
На здраду веры мо’ пайсці цябе прымусяць.
Георгій.
На здраду веры і народу — не!
Лукаш.
І нават, калі гэта будзе цаною за навуку?
Георгій.
Нават і тады не здраджу, бацька.
Лукаш.
Тады… ідзі.
Георгій (кінуўся на калені).
Благаславі!
Лукаш.
Благаслаўляю.
Ў імя айца і сына і святога духа…
Маргарыта.
І я благаслаўляю, Юрка…

Заслона.

Акт II[правіць]


АКТ ІI

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Лукаш Скарына.
Маргарыта.
Арына.
Товій.
Фон-Шпілер.
Дарота — маці Маргарыты, гадоў за 40.
Адвернік — віленскі радца, гадоў за 50.
Бабіч — старшы віленскі радца.
Ёган — сын немца фон-Шпілера, гадоў 18.
Скамарох, гадоў 45.
Князь Міхаіл Глінскі — гетман польны.
Князь Забржэзінскі — ваявода Трокаў.
Шляхціц — гадоў 35.
Балінскі — каралеўскі лекар.
Скамарохі, шляхта, купцы-члены Віленскага магістрата.

1504 год, праз месяц пасля падзей першага акта. Агульная зада сярэдневечнай гасцініцы Віленскага магістрата, які аддаў яе на водкуп Дароце, мацеры Маргарыты. Звычайная абстаноўка залы: сталы, лавы, табурэткі, бочкі з півам і мёдам, прылавак гаспадыні. Проста перад гледачом уваходныя дзверы, направа — камін і дзверы на кухарню, налева — сходцы ў жылыя памяшканні.

Дарота.
Арына, зірні, каб пірагі не падгарэлі!
Арына (з кухарні).
Гляджу, матухна. (Выходзіць у залу.) А й падгарэлыя з’ядуць…
Дарота.
Ды гэта-ж немцу Шпілеру, а ён-жа перабора.
Арына.
І скнара: заплаціць грош, а паслугі патрабуе аж на злоты.
Дарота.
А Маргарыта дзе?
Арына.
Наверсе ў горніцы. Ёй Юрка чытае кніжку.
Дарота.
Ідзі, зірні, нібыта незнарок.
Арына.
Дарэмна, матухна, дзяўчына не пірог, не ўкусіць…
Дарота.
Не, пакуль ксёндз ці поп не павянчаў, асока не пашкодзіць.
Арына.
Там белабрысы Ёган, доктара сынок, ўсё трэцца, ім перашкаджае.
Дарота.
То і добра, калі трэці ёсць…
Арына.
Ды Юрка не такі. Казаў ён, што паедзе
Вучыцца некуды у Кракаў
Гады на два яшчэ.
Дарота.
Вучыцца? Як? Жанаты?!
Арына.
Вось гэтага не ведаю.
Дарота.
Ну, не! не на такіх наскочыў, не на дурняў.
Адну дачку я маю і скруціць жыццё
Ёй не дазволю. Аман. Ідзі і загадай
Маім ты словам, каб ішла ад іх к сабе
І не выходзіла пакуль і не паедуць!
Арына.
Навошта, матухна? Не слухайце мяне, дурную:
Мне можа і здалося толькі…
Дарота.
Я ведаю цябе, пататчыцу! Ідзі!
Арына.
Авохці мне!..

(Арына ідзе наверх. З надворку ўваходзіць Адвернік).

Дарота (услед Арыне)
Каб зараз-жа кідала іх, а не, —
Дык я за косы выцягну!
Адвернік.
Каму такой расправай пані Дарота пагражае?
Дарота.
Ах, пан Адвернік! Я і не заўважыла. Заходзьце, калі ласка!
Адвернік
Каго усё ж за косы, пані Дарота?
Дарота.
Каго-ж, як не дачку?
Адвернік.
О, тады я уступлюся! Ваша дачка…
Дай бог такіх
Ўсім добрым людзям: і разумна, і прыгожа,
І ў маці ўся пайшла…
Дарота.
Вы нагаворыце, пане Адвернік!
Адвернік.
Я шчыры чалавек, што думаю, то і кажу.
Вось думаю, што з жонкаю такой
Шчаслівым быў-бы шляхціч…
Так, шляхціч, чалавек з дастаткам, паважаны…
Дарота.
Дзе нам, пры нашай беднасці, такіх завабіць?
Адвернік.
Кажыце, матухна, каму другому, а мне вядома,
Што з вашым розумам капейчына ў рубель
Так перакуліцца, што й не заўважыш!
Дарота.
Найшлі каму зайздросціць, пан Адвернік!
Удовін лёс — гарох ускрай дарогі,
Хто йдзе, той і ўварве. Вось, як шкурат
У полымі, і круцішся, а ўжо людзям здаецца…
Адвернік.
Дык пашукаць патрэбна абаронцу…
Дарота.
Дзе мне ўжо! Дай бог дачку прыстроіць.
Адвернік.
Я пра дачку й кажу.
Дарота.
Мо’ пан прышоў за свата?
Адвернік.
Нашто мне сватам быць? Хай за мяне
Яшчэ сваты паходзяць.
Дарота.
Ну, пане мой, за вас сватам хадзьбы
Даўгой не будзе: к вашаму багаццю
Дадаў кароль яшчэ шляхецтва, кажуць…
Адвернік.
Даў, даў, хай бог яму здароўе дасць,
Бургамістрам шляхецтва даў у Вільні.
Дарота.
О, вы цяпер заганарыцеся.
Адвернік.
Я?! Ніколі!.. Што, каралеўскі лекар дома?
Дарота.
Не, пан Балінскі з замку прыходзіць позна.
А што?
Адвернік.
Ды мне мае задворныя сяляне
Прыпёрлі сома.
Хачу прыслаць яго ў дарунак
Вам, матухна,
І лекару іх каралеўскай міласці,
Каб толькі перад ім не патаілі,
Што гэта я прыслаў.
Дарота.
Патрэба ёсць да лекара?
Адвернік.
Ды не! Здароў я, матухна,
Дай бог яшчэ такога
Здароўя тым, хто маладзей мяне.
А проста так, з пашаны
Да вас і лекара іх міласці. Як кажуць:
Закінь наперад, знойдзеш ззаду.

(Уваходзіць Маргарыта).

Маргарыта.
Мама, я не разумею… Ах, добры вечар!
Дарота.
Тут разумець не трэба, трэба слухаць!
Ідзі!
Адвернік.
Дазвольце мне ўступіцца, каб суровасць маці
Зманіць на ласку, панна Маргарыта. Калі
Прагневала яна вас, пані, за яе прашу я.
Дарота.
І не прасіце, пан Адвернік. Заляцаўся
Георгій, сын Скарынін, з Полацка.
Купец багаты, разумны, малады…
Адвернік.
Скарын я ведаю, паважная сям’я.
Здаецца толькі мне, —
Стары суроў і скуп,
А маладыя — ветрагоны. Ну і што?
Дарота.
І я вагалася, але амаль што дала згоду.
Адвернік.
А-ей… Жанчына вы разумная, ад вас
Не спадзяваўся я такой паспешкі. Кажуць,
Георгій — крыху блазан боскі.
Купец з яго не будзе. Покуль бацька жыў,
Яшчэ так-сяк, а як аддзеліць…
Дарота.
Ну, тут-бы я не спудлавала.
Адвернік.
Ды і схізматыкі яны…
Дарота.
У нас, ў Літве, сам бог багоў паблытаў.
Лукаш прывёз баброў
Даць арцыбіскупу на хутру,
Дазвол на шлюб як ёсць. Але Георгій ўбіў
У галаву дурную, што вучыцца
Патрэбна ехаць некуды у Кракаў.
Адвернік.
У Ягелонаўскі універсітэт, магчыма?
Дарота.
Напэўна.
Адвернік.
Не, там схізматыка не прымуць.
Дарота.
Ну, пераменіць веру, невялікая бяда.
Адвернік.
Што-ж, можа ён рашыў і добра:
Навучыцца, ксяндзом яго паставяць…
Дарота.
Ксяндзом? А нам карысць з таго якая?
Адвернік.
Не, не, перашкаджаць яму не трэба, грэх.
Хай едзе. Свет на ім не ў клін сышоўся:
Мы панне Маргарыце жаніха такога знойдзем,
Што на Георгія й не гляне. Верце слову!
Маргарыта.
Сышчыце лепш сабе нявесту, пан Адвернік!
Дарота.
Маўчы, дачка! Па мне — хай едзе. Толькі
Вось бог, а вось парог.
Маргарыта.
Мама!
Адвернік.
Дык я пайду і сома вам прышлю. Бывайце
І слухайцеся маці, панна Маргарыта:
Яна вам шкоды не наробіць.
Дарота.
Я правяду вас, пан Адвернік. А за сома дзякуй.
Пра ваш дарунак лекару іх міласці сама
Ўсе вушы пратрублю…

(Яны выходзяць і відавочна загаварыліся за дзвярыма).

Маргарыта (кліча).
Георгій! Юрка!

(Георгій збягае са сходцаў).

Георгій.
Што, шчасцейка маё?
Маргарыта.
Маці пускаць цябе не хоча ў Кракаў,
Кажа:
Калі паедзе, замуж за яго не пойдзеш,
Чакаць не буду, з іншым павянчаю…
Георгій.
Дык што рабіць? не ехаць? Не магу:
Душа гарыць ужо…
Маргарыта.
А можа…
Георгій.
Што?
Маргарыта.
Раней звянчацца, а пасля паехаць.
Георгій.
Былі-б адной мы веры, гэта-б можна,
А так зацягнецца на тэрмін невядомы,
Бо арцыбіскупа дазвол дастаць…
Маргарыта.
Тады, праз год паедзеш.
Георгій.
Таміцца цэлы год, а можа й назаўсёды
Згубіць магчымасць… Як многа вымагаеш
Ты ад мяне і ад кахання, лада!
Маргарыта.
Не, не, мой Юрка, я не вымагаю. Я магу
Чакаць не два, а дваццаць год, калі табе
Патрэбна будзе. Толькі маці…
Георгій.
Дай, Маргарыта, мне руку і абяцай,
Калі не я, а іншы стане поруч
З табой перад святым налоем, пад вянцом,
Калі спытае поп, ці ксёндз — ці згодна
Аддаць душу сваю другому, то толькі „не!“
Пачуе ён тады. Дай клятву.
Маргарыта.
Даю, мой Юрка. Пры табе мне лёгка,
Мне ўсё магчыма, дужы мой, разумны!

(Яны замацоўваюць клятву пацалункам. Уваходзіць Ёган).

Ёган.
Ах, ах, што бачу! я не перашкодзіў?

(Ён з удаванай скромнасцю адварачваецца ўбок).

Георгій.
Каб большых перашкод не мелі. Ёган, вось —
Мая нявеста перад богам і людзямі.

(Ёган скідае маску скромнасці і пачынае кпіць).

Ёган.
Ах, вось яно! не чырванейце, панна Маргарыта,
Вядома гораду і свету для чаго ідуць
Дзяўчаты замуж.
Георгій.
Ёган, замаўчы, інакш…
Ёган.
А што інакш?
Георгій.
Інакш… я аплявуху дам табе.
Ёган.
У гэтай аплявусе лёс тваёй вучобы.
На, прачытай паперу, бацька што дастаў
Праз немца, клерка арцыбіскупа, у Кракаў.
Чаго-ж злавацца, браце? Думаеш, — ты першы
У панны Маргарыты?
Георгій.
Дык атрымай, доўгаязыкі поскуд!

(Дае яму ляшча).
Ёган (хапаючыся за месца, дзе звычайна вісіць меч):

З табой я разлічуся!

(Рука не знайшла мяча. Ён зрываецца і бяжыць наверх).

Ёган.
Пачакай!..
Маргарыта.
Уцякайма, Юрка! Ты-ж бяззбройны!
Георгій.
Прабач мне, любая, што не стрымаў душы.
Яго я не баюся… Што тут у паперы?

(Чытае паперу, якую перадаў яму Ёган).

«Айцу прыору універсітэта. У імя айца і сына… пасылаю сваё благаславенне… і прашу прыняць у лік скаляраў Ёгана фон-Шпілера, ратмана з рыжан славутых, і па просьбе яго айца дазволіць бываць на лекцыях, якія ён пакажа, слузе яго Скарынічу Георгу»…

(Георгій акамянеў ад здзіўлення і гневу).

Маргарыта.
Хутчэй бяжы, Георгій!
Георгій.
Чаго? куды? Хай толькі прыдзе зараз,
Я… я заб’ю яго.
Маргарыта.
Не трэба, Юрка. Ты сябе загубіш,
Загубіш наша шчасце. Абяцай
Ў імя любві ка мне, ты гэтага не зробіш!
Георгій.
Ідзі к сабе. Я не заб’ю, а прывяду к табе,
Пастаўлю на калені, дзякаваць прымушу,
Што ты жыццё яму падаравала.

(Георгій выправаджае яе, бярэ табурэт і абламвае ножкі, каб атрымаўся шчыт, выкручвае ножку з тапчана. З-за каміна з кухарні выслізгваюцца скамарохі, відавочна рыхтуючы свае сапелкі, яны хаваюцца за сталы, за лавы. Зверху спускаецца Ёган, але без мяча).

Ёган.
Ну, шчасце маеш: не знайшоў мяча! Прасі прабачыць!
Георгій (кідае сваю «зброю»).
Ты шчасце маеш, што прышоў бяззбройны…
Вазьмі сваю паперу, соплі ёю вытры. Ведай:
Слугой тваім не будзе сын Скарынін, покуль
На небе сонца ходзіць. А цяпер ідзі
Да Маргарыты, на каленях ёй падзякуй,
Што не забіў цябе я. Ну, ідзі…

(Ён наступае, Ёган адступае па сходцах. Скамарохі зайгралі).

Скамарох.
Так, так, нямчынін! Тупай, тупай
Пад музыку, пад дуды!

(Ёган знікае ад сораму з вачэй сведак. Георгій спыніўся).

Георгій.
Вы што за людзі?
Скамарох.
Мы — вольніца, купец, мы — слугі пана
Валяй-Гуляй, што князем над вятрамі.
Хацелі будаваць мы хаты, ды няма з чаго:
Лясы паны на шыбельні пасеклі.
Ты-ж бачыў сам мо’, едучы у Вільню?
Што двор, то й шыбельня. Ды й што нам хаты?
Бог распасцёр шацёр над намі,
У караля няма такога. Сонца й зоры
На змену свецяць нам, як лучнікі якія.
За сцены — пушчы ў нас, зямля — падлога.
Нас грэе холад, весяліць нас голад,
А калі трэба, галаву ратуюць ногі.
Вясёлае жыццё, дай бог такое каралю з панамі!
Эй, эй! скачыце, чэрці! У сапелі дзьміце, —
Купец пазычыць грошы на гарэліцу нам хоча!

(Скамарохі зноў засвісталі, зайгралі ў дуды, прытанцоўваюць).

Георгій.
Зямля мая, народзе мой цярплівы!
Гнятуць цябе, цапамі ўсцяж малоцяць,
А ты яшчэ смяяцца знаходзіш сілы,
І з ворагаў ты кпіш, дратуеш смехам іх…
Адкуль, скажы, бярэш ты гэту сілу?
Пазыч ты мне яе, каб мог я перашкоды
Скрышыць усе.
Скамарох.
Пазычылі-б, ды ў нас свайго няма,
Святыя мы, не горшыя за тых,
Чыё жыццё апісана у кнігах.
І цудатворцы мы: на коўш гарэлкі дай,
Такія цуды зробім, што святыя засмяюцца.
Георгій (дае грошы).
Вазьміце, людзі добрыя.
Скамарох.
Дзякуем, купец. Эй, гаспадынька!
Скамарохі (хорам).
Гаспадынька-матухна,
Ясная зорачка!
(Раптам.) Хрыстос васкрос, сын божы!
Выгляні ў дзверачкі,
Вынесі гарэлачкі!
Хрыстос васкрос, сын божы!

(Уваходзіць Дарота, з ёю Бабіч і іншыя радцы Віленскага магістрата).

Дарота.
Заходзьце, паны радцы, не зважайце.
То скамарохі выпаўзлі з-за печы,
Я пусціла пагрэцца іх. Чаго, галота,
Галас узнялі? Каб я мятлой вас вымела адсюль?
Скамарох.
Мятлой нас вымесці не штука, гаспадынька:
Мы лёгкія, як пух. Ды ў нас ёсць круглячкі
Вось гэтыя. (Паказвае грошы.) Яны пакоцяцца услед,
А іх згубіць табе ўжо будзе шкода. Дай гарэлкі.
Дарота.
Ідзі ў кухарню, прынясу. Не бачыце? Сенатары прышлі.
Бабіч.
Хай будуць, не гані, Дарота: дрэнная прыкмета.
Скамарох.
Купцоў-сенатараў няхай шануе бог,
Мы ім не перашкодзім, сядзем у куточку.
Бабіч.
Цягні, Дарота, й нам па чарцы мёду.
А гэта хто?
Георгій.
Сын Скарыны, Георгій, калі чулі?
Бабіч.
Сын Лукаша? Чуў, чуў. Здароў будзь, сыне!
Прыстаў, брат, шапку к нам, к бяседзе нашай.

(Дарота пачынае цадзіць мёд і частаваць радцаў, якія паселі за стол, разам з імі і Георгій).

Скамарох.
Нас, гаспадынька, не забудзь. Па чарцы, і па добрай.
Бабіч.
Дык вось, шаноўныя, вось гэта й ёсць Георгій,
Сын полацкага Скарыны, які пазнаў
Прамудрасць кніжную і хоча ехаць
Вучыцца ў Кракаў…
Радцы.
Што-ж, добры пуць. А прымуць
У Кракаве не іхняй, не латынскай веры?
Бабіч.
На хабар сквапны мніхі, можа й прымуць.
Радца.
Я быў у Кракаве, там арцыбіскуп Фрэдэрык,
Брат караля і кардынал, латынянін заўзяты…
Бабіч.
З яго ідзе ўсё ліха к нам на Беларусь,
Ён пасылае к нам вучоных базільянцаў.
Што супроць іх поп-невук? Трэба нам
Купцам Русі Літоўскай чалавек адукаваны,
Вучоны, як яны. І трэба… Гэй, грайце, скамарохі!

(Скамарохі зайгралі. Бабіч нахіляецца да радцаў).

Паднімем здравіцу за князя, за надзею нашу,
Цара ўсея Русі.

(Музыка гучней. Усе ўсталі. Раптам праз дзверы ўрываецца шляхта, узброеная, п’яная).

Шляхціч.
Гэй, гэй, сябры! Вяселле тут, няйначай!
Мы на вяселле першыя! Музыкі, грайце!
Дарота.
Шаноўныя паны, абмылка! Тут няма вяселля.
Шляхціч.
Ну, дык хаўтуры, — нам ўсё една!
Дарота.
Хаўтур няма таксама.
Шляхціч.
Дык будуць, калі ты не адчэпішся, псяюха!
Давай гарэлкі!.. Рэж, музыкі!
Дарота.
Шаноўныя паны, тут радцы магістрата Вільні…
Шляхціч.
Да д’ябла іх! Мы самі сабе радцы.
Нам піць, гуляць, кахаць…
Бабіч.
Тут не карчма, паны, гасьцініца…
Шляхціч.
Ты хто? купец? Ха-ха! ты быў купцом,
Пакуль мы, шляхта, былі пакупцамі,
А зараз мы гандлюем, і без мыта
Заморскі гандаль весці будзем,
Ты-ж — зубы на паліцу! Прэч з дарогі!
Эй, баба, дзевак нам! Гані купцоў за дзверы,
Інакш, клянуся маткай боскай, я
Бароды ім казліныя абрэжу шабляй.

(Маргарыта, відавочна пачуўшы голас унізе, паказалася на сходцах).

Шляхта.
Го-го! Вось і дзяўчына! нам яе!

(Георгій сігануў праз стол і стаў, адзін, бяззбройны, паміж шляхтай і Маргарытай).

Георгій.
Назад!
Шляхціч.
А гэта што яшчэ? Што знача?
Георгій.
А тое знача, пан, што ледзь ты дакранешся
Да маёй нявесты, ты будзеш на тым свеце.
Шляхціч.
З дарогі, смерд!

(Шляхта выхапіла шаблі, Георгій схапіў свой шчыт-табурэтку і ножку ад тапчана. Парыруючы ўдары, ён выбівае шаблі з рук у шляхты і дае першаму пад зад каршня. Той расчыняе лобам дзверы і крычыць).

Шляхта.
Гэй, панове, хамы панства б’юць!

(Увальваецца яшчэ некалькі шляхцічаў, якія відаць проста адсталі).

Шляхта.
Хто панства б’е? Падаць яго сюды.

(Дарота хаваецца за стойку. Радцы і скамарохі скінулі ўзмахам плячэй світкі і хапілі, што пад рукі папала).

Бабіч.
Што-ж, біцца, дык біцца!
Скамарох.
Вон, шляхтуны!

(Агульная бойка. Раптам расчыняюцца дзверы і ўваходзяць князь Міхаіл Глінскі і князь Забржэзінскі).

Князь Глінскі.
Стой! Стойце! Імем караля!
Шляхта.
Ты хто такі? Я сам сабе кароль!
Князь Глінскі.
Я — князь Глінскі, гетман польны.
Шляхціц.
А мне начхаць!
Князь Глінскі (выхапіўшы шаблю і адным ударам зваліў яго на падлогу).
Дык атрымай! Наступны хто?

(Шляхта папнулася ўзад, збянтэжылася, скамарох сядзіць верхам і са смакам лупіць пана кулакамі).

Шляхта.
Ды мы нічога… так… пажартавалі.
Князь Глінскі.
Ну й я пажартаваў. (Кідае ім грошы.) Вазьміце на хаўтуры,
Калі ён адубеў, ці на прапой, калі жывы яшчэ,
І каб я вас не бачыў, разам з ім!
Шляхта (ловіць кінутыя князем грошы, зграбае параненага і падаецца ў дзверы).
Віват, гетман польны! Віват, князь Глінскі!
Бабіч і радцы.
Прывет вам, светлыя князі і літасціўцы нашы!
Князь Глінскі.
Прывет і вам, шаноўныя! Эй, гаспадыня,
Прыбяры гармідар гэты! Нам віна!
Сядай, князь Забржэзінскі.
Дарота.
Маргарыта, прыбяры. Дапамажыце, скамарохі.

(Маргарыта і скамарохі прыбіраюць. Дарота налівае віно).

Князь Глінскі.
Усе ў зборы?
Бабіч.
Усе, за выключэннем Скарыны. Вось сын яго.
Князь Глінскі.
Сын? Георгій?
Георгій.
Так, ваша светласць.

(Маргарыта выходзіць наверх).

Князь Глінскі.
Чуў пра цябе, брат, словы гожыя не раз
Ад палачан і ад епіскапа. Казалі,
Што розум востры маеш, да навукі здольны.
Выпадку рад убачыць, што і ў ратаборстве
Ты спрыт таксама маеш не малы.
Калі пісьма Балінскі не дастане
На дапушчэнне да навук у Ягелонскай школе,
Прашу ка мне у войска.
Георгій.
Дзякуй, княжа, на зычлівым слове,
Ды ратаборстваваць хацеў-бы я на іншым полі,
Хаця і супраць ворагаў адных.
Князь Глінскі.
Знаю і хвалю, Георгій. На вайне
Патрэбна сіла і навука біць з пляча…
Навуцы гэтай можна навучыць мядзведзя.
Так ці што, Георгій?
Георгій.
Князь розуму пытаецца? Тады я адкажу, што не:
І на вайне майстэрства трэба, ворагаў каб біць
Не толькі сілаю і праўдай, а і ўмельствам,
Улікам ўсіх умоў на ратным полі, княжа,
Як грэкі ў Фермапілах, дзе адзін
За сотню мог стаяць, як Ганібал, ці як Спартак.
Князь Глінскі.
Хвалю за веды хронаграфаў светных.
Аднак, ці ведама табе, Георгій,
Калі Вікторыя нясе сцягі над войскам?
Георгій.
Тады, наш князь, калі і войска й ваявода
Адным парывам, думкаю адной узняты.
Князь Глінскі.
Палова праўды ў тым, другая — ў іншым:
Без пастара безабаронны статак кожны,
Няма вулля пчалінага без маткі,
Ваўкі і то, калі ідуць руёю,
Кіруюцца ваўчыцай… Трэба род для ваяводы!
Але хвалю, што ты дайшоў і да паловы праўды.
Таму… Ідзі ты, гаспадынька, дам нам ежы…

(Дарота выходзіць).

Таму, кажу, мы, прыступаючы да нашай справы,
З’еднаць і хочам ўвесь народ Русі Літоўскай
Ад князя і да смерда. Скамарохі!
Што чулі вы, абыходзячы прасцягі Беларусі?
Скамарох.
У лапціках лазовых, ясны княжа, мы яе
Прамерылі з Задзвіння і да Прыпяці лясной,
Ад Наваградка да Смаленска. Чулі,
Як стогне люд пад чужаземным гнётам,
Як горшага чакаючы, прадбачыць ён
Скон свету, калі ты, князь, не ўратуеш.
Князь Глінскі.
Што чулі там, дзе ў панскія палацы
Пускалі вас?
Скамарох.
А там мы розна чулі, князь. Вялікія баяры.
Князі, што на сталах прапрадзедаў сядзяць,
Не хочучы аддаць іх каралеўскім радцам,
К Маскве схіляюцца. А дробны пан, шляхцюк,
Масквы не хоча, князь, яму тут лепей.
Князь Глінскі.
Горш для яго-ж. Народ — кавадла,
А молат— князь. Між імі сплюшчыцца жалеза.
А ці-ж не так, князь Забржэзінскі?
Забржэзінскі.
Так, князь, вядома. Толькі ўсё-ж не шкодзіць
Павольна больш ісці да мэты, на свой бок
Схіляючы і шляхту. Шляхта — сіла!
Скамарох.
Гукні народу, княжа, наш народ іх зломіць.
Князь Глінскі.
Іх зломіць золата. І не такую сілу
Яно ламала. Тым больш што прагныя яны
На гульбішчы, на золата і на раскошу.
Дастанем золата, купцы?
Бабіч.
Князь, золата штодзень цячэ струменем тоньшым,
Цана тавараў пала, як ніколі.
Князь Глінскі.
Бо зачынілі вас літоўскія граніцы,
Як птушку ў клетцы, ходу вам няма.
Мы зломім клетку. Цар Іван,
Наследнік Бізантыйскіх кесараў, іх славы,
Адзіны кесар праваслаўны ў свеце,
Пад ногі ворагаў сваіх паклаўшы ўсіх,
Нам шле лісты і прапануе дапамогу, —
Калі мы тут заварым піва, ад якога
У Кракаве званы зазвоняць.
Забржэзінскі.
Але з царом нам таргавацца трэба,
Каб прывілеі нашы, што ад веку маем,
Былі не зрушаны.
Князь Глінскі.
Калі пачнём мы самі, цар іх не парушыць,
А калі ён пачне… Ну як, купцы?
Бабіч.
Ды мы не ад таго, князь, а к таму,
Каб толькі ўпэўніцца, што справа моцна,
Тады не толькі грошы, а й жыццё аддаць не шкода!
Вось Скарына… Ён скажа тое-ж і за Полацк.

(Уваходзіць Лукаш Скарына і доктар Балінскі).

Лукаш.
Паклон зямны мой, князь Міхайла. Кланяйся, Георгій,
Яму і доктару.
Георгій.
А што?
Лукаш.
Ліст караля дастаў да брата Фрэдэрыка,
Да кардынала-біскупа у Кракаў.
Георгій. (усхвалявана).
Як дзякаваць вам, княжа, і, доктар, вам,
Не ведаю, але клянуся богам,
Што атрымаю там, аддам агульнай справе.
Забржэзінскі.
Я Стася, сына, пасылаю ў Кракаў на вучобу.
Вось добра, едзьце разам з ім, Георгій,
Ён зараз будзе тут, заедзе за фон-Шпілерам Ёганам.
Лукаш.
Ідзі, Георгій, сабірайся, сынку. Ад куфэрка
Вазьмі вось ключ. Гатоўка там і пісьмы
Купцам, якія вінны мне у Кракаве за скуры.
Георгій.
Дазволь мне, тату, і дазвольце, княжа,
Куфэрак той аддаць на нашу справу,
Як першы дар. А я і так жыў буду.
Князь Глінскі.
Вы чуеце, купцы? Дабро, Георгій, я прымаю
Твой шчыры дар.
Георгій.
Я зараз прынясу яго.

(Выходзіць).

Князь Глінскі.
Як ты пашыцца ў дурні караля прымусіў?
Балінскі.
Хварэе наш кароль, і ад хваробы лекаў
Шукае ў добрых справах. Падагрэў
Я гэту думку ў ім, і ён паперу выдаў.
Адно, Лукаш, яму не мог сказаць я,
Што сын твой грэцкай веры і імя
Яму прышлося запісаць Францышак,
А не Георгій. Што-ж? Калі мана ратунак
Ды яшчэ адзіны, няхай даруе бог.
Забржэзінскі.
Кароль хварэе?
Балінскі.
Так, князь… Я думаю, паны, што мы
Ў паруцы тут жыццём і галавамі
І нам таіцца між сабой не трэба?
Князь Глінскі.
Я папярэдзіў ўсіх, што ўласнымі рукамі
Я галаву здыму з любога, хто нам здрадзіць,
І загадаю выкінуць у роў смярдзючы.
Лукаш.
На гэтым крыж цалуем, друзі. Гэты крыж
Асвечан у святой Сафіі. Дрэўка
Крыжа гасподняга у ім. Хай здрадніка скарае
І бог і людзі ўсе. Амін.
Кожны з прысутных.
Амін, і за сябе і за дзяцей сваіх.
Забржэзінскі.
Раптоўна неяк, але я не супраць… Аман.
Балінскі.
Кароль памрэ. Яму не кіраваць паходам
Супроць Менглі-Гірэя, калі пойдзе ён
У дапамогу нам і нашаму саюзніку Івану.
Лукаш.
Па слову першаму твайму, князь Міхаіл,
Маё жыццё і скарбы у тваім начале.
Бабіч.
Маёмасці і жываты свае я далучаю.

І мы. На тым цалуем крыж.

(Георгій прыносіць куфэрак).

Георгій.
Прыміце, князь Міхайла, на пачын, на шчасце.
Князь Глінскі.
Прымаю, сыне, знаю, што рука ў цябе
Шчаслівая. Бяру вось столькі, рэшту зноў дару
Ад люду рускага табе на шчасце
І на карысць для ўсіх агульнай справы.

(Ён бярэ частку грошай, куфэрак аддае назад. Георгій у нерашучасці, браць ці не браць).

Лукаш.
Вазьмі, сынок. Я столькі-ж, нават болей
Дадам з тваёй часціны князю на пачатак.

(Уваходзіць слуга князя Глінскага).

Слуга.
Князь, там нейкі іудзейскі хлопец
Ўсё просіцца прайсці да Юркі Скарыны.
Георгій.
А гэта Товій. Тату, я вазьму яго ў Кракаў.
Лукаш.
Не супярэчнік справе добрай я, сынок.
Князь Глінскі.
Хай пачакае там.

(Слуга выходзіць).

Мы скончылі нараду.
Дадзім здарэнням ход, які накрэслен богам.
Чакайце зову княжага. Хай дапаможа бог.
Паедзем, пане Забржэзінскі. На выпадак
Асокі каралеўскай, —
Заехаў я на галас шляхты, вас развёў,
Вы нам паднесьлі чарку… Зразумелі?
Бабіч.
О, разумеецца. Хай сцеражэ вас бог.

(Усе кланяюцца і праводзяць князей за дзверы. Георгій і Лукаш варочаюцца. З імі Товій. З кухарні з падносамі ў руках выходзяць Дарота і Арына).

Дарота.
Ды дзе-ж яны? Дзе госці дарагія?
Няўжо спазнілася, рыхтуючы як лепей?
Лукаш.
Нічога, маці, зяцю на дарогу
Спатрэбіцца якраз, бо едзе не адзін,
А з сынам доктара і ваяводы ў Кракаў,
Валі ўсё ў кош, я коні запрагаць вялю.
Товій.
Дык едзеш, пан Георгій?
Георгій.
Разам едзем, Товій, разам, дружа!
Товій.
Дзякуй! Дзякуй, пан Лукаш! Я ўсё зраблю,
Я сыну вашаму служыць там буду.
Я коні запрагаць вялю.

(Ён зрываецца і бяжыць праз кухарню. Арына пачынае пакаваць ежу).

Дарота (Георгію, змрочна).
Едзеш?
Георгій.
Еду, маці.
Дарота.
Каб маткаю хацеў сапраўды зваць,
Каб быць хацеў сапраўды зяцем.
Не ехаў-бы, а віў сваё гняздо.
Лукаш.
Я больш упарты за цябе, Дарота,
А ён мяне зламаў. Паслухай, маці.
Ёсць людзі,
На якіх благаславенне бога
І спадзяванне люду. Такі Георгій.
Вялікі грэх нам будзе стаць
Яму упоперак дарогі. Я спаткаў
Адверніка, і ён узяўся нам дастаць
Дазвол епіскапа на шлюб Георгія і Маргарыты.
Тым часам скончыцца вучоба, уляжацца мінтрэга,
І мы вяселле зладзім. Амін і гэтай справе.
Ідзі, Георгій, на развіт з нявестай.
А мы, Дарота, пойдзем, паглядзім,
Ці ўсё, як след, ў дарогу зрыхтавана,
Куфэрак той увяжам.

(Георгій выходзіць).

Дарота.
Ды мне ўсёроўна зараз. Хто-б ні піў, ні еў,
Абы заплочана было. Паназірай, Арына.

(Яны пайшлі. Арына засталася адна).

Арына.
Адвернік з біскупам уладзіць узяўся справу?
Каб не падвёў цябе, Лукаш, угоднік-грахаводнік!
Пачаў дары ён нешта слаць Дароце,
Ды й грэшнай мне перападзе тое-сёе…
А вось і галубкі. Сыйсці ці што? Няхай
Хоць памілуюцца без вока без чужога на астатак.

(Яна выходзіць у кухарню. Зверху сыходзіць Георгій і Маргарыта).

Маргарыта.
Дык едзеш, едзеш, Юрка?
Георгій.
Еду, Маргарыта! І адчуваю крыллі за спіной!
Прысядзем на дарогу.

Яны прыселі, абняўшыся, на лаўку).

Маргарыта.
А я на сэрцы камень чую, Юрка.
Дай паглядзець табе у вочы, любы мой,
Мо’ у астатні раз….
Георгій.
Не трэба, жомчуг мой, так смуткавацца!
Раняць не трэба пэрлаў з вочак ясных.
Вярнуся я.
Маргарыта.
Ты вернешся? Мяне ты не забудзеш?
Георгій.
Глыбока ў сэрцы, Маргарыта, воблік твой
Я захаваю. Думкамі з табой заўсёды буду.
Хвіліну кожную я рады буду, што прайшла яна
І што бліжэй спатканне. Як месяц з сонейкам,
Так мы з табой спаткаемся прыгожым ранкам.
Глядзі на месячык і ўспамінай мяне. А зараз
Не плач-жа, месячык мой ясны, не тумань
Сваіх блакітных вочак.
Маргарыта.
Ах, Юрка, Юрка мой!..

(Вусны іх зліліся ў пацалунку. Товій, а пасля Арына высунуліся з дзвярэй, але зніклі назад. З вуліцы ўваходзіць Шпілер).

Шпілер.
Ах, моладзь, моладзь, сорам! Пан Георгій,
Збірайся ехаць. Я іду за Ёган.

(Ён праходзіць наверх. З кухарні вырываюцца скамарохі).

Скамарох.
Эй, малады купец, а за нявесту?
За нарачоную тваю і за вяселле?
Каб нам яго іграць, а вам скакаць здаровым!

(Яны іграюць і скачуць. Маргарыта глядзіць на іх, смеючыся праз слёзы. Калі канчаюць, яна падносіць ім па чарцы).

Скамарохі (п’ючы).
Горка, малады купец!
Горка!

(Адначасова сыходзяць Шпілер з Ёганам і ўваходзіць Лукаш).

Лукаш.
Цыцце, племя сатаны! Сабраўся чалавек
Ў дарогу дальнюю, на справу на святую…
Скамарохі.
А мы, каб весялей жылося, шчаслівей былося,
І на карысць вялося, і вянком плялося — Вясельную!

(Лукаш усміхаецца, але праз нейкі час спыняе іх знакам рукі).

Шпілер.
Ну, гэр Люкас, я думаю, ў далейшым
Вы не забудзеце, што я зрабіў для пана Юр’я:
Няхай сабе слугой у Ёгана, але ён едзе…
Лукаш.
Слугой у Ёгана? А гэтага не хочаш?

(Ён падносіць Шпілеру пад самы нос кукіш).

Шпілер.
О-о, вас іст дас?
Лукаш.
А гэта кукіш, ратман, ды й на блюдзе.
Ні я ў цябе, ні сын мой у твайго,
Ні наш народ у немцаў век слугой не будзе!
Георгій, ваяводы сын чакае. Селі на дарогу!

(Усе прыселі. Шпілер, нахіляецца да сына).

Шпілер.
Прыпомні, Ёган, там яму…
Лукаш.
Пайшлі. Застанься, Маргарыта.
Убачаць людзі, сорам.

(У суправаджзнні скамарохаў усе выходзяць. Лукаш нават прытанцоўвае. Арына прыходзіць з кухарні).

Маргарыта.
Мамка! пабудзь са мной, мне млосна.
Арына.
І-і, белая галубка! галубкі ўсе такія:
Пабыў і паляцеў. І іншы прыляціць,
Калі таго не верне бог…

(За вокнамі чуваць шархуны. Маргарыта кінулася да акна).

Вось чуеш — крыльцы зазвінелі. Дай бог добры пуць!

(Арына таксама падышла да акна, глядзіць).

І бацька з імі сеў… Мо’ да царквы, каб памаліцца?
А з маткай хто стаіць? Няўжо Адвернік?

(Праз нейкі час уваходзіць Дарота, Адвернік і слуга з сомам).

Дарота.
Заходзьце, пан Адвернік, і суцешце
Сваю нявесту самі.
Маргарыта (з жахам).
Нявесту? Мамка, мамачка, Арына!
Бяжы, вярні яго! Скажы, што гіну!
Зязюлькаю ляці услед!

(Яна падае непрытомная на рукі Арыне).

Заслона.

Акт III[правіць]


АКТ ІII

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Товій.
Ёган.
Фон-Шпілер.
Станіслаў Забржэзінскі — сын ваяводы.
Арына.
Глагоўскі — прафесар універсітэта.
Прыор універсітэта.
Андржэяка — студэнт, чэх.
Пісец.
Студэнты — немцы, чэхі, палякі.

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

1504 год. Двор Кракаўскага універсітэта Ягелонаў. Няўклюдна-манастырскія сцены муроў ідуць поўкругам. У іх глыбокі ўваход і вузкія, высокія вокны. Над уваходам — надпіс па латыні «Deus noster lux et scentia» («Бог наш свет і навука») і латынскае раскрыжаванне. Праз акно відаць галава пісца з гусіным пяром за вухам. Пасярод двара — магутны клён і каменная лаўка навакол яго камля. На лаўцы сядзіць, апусціўшы галаву ў далоні, Георгій Скарына. Міма яго, і не звяртаючы на яго ўвагі, праходзяць студэнты. Праз нейкі час крадком да яго прабіраецца Товій, трымаючы ў руках лісты нейкага друку.

Товій.
Дзень добры, пан Георгій!
Георгій.
Ах гэта ты, брат Товій! Колькі раз,
Прасіць цябе, каб ты не клікаў мяне панам?
Товій.
Не можна, пан Георгій: для людскога вуха трэба.
Георгій.
Дзе ты прапаў?
Товій.
Я не хацеў быць пану ў цяжкасць.
Больш за тыдзень сядзім мы тут
Без справы і без толку. Я пашукаў работы.
Георгій.
І што? знайшоў?
Товій (захоплена).
Знайшоў! Дай бог па век такую
І мне і дзецям, калі будуць. Вось, зірні.
Прафесар, пан Глагоўскі лекцыі свае друкуе,
І па яго заказу буквіцы яму яўрэй адзін ліе.
Я упрасіў яго узяць мяне ў навуку,
Аддаў, што меў, даў клятву, што нікому
Не пакажу пад страхам смертнай кары
Майстэрства гэтага. О, пан Георгій,
Я для цябе цягацьму друкі пана
Прафесара, калі сюды не прымуць.
Георгій.
Не трэба, Товій: зловяць, адсякуць табе
Абедзве рукі. Хавай і гэта…
Товій.
Не, гэта я не краў. Мне далі паказаць
Прафесару, — ці ўсё тут як патрэбна.
Георгій (бярэ ліст, чытае).
«Пра кнігі Пісьма Святога і карысць іх для люду
паспалітага. — Тэзы для студэнтаў».
Латынню чыстаю пачатак. Пачакай, перакладу:
«Бог чалавеку розум даў пазнаць прыроду,
Тварэнне рук яго, каб славіць мудрасць бога,
Ды розум чалавека абмяжован».
Чым абмяжован, дзе, якой сцяной, прафесар?
Мо’ гэтымі мурамі, да якіх ляцеў мой розум
І раптам стой!— упёрся?
Товій.
І змен няма ніякіх?
Георгій.
Ніякіх, Товій. Бо з лістом ад караля
Мяне да біскупа, як знаеш, не пусцілі.
Прыняў ліст клерык, ёганава кодла…
Товій.
І Ёган быў там?
Георгій.
Быў, шаптаўся нават. Я баюся,
Што гэты ліст яны схавалі
І кардынал яго ніколі не убачыць.
Товій.
Чаго-ж чакаеш ты?
Георгій.
Прыор панёс да біскупа на зацвярджэнне спіс
Прынятых і каму адмоўлена. Пісец вось той,
Рагочучы, мне паказаў адзнаку на маёй заяве:
«Францышку Скарыне адмовіць: ён схізматык».
Товій.
Дык плюнь, Георгій, пададзімся ў Полацк,
Ці у Пазнань к Івану, к брату.
Георгій.
А Глінскі, а народ? Паслалі па асвету,
А я вярнуся цёмным жабраком?
Не, не магу я, Товій!
Народу трэба веды! Іх прагне ён.
Не дасць яму іх польскі пан адукаваны,
Не дасць іх ксёндз з высокіх акадэмій,
Не дасць іх поп, сам ледзьве-ледзь пісьменны.
І я гатоў перацярпець знявагу,
Каб вырваць ў іх, у ворагаў майго народу,
Іх зброю, веды іх. Назад няма мне ходу!

(Увальваецца шумны натоўп студэнтаў на чале з Ёганам і Забржэзінскім. Студэнты відавочна падпіўшы).

Ёган.
А добра мы, шаноўныя калегі, замачылі
Сяброўства наша першае. (Убачыў Георгія.) У-а!
Глядзіце, Скарына найшоў сабе, сябры,
Прафесара іуду. Ха-ха! Павіншуем!
Немец.
А гэта той русін з Полтэска, што ты ліст
Ад караля… Ха-ха! З яго навукі хопіць,
Вось пасядзеў ля сцен і з торбаю дахаты…
Забржэзінскі.
Ці варта кпіць з няўдачы? Пойдзем.
Немец.
Не, не, чакайце. Я хачу вам доказ даць,
Што рускі да навук не здатны.
Скажыце, домінэ, які алфабэт ў кнігах,
Ў якія бог грахі заносіць нашы?
Гэта тэзіс.
Георгій.
Нямецкі, гэр схаляры.
Немец.
А чаму?
Георгій.
Таму, што твой народ грашней усіх народаў:
Ён на чужой зямлі рабаўніком сяліўся,
Знішчаў гаспадароў, дзяцей кідаў у полым,
Крыж цалаваў і цалаванне крыжа
Ён парушаў заўсёды вераломна.
Аспрэч той тэзіс, калі можаш.
Андржэяка.
Клянуся маткай боскай, гэта праўда!
Ты маладзец, русін. Руку дай чэху!
Немец.
Чым мова ваша руская так слаўна,
Калі ніхто з апосталаў святых
На ёй не гаварыў, не ведаў нават слова?
Георгій.
Да кіеўскіх высот
Дайшоў Андрэй, апостал Першазванны.
Што-ж, па-нямецку ён
Вучыў славян хрыстовай веры,
Як ратманы, паліў агнём,
Хрысціў мячом і крыжам?
Ці словам пераконваў? А тады — якім?
Андржэяка.
Вось, гэр схаляры, вам і антытэза.
Дабі яго і сінтэзам, русін!
Георгій.
А сінтэз быў у Грунвальдзе, калі
Мой дзед, ці прадзед, разам з прадзедам тваім
І прадзедам яго (паказвае на Забржэзінскага)
Усё рыцарства нямецкае паклалі ў ратным полі.
Ёган.
Што, гэтаму наўчыў цябе
Твой Товій, твой прафесар?
Георгій.
А што, калі і ён? Ты біблію чытаў?
Якою моваю Хрыстос народ вучыў?
Скажы, калі і дзе пыталіся яны,
Апосталы з надрэчча Іордана,
Сыны Ізраіля ад вод Генісарэта,
Хто быў той празеліт, які прышоў хрысціцца,
Ці іудзей, ці элін, рымлянін, ці барбар?
Якое-ж права маеш ты пытацца: хто вучыў?
А ты не ў іх вучыўся, хоць і дрэнна?
Андржэяка.
Клянуся богам, маладзец русін!
Ён словам рэжа, як мячом.
Немец.
Ён ерэтык, кастра, сажжэння варты!
Такіх вучыць яшчэ, такім ярмо на шыю!
Георгій.
Мне шкода кніг, якія вучыш ты:
Яны, як бісер пад свінячым рылам,
Бо сэнс ўсіх кніг, якія я чытаў
Дагэтуль: не рабі другому тое,
Чаго не хочаш, каб табе рабілі,
Не рый другому ямы — пападзешся сам.
Ёган.
Вось і сядзі у яме, смерд пышлівы!
Немцы.
Не, выкінуць яго адгэтуль за вароты!
Георгій.
А паспрабуй!
Чэхі.
Не кратаць, а то справу з намі мецьме!
Немцы.
Іш, славяне!
Забржэзінскі.
Дык славянін і я!
Чэхі.
Швабы! Даўно мы вас лупілі?

Ззаду студэнтаў, гатовых кінуцца адны на другіх, выходзіць Глагоўскі).

Глагоўскі.
Што тут за дыспут, доміні, у вас,
Што ў ход пусціць гатовы аргументы,
Якімі і аслы валодаюць нядрэнна?
Немцы.
Нікчэмны смерд — русін абразіў нас.
Глагоўскі.
Абразіў? Чым і як?
Георгій.
Я словам вострым збіў з іх, пан прафесар, тое,
Што рымляне завуць „Sum superbiam“,
Празмерную высокамернасць, а яны хацелі,
Каб я з іх збіў яе яшчэ ў натуры.
Глагоўскі.
На гэта — вэта. Вы вольны, доміні, ідзіце.
Немцы.
Мы гэта так не кінем і са скаргай
Да прыора мы дойдзем!
Георгій.
Сем змеяў напаткаць менш небяспечна, кажуць,
Чым ябедніка аднаго. Мяне караюць богі:
Семіжды сем я змеяў спаткаў у тварах вашых.
Глагоўскі.
Ты хто, адкуль і па якой патрэбе?
Георгій.
Францішак Скарына, сын Лукаша, купца
Са слаўнага град-Полацка. Сюды прыехаў, прагну
Дайсці навук сямі мастацтваў вольных
І доктара у лекарскіх навуках.
Глагоўскі.
Прагнеш?
Георгій.
Як пустыня дажджу, прафесар,
Як галодны хлеба.
Глагоўскі.
Гэта добра. Калі так прагне чалавек,
То знойдзе. А у чым затрымка?
Георгій.
Я веры праваслаўнай, грэцкай.
Глагоўскі.
Гэта блага.
Не тое блага, што ты веры грэцкай,
А тое блага,
Што, пакуль ты не зменіш веры,
Цябе дамініканцы на парог не пусцяць.
Георгій.
Тады я зноў вярнуся ў Полацк, пан прафесар,
Шукаць такога ладу і парадку.
Каб я вучыцца мог, не здраджваючы богу.
Глагоўскі.
Не зменіш веры?
Георгій.
Не.
Глагоўскі.
І гэта добра: вера — не рэч для гандлю,
Бог — не злоты.
Ды тут і я нічога не параджу,
На жаль мой. (Да Товія.) Што ў цябе?
Товій.
Друк вашай лекцыі, высокі пан прафесар,
Прыслалі паглядзець, ці ўсё ў парадку?
Глагоўскі.
Я акуляры кінуў дома. Вось бяда.
Хто прачытае мне, доміні?
Георгій.
Я прачытаю вам. (Чытае.)
„Deus homini sensum cedit congnoscere naturam,
opus manum eius, ut glorificaret sopietiam
Dei, cem sensum hominis limitatus est.“
Глагоўскі.
А разумееш?
Георгій.
Разумею.
Глагоўскі.
Згодзен?
Георгій.
Не, не згодзен.
Глагоўскі.
Чаму?
Георгій.
Не розум абмяжован, пан прафесар, нашы веды.
Па кроплі мёду носячы, пчала напоўніць вулей,
Збіраючы па кроплі веды, чалавек пазнаў
Сягоння шмат таго, чаго дзяды не зналі.
Каб склалі мы ўсе веды пакаленняў,
Каб дапыталіся у кожнага здарэння,
Чаму яно ў натуры адбылося,
Каб зноў яго разбурылі й стварылі,
Тады-б мы новым ведам
Шлях працерабілі.
Глагоўскі.
Значыць вопыт — маці ўсёй навукі?
Георгій.
Так, пан прафесар, на малы мой розум.
Глагоўскі.
Што не католік ты, маліся богу, доміне Францышак,
Інакш цябе пасцігнуў-бы лёс Гуса…
Мне трэба працаўнік ў маю бібліятэку…
Ты згодзен мне дапамагчы
Навесці ў ёй парадак?
Георгій.
Вартаўніком пры ёй мяне пастаўце, — згодзен!
Глагоўскі.
Жыць будзеш у мяне. Ідзі, правер з ім гэта.

(Уваходзіць прыор. Студэнты кланяюцца яму).

Чым нас парадуеце, ойча прыор?
Прыор.
Князь кардынал благаславіць меў ласку
Работу нашу па іспытах і прыёму.
Дзе тут… Францышак з Полацку?
Георгій.
Я перад вамі, ойча прыор.
Прыор.
Благаслаўляй да веку у малітвах князя
І кардынала нашага: па ласцы па вялікай
Цябе, схізматыка, у выключэнне правіл,
Ён дапусціў пазнаць святло навукі,
Мо’ некалі душа твая, асветленая верай,
Прычасна стане рымскаму касцёлу.
Георгій.
О, перадай ты, сэрца, вестку гэту
Тым, хто мяне паслаў,
Каго я там пакінуў!
Прыор.
Указам караля і князя-кардынала
Ад сённешняга дня Францышак Скарына
Між вамі, доміні, як роўны паміж роўных.
Віват каралю і біскупу!
Чэхі.
Віват каралю!
Немцы.
Гох біскупу!
Георгій.
Няхай жыве настойлівасць, мой Товій,
Няхай жыве святло навукі!

Заслона


КАРЦІНА ДРУГАЯ.

1506 год. Бібліятэчная зала ў доме Глагоўскага. Паліцы і шафы з кнігамі і скруткамі, старажытныя мапы, аптэчныя вагі, мензуркі, колбы: усе атрыбуты сярэдневяковага вучонага. Камін з антычнай абліцоўкай. Каля яго і поруч на рабочым стале начынне: клешчы, малаткі ўсіх памераў, ціскі, саганкі для вару і плаўні. Крыху ўбок — стол, засланы чыстым абрусам, з напоямі і ежай. У пакоі прафесар Глагоўскі, у шоўкавай мантыі і аксамітнай шапачцы доктара, і некалькі, па святочнаму апранутых, студэнтаў. Сярод іх Георгій Скарына і Станіслаў Забржэзінскі. За рабочым сталом за нейкай ювелірнай работай Товій. Адчуваецца прыўзнятасць настрою і ў рухах і ў галасах.

Глагоўскі.
Маладыя сябры мае!
Сярод сямі узгоркаў Рыма
Было слаўнейшых два:
Капіталійскі, з храмам
Юпітэра, Юноны і Мінервы, —
То было сэрца Рымскае дзяржавы, —
І Авентын, куды збіраліся плебеі,
Калі сцяг бунту узнімалі
Супроць патрыцыяў.
Сябры мае,
Мы брацтва наша маладое
Назвалі Авентынам нездарма.
Наш Авентын —
Узгорак Розуму, прытул Навукі.
Няхай астатнім светам правіць Капітолій,
На Авентыне мы — цары! Сягоння
Святкуем выпуск бакалаўраў новых
Сямі мастацтваў вольных.
Калі сабраліся усе, прашу к застоллю!
Георгій.
Спазніўся Андржэяка — чэх, але
Хто позна ходзіць, сам сабе і шкодзіць.
Забржэзінскі.
А тырсафорам сёння хто?
Георгій.
А тырсафорам, пане Забржэзінскі, быць табе
Па праву:
Больш, як ты, нікому з нас не выпіць.
Забржэзінскі.
Тады давайце тырс, інакш за стол не сяду.
Товій (смяецца).
На гэты раз падрыхтаваў.
Усе (з рогатам).
О-о, глядзіце! І плюшчом абвіт,
І шышка спелая, як нос у Стася.

(Усе з жартамі садзяцца за стол. не выключаючы і Товія).

Забржэзінскі.
Ну вось, я скіпетр Бакха ўзяў,
Наліць прашу каўшы, які каму па густу.
Георгій.
Люблю я Рым і Грэцыю, дзе думка,
Глыбокая, як вір, высокая, як неба,
І смелая, як леў, і вольная, як птушка.
Перапляталася з прыгожай весялосцю.
Яны, сябры, уваскрэснуць, веру я,
Нібы віно старое, яшчэ набраўшы моцы.
За гэту сілу думкі й непадлегласць
Яе законам Кронуса—асушым першы коўш.
Забржэзінскі.
Эй, Скарына, уладу Бакха мне ўручыўшы,
Не забірай яе без спросу.
Георгій.
На тое мы на Авентыне, брат.
Забржэзінскі.
Не, не, — парадак бою і напою
За ваяводай гэтых двух баёў,
Інакш цябе я пачастую чаркай
Вось гэтаю, налітай да краёў!

(Ён выцягвае з-за пазухі турыны рог, аздоблены разьбой).

Георгій.
У такім баю здаюся, Забржэзінскі!
За што-ж тады нам выпіць першы коўш?
Забржэзінскі.
Навукі скончаны… прабачце, пан прафесар.
Георгій.
Як для каго! Напрыклад, для мяне
Яны яшчэ ледзь пачаліся, дружа.
Забржэзінскі.
А для мяне даволі два гады
Спрачацца, колькі д’яблаў змясціць мог бог
На вастрыні іголкі. Я даведацца хачу,
А колькі ворагаў змясціць я сам магу
На вастрыні шляхоцкай шаблі, колькі
Дзяўчат абняць вось гэтымі рукамі можна,
І колькі страўнік грэшны мог змясціць віна?
Георгій.
Апошняе не паддаецца ўліку,
Прынамсі для цябе.
Забржэзінскі.
За маладосць, за шчасце, за жыццё
Паднімем першы коўш, калі
Дазволіць, пан прафесар…
Глагоўскі.
Я з вамі паднімаю коўш за гэта.
Сваім замілаваннем да жыцця
Былі па праву вы на Авентыне.

(Усе выпілі).

За што-б ты выпіў, Товій?
Забржэзінскі.
Я пратэстую, пан прафесар.
Глагоўскі.
Я іспыту вас падвяргаю, даміне, на колькі
У сценах нашае вышэйшай школы
Мы навучылі вас валодаць воляй.
Забржэзінскі.
Я падначальваюся, пан прафесар, але ў знак
Не знятага пратэсту аддаю сцяг Бакха
Свайму суседу.
Глагоўскі.
За што-ж усё-ж ты-б выпіў, Товій?
Товій.
Калі дазволена мне, беднаму яўрэю,
У грамадзе паноў яснавяльможных
Сказаць, што думаю, — я выпіў-бы за дружбу,
За мір паміж людзьмі аж да сканчэння свету.
Каб не крывёй, а потам земляроба
Было паліта поле для ужытку люду,
Каб не палілі хаты, храмы, сінагогі,
А будавалі іх, каб не палілі кнігі,
А друкавалі іх, каб людзі так жылі,
Як марылі мы з вамі, пан Францышак.
Глагоўскі.
Аман. Гэта будзе, Товій.
Калі не меч, а мір
Уславіць слова чалавека,
Калі не каралі,
Філёзафы пасядуць на прастолы.
Бо што кароль? Найлепшы — толькі воін,
Найлепшы з лепшых у свой вольны час
На час стаць можа мецэнатам для навукі.
У Польшчы трыццаць тысяч каралёў,
А для навукі Польшча — ноч, на жаль.
Георгій.
За зорку ў той начы, за першы
Універсітэт, які нам стаў калыскай,
За чалавека ў ім, які падняў пакроў Ізіды,
Даў заглянуць у бездань чалавечых ведаў,
Нам крыллі адрасоў, каб мы у свет ляцелі,
За нашага прафесара, калегі!

(Усе ўсталі і выпілі).

Глагоўскі.
Доміне Францышак! З асаблівым
Замілаваннем да цябе звяртаю слова,
Ўлюбёны вучань мой. Не крыўдзіцеся, дру́гі,
Ён быў між вас, як месяц, паміж зорак.
Як сонца промень — розумам,
І працай, як пчала.
Палёту дум яго быў цесны наш убогі
Універсітэт.
І талент гэтакі зарыць — злачынства.
Ў імя таго,
Хто даў табе твой розум,
Упартасць і узнёсласць дум, —
Ідзі вучыцца далей.
Георгій.
Мне даў іх мой народ гаротны.
Ў імя яго
Гатоў пайсці вучыцца на край свету.
Але куды ісці, настаўнік мой?
Глагоўскі.
Ідзі ў Італію, у Падую. Між Акадэмій свету
Яна за ўсіх слаўнейшая, Францышак.
Там розуму мужы свяцільнікам навукі
Ноч догматаў сляпых і непарушных
Сумелі разагнаць.
Георгій.
Пайду, настаўнік мой.
Глагоўскі.
Дай абніму цябе, сын мой. Я ведаў,
Што сэрца ты мне ўзрадуеш
Адказам толькі гэткім.

(Яны горача абняліся і пацалаваліся тройчы).

Товій.
Асмелюся напомніць, пан Францышак,
Што засталася ў Вільні нейкая Ізольда,
Якая ўсе чаканкі з’ела на Трыстана.
Студэнты.
Э-э, Францышак! За табой такога
Не ведалі на’т мы — бліжэйшыя сябры.
У ціхай завадзі заўжды чарцям раздолле,
Як грэшніку у кляштары. Хваліся
І хто яна і дзе?
Георгій.
Я не забыўся, Товій, на яе. Сябры мае,
Я сэрца сёння шчасцем так напоўніў,
Што льецца аж праз берагі яно.
Гатоў і гэтай радасцю я з вамі падзяліцца.
Яна — анёл, мне даны шчодрым небам,
Псіхеі роўна прыгажосцю, не здарма
Яе жамчужынай ў святым хрышчэнні
Назвалі, Маргарытай.
Студэнты.
О то-ж бо то, што Забржэзінскага з сабой
Ты з Вільні звёз: баяўся, каб не ўкраў
Тваю жамчужыну, бо ён на пэрлы — гад!
Георгій.
Не ўкрадзе. У свяшчэнную я Падую пайду
І не адзін, са мною пойдзе Маргарыта.
Товій.
Дазвольце мне, як сценю, цераз год
Пайсці слядамі вашымі.
Студэнт.
А як сляды ты тыя знойдзеш?
Товій.
Па ружах,
Якія расцвітуць на іхніх сцежках ўсюды.
Глагоўскі.
За шчасце доміне Францышка
Па поўнаму каўшу!
Забржэзінскі.
Не, трэба тут па два
І чарачку маленькую ў дадатак!

(Уваходзіць Андржэяка, чэх).

Андржэяка.
Хто скажа, што спазніўся я,
Няхай ён праглыне язык, замест закускі.
З’явіўся я якраз у час, калі
Налітыя каўшы яшчэ да рота не данеслі.
Коўш чэху Андржэяку!
Пасля узнаю, за каго п’ецё.

(Усе выпілі).

Я знаю, вы пілі за беларуса, за яго.
Георгій.
Дзякуй! (Абнімае.) А усё-ж спазніўся ты.
Дзе быў, што нават тайная вячэра Авентына
Цябе не прыцягнула, любы Андржэяка?
Андржэяка.
Не Андржэяка я, а цэлы мех навін.
За вушы патрасі мяне, Францышак,
Пасыплюцца навіны, як арэхі з меха.
Студэнты.
А добрыя ці не твае навіны?
Андржэяка.
У кожным добрым ёсць благое і ў благім
Ёсць добрае. Памёр кароль у Вільні,
Памёр і цесць яго ў Маскве.
Апальны князь, здаецца, Глінскі Міхаіл,
Сцяў гродзенскага ваяводу, кажуць,
За здраду нейкую агульнай справе,
І ўзняў паўстанне на тваёй радзіме,
Брат Францышак.
Забржэзінскі.
Сцяў гродзенскага ваяводу? Ты не чуў
Як прозвішча яго? Мой бацька быў у Гродні…
Андржэяка (хлопае сябе па лобе).
Ах, рэшата пустое… Забржэзінскі…
Ён прозвішча назваў, ды я не думаў,
Што бацька твой…
Забржэзінскі.
Хто «ён»? Дзе быў ты? Чуў адкуль?
Андржэяка.
А ці-ж я не сказаў?
Да біскупа паслаў мяне пан прыор
А ў біскупа ганец, фон-Шпілер, проста з Вільні.
Ад Сігізмунда караля, якога там абралі.
Забржэзінскі.
Тады… бывайце! Сёння-ж еду ў Вільню,
І плача хай род Глінскага й саюзнікаў яго!
Андржэяка.
У Вільню проста не праедзеш. Той ганец
Даў крук вялікі: гарады ўсёй Беларусі
Паўсталі з Глінскім. Цар Васіль Маскоўскі
Ім раць сваю паслаў у дапамогу.
Георгій.
А Полацк як? Ты не пытаўся?
Андржэяка
Праз тое і спазніўся, што пытаўся.
Не, Полацк не паўстаў яшчэ.
Товій.
А Вільня як?
Андржэяка.
Ў руках у караля, хаця кароль не там,
Ён вышаў на сустрэчу перакопскім ордам.
Забржэзінскі.
Тады хутчэй у Вільню

(Ён спешна апранаецца. Георгій загароджвае яму дарогу).

Георгій.
Чаго?
Забржэзінскі.
Знішчаць род Глінскага.
Георгій.
Род Глінскага, ці свой народ знішчаць?
Ты Забржэзінскім стаў нядаўна,
Нават дзед твой,
Князь Забярэзінскі, быў праваслаўнай веры,
Ён быў-бы з Глінскім зараз.
Нават бацька твой
Ішоў з сваім народам, покуль здрада
Яго з шляху не збіла. Ты-ж куды ідзеш?
Забржэзінскі.
Сын Скарыны-купца,
Пра гэта не тут размовы весці,
А на бранным полі,
Там да тваіх паслуг.
Бывайце, пан прафесар!

(Ён выходзіць не развітваючыся з астатнімі).

Глагоўскі.
О, Польшча, Польшча, як шкада, што правіць
Табой не ясны розум, — ясныя паны
З пышлівасцю крывой і аднабокай!
Сярод славян
Магла-б ты стаць ядром ў арэсе,
І моцным быў-бы той арэх
Пры братняй дапамозе…
А так згубіць сябе ты можаш,
Абяскровіць іх
На радасць ворагам сваім і іхнім…
Студэнты.
Чэх, навіна твая такая, што не ўседзіш.
Дазвольце, доміне прафесар, нам пайсці?
Глагоўскі.
Ідзіце, другі, толькі не губляйце з сэрца
Зярняты чыстыя дабра і праўды,
Якія вы тут атрымалі. Палічу тады
Сваю я працу сплачанай.
Застанься ты, Францышак,
І, Андржэяка, ты.

(Студэнты развітваюцца і выходзяць. Товій збірае са стала).

Глагоўскі.
Што расказаў яшчэ той веснік з Вільні?
Андржэяка.
Пры Забржэзінскім не хацеў казаць я. Глінскі
Ўварваўся ў замак ноччу, на пасцелі
Зняў ваяводзе галаву, бо той калісьці
Ўвесь план паўстання выдаў каралю,
І, каб не смерць старога караля, вісець-бы
На шыбеніцы Глінскаму.
Георгій.
Не толькі Глінскаму, а й бацьку
І можа нават мне.
Андржэяка.
Чакай, чакай, Францышак! Гэты Шпілер
Казаў, што сцята галава яшчэ
Купца і мешчаніна Вільні,
Скарыны якогась.
Георгій.
Кім сцята? Глінскім?
Андржэяка.
Не, у часе бойкі, вартай Забржэзінскіх,
Бо ён адкрыў вароты замку, начаваў у ім.
Георгій.
Прымі ты, божа, ў рай душу яго,
Даруй мне радасць ў смутную хвіліну,
Што за народ, а не супроць яго
Паклаў сівую галаву сваю
Стары мой добры бацька.
Благаславіце, пан прафесар, ехаць у Вільню.
Не словам,
А мячом за свой народ змагацца.
Андржэяка.
Чакай. Калі ты сын старога Скарыны,
Нябожчыка, тады павінен сёння-ж
Не ехаць, — бегчы, і не ў Вільню,
А далей ад Вільні,
У Прагу да мяне. Бо Шпілер той прывёз
Загад схапіць… Чакай-жа… Ха-ха-ха!
Дарэмна напужаць мог, галава пустая!
Схапіць Георгія, а не Францішка…
Георгій.
Георгій я і ёсць. Францышкам тут назваўся,
Каб да навукі дапусцілі.
Глагоўскі.
Тады ты, Товій, прынясі адзенне мніхаў,
Маіх гасцей, што загулялі недзе,
Пераапранутыя ў свецкае.

(Товій выконвае).

Вы пойдзеце да Андржэякі. Заўтра рана
Вам коні сам падам ледзь золак
І ў Прагу, як мага, хутчэй!
Георгій.
Не ў Прагу, ў Вільню, пан прафесар!
На выклік Забржэзінскага адказ інакшы
Даць не магу. Цень бацькі кліча.
Глагоўскі.
Народ больш бацькі, сын мой.
Забржэзінскі што? Умоўнасць, праз якую
Ты здольны перайсці ў імя народа,
Як прыкра не было-б для токара твайго, мой сын.
Павер настаўніку, на полі бою
Адзін ты — невялікая падмога.
Інакшай славы і падмогі ад цябе
Чакае твой народ, Георгій:
Ты возьмеш на сябе яго аcветы лёс,
Ты Акадэмію у Полацку збудуеш,
Калі народ твой пераможа.
Георгій.
Калі-ж народ разбіты будзе?
Глагоўскі.
Народ разбітым быць не можа;
Калі-ж адступіць ён, тады яшчэ пільней
Патрэбна будзе галава твая, твой розум
Твайму народу.
Вер, як бацьку, мне, Георгій!
Затрэ вайна і час у каралеўскіх слуг
Тваю віну, ты вернешся у Вільню,
Апорай станеш новай барацьбы,
А можа й перамогі. Ідзі у Падую.
Георгій.
Не… Маргарыта там…
Андржэяка.
Цьфу! Як вытрасі з сябе усе навіны?
Калі Георгій ты, дык можа ты і Юрка?
Георгій.
Адно і тое гэта.
Андржэяка.
Значыць, да цябе
Ішла старая з Вільні. Па дарозе я спаткаў
Ці то убогую, ці проста багамолку,
Яна, убачыўшы маю адзежу, запытала:
Ці ведаю я Юрку Cкарыну, які сюды вучыцца
Паехаў два гады назад? А я сказаў,
Што Юркі я не ведаю, а ёсць знаёмы
Францышак Скарына, то можа ён што знае.
Георгій.
А дзе яна?
Андржэяка.
Прывёў да вас ў кухарню, пан прафесар.
Глагоўскі.
Ідзі і прывядзі сюды старую, Товій.
Андржэяка.
І я з табой. Ты па дарозе патрасеш мяне,
Мо’ высыплюцца ’шчэ навіны?

(Яны выходзяць).

Георгій.
Што, божа мой, старую ўзняць магло
Аж з Вільні ў Кракаў? Хто яна такая?
Глагоўскі.
Будзь мужным, сын мой! Некалі я ў Рыме
Гадзіннік бачыў сонечны. Вакол яго цыфіры
Мудрэц адзін зрабіў рукой мастацкі надпіс:
„Vulnerat omnes, ultima necat.“
«Ра́няць ўсе, астатні забівае».
Гатоў да новага іспыту будзь, мужайся!

(Товій і Андржэяка прыводзяць Арыну. Юрка кідаецца да яе).

Георгій.
Арына!
Арына
Юрка! Вось давялося дзе спаткацца…
Георгій.
Што з Маргарытай?
Арына.
Сокал, сокал,
Нашто сваю галубку кінуў ты тады?
Ой, закляваў яе груган драпежны!
Георгій.
Хто?
Арына.
Адвернік, той хрыстапрадавец, загубіў
Яе жыццё… Гвалтоўна аддала Дарота
Яму тваю, наш голуб, Маргарыту замуж.
Георгій.
„Ultima necat!“ — апошні забівае. Дзе ты, шчасце,
Якім я толькі што быў повен?
Хто спусташыў душу маю?
Арына.
Як плакала яна… прасіла: «Мамка!
Ідзі хоць на край свету, Юрку адшукай.
Скажы: «Кахала і чакала. Кахаю больш яшчэ,
Ды не судзіў нам бог і злыя людзі».
І я пайшла, як пабірушка, і дайшла…
Георгій.
У Вільню, Товій!
Глагоўскі
У Прагу, сын мой! Спакушае бог цябе,
Як Іова. Мужайся! Утапі у працы
І гэты боль, бо нават богі
Зрабіць не могуць быўшае нябыўшым.
Георгій.
Не! Тады ў стан Глінскага,
Каб скласці галаву
На шаблю вострую.
Глагоўскі.
Каб ворагі сказалі дзякуй? Каб бацька твой
Пракляў цябе? Каб, вядучы цябе на плаху,
Смяяўся вораг твой з твайго народа?
Георгій.
О не, з народа я смяяцца ім не дам!
Я згодзен, мой настаўнік… Сцісну сэрца,
Пайду я пешкі праз Еўропу; сілу волі
Я накірую для адзінай мэты
У імя цябе, ў імя любві сваёй к табе,
Народ вялікі мой, пакутнік мой вялікі!
Дай, Товій, ненавіснае адзенне.
Ідзём, мой добры сябра!
Андржэяка.
Ідзём, Францышак!
Товій.
Я з вамі заўтра. Я ўцяку ад буквалітца.
Георгій.
Бывайце, дарагі настаўнік! Дзякуй
За вашу працу і за сэрца залатое дзякуй.

(Абнімаюцца, развітваюцца).

Арына.
А што сказаць мне Маргарыце? Адпачну,
Калі дазволіць гэты пан…
Глагоўскі.
Прашу я вельмі.
Арына.
… І пайду.
Георгій.
Скажы, Арына… Праклінаю час, калі
Спаткаў яе, ў які я ёй паверыў.
Які мне сэрца выпаліў пякучым болем…
Не! Не кажы таго!.. Скажы, што я люблю,
Што не забыць яе нідзе мне і ніколі,
Што абыйду я мора і зямлю,
А к ёй прыду такім, як быў, каб хоць памерці
Ля ног яе… Не, не кажы і гэта!
Скажы, што шчасця ціхага жадае
Табе твой Юрка, што гатоў ён сам
Пакуты несці на крыжы, каб вымаліць у бога
Ёй шчасця ціхага хвіліну. Толькі гэта
Скажы, Арына, ёй.

(Ён і Андржэяка вышлі).

Глагоўскі.
Ідзі, адпачывай, старая. Товій,
Запры запоры, коней сам дагледзь,
Каб сіл хапіла нават ад пагоні
Уратавацца, калі трэба будзе.

(Товій і Арына выходзяць. Глагоўскі адчыняе акно).

Не моцна шчасце чалавека ў свеце,
Не моцны й лёс мацарстваў і імперый.
Адна прырода моцна, роўнаважна,
Але затое і бяздушна. А што лепей,
Не знае чалавек… І, непакойны духам,
Будуе піраміды, храмы, творыць цуды
І разбурае іх… Шукае шчасця…
А дзе яно?.. А па якіх законах
І хто, і да якое мэты
Табой кіруе, непакойны дух наш?

(Задумваецца, гледзячы ў акно. Ціхенька ўваходзіць Товій).

Товій.
Пан прафесар, імем караля
Там нехта грукае у браму.
Глагоўскі.
Ідзі і адчыні.
Товій.
Мо’ з вока што прыбраць?
Глагоўскі.
Не трэба.

(Товій выходзіць).

Глагоўскі.
Святая інквізіцыя, напэўна?
Начныя кажаны святой савы,
Увенчанай тыарай рымскай,
Што не выносіць сонечных праменняў.
Што прывяло іх на святло акна майго?

(Зачыняе акно. Уваходзяць фон-Шпілер, Ёган, пісец, прыор і Товій).

Прыор.
Прабачце, пан прафесар, што позна
Турбуем вас. Ну, дзе студэнты, пане Шпілер?
Глагоўскі.
Што гэта знача, Ёган Шпілер?
Ёган.
Да біскупа дайшлі, здаецца, весткі,
Што пан прафесар наш сягоння
Сабраў тут новых бакалаўраў некаторых…
Глагоўскі.
Хто-ж весткі тыя біскупу данёс?
Ёган (нахабна).
Католік добры.
Глагоўскі.
Католік ён не добры і не добры шпег.
Прыор.
Я-ж гаварыў, што гэта глупства, што мана,
Што Акадэмія пад нашым кіраваннем
Апірышчам каталіцызма стала…
Пытайцеся пра Скарыну, фон-Шпілер.
Шпілер.
У вас жыве Георгій Скарына?
Глагоўскі.
Францышак Скарына тут жыў, а сёння
Ён вестку атрымаў, што дома ў Вільні
Памёр айцец, і выехаў у Вільню,
Каб вымершчыну атрымаць. Усё?
Шпілер.
Як так, — усё.
Пісец.
Вікары біскупа прасіў вас прыбыць у замак.
Глагоўскі.
Товій, пабудзеш дома. Накармі старую,
Пра коні не забудзься. Добрай ночы.
Товій.
Ўсё будзе зроблена, вяльможны пан прафесар.

Заслона.

Акт IV[правіць]


АКТ ІV

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Товій.
Леанардо — камандор «браво».
Паоло — яго памочнік.
Джакобе — кухар «браво».
Джузепе — выпівака, яго падручны.
Фадзей Мусаці — віцэ-прыор Медычнай Калегіі.
Джульета — яго дачка.
Першы вучоны.
Другі вучоны.
Альдзіне — венецыянскі друкар.
«Браво», вучоныя, сяброўкі Джульеты, студэнты.

КАРЦІНА ПЕРШАЯ І ДРУГАЯ.

1512 год. Горная цясніна каля Падуі, у Італіі. Стан «браво» — разбойнікаў. Усюды ў беспарадку раскідана запасная зброя, стракатыя груды рознай вопраткі. З-за скалы відаць шацёр камандора. Пасярод цясніны гарыць касцёр, над якім трыножнік з катлом і верцел са смажанінай. Каля іх завіхаецца Джакобе. Крыху далей Джузепе сядзіць на камені і прабуе віны з мяхоў і вялікіх гладышоў.

Джакобе.
Гэй, кратайся, Джузепе — чарапаха!
Наш цэзар можа быць з хвіліны на хвіліну
З сваёй нявестай, і тады…
Ты чуеш, вінны мех са скуры
Асла старога… ён цябе
На макароны скрышыць, пашаткуе.
Джузепе.
Сін’ёр палонік, з ручкай, перапрэўшай у супе,
Не перашкаджай ты справе вельмі тонкай:
Віно павінен выбраць я на гэты
На царскі пір, на царскае вяселле.
Тут трэба тонкі густ і добры вопыт.
Вось гэта, можа? (Спрабуе.) Гм… Крышачку кісліць.
Наш цэзар можа уявіць, што мы знарок
Падсунулі яму кісьляціны, каб пасмяяцца
З яго вяселля, з жонкі, і тады
Ты пападзеш ў давільню вінаграда
І ператворышся у жмых.
Джакобе.
Пры чым тут я, ублюдак Бакха?
Ты выбіраў віно, ты й падстаўляй кумпяк
Пад бот яго.
Джузепе.
Э, не! Ён знае, чым мяне настрашыць:
Ён будзе біць цябе, каб я баяўся.
А дай-тка мне, Джакобе, смажаніны,
Каб ведаць, як яна густуе
З віном вось гэтым.
Джакобе.
Скажы прасцей, п’янчуга, закусіць патрэбна.
Закусіш і каршнём. Ой, пападзе табе!
Джузепе.
Мне?! Хацеў-бы я пабачыць, хто
Адважыцца чапіць мяне, смялейшага між браво!
О, я яму-б усё горла перагрыз вось так…

(Ён хапае смажаніну з верцелам і, апякаючыся, грызе яе).

Джакобе.
Кінь смажаніну, каплун!
Джузепе.
Я смажаніну ўзяў?! Глядзі ты!
У парыве гневу нават не заўважыў.
Джакобе.
Чаму-ж, калі ты не заўважыў, камень не ўгрызнуў?
Джузепе
А я аднойчы грыз і камень, у саборы
Святога Марка, у Венецыі.
Джакобе.
Мані, мані, стары манюка, бо з маны
Падаткаў не бяруць.
Джузепе.
Хто, я маню?
Клянуся Хрыстафорам! Справа так была:
Аднойчы камандор ахвотнікаў паклікаў
Пайсці ў Венецыю, ў сабор святога Марка,
Прыстукнуць варту для парадку і забраць
Што знойдзецца. Хто-ж самы смелы?
Вядома я. Двух малайцоў угаварыў я
І рушылі. А ноч такая цёмная,
Што носа ўласнага і то не бачыш.
І адчуваю я, што чорт нас ў цемры кружыць,
Давай чытаць я ўголас загаворы,
Якім мяне манах вандроўны навучыў.
Джузепе.
Дапамагло?
Джакобе.
Яшчэ, брат, як! Бо то-ж была замова,
Што сам Люцыпар ад яе у пекла-б збег.
Джузепе.
Ну, дык брашы далей.
Джакобе.
Не верыш, што такая ёсць замова?
Джузепе.
Чаму? Я сам адну замову знаю,
Што ад яе Люцыпар нават з пекла уцячэ.
Джакобе.
Дык вось, прышлі. Вартаўніка за горла,
Ключы ад пояса і ў храм. Там пад прастолам
Тайнік знайшлі, а лезці ўсе баяцца.
Палез ізноў-жа я. Тут чорт, відаць, пабачыў,
Што я палез, і за мае замовы
Люк каменем прыкрыў.
Туды, сюды я, — няма выйсця.
Ліраў колькі хочаш,
Чаш залатых да чорта.
Золата, каменне — самацветы,
А хоць-бы лом які, ці, нават, колі
Было акенца збоку: галава пралезе,
А плечы не. І камень нетаўсты, стары.
Давай зубамі грызці. Вось гэты зуб зламаў,
А выгрыз дзірку, вылез…
Джузепе.
А мне казалі, што табе той зуб
Жанчына качаргою выбіла,
Як п’яны да яе палез.
Джакобе.
То зуб другі быў, гэты там зламаў.

(Джузепе толькі тут заўважыў, што Джакобе трымае ўжо толькі костку ад смажаніны: рэшту абгрыз).

Джузепе.
А смажаніну з’еў усё-ж, гад?
Джакобе (робячы выгляд, што здзіўляецца.)
З’еў?!
Даруй, браток, сам не заўважыў нават.
Джузепе.
Дык… костку дагрызай мне зараз!
Джакобе.
Костку? Дык яна-ж цвярдая.
Джузепе.
А камень грыз? Грызі!
Інакш скажу я Леанардо…
Джакобе.
А я скажу: пажартаваў.
Джузепе.
І ён таксама пажартуе: загадае
Цябе уздзець на верцел і падсмажыць.

(Чуваць гук трубы).

А вось і Леанардо, лёгкі на ўспамін.
Ты чуеш крыкі, трубы? То картэж вясельны:
Вязе нявесту Цэзар, узятую ў баю.
Тут будзе пір, які гарам не сніўся,
Калі іх бог ляпіў. Віна, сін’ёр абжора!
Ружы, ружы дзе? Трубі ў адказны рог!

(Хапатлівая падрыхтоўка да сустрэчы: на паднос ставяцца два рагі, абвітыя ружамі, кладзецца хлеб, наліваецца віно. Джакобе хапаецца за трубу. Раптам з-за скалы ўваходзяць браво, узброеныя, запыленыя, перавязаныя акрываўленым шмаццём. Яны нясуць на насілках нерухомых Леанардо і Джульету).

Паоло.
Спыніць, сын ведзьмы! Бачыш, паміраюць.
Насілкі ў цень стаў поруч.
Хай хоць на тым свеце
Іх душы возьмуць шлюб перад прастолам бога.
Джузепе.
Што здарылася, браво?
Джакобе.
Як маглі
Вы пад абух падвесці камандора?
Паоло.
Маўчы, сын бочкі! Біліся мы добра,
Ды картэж Джульеты ахоўвала варта,
Ўдвая мацнейшая за нас. Мы іх паклалі ўсіх.
Маглі схапіць Джульету, ды яна у міг астатні
Паслала кулю ў сэрца камандору, а сама
З скалы саскочыла і, мабыць, паламала ногі.
Джузепе.
Навошта-ж вы яе сюды цягнулі? Трэба
Было на месцы там прыкончыць.
Паоло.
Так Леанардо загадаў, пакуль не страціў памяць.

(Леанардо застагнаў на насілках. Паоло падышоў да яго).

Віна, Джакобе… Што, цяжка, камандор?
Віна-б мо’ выпіў?
Леанардо.
Дзе… Джульета?
Паоло.
Пры нас.
Леанардо.
Ёй доктара…
І ўсе… ўсе скарбы, што я маю…
Аддаць яму, калі ён… вылечыць яе й мяне.
Паоло.
Па ўсіх дарогах разаслаў я браво
Доктара шукаць.
Леанардо.
Калі-ж не вылечыць… яго й яе…
Жывых са мной… у магілу. Цяжка… дай віна.

(Чуваць гук трубы. Гук набліжаецца).

Паоло.
Джакобе! Адказны гук трубы! Магчыма, доктар.

(Джакобе прамарудзіў і атрымаў выспятка ў зад).

Хутчэй, сын бочкі з тухлым півам!
Часцей, часцей трубі, хай у галоп
Сюды імчацца. Лічаны хвіліны тут.
Джульета (трызніць).
Сюды… ка мне, мая… ахова!
Паоло.
Маўчыце, сін’ярыта, не растраўляйце сэрца,
Інакш вось гэты нож абрэжа вам жыццё!
Дай ёй віна, Джузепе.

(Джузепе выконвае).

Джульета.
Дзе я?
Джузепе.
Не трэба хвалявацца, сін’ярыта. Вы на гэтым свеце.
У Леанардо Чорта, Цэзара, у якасці яго нявесты,
А жонкай станеце, вас ведзьмай назавуць,
Хаця, прызнацца, прозвішча такое
Прыстане вам, нібы свінні сядло.
Джульета.
О, Санта Марыя, ратуй мяне!

(Яна зноў вяне. У гэты час браво цягнуць звязаных вяроўкамі Георгія Скарыну і Товія. Абодва пасталелі, апрануты бедна, па-дарожнаму. За плячыма ў кожнага торбы з кнігамі).

Браво.
Вось, камандор Паоло, нейкі чужаземец
Ідзе у Падую… Мяркуючы па ношцы,
Да медыцыны нейкае ён мае дачыненне.
Паоло.
Вы, чужаземец, доктар?
Георгій.
Я чалавек, якому вы, звязаўшы рукі,
Звязалі і язык.
Паоло (замахнуўся шабляй).
Адказвай і адразу, бо…
Для камандора дорагі хвіліны.
Ён ранен… памірае.
Георгій.
Калі ты хочаш, каб хутчэй было,
Дык рассячы не галаву, — вяроўкі,
Якімі звязан я.
Паоло.
Эй, развязаць яго!

(Георгія развязваюць).

Вы — доктар?
Георгій.
Я — бакалаўр, аднак ў лякарскіх справах
Я разумею.
Паоло
Вось камандор наш ранены і вось яго нявеста.
Ратуйце іх жыццё. Калі ўратуеце, дам волю
І ўзнагароду ўзяць самім дам права.
Георгій.
А калі не адратую?
Паоло.
Тады, даруйце, але вас жывога
Мы пахаваем разам з ім.
Георгій.
Даўно ён ранены?
Паоло.
З гадзіну будзе.
Георгій.
А яна?
Паоло.
Тады-ж, як раніла яго.
Георгій.
Слугу майго таксама развяжыце.
Паоло.
Не развязаць, — павесіць загадаю зараз,
Калі яшчэ ты памарудзіш…
Георгій.
Загад мой выканаць, інакш я пальцам не крану
І за жыццё яго ў адказе сам ты, браво!
Паоло.
Развязвайце й яго. Хутчэй, вароны!
Георгій.
Товій, падрыхтуй ланцэты. Вар гатаваны ёсць?
Дастань той сок раслінны, што кроў спыняе.
Параненага у шацёр, каб лішніх не было вачэй.
Рушнік мне чысты. Жвава!

(Яго загады выконваюцца вокамгненна. Брава і Паоло выходзяць на цыпачках. Відаць толькі спіна Георгія і яго хуткія рухі з шатра).

Джузепе.
О, гэта доктар! Паглядзі, як заскакалі нашы,
Як ён смычком павёў!
Джакобе.
А можа ён вядзьмар? Свят…
Джузепе.
Стой, не хрысціся, дурань! Калі кум
Ён д’яблу, Леанардо лепш не трэба:
Ён ачуняе зараз. Пра сябе, калі баішся,
Чытай сваю замову.

(Яны хаваюцца за скалой. Праз нейкі час Георгій выходзіць з палаткі, выціраючы акрываўленыя рукі).

Георгій.
Товій!
Товій (выходзячы з палаткі).
Я тут, сін’ёр.
Георгій.
Камандор наўрад ці выжыве… Хаця
Ён дужы, як мядзведзь нагорны…
Товій, я вызвалю цябе. Ідзі ў Падую
І чакай мяне. Калі-ж мяне не будзе,
Ты дабярэшся ў Вільню, хай праз год, праз два…
Вось гэты персцень Маргарыце перадай.
І ўсё…
Товій.
Ад вас, Георгій, я нікуды не пайду.
Георгій.
Не разважаць!
Товій.
Тады у Падуі знайду людзей я,
Я грошы выкупіць знайду вас, пан Георгій.
Георгій.
Ідзі! Прылікі для, я дам табе рэцэпт. Вазьмі
Ўсе запісы мае і кнігі, перадай на сховы
Калегіі медычнай… Эй!

(Джакобе і Джузепе выходзяць з-за скалы).

Хто старшы ў вас?
Джакобе і Джузепе (разам).
Паоло. Эй, Паоло!

(Паоло з’яўляецца).

Георгій.
Памоцніка свайго, Паоло, у Падую я шлю
Па зелле, мне патрэбнае. Ты загадай
Яго правесці на дарогу, даць пароль,
Як зноў да вас дабрацца. Жвава!
Паоло.
Але, сін’ёр… мы — браво, мы — разбойнікі, сін’ёр.
Прытулак наш знаць не павінен
Ніводзін чалавек, тым больш нам незнаёмы.
Георгій.
У вас, Паоло, быў нікчэмны камандор:
Ён вас не навучыў на’т слухацца загаду.
Загад мой выканаць. Пакуль агледжу
Я сін’ярыту, каб ён быў далёка.
Паоло.
Джузепе, завяжы слузе сін’ёра вочы
І правядзі на падуанскую дарогу
Паўночнай сцежкаю. Там пачакаеш, покуль
Назад ён вернецца.
Джузепе.
Хто? Я?! Ніколі! Зарэжце, не пайду.
Паоло.
Чаму?
Джузепе.
Адыйдземся убок. Ці-ж ты
Не бачыш сам, Паоло, гэта — д’ябал.
Відавочна,
Наш Леанардо чорту даў падпіску на душу
І не паспелі раніць Леанардо,
Як чорт сам тут, як тут.
Паоло.
Навошта-ж ён яго ратуе?
Джузепе.
А можа тэрмін не сышоў па іх умове.
Паоло.
А ты слугу прымусь, адвёўшы, пажагнацца…
Джузепе.
Ён іудзей па выгляду і імені, Паоло.
Ты думаеш, ён не знарок зрабіў яго такім,
Які насіць крыж не павінен? Не пайду!
Пашлі Джакобе. Ён замову знае,
Якой ніводзін д’ябла не выносіць.
Паоло.
Эй, Джакобе!
Джакобе (які знарок знік у пачатку размовы аб провадах Товія).
Я!
Паоло.
Ты правядзеш слугу сін’ёра.
Джакобе.
Я?! Крый божа, не пайду…
Бо… ён не доктар, ён — вядзьмар…
Джузепе.
Ты-ж ведаеш замову…
Джакобе.
Каб ты так сонца знаў.
Паоло.
А зрэшты,
Ты пойдзеш к чорту ў зубы, калі я вялю!

(Ён падганяе каршнямі Джакобе. Джузепе кісне са смеху).

Паоло.
Ідзі, слуга сін’ёра, з ім. Я давяду
Да першай варты вас і прасачу,
Як вочы ён табе завяжа.

(Джакобе, Товій і Паоло выходзяць).

Джузепе.
Ну і дурны, свіны кумпяк, папаўся,
Як чарапаха ў суп. Адзначым крэйдай дзень,
Калі Джакобе чорт павёў у пекла,
Каб выпіць за душу яго на сарачыны.

(Ён на скале выводзіць крэйдай рымскае «І». Святло гасне і запальваецца. Глядач бачыць, як Джузепе перапраўляе І на Х, пасля на ХХ, пасля на ХХХХ. Святло зноў гасне і запальваецца. На сцэне Георгій і Джульета).

Джульета.
Скажыце мне, Франчэско, ці прыгожа
Радзіма ваша?
Георгій.
Зямля бацькоў маіх сурова, але прыгожа.
Там акіян лясоў, і нават герцагіні
Не апрануцца так, як апранаюцца лясы
То ў маладую веснавую зеляніну,
То ў залатыя аксаміты дзён асенніх,
То ў белы пульхны снег, прыбраны ў дыяменты
Марознай ночы, ціхай, месячнай і звонкай.
Джульета.
Вы вельмі любіце сваю радзіму?
Георгій.
Як не любіць радзіму?! Нават зверы, птушкі
І тыя любяць месца, дзе жывуць.
Вось бусел… Кожны год ляціць
Ён ад зімы суровай ў цёплы вырай.
Там сонца круглы год, там досыць сытай ежы,
І ўсё-ж, калі вясна прыходзіць на яго радзіму,
Праз многа тысяч міль ён зноў ляціць туды,
Каб у гняздзе сваім, з бусліхаю сваёю
Падгадаваць дзяцей
На тым зялёным старасвецкім дубе.
Дзе можа прадзеды яго калісьці у гняздо
Паклалі першы сук.
Джульета.
І вас, як бусла, цягне ў Беларусь?
Георгій.
О, я зайздрошчу буслам! Каб мне крыллі,
Я быў-бы там штогод. Шчаслівы чалавек
Вякоў наступных: ён будзе крыллі мець.
Джульета.
Як? вырастуць, ці, як Ікар, ён злепіць воскам?
Георгій.
У чалавека крыллі вырасці не могуць.
Я гэты месяц скарыстаў тут, як нідзе, ніколі
Не мог-бы скарыстаць вучоны Акадэміі любой…
Джульета.
Як зразумець вас, доктар?
Георгій.
Я бачыць мог будову цела чалавека,
Я кожны мускул мог яго трымаць ў руках,
Мог параўнаць іх з мускуламі птушак,
Звяроў, жывёл. Я тут пазнаў ўсё тое,
За што любы вучоны Захаду згарэў-бы
Не на адным кастры, а на сямі адразу.
Джульета.
Вы бралі трупы?..
Георгій.
Я пахаваў іх чэсна, усе малітвы.
Якія ім належалі па веры іхняй,
Я прачытаў над імі.
Джульета.
І вам было не страшна?
Георгій.
Пасля мне стала страшна, як пабачыў,
Як глушыць цэркаў веды, як грахом
Яна заве не тое, што грахоўна, —
Грахоўнае, звярынае, сваё
Нам выдае яна за чыстае, святое…
Джульета.
Мой бацька, віцэ-прыор Калегіі Медычнай у Падуі,
Сваім сябрам найблізшым часта гаварыў
Вось тое-ж, што і вы, Франчэско.
О, бедны бацька мой! Чаму табе я
Пра пісьмы, дамаганні Леанардо не сказала?
Ты-б не пусціў мяне за горад, да сяброўкі…
Вы гаварылі з Леанардо?
Георгій.
Гаварыў.
Джульета.
І што?
Георгій.
Зламаць яго пакуль што не ўдалося.
Джульета.
А ўдасца?
Георгій.
Цяжка адказаць.
Душой надломан ён: што вырашыць сягоння так,
То заўтра вырашыць зусім іначай.
Дні першыя ён абяцаў за аднаўленне сіл
Аддаць ўсе скарбы мне, якія мае,
Пасля зрабіў мяне рабом і патрабуе выкуп.
Што заўтра скажа, невядома нават богу.
Джульета.
Я чула, вас ён лічыць чарадзеем,
І страшна стала мне: а раптам…
Георгій.
Я чарадзей?.. Не, сін’ярыта, не, клянуся богам.
Каб быў я чарадзей, даўно-б мы з вамі
Былі у бацькі вашага, ў Падуі, я-ж, быць можа
Ў далёкай Вільні быў-бы…
Джульета.
Хто ў Вільні ў вас, Франчэско? Маці, бацька?
Георгій.
Не, яны памерлі, сін’ярыта.
Джульета.
Ёсць сёстры, ёсць браты у Вільні?
Георгій.
І іх няма. Брат, пэўне, у Пазнані,
Пляменнік недзе ў немцах, сёстры
Усе замужнія, рассыпаны па свеце.
Джульета.
Тады… каханая чакае ў Вільні?
Георгій.
Не, сін’ярыта, не чакае і каханая мяне…
Джульета.
Франчэско мой, скажыце: за мяне
Вас не пускае Леанардо?
Георгій.
Так, сін’ярыта. Я сказаў яму,
Што платаю адзінай за збаўленне
Яго ад смерці немінучай, я вазьму —
Умове згодна — толькі вашу волю.
Ён забабонны, як папа рымскі, і яму здаецца,
Калі адпусціць ён мяне, не выканаўшы просьбы
Свайго збавіцеля ад смерці, смерць
За ім назаўтра прыдзе.
Джульета.
Франчэско, доўга так не будзе:
Ён зломіць страх свой перад вамі
Пасля папойкі добрай, і тады
Мяне прымусіць жонкай стаць яго, а вас
Ён спаліць на кастры, як чарадзея.
Мо’ лепей… кінуць вам мяне. Я зноў
Ўніз рынуся з скалы. Бо я…
Бо я люблю вас, мой Франчэско…
Георгій.
Бедная Іола!
Пакінуць вас, бездапаможную, святую,
У кіпцях звера, у пячоры льва, —
Якой цаной купіў-бы я пасля
Хвіліну хоць адну спакою? Не!
Ці выйдзем разам мы, ці і загінем разам.
Джульета.
Вы любіце мяне, Франчэско?
Георгій.
Сін’ярыта, некалі ў лівійцаў
Сярод пяскоў і скал бязмежнае пустыні
Быў храм Амону, богу тых пяскоў бясплодных.
Мая душа — пустыня. Храм Амона,
Сам раскалены, як яна, стаіць у ёй…
Ці могуць кропелькі расы жар гэты знізіць?..
Я чую гук трубы: варочаецца Леанардо.
Кладзіцеся у ложак, бо хвароба
Адзіная пакуль што абарона…

(Ён праводзіць яе ў шацёр. Джузепе адказвае на трубу. Праз нейкі час ўваходзіць Леанардо, і стомлена кідаецца на камень).

Леанардо.
Што новага, Джузепе?
Джузепе.
Нічога, камандор. Сін’ёра грэлася на сонцы,
Гаварыла пра нешта з доктарам.
Леанардо.
Сама прышла?
Джузепе.
Не, ён яе прывёў і вывеў у шацёр.
Леанардо.
Ідзі! (Той пайшоў.) Як мала сіл яшчэ ў мяне:
Прайшоў з поўмілі, і сіл няма. Эй, доктар!
Георгій (выходзіць з шатра).
Што трэба, камандор?
Леанардо.
Ці хутка выхадзіцца сін’ярыта?
Георгій.
Сказаць вам шчыра?
Леанардо.
Так.
Георгій.
Ніколі.
Леанардо.
Чаму, вандроўны шарлатан?
Георгій.
Які цябе, між іншым, вырваў з кіпцяў смерці…
Леанардо.
Прабачце, доктар. Але ўсё-ж, чаму?
Георгій.
Таму што, покуль ёсць душа у целе,
Лячыць патрэбна цела праз душу.
Ў яе-ж душа баліць мацней за цела.
Паслухайце мяне, я вам дабра жадаю,
Вы спадабаліся мне дзікаю адвагай
І нераздзеленай любові мукай, Леанардо.
Я сам любіў…
Не вашаю любоўю поўдня, хуткамгненнай,
Якая узаўецца к небу і пагасне,
А нашаю паўночнай, якая, як пажар
Сярод снягоў, бушуе…
І я згубіў каханую… Яна
Другога жонкай стала.
Леанардо.
Каго забіў ты першым? Яе? Яго?
Георгій.
Яго я можа-б і забіў, але яе
Благаславіў, бо я любіў яе бязмежна.
Ў такой любві шукай утолі духу.
Леанардо.
Душу мне атруцілі багачы. Мой бацька
Загінуў у турме. Мая сястра
Была зняслаўлена. Я сам
Ледзь вырваўся, і помшчу!
Георгій.
Помсці, але не так!
Мацней і з большай асалодай помсці!
Леанардо.
Як? Навучы!
Георгій.
Ты пад свой сцяг збірай сялян,
Збірай падмайстраў падуанскіх,
Збірай Італію, якую багачы
Парвалі на шматкі, прадалі чужаземцам.
А гэта ж родная зямля, найлепшая у свеце!
Найпрыгажэйшая! У ёй-бы толькі жыць!
Народ чакае гэтага, з яго душой і думкай
Ты злі душу сваю. У гэтым шчасце!
Леанардо.
Я думаў сам пра гэта… О, каб ля мяне
Падругай вернаю была Джульета…
Георгій.
Душу Джульеты ты не возьмеш гвалтам,
А цела без душы — мярцвяк. Вазьмі яе
Ты веліччу душы: пусці яе на волю.
Вярні яе да бацькі. Можа быць, тады
Ты сэрца дзеўчыны кранеш.
Леанардо.
А калі не?
Георгій.
Вазьмі яе геройствам, не разбоем.
А не, — памры з яе любімым імем
На вуснах. Шчасцем напоўніш сэрца ты тады,
І шчасце перажыве цябе: у памяці народа
Імёны вашы злучацца навекі.
Леанардо.
Доктар! Душа ў мяне кіпіць…
Я многа думаў, доктар, ў час хваробы,
Калі душа мая на валаску вісела:
Я заракаўся ліць чужую кроў без справы і патрэбы,
Я абяцаў быць добрым, чулым…
Я ачуняў… Я гвалтам стаў наводзіць
Душу маю на шлях стары, на злобай пратаптаны шлях.
Душа не йшла і мучылася, доктар!
Ты лёгкім брызам на душу павеяў,
І хвалі заспакоеныя нікнуць…
Ідзі… Вазьмі з сабой Джульету…
Вазьмі багацця колькі хочаш…
Георгій.
Багацця мне не трэба. Ўсё аддай яго
На справу новую, на літасць, на дабро.
На ім людская кроў. Хай слёзы
Удзячнасці сірот і ўдоў над лустай хлеба,
Якую даў ім ты, з багацця,
З душы тваёй людскую кроў абмыюць.
Джульету я паклічу, ёй скажы ўсё сам.
Джульета (выходзячы з шатра).
Я чула ўсё, іду сама сказаць я дзякуй.
Нянавісць выпала з душы маёй. Любоў
Не прарасла яшчэ. Расце пакуль што жаласць
І ціхае, як цёплы вечар, спачуванне.
Дай, Леанардо, бог табе спакой душэўны. 
Леанардо.
Ідзіце, доктар. Вядзі яе хутчэй. Баюся,
Што зноў хімеры пекла ўзнімуць ціну
Са дна душы. Джузепе, дай ім коней
Найлепшых, на якіх… каб я хацеў дагнаць,
І то-б дагнаць не змог! А мне — віна!

(Кідаецца ў палатку).

Джузепе.
Коні за скалой, паседланы. Іх рыхтаваў
Я Леанардо.
Джульета.
Бяжым, Франчэско.

(Хутка выходзяць).

Джузепе.
Ну? Ці-ж не вядзьмар? Аблытаў Леанардо,
Аблытаў нас… і знік! А маладзец, яй права,
Хоць можа й чорт. Дарэмна толькі згінуў
Джакобе наш. А можа і яго адпусціць?

(Паяўляецца Джакобе. Джузепе пнецца ад яго).

Чур, чур мяне ты! Леанардо! Д’яблы!

Заслона.


КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

1512 год, пятніца 5 лістапада. Храм святога Урбана ў Падуі. Высокія калоны з цудоўнай роспіссю. Мармуровыя статуі святых у золаце і кветках. Перадалтарнае ўзвышэнне. Перад ім лаўкі і табурэцікі для тых, хто прыходзіць маліцца. Але сёння будні дзень, у храме толькі адна сагнутая горам фігура віцэ-прыора Медычнай Калегіі Універсітэта, доктара Фадзея Мусаці. Крыху счакаўшы паяўляюцца яшчэ два дактары — першы і другі вучоны з кнігамі у руках.

Ф. Мусаці.
Дзіця маё, дзіця маё, мая Джульета!
Каб ведаў я, каб знаў, дзе косці пахаваны
Маёй дачкі, каб хоць магільны ўзгорак
Я мог насыпаць…
Першы вучоны.
Salus et pax animae tuae, honorabile doctor!
Другі вучоны.
Прывет і мір душы тваёй, шаноўны віцэ-прыор!
Прышлі з калегай мы, каб сум твой падзяліць,
Уцешыць і уцішыць боль сяброўскаю размовай.
Ф. Мусаці.
Прывет і вам, слаўнейшыя калегі. Дзякуй
На добрым слове, што, як сонца, грэе.
Першы вучоны.
Але перад усім, па-мойму, чыстата навукі.
Прышлі мы, наш славуты віцэ-прыор,
Бо прачыталі мы вось тыя кнігі,
Якія даў на сховы вам часова
Якісьці іудзей… і валасы мае
Пасталі дыбам.

(А ён — лысы, як калена.)

Гэта — ерась!
Ф. Мусаці.
У чым вы ерась бачыце, слаўнейшы паміж слаўных?
Да вас іх дзесяць дактароў
З калегіі свяшчэннай прачыталі
І ўсе прышлі ка мне у захапленні
І розумам, і ведамі, і сілай
Той логікі, якой валодае іх невядомы аўтар.
Першы вучоны.
Не супярэчу й я таму, але тут ерась
У тым, што ў іх няма ніякай ссылкі
На творы кардыналаў, пап, святых айцоў наогул.
Хвароба кожная тлумачыцца прычынай,
І ні адна з іх — караю святой дзясніцы…
Не можна іх трымаць у нашай
Бібліятэцы, кніг тых ерэтычных.
Другі вучоны.
Я супярэчу поўнасцю і прапаную
Сабраць калегію свяшчэнную хоць зараз,
Абмеркаваць…
Ф. Мусаці.
Збярыце зараз, абмяркуем. Перад гэтым
Прызначце апанентаў слаўнаму калегу
І папярэдзьце іх. Я-ж сам пакуль
Яшчэ раз выплачу свой смутак перад богам.
Другі вучоны.
А пра дачку, Фадзей, ніякіх звестак?
Ф. Мусаці.
О, гора мне, ніякіх…

(Вучоныя пацмокалі губамі і пайшлі. Мусаці таксама вышаў у суседні прыдзел. Тады амаль убягаюць Джульета і Георгій. Джульета стомлена валіцца на лаўку).

Джульета.
Ох сэрца выскачыць, здаецца! Пасядзім.
Як беглі мы!.. я не магла спыніцца.
Георгій.
І я не мог спыніць, хоць небяспека
За горадам яшчэ мінула. Адпачніце.
Джульета.
Забіў-бы ён нас, каб дагнаў?
Георгій.
О, разумеецца, забіў!
Джульета.
Вы мой збавіцель двойчы, тройчы…
Чым адплаціць змагу я вам, Франчэско?
Георгій.
Даць мне прытулак дні на два, на тры,
Пакуль трымаць экзамен буду я
На доктара: ў мяне няма й поўліры:
Ачысцілі мае кішэні браво
Пры першым-жа спатканні.
Джульета.
Даць вам прытулак — абавязак мой.
Вы колькі думаеце тут прабыць?
Георгій.
Дні тры. Калі патрэбна будзе болей,
Я пашукаю працы і жылля асобна.
Джульета.
Я не пра тое, божа мой! Нікуды
Я не пушчу вас, бацька вас не пусціць.
Я іншае пыталася… Застаньцеся, Франчэско,
У нас вы назаўсёды, нават і з дыпломам.
У вас работы хопіць ў Падуі адной,
Я знаю веды нашых дактароў і вашы,
Яны вас абяруць ў сябры Калегіі свяшчэннай,
Грымець па свеце будзе ваша слава,
Да вас прыходзіць будуць вучні
З усіх краін Еўропы…
Георгій.
Не!
Як вытрымаю я на доктара экзамен,
Я пешкі, як мага хутчэй, пайду у Беларусь,
Там мой народ змагаецца за волю,
Я там павінен быць.
Джульета.
Франчэско, нават і тады,
Калі балюча будзе блізкаму вам сэрцу?
Георгій.
Нават, і тады, Джульета…
Джульета.
Вы вернецеся потым? Я чакаць
Вас буду год… і два… і дзесяць!

(На кожны яе лік гадоў Георгій адмоўна ківае галавой).


Джульета.
Радзіма ваша грозна і сурова… і далёка…
Але, Франчэско, зразумейце, я люблю вас…
Я гатова ісці за вамі у суровыя снягі
Далёкай вашай Беларусі.
Георгій.
Таксама не, Джульета. Зразумейце,
Што сэрца у мяне адно, такое,
Якому дадзена любіць аднойчы.
Джульета.
Я чула… Вы казалі Леанардо…
Яна не можа быць за перашкоду…
Яна ўжо замужам…
Георгій.
І я люблю яе…
Чым большы час прайшоў ад развітання,
Чым я далей адходзіў ад яе парога,
Тым больш расла мая любоў…

(Выходзіць Фадзей Мусаці. Джульета кідаецца да яго).

Джульета.
Патэр мі! О, тату!
Ф. Мусаці.
Джульета!.. Любае дзіця маё… Не прывід ты?
Не, не! Я чую голас твой, я адчуваю
Валасы твае пад пальцамі сваімі,
Я вочы бачу, вочанькі твае… Дзіця маё…
Джульета.
Тату, тату!
Ф. Мусаці.
Не думаў я цябе жывой убачыць.
Я знаў, што кінулася ты ад браво
З скалы уніз; я пошукі наладзіў;
Я сам апоўзаў кожны крок… Нідзе, нічога.
Дзе-ж ангел той, што вырваў
Цябе з падвойных лап разбойнікаў і смерці?
Джульета.
Вось мой збавіцель і… забойца.
Ф. Мусаці.
Забойца?!
Джульета.
Тату, я люблю яго.
А ён мяне не любіць, любіць здрадніцу сваю,
Не хоча з намі тут застацца, едзе
Назад у снежную, далёкую… праклятую…
У Беларусь сваю!..
Ф. Мусаці.
У Беларусь?
Георгій.
Я — доктар ўсіх сямі мастацтваў вольных
Францішак, Скарыны сын, з Полацка.
Ф. Мусаці.
Чакайце, вашы запісы і кнігі
У нас. Вы — рускі, доктар медыцыны?
Георгій.
Не, я яшчэ не доктар… Я прышоў прасіць
Высокай чэсці — вытрымаць экзамен
У дактароў Калегіі свяшчэннай вашай.
А кнігі Товій выручыў? Дзе-ж Товій?
Ф. Мусаці.
Слуга ваш, кнігі здаўшы, знік,
Нам не сказаўшы слова… Доміне Францышак,
Мой дом, і я, і ўсё маё к паслугам.
Абняць вас дайце. Гонарам сваім лічу
І шчасцем вас прыняць, як сына, ў доме.
Я знаю, дактары Калегіі прысудзяць
Вам годнасць доктара хоць сёння. Мы ўсе
Былі у захапленні розумам і ведамі, з якімі
Знаёміліся з вашых кніг.
Джульета.
Тату, тады ён заўтра пойдзе назаўсёды…
Не разбівай мне сэрца, тату. Затрымай яго.
Хай пажыве у нас, пазнае, што…
Георгій.
Што вы Раксаны прыгажэў што чарамі Псіхеі
Вас надзяліла маці? Знаю, прызнаю.
Клянуся сэрцам, сін’ярыта,
Калі-б я мог любіць, нікога, апроч вас,
Я не любіў-бы.
Джульета.
Што мне
З нікчэмных вашых апраўданняў,
Што з фіміяма лёстак? Вы, Франчэско,
Вы трэба мне, душы маёй і сэрцу.
Франчэско, я вас не пушчу!
Ф. Мусаці.
Джульета, любая, спакойся. Храм-жа тут.
Джульета.
Што храм мне? Вось мой храм
І ён знікае, тату!
Ф. Мусаці.
Спакойся любая. Збіраецца канвентум
Калегіі медычнай, бачу…
Георгій.
Толькі, сін’ёр Фадзей Мусаці, я не маю
Чым заплаціць… прашу мне учыніць
Экзамен божай ласкі радзі.

(Уваходзяць дактары, сябры медычнай калегіі, з кнігамі Скарыны.)

Вучоныя.
Прывет, славуты доктар, першы паміж намі.
Як? Бог вярнуў дачку? Вітаем, сін’ярыта!
Віншуем, доктар, вас з вялікім шчасцем!
Ф. Мусаці.
Дзякуй, дзякуй! Бог радасць мне паслаў.
Першы вучоны.
І гора, віцэ-прыор: першы паміж першых —
Наш прыор, едучы з Сыцыліі дамоў,
Да сарацын-карсараў трапіў у палон.
Вось ліст яго. Сабраць ён просіць выкуп.
Ф. Мусаці.
Усё, што маю я з дачкой, як лепту,
Я аддаю на выкуп.
Вучоныя.
Мы усе зрабілі тое-ж, віцэ-прыор,
І нехапае ўсё-ж патрэбнай сумы.
Другі вучоны.
Я ўношу прапанову адмяніць часова
Ўсе дабрачынствы нашы, бескаштоўны
Экзамен ў першую чаргу, і павялічыць плату
За ўсе паслугі дактароў, каб як мага хутчэй
Сабраць патрэбны выкуп.
Ф. Мусаці.
Я ухваляю гэта імем бога. Запішыце,
Як сакратар Калегіі, адразу ў кнігу.
Той запіс у заклад дадзім банкіру
І выкупім айца прыора. Аман.
Я рад, слаўнейшыя, што вы ўсе ў зборы,
Што кнігі доктара сямі мастацтваў вольных
Францышка Скарыны ў руках у вас, сін’ёры.
Садзіцеся. Канвентум адчыняю
Калегіі медычнай нашай я у славу бога.
Шаноўныя і слаўныя калегі-дактары навук медычных!
Вось перад вамі сам Францышак Скарына.
За многа тысяч міль прышоў ён з Беларусі
У нашу слаўную Рэспубліку, каб больш яшчэ
Праславіць — яе, Калегію медычную і вас,
Слаўнейшыя між слаўных дактароў у свеце.
І просіць ён, вось гэты бедны,
Але вучонейшы юнак і доктар
Сямі мастацтваў вольных, каб яму
Прысвоена была ступень і доктара навук медычных.
Яшчэ ён просіць вызваліць яго ад платы
За той экзамен і дыплом, бо па дарозе
Быў начыста абрабаваны браво.
Паслухаем яго самога.
Георгій.
Слаўнейшыя між слаўных, светачы навукі!
Адсюль далёка ляжыць мой горад Полацк,
Ляжыць мая радзіма, Беларусь, на фскрыжаванні
Вялікіх рэк, якія лучаць
Яе з Усходам, Захадам і Поўднем.
Па рэках тых вялікіх, па марах
Плыла калісьці слава нашых дзедаў.
Іх медныя шчыты сляпілі вочы
Ў асаду ўзятага Царграда, іх мячы
Разілі орды дзікія Батыя, аб кальчугі іх
Зламалі воўчыя клыкі крыжацкія паходы.
Але не заваёвы, не прыгнёт другіх народаў
Народ мой вабіла. Народ мой ціхі, мірны.
Сваю радзіму любіць ён і ў абарону яе
Ўставаў грудзьмі заўсёды, і яму
Браты яго з Усходу памагалі.
Дык вось, калі яны у барацьбе з Ардой
Напружвалі ўсе сілы, іншы вораг —
Дзе сілаю, дзе здрадай — паланіў
Зямлю маю… Але,
Калі я гэта гавару, я знаю —
Зямля мая уся.
Ад Полацка да Прыпяці лясной,
Ад Нёмана і да Дняпра,
Гарыць агнём паўстання.
Усё ёсць у руках, ў душы майго народа:
Ёсць сіла,
Здольная скрышыць і перацерці горы ў пыл,
Упартасць ёсць, якой валы не знаюць,
Цярплівае ёсць, якой сам Езус на крыжы
Мог пазайздросьць і пазычыць.
І толькі аднаго набыць яму
Не давалі ворагі — асветы поўнай.
Я па яе прышоў.
Я знаю, бог адзін над светам, і адна
Яго праява ў чалавеку — розум.
Для розуму няма ні веры, ні мяжы,
Ні часу смертнага, няма падзелу
На станы паспалітыя, на розныя народы.
Ён аб’едноўвае людзей. Таму з адкрытым сэрцам
З надзеяй шчырай прышоў здалёк сюды я,
Каб запаліць і свой свяцільнік
Ад вашых алтароў, агонь якіх
Запален быў ў далі вякоў сівых
Бяссмертным Праметэем.
Я меў чым заплаціць.
Я — сын купцоў ад прадзедаў і дзедаў.
Але,
Калі народ паўстаў, я ўсё аддаў яму,
І бацька мой аддаў і скарбы і жыццё.
Я мог сабраць аплату працай. І я сабраў яе.
Ды па дарозе быў абрабаваны браво.
Я мог прынесці золата, якое мне даваў
Іх камандор, каб я прадаў сумленне і пакінуў
Ў няшчасці чалавека. Я гэтага зрабіць не мог.
Я перад вамі ўвесь. Даруйце мне адвагу
Прасіць вас, слаўныя між слаўных,
Даць годнасць доктара навук медычных мне
Па спецыяльнай міласці із-за любові к богу!
Ф. Мусаці.
Хто мае што сказаць, няхай устане, скажа.
Першы вучоны.
Дазвольце! Супярэчнасць першая з той пастановай,
Якая толькі што прынята намі. Па другое,
Магістр Францышак ставіць розум чалавека
Амаль што ў ровень з богам у той час,
Як розум чалавека абмяжован…
Ф. Мусаці.
Што скажаце на гэта вы, магістр Францышак?
Георгій.
Я ўсё сказаў для тых, хто паважае розум.
Для тых-жа, хто яго не паважае, што сказаць?
Бог таленты даў чалавеку, сярод іх —
Бясцэннейшы і лепшы — розум.
Ніводнаму з тых талентаў
Бог не паклаў мяжы.
Чаму-ж ён будзе абмяжоўваць розум?
Затое бог даў волю:
Хочаш развівай, а хочаш закапай яго.
І той, хто закапаў, яшчэ не мае права
Лічыць сябе прарокам,
Раіць так зрабіць усім, як ён.
Ф. Мусаці.
Dictum sapient satis est[1]
Прашу калега далей.
Першы вучоны.
Не бачу я таксама ў запісах магістра
Спасылак на святых айцоў, на тлумачэнне імі
Прычыны з’яў, хвароб прычыны нават…
Георгій.
Як дастаслаўны апанент назваў-бы чалавека,
Які замест тавараў на вярблюда
Вады адной нагрузіў-бы ў дарозе,
Вакол якой калодзежнай даволі?
Першы вучоны.
Вар’ятам, разумеецца.
Георгій.
О, так! Навошта-ж толькі вы, слаўнейшы доктар,
Мне раіце вар’ятам быць? Я на свайго вярблюда
Пагрузіў толькі тое, што лічыў карысным,
Вады-ж магу набраць ў любым калодцы-кнізе,
Якіх так многа напісалі да мяне.
Першы вучоны.
Тады асноўнае: пакуль я ўласным вокам
Сам не пабачу, пальцамі сваімі
Сам не памацаю ўсе вопыты, якія
Апісаны у гэтых кнігах Скарыною,
Дактарызацыю яго не падпішу я.
Ф. Мусаці.
А колькі часу трэба будзе вам, шаноўны?
Першы вучоны.
Ну, пяць, ну дзесяць год, не болей.
Джульета.
Даруйце мне, але калі я змоўчу.
То гэты камень закрычыць ад абурэння…
Вучыцца ў вас, у звар’яцелага старога,
Пяць, дзесяць год таму, хто болей ведаў,
Калі радзіўся, мабыць…
Ф. Мусаці.
Замаўчы, Джульета!
Джульета.
Не, тату, не магу! Я ворагу свайму
Паслала кулю ў сэрца, — ён дастаў яе.
Каб ратаваць маё жыццё, ён вылечыў яго.
Зламала ногі я, саскочыўшы з скалы,
З якой каб вы саскочылі, ад вас-бы праху
І прысаку не засталося! — Ён,
Як цудатворца, вылечыў і іх. Зірніце!
Абмацайце іх пальцамі, якія
Магілай пахнуць! О, Франчэско!
Георгій.
Дарэмна, сін’ярыта, вы абразу
Нанеслі слаўнаму між слаўных!
З высокай мо’ званіцы ён глядзеў калісьці
На божы свет, і не яго віна, калі гады
Сваім цяжарам у зямлю уціснулі званіцу.
Першы вучоны.
О, гэта іншае! Тут ёсць і доказ, і павага,
І абарона поглядаў сваіх… Я згодзен!
Ф. Мусаці.
Тады рашаю я… Хто згодзен,
Каб дапусціць магістра Скарыну Францышка
Бясплатна да іспытаў
На годнасць доктара навук медычных,
Няхай кладзе свой голас ў гэту урну,
А хто не згодзен, хай у гэту.
Прыступім-жа у славу Іісуса!

(Пакуль вучоныя, як патрыярхі, кладуць свае галы, — прычым першы вучоны відавочна блытае правую руку з левай, — у храм находзіць моладзь, сяброўкі Джульеты і студэнты. Дзяўчаты акружаюць Джульету, але яна ледзь адказвае на вітанні: яна сочыць за балатыроўкай.)

Сяброўкі.
Джульета! О, Санта Марыя! Як рады мы!
Джульета.
Я рада вам!
Сяброўкі.
Дзе ты была? Як выжыла? Ды ты пахарашэла!
А нам казалі ты папала к Леанардо?
Джульета.
Папала… выжыла…
Сяброўкі.
Ды ты не слухаеш? За кім ты сочыш?
Хто гэты малады, прыгожы?
Джульета.
Рускі.
Сяброўкі.
Рускі? Адкуль-жа гэта?

(Уваходзіць славуты венецыянец-друкар Альдзіне і Товій).

Альдзіне.
Ты кажаш, што аддаў на захаванне кнігі
Твайго сін’ёра Скарыны сін’ёру прыору Мусаці?
І што апошні можа іх закласці за цябе
Пакуль ты пойдзеш выкупіць сін’ёра?
Товій.
О, так, сін’ёр, клянуся богам. Можаце паверыць…
Альдзіне.
Ну, вера верай, а паўтараста лір… Народу шмат…
Што адбываецца тут, клерык?
Клерык (які запальвае свечы).
Дактарызацыя, сін’ёр.
Альдзіне.
Каго?
Клерык.
Не ведаю, якійсьці чужаземец.
Другі вучоны.
Як сакратар, я урны адчыняю.
Адмоўная…

(Ён паварачвае урну. Яна пустая.)

Станоўчая…

(З яе выкачваюцца галы).

Упершыню калегія аднагалосна вырашыла справу.
Я запішу у кнігу той выдатны факт.

(Запісвае).

„Дапушчан да іспытаў на ступень доктара навук медычных бясплатна з-за любові к богу аднагалосна ўсімі дактарамі пан Францішак, сын Лукаша нябожчыка, з горада Полацка, рускі“.
Товій.
Сін’ёр Францішак! Вы? А я дастаў вам выкуп!
Георгій.
Табе не трэба ён?
Товій.
Не! Вазьміце!
Георгій.
Панове дактары! Магу я аплаціць
Дактарызацыю сваю вам поўнасцю!
Другі вучоны.
Не! я запісаў у кнігу. Аман!
Георгій.
Тады… вазьміце ў дар на выкуп айца прыора
Ад мяне і Товія, панове!
Ф. Мусаці.
Учынкам гэтым сведчыце яшчэ раз
Душы сваёй празрыстасць і узнесласць,
Што поруч з розумам ідуць. Я прапаную
Не адкладаючы зрабіць іспыты.
Другі вучоны.
Мы працы доктара Францішка вывучалі
Больш месяца уважна, і скажу:
Не спатыкаў я розуму такога, гэткіх ведаў.
У лабірынце чалавечых заблуджэнняў
Ён з ніткай Арыадны — доследу ідзе, як пераможца,
Уздымаецца на крыллях, як Дэдал.
Я згодзен сам стаць вучнем у яго, і прапаную
Іспытамі лічыць вось тыя кнігі,
І годнасць доктара навук медычных прысудзіць.
Вучоныя.
Мы йшлі на дыспут, віцэ-прыор, з думкаю, што ён
Славуты невядомы доктар, у якога
Вучыцца трэба нам. За гонар мы палічым
Прыняць яго у наша кола, як сабрата.
Ф. Мусаці.
Тады рашаю я… Вітаю паміж нас, Францышка Скарыну,
Як роўнага між роўных, слаўнага між слаўных,
Як доктара навук медычных і мастацтваў вольных.
Я апранаю мантыяй яго…
Як льюцца шоўкавыя складкі з плеч,
Хай так святло навукі ніспадае
Ад светлых дум яго і міласць з яго сэрца.
Зямлі, яго ўспаіўшай і ўкарміўшай,
Хай будзе слава вечная паміж зямель сусвету!
Народу, даўшаму такога сына,
Хай будзе слава вечная паміж другіх народаў!
І розуму яго і цвёрдан волі слава!

(Вучоныя вітаюць Георгія. Запалены свечы. Зазванілі званы. Зайграў арган на хорах. Моладзь закідае яго кветкамі. Воклічы: viva! Viva! Голас Джульеты: Viva Франчэско!)

Заслона.

Мінск–Несвіж.
1945 год


  1. Для разумнага чалавека сказанага даволі (латынь).