Перайсці да зместу

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (Ільяшэвіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: (Агульна-крытычны начырк)
Артыкул
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1927

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІК. ІЛЬЛЯШЭВІЧ.

Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч.[1]

(Агульна-крытычны начырк).

Каб уцяміць значэньне Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча ў беларускім адраджэньні, наўперад трэба добра зразумець тую эпоху, у якую жыў і працаваў пісьменьнік. Мусім адзначыць, што нябыцьцё, а галоўнае раскіданасьць матар'ялаў аб працы Марцінкевічавай, не даюць магчымасьці правільна комэнтаваць ягоную дзейнасьць. Асабліва гэга прыкмячалася ў часы грамадзкае сумятлівасьці, у якую гэтак пільна пачынаецца вывучэньне беларускае літаратуры. Разгляданы пісьменьнік, балей за іншых папярэднікаў і сучасьнікаў тае эпохі, пакрыўджаны беларускімі крытыкамі. І толькі ў вапошнія часы па выяўленьні некаторых матар'ялаў, праліваючых косы сьвятла на Марцінкевіча як асобу, зусім зьмяняюцца пагляды крытыкаў: ён гэткім парадкам усё вышэй і вышэй падыймаецца ў сваім значэньні сярод беларускага грамадзянства.

Калішняя "беларуская слава й воля адыйшла, адцьвіла закацілась"... - вось як пяе адзін з выдатнейшых нашых пісьменьнікаў, Алесь Гарун, характарызуючы слаўную беларускую мінуўшчыню.

Прайшлі часы незалежнага палітычнага й культурнага жыцьця Беларусі і насталі часы стагодзьдзяў заняпаду, цемры й прыгону спачатку ад Палякоў, а пасьля Маскалёў- Расейцаў. Беларуская мова, культура, права сілком была аддалена з гаспадарсьцьвенага ўжываньня і загнана толькі пад стрэхі сялянскіх хатаў, дзе, здавалася-б, павінна была-б зусім шчэзнуць з прычыны палячэньня й маскаленьня.

Праўда, калі мы прыгледзімся бліжэй да агульнага палажэньня іншых народаў у канцы XVІІІ і пачатку XІX стагодзьдзяў, як напр: Чэхаў, Украінцаў, Баўгараў, Ліцьвіноў і інш., дык пабачым амаль што аналёгічнае зьявішча да нас. Час даўгога занядбаньня ўсіх паняволеных вонкавай сілам народаў памалу прыпыняецца толькі пасьля вялікага патросу Францускае Раволюцыі і сьцягу ёй паўторных. Лёзунгі свабоды, роўнасьці і братаньня данесьліся на хвалях рэволюцыяў і на нашую Бацькаўшчыну, узбудзіўшы ад даўгога сну беларускі народ.

Пачынаецца адраджэнскі рух ня толькі сярод простага беларускага сялянства, але таксама і сярод беларускае шляхты, у той час значна спалячанай і абмаскаленай, якая стаяла на шляху да поўнага адчураньня ад свайго народу.

І вось пад той час, калі часьць беларускае шляхты з часткаю сялянства, у васобе сваіх прадстаўнікоў, як Кастусь Каліноўскі і іншых рэволюцыянэраў (50-60-70 гады XІX ст.), пачынае аружнае вызваленьне на грунце соцыяльных і політычных імкненьняў, справу культурна-нацыянальнага адраджэньня пачынаюць таксама пераважна прадстаўнікі беларускае шляхты - тагочаснае беларускае інтэлігенцыі. Водгульле гуманных ідэяў, ідучых з Заходняе Эўропы, адбілася ў васобных прадстаўнікоў шляхты, і дало магчымасьць зразумець тое агіднае зьявішча рэнэгацтва, якое яна робіла ў працягу даўгога часу. Памалу пачынаецца яе зварот да роднага карэньня - беларускае гушчы. Не малую ролю у гэтым звароце згуляў і романтызм, што запанаваў у літаратуры.

Агулам, Беларусь пачала свой рэнэсанс; пачала паўставаць да новага жыцьця. Разбудзіўшыся ад векавога сну, асобныя адзінкі з беларускага народу пачалі шукаць тых дарог, па якіх можна было-б як найляпей дайсьці да сьветлае будучыні - поўнага й усебаковага адраджэньня. Але дарогі да замігацелае на небасхіле зоркі адраджэньня былі яшчэ няпэўныя й неазначаныя; доўга прыходзілася блудзіць першым пачынальнікам пасярод няпрыветнае цемры па запушчанай беларускай глебе.

Вось-жа пры азнаямленьні з пачаткамі нашага навейшага руху агулам, каторы йдзе ў фармаваньні на працягу ўсяго XІX веку, яскрава вырысовуюцца з пасярод рабачаёў на гэтай ніве дзьве вялікія адзінкі: Марцінкевіч і Багушэвіч. Паколькі Багушэвіч замацаваў беларускі грунт канчальна, азначыў яго зьмест і ўмацаваў усё гэта ў літаратурнай форме і кірунку вызваленьня соцыяльна-нацыянальнага, патолькі на долю Марцінкевічаву выпала стварэньне беларускага грунту, з таго няпэўнага яшчэ матар'ялу, які ў тыя часы прыходзілася адшукаваць вошчупкам. Вось чаму стане зразумелым, што Марцінкевіч твора эпоху. Па выказу аднаго з беларускіх крытыкаў, З. Жылуновіча гэтая эпоха "адзначаецца высокім узьлётам беларускае грамадзкае думкі і зорыць звачнымі сіламі дзеячоў, якія сваёй працай паставілі беларускую культуру наагул і беларускую літаратуру ў асобку на ступень сур'ёзнае нацыянальнае справы".[2] Марцінкевіч зьяўляецца тым цэнтральным зьвязуючым колцам паміж маласьвядомымі беларускімі пачынальнікамі-адраджэнцамі, якія ў разбродзьдзі шукалі пэўнага грунту дзеля свае працы.

З цэлага сьцягу сучасьнікаў Марцінкевічавых, беларускіх літаратурных рабочаёў пачатку й сярэдзіны XІX в. (напр: Баршчэўскі, Чачот, Рыпінскі і інш.) ніводны з іх не карыстаўся такой популярнасьцяй як Марцінкевіч. Прычынай гэтаму служыла тое, што яны займаліся беларускай літаратурнай працай толькі ў вольныя часіны, у пэрыяд захопленьня пад вонкавым уражаньнем, не прыкладаючы асаблівай увагі; у той час як Марцінкевіч у сваёй дзейнасьці бачыць беларускую справу, якую рабіць вымагаў час, хоць і ня прыялі абставіны. Ен станоўка пераходзе да пісаньня амаль што вылучна пабеларуску, чаго не зацемлюем у ягоных напярэднікаў і сучасьнікаў. Бо, як кажа сам пісьменьнік у прадмове да кніжкі: „Дудар Беларускі"[3], "беларускі селянін, бачачы кніжку ў роднай мове, ахватней яе чытае і дзетак сваіх ахватней прыцягуе да асьветы".

Вінц. Дунін-Марцінкевіч, ведамы пад псэўдонімам[4] Навум Прыгаворка, радзіўся ў 1807 годзе ў Панюшковічах, Бабруйскага павету у Меншчыне. Сын дробнага ляндара, каторы ў 1860 годзе купіў невялікі дварок Люцынку недалека Менску, Д.-Марцінкевіч дастаў сярэднюю асьвету ў Бабруйскай гімназыі. Потым бацька паслаў яго ў навуку да вуніяцкіх айцоў базыльлянаў у Вільню, але адтуль хутка ён перабіраецца ў Пецярбург. Там Марцінкевіч паступіў у унівэрсытэт на мэдыцынскі факультэт, аднак вышэйшую навуку скончыць яму не ўдалося. У канцы 30-х год ён варочаецца у Беларусь і жыве пераважна ў Менску, час ад часу выяжджаючы ў двор Люцынку. Займаецца канцэлярскай працай, каторая служыць падпорай ягонага матар'яльнага быцьця.

Жаніўся двойчы ў 1831 і 1858 годзе. Пасьля паўторнага шлюбу канчальна перабіраецца ў двор, дзе жыве й працуе да самае сьмерці ў 1884 годзе 30 (17) сьнежня. Пахаваны ў Тупальшчыне.[5]

Па сваім павароце з падарожжаў дзеля навукі ў Вільню й Пецярбург, асяродкаў тагачаснае перадавое думкі, Марцінкевіч пачынае займацца літаратурнаю працаю. Не малое значэньне ў заахвочаньні да яе мела і асабістае знаёмства з многімі, пераважна польскімі, пісьменьнікамі і выдатнымі грамадзкімі рабачаямі, што гуртаваліся ля Віленскага ўнівэрсытэту. Марцінкевіч піша й выдае свае аповесьці, апавяданьні, драматычныя творы і іншыя вершы няраз сваім уласным коштам, хоць матар'яльныя засабы меў носна нязначныя. Паводле твораў, што да нас дайшлі, найпладнейшым часам ёсьць пара ад 1846 да 1870 году.

Праца ягоная даволі разнастайная. Праўда, у ёй няма выяуленьня глыбокіх філëзофічных проблемаў, абстрактных развагаў, каторыя маглі-б здаволіць вышшыя патрэбы інтэлігента. Усё творства, як кажа сам аўтар, прытарнавана пераважна для простага народу. Ня здасца дзіўным няхітра-складанасьць гэтага зьместу, калі прыпомнім сабе да гэтага войстрасьць вока расейскіх цэнзараў, канфіскаты і іншыя перашкоды пры друкаваньню кніжак з духам „нерусскимъ“. Варункі палітычныя змушалі Марцінкевіча цадзіць тое, што было магчымым выдрукаваць і пашыраць. Ен часта абмяжовуецца выяўленьнем матар'ялу этнографічнага.

У хронолёгічным парадку зьяўленьня твораў Марцінкевічавых маем: "Сялянку" - опэру; „Гапон“, „Вечарніцы", "Шчароўскія дажынкі"; комэдыі - "Пінская шляхта", "Залёты"; пераклад з Адама Міцкевіча - Пан Тадэуш і інш. З пробных вершаў найхарактарнейшым ёсьць: "Вясна, голад, перапала...".[6] Шмат якія творы яшчэ дагэтуль нам няведамы. Мы бяссумлеву можам казаць, што гэтае творства, якое ведама нам, далёка няпоўнае. Некаторыя з вершаў, бяз подпісу аўтара, пайшлі ў народ і магчыма пры запісаваньні этнографамі уважаліся за народныя, бо вершаскладаньнем і самым падыходам у зьмесьце пісьменьнік зусім блізка падыйшоў да беларускага сялянства. Нейдзе у Варшаве загінуў у 1890-ых гадох цэлы пераклад у рукапісах "Пана Тадэуша".

Прыпадкова, навет яшчэ і цяпер, удаецца адшукаць некаторыя рукапісы. Гэтак нядаўна знойдзены верш, асабістага характару, пасьвячаны бацьком братоў Луцкевічаў: „Заўтра Спас кажуць людзі", знойдзены ў Мозыры рукапіс опэры (лібрэтта) "Розна міласьць бывае"[7] ды інш. Выкрыты таксама лісты Марцінкевічавы (пераважна прыватныя), каторыя малююць яго, як шчырага беларускага патрыёта. З жалям аднак мусім адзначыць, што поўны кубел рукапісаў згарэла падчас пажару хаты пісьменьнікавай, як канстатуе ягоная дачка. Асабліва цікаўны дзеля характарыстыкі Марцінкевіча выкрыўся факт з ягонага жыцьця; яго ў 1863 годзе арыштаваў расейскі ўрад і абвінаваціў у тым, што ён агітатар, падбуруючы беларускіх сялян супроць улады праклямацыямі ў Беларускай мове. Былі навет падазрэньні ў тым, што выдаваная беларускім рэволюцыянэрам Каст. Каліноўскім газэта: „Мужыцкая праўда", справа ягоных рук.

Па 10 месячным арышце Марцінкевіча звольнілі, але гэты факт можа служыць добрым аргумэнтам у даказе шырокае ягонае папулярнасьці як уплывовага беларускага дзеяча й пісьменьніка.

Нязначныя спробы пісаць папольску ёсьць як адбітак уплываў польскае атмосферы акружаючай ягонае хатняе жыцьцё. Даволі прыпамятаваць хоцьбы гэткіх несьвядомых Беларусаў як Манюшка, што ўзбагаціў польскую музыку беларускімі мелёдыямі, або Сыракомлю, часткава і іншых, каб дзівіцца мужнасьці Марцінкевіча не паддацца канчальна спакусам па іх прыкладах перакуліцца цалком у польскі лягэр. Ня гледзячы на ўсе закіды, не удалося забіць таго беларускага пачуцьця ў пісьменьніку, якое бясьпярэчна мусім прызнаць у значнай меры. Праўда, мо толькі, каб ня гэны шкодны польскі ўплыў, Марцінкевіч быў бы ў сваёй працы радыкальнейшы, прысьпяшыў-бы беларускі рух памерне да іншых адраджаючыхся народаў.

Разглядаючы драбязьней літаратурную працу Марцінкевічаву, мусім адзначыць, што ён зьяўляецца найвыразьнейшым прадстаўніком у нашай літаратуры романтызму і аcaбліва сэнтымэнталізму. Гэтыя літаратурныя кірункі, хоць і з запазьненьнем, лучылі ў Беларусь з Заходняе Эўропы. Гэтае творства ёсьць зусім нормальным пераходным зьявішчам ад псэўдоклясыцызму, што раней панаваў у нас, выяўленага выразна ў "Энэідзе" і "Тарас на Парнасе". Агулам творства Марцінкевічава даволі цікаўнае й размавітае; напісанае, хоць і сылябічным вершам, жыва й абразова.

Ня гледзячы на даўнасьць у напісаньні, ня губляе цікавасьці ў чытачоў і дагэтуль; а комедыі ня зыходзяць з рэпертуару беларускае сцэны. Дунін-Марцінкевіч, як кажа проф. Ігнатоўскі, ня можа, будучы шляхцічам спусьціцца ў усю глыб сялянскае масы. Ен перакананы, што паміж прыгоньнікам-панам, з аднаго боку, і запрыгоненым бяспраўным селянінам, з другога боку, соцыяльнае прорвы няма. Есьць толькі яма, каторую можна запоўніць без соцыяльнага ламаньня, аднымі моральнымі сродкамі.[8] Дзеля гэтага ўсё творства ягонае й выглядае досыць монатонна. Дзеля характарыстыкі ў разглядзе можна яго падзяліць на тры групы: 1) Драматычныя творы, 2) Аповесьці й апавяданьні, 3) Дробныя вершы й пераклады.

Першай літаратурнай спробай Марцінкевічавай была двуактовая опэра "Сялянка“ у 1846 годзе, музыку да катоpaй напісаў С. Манюшка. Напісана опэра вершам і прозаю. Паны пераважна гутараць папольску, а войт Навум, Ціт, хор сялян ды іншыя дзеючыя асобы пабеларуску. Гутарка чыста народная, даволі прыгожая ў зваротах. Галоўная дзеючая асоба, Войт Навум, у сваіх монолёгах ужывае надзвычайна многа народных прыказак; так што, паводле прыраўнаньня проф. Карскага, прыпамінае Донкіхотаўскага Санчу.

Ідэя гэтае опэры досыць добра выяўлена словамі паненкі-шляхцянкі Юлькі, пераапранутае ў сялянскую вопратку. Вось-жа ў сваім звароце да паноў, легкаважучых сялянскімі даяўчатамі яна кажа: „Бог усіх зароўна ўважае, як паноў так і сялян і той у яго ёсьць абраны, хто любіць сваіх блізкіх так, як самога сябе". У зьмесьце сваім опэра мае падклад романтычны. Па зьяўленьні ў сьвет "Сялянка" была дужа папулярнай і гулялася ў 1852, 1853, 1855 годзе ўсьцяж на Менскай сцэне. Ролю Навума спаўняў сам аўтар, адкуль і пачаў ужываць свой псэўдонім - Навум Прыгаворка. Цяпер „Сялянка“ прадстаўляе бібліографічную рэдкасьць, бо навет такая бязьвінная кніжка аказалася ў лічбе забароненых. Ноты часткай таксама загінулі.[9]

Зусім нядаўна ўдалося шырэй азнаёміцца беларускаму грамадзянству і з аднаактовай комэдыяй "Пінская шляхта", напісанай у 1866 годзе а надрукаванай толькі ў 1918 годзе.

Гэтая комэдыя - абраз жыцьця дробнай беларускай шляхты Палесься, з яе недалекай ідзелёгіяй, якая зводзіцца да сварак, звадак, калатні, навет суду, але нарэсьце ўціхае паддаецца бясклопатнаму вясельлю. У гэтай комэдыі аўтар дае нам магчымасьць прыпомнець сабе ўсю тагачасную хванабэрыстасьць, пусты "гонар", якога яшчэ й дагэтуль трымаецца дробная шляхта ў Беларусі. У вапісаньні шляхоцкага жыцьця да ведамае меры Марцінкевіч прыпамінае „Пінскай шляхтай" асобныя малюнкі з „Пана Тадэуша" Міцкевічавага. Нямала іроні выказана тут і ў намаляваньню суду расейскага з яго валакіцтвам і хабарніцтвам. Сваім зьместам комэдыя дужа цікавая й арыгінальная ў беларускай літаратуры. Апрача драбязьлівасьці ў будным жыцьці шляхты мы бачым яе і бязыдэйнасьць. Даволі абазваць адзін аднаго ня шляхцічам, каб нарабіць клопату ня толькі сабе, але ўцягнуць у зваду цэлыя ваколіцы.

Зьмест комэдыі пабудаваны на падкладзе ізноў-жа романтычным. Дзеці двух сварачыхся між сабою шляхоцкіх сем'яў (Пратасавіцкія й Цюхай-Ліпскія) кахаюцца, але дзеля звады бацькоў ня могуць дастаць згоду на вясельле. Падкуплянае каханкамі судовае началства справу канчае "пахрысьцянску", а разам і вясельлем, на каторым гуляе суд і ўся шляхта. Аўтар умела зацеміў драбязьлівасьць шляхты хоцьбы і з таго прыкладу, што ў толькі што наладжанай справе "пахрысьцянску" завязуецца новая валакіта-справа. З усяго гэтага карыстаюць розныя малайцы, каб падгуляць. У комэдыі нямала сьпеваў і скокаў.

Комэдыя "Залëты" складаецца з 3-ох дзеяў і падобная да папярэдняй. Напісана у 1870 г., але выйшла з друку у 1918 годзе. Да сучаснае сцэны прытарнавана Я. Лёсікам, а музыка напісана композытаркай Кімонціхай. І ў гэтай комэдыі - опэрэтцы не абыходзіцца без романтычнай завязкі, якая праглядае амаль ува ўсіх творах Марцінкевічавых. Думка ў "Залётах" ужо значна глыбейшая за пярэднія комэдыі. Апрача сэнтэмэнтальных пачуцьцёў, каторым аўтар аддаў наагул вялікую дань, выяўляецца агіднае зьявішча соцыяльнага характару. Яно крыецца ў тым, што паны па сваёй ідэёлёгі не маглі пераносіць тых, хто выходзіў з нізоў сялянскае гушчы (у дадзеным прыпадку Сабковіч) і багацеў на мужыцкай працы таксама як і паны. Псыхолёгія панская у гэтай комэдыі, як адбітак перажытых часоў, служыць сумным гістарычным успамінам, калі, як кажа Гарэцкі, „людзі думалі й верылі, што у адных станоў белая косьць у целе, а у другіх чорная".

Есьць дадзеныя некаторыя й на тое, што Марцінкевіч напісаў і іншыя тэатральныя рэчы як: інсцэнізацыю свае ўласнае аповесьці "Гапон" пад загалоўкам „Пабор Рэкруцкі“. Напісана "Baйна Сялянаў", „Цудовая вада“ ды інш.[10] Нажаль рукапісы зазначаных твораў незахаваліся. З тых камэдыяў, што дайшлі, можна бачыць у зьмесьце і літаратурнай форме размавітасьць, лягчыню ў напісаньні і ўмеласьць у перадачы абразоў тагачаснага жыцьця беларускага сялянства й шляхты. Заслуга Марцінкевічава, як першага нашага драматурга ў адраджэньні тэатру, бяспрэчна вялікая. І справядліва яго называюць "Бацькам Беларускае Комэдыі".

Повесьці й апавяданьні маюць характар наўперад этнографічны, хоць да некаторае меры праглядае элемэнт ідэйна-нацыянальны й гісторычны. Спроба звароту Марцінкевіча да адшукаваньня гістарычных матываў беларускага жыцьця нічым асаблівым не адзначылася. Аўтар не разьвіў свайго творства у гэтым кірунку, хоць-жа багацьце тагачаснае народнае фантазыі адзначалася вялікаю яскравасьцяй і сьвежасьцяй. У некаторых мамэнтах падаваныя гістарычныя факты не адпавядаюць запраўднасьці, бо Марцінкевіч шмат фантазуе й дапушчае анахронізмы:

Першая аповесьць Марцінкевічава „Гапон" зьявілася ў друку ў 1855 годзе. Складаецца з 4-ох песьняў і мае ілюстрацыі. Некалькі разоў аповесьць перадруковавалася па розных выданьнях у поўным і скарочаным выглядзе. Верш сылябічны. Зьмест аповесьці гэткі. Дзяцюк Гапон кахае дзяўчыну Кацярынку, але панскі аканом завідуе і здае яго ў войска. Гапон выслужуецца ў ахвіцэры. Кацярынка скардзіцца за зьдзекі аканома сваёй пані, якая праганяе яго із службы. Прыбраньню ў рэкруты аканом лучае да Гапона. каторы, ня гледзячы на розныя аканомавы выкруты, і здае яго ў маскалі. Гапон варочаецца дамоў і жэніцца із сваёй Кацярынай. Адбываецца вясельле.

Дыдактызм выяўлены ў тым, што зло выкрываецца, а праўда перамагае; што ўсё зло не ад паноў, а ад благіх аканомаў, бо паны жадаюць дабра сваім сялянам.

Праглядае нацыянальная рыска хоць-бы й у тым, што Гапон і Кацярынка ведаюць чужыя мовы "панскія", але гутараць "папросту" (пабеларуску). Аповесьць напісана абразова. Дзеля прыкладу вось адрывак з першае песьні: сцэна ў карчме:

Шум, крык, гоман у карчме,
Кіпіць сельская дружына,
Піва мед гарэлку п'е.
Ажно круціцца чупрына.

Гаспадары за сталом
Громка гутарку вядуць,
А ляндарка з ляндаром
Мёд гарэлку раздаюць.

Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля печы сядзяць.

Ананія ў йскрыпку грае
"Лявоніху" то "бычка",
Гапон жару паддавае:
"Заграй - крычыць - "казачка"!...

За „Гапонам" у 1855 годзе выходзяць "Вечарніцы", г. зн. гутаркі старога дзеда Ананьні да моладзі. Складаюцца "Вечарніцы" з дзьвюх частак. У першай частцы Ананьня апавядае здарэньне з "дурным Зьмітрам" селянінам аб тым, як ён, прадаўшы цяля за пяцірублёўку, купляе селядзца і разам з ім зьядае грашовую паперку. Гэты жарт, зусім магчыма, сьпісаны з Менскага кірмашу, нічога надзвычайнага не прадстаўляе. Характэрнае ёсьць апісаньне тагачаснага Менску, аб якім вось як піша Марцінкевіч:

Мо й праўда, дзеткі, што ў Слуцку,
Кажуць, усё не палюдзку;
А у Воршы - яшчэ горшы!
Толькі тым, маўляў, людзі злыя грэшуць,
Што на Менск наш вельмі брэшуць.
Няма як Менск наш! - дзетачкі міленькі!
Прыгожы, відны, кругом весяленькі;
Ні аднэй мізэрнай ня сустрэнеш хаты,

Вось, маўляў, сьнег белы, каменны палаты;
Пасярэдзіне ўецца круглай стружкай
Сьвіслач-рэчка-зялёнай істужкай;
Вось няўрокам - горад хоць куды!

Другую частку „Вечарніцаў" складае бытавы абраз народнага сьвяткаваньня "Стаўроўскіх Дзядоў". Апрача бытавых малюнкаў бачым імкненьне паглыбіцца ў гісторыю Беларусі, на падставе народных паданьняў. Аўтар падае легендарнае апавяданьне аб некалі слаўным жыцьці крывіцкіх (беларускіх) князёў (у дадзеным прыпадку аб князі Грамабою) і гэткім парадкам прычыняецца да нацыянальнага ўсьведамленьня. Ідэя твору, як і ў „Гапоне", у тым, што заўсёды зло караецца, а праўда перамагае.

У захопленьні беларускаю мітолёгіяй і народнымі, наагул, матывамі, Марцінкевіч у 1856 годзе піша й друкуе аповесьць з народнага нацыянальнага жыцьця- сьвяткаваньня - "Купалу", у каторым паказаў народння традыцыі, гульні й сьпевы. Аднак тло аповесьці прыпамінае Богушэвіча з тымі соцыяльнымі ўзаемаадносінамі, што існавалі між сялянствам і панствам. Зьмест гэткі. Сялянка Агата й паніч кахаюцца. Аднак шляхоцкая амбіцыя не дазваляе яму пабрацца з дзяўчынаю простага паходжаньня і паніч адпіхае яе ад сабе. Дзяўчына-ж не бязвольна адступае, а з пагардай і поўнай агіднасьцяй да такога учывку панічовага кажа: "А мяне-ж ня будуць свае выракацца, бацькі праклінаці, суседзі цурацца, што з панічом стану у сораме жыць? Вам ня грэх мужычкаў на чэсьці забіць, бо мужык нягодны, ня Боская справа? Усяк зьдзекавацца над ім мае права!"

Гэты адказ не такі ўжо бязвольны як у "Сялянцы" і характарызуе даволі адважнасьць беларускае дзяўчыны.

Апошняя з аповесьцяў, што дайшлі да нас - "Шчароўскія Дажынкі" напісана у 1857 годзе. Складаецца з пролёгу і двох абразоў. Аповесьць багата этнографічным матар'ялам, а матыў зьместу пазычаны з іншых літаратураў.

Першы абраз прадстаўляе варажбу; выбар працавітае дзяўчыны дзеля падносу дажынкавага вянка свайму гаспадару. Другі малюнак - дажынкі, на якіх загуляў сам аўтар з моладзяй, што й зазначае ў канцы.

Мноства ежы на Дажынках робіць малюнак проста ідылічным.

З галоўных рысаў у Марцінкевічавых аповесьцях і апавяданьнях спакмячаем адбіцьцё часоў сялянскага прыгону. Ен малюе абразы беларускага народнага жыцьця з усімі дэталямі, што пацьвярджаецца пры прыраўнаньні з этнографічнымі зборнікамі таго часу.

Рэшта твораў, што складаюцца з перакладу "Пана Тадэуша" - Адама Міцкевіча, дробных павіншавальных вершаў на чэсьць сваіх знаёмых і асабліва характэрнага, рэволюцыйнага зьместам, вершу "Вясна, голад перапала", галоўна служыць дзеля характарыстыкі пісьменьніка як асобы. З іх мы пераважна даведуемся аб тэй нацыянальнай сьвядомасьці, якую крытыкі нашыя баяліся ў ім прызнаць дагэтуль.

Павіншавальныя вершы маюць пераважна інтымны характар і асаблівага значэньня ў літаратуры ня маюць, хіба толькі за выняткам вершу пасьвячанага на чэсць прыезду ў Менск "дудароў беларускае зямлі": А. Контскага, І. Сыракомлі й Манюшкі. Тут выказуецца славянафільская думка, што зьявілася пад павевамі панславізму ў Чэхаў (Даброўскі, Палацкі ды інш.). Ен піша:

„Злосна вам, сыны заморскія, панята,
Што славянская зямелька у розум багата;
Вы-б хацелі ўсе розумы і свае і нашы,
Маўляў саранча на ніве, паесьці у кашы,
Не дажданьня-ж мудрагэлі! - і нашая ніва
Вялікімі дударамі здаволь шчасьліва".

"Вясна, голад перапала"... Цікава сваімі контрастамі агульным матывам творства Марцінкевічавага. Гэты рэволюцыйны верш напісаны ў 1860 годзе, на пярэдадні скасаваньня прыгону і выклікаў сумлеў што да аўтарства Марцінкевічавага. Справа ў тым, што верш у рукапісу хоць і быў напісаны яго пісьмом, але ня быў падпісаны; быццам, тэхніка вершу не ўласьціва Марцінкевічу і гэткія матывы яскрава соцыяльнага зьместу абсалютна неўласьцівы пісьменьніку. Найляпей могуць характараваць яго напр. гэткія адрыўкі:

„Вясна, голад перапала,
Ані солі, ані круп
І скаціне корму мала,
І самому ані ў зуб.
На палацях дохнуць дзеці.
Жонка тры дні з дуру п'ець.
І даўно парожна ў клеці"...

У канцы кажа:

"Будзем роўныя з панамі
І таксама як паны
Піць гарэліцу збанамі
І гуляць так як яны"...

Як бачым, верш ізноў-жа зусім блізка прыпамінае сабою творства Багушэвічава, каторы найвыразьней за іншых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў намаляваў цяжкія соцыяльныя варункі жыцьця нашага сялянства. Цяпер гэты верш бяссумлеву прызнаны за Марцінкевічам. Як ніяк ён быў інтэлігент з вялікім нахінам да народніцтва, назіральнік злыдняў, што ад прыгону бярэмем клаліся на сялянства. Дык зусім прыродна, ён ня мог моўчкі прайсьці і міма тых несправядлівасьцяў соцыяльнага жыцьця, пад уражаньням якіх быў напісаны гэты верш. У некаторай меры памагаў тут агульны настрой аб волі сялянства скасаваньнем прыгону. Трэба думаць, што гэты верш адзін з тае значнае лічбы загінулых Марцінкевічавых твораў, з выразнымі соцыяльнымі мотывамі.

Пераклад "Пана Тадэуша" быў зроблены у 1859 годзе і выдрукаваны на грошы, што шмат людзёў злажыла, a паміж імі і мужычкі, як кажа перакладчык у прадмове. Да нас дайшлі толькі дзьве першыя "быліцы". Першае выданьне ёсьць вялікая бібліографічная радкасьць, бо навет такі бязьвінны беларускі пераклад быў не да ўспадобы расейскай цэнзуры і канфіскаваны.

У сучасны мамэнт пры развою нашае мовы, мо' гэты пераклад і не даволі добры, але як першая спроба перакладу на занядбаную дагэнуль беларускую мову, нязвычайна ўдалая. Перакладчык перамог усе труднасьці ўзложанага на сябе заданьня. Гэтым ён робіць значны паступ у нашым літаратурным адраджэньні. Вось пераклад уступу:

Літва![11]-родна зямелька! Ты, маўляў, здароўе,
Той Цябе ашанцуе, каму безгалоўе,
Хто жыў калісь на ніўцы Тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць сьлёзкі у чужым краі!
Цяпер-жа, як Ты красна, я чую, я бачу, -
І апішу, бо горка ўсьцяж па Табе плачу!
Ты Панна, што сьцеражэш яснай Чанстаховы,
Што сьвеціш у Вострай Браме, што горад замковы
Наваградзкі бароніш, яго народ жылы,
Як мяне Ты падняла, маўляў, із магілы
(Вось цябе бедна маці у вачох са сьлязінай
Маліла, каб апеку мела над дзяцінай,
І з немачы падняўся, - і пайшоў у дарогу,
Каб у Тваіх касьцёлах падзякаваць Богу),
Так нас дзівам павернеш у зямельку родну.
Пакуль-жа блісьне шчасьце, хоть душу нягодну
Зьвярні да гор лясістых, - шырокіх пракосаў,
Да ніў родных, калосьсям ярка маляваных,
Залочаных пшаніцай, жытам пасрабраных,
Гдзе жоўтая сьвірапка, дзе грэчка бяленька,
Гдзе дзяціліна гарыць, вось красна паненка,
А усё мяжой прыбіта, бачыцца устужкай,
Там сям быццам к адзежцы прышпілена грушкай".

Ня меншую ўвагу за пераклад зварочуе прадмова да яго. Марцінкевіч піша аб тэй насьпелай патрэбе, што востра адчувалася у маладой беларускай літаратуры:

"Чаму-ж, думаю, наш народ просты... чаму-ж дробная акалічная шляхта, што, жывучы ў лясным зацішы, у хаце, між сабою, здаен роднай ужывае мовы - чаму-ж яна ня мае пазнаць абычаёў сваіх бацькоў?

Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць "Пана Тадэуша" на беларускую мову.

"Праца мая ў гэтай мове, што мела заахвоціць нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі, можна сказаць, зусім ня сустрэла прыяцелеў. І не знайшла яна прыяделеў сярод тых багатых людзей нашае старонкі, што паводле Бога й сумленьня павінны-б памагчы адкрыць цёмнаму народу вочы. І вось я сягодня ахвярую „Пана Тадэуша", прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-над Дзьвіны, Дняпра, Бярэзіны, Сьвіслачы, Вяльлі і Немна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жыве, прыме гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддае".

Ужо з гэтага адрыўку з прадмовы мы бачым у Mapцінкевіча нацыянальную сьвядомасьць беларускую, бачым якой любасьцяй і шчырасьцяй да ўсяго роднага беларускага пыша у пісьменьніку ў яго імкненьні выйсьці на сустрэчу у падняцьці простага люду. Гэтае-ж выяўленьне нацыянальнага "я" выказана яшчэ ў прыватным лісьце Марцінкевічавым да знаёмага польскага пісьменьніка Крашэўскага.[12] Ліст гэты нядаўна быў выкрыты ў "Газэце Польскай". Вось што адзначае аб сабе пісьменьнік: "Жывучы сярод народу, які гаворыць беларускаю гутаркай, зьвязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народу, што застыў у дзяцінстве і цямноце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да асьветы, у духу яго звычаяў, паданьняў-легенд і здольнасьці душэўнай, пісаць у яго роднай мове, і вось з радасьцяй я хутка ўгледзіў, што выданыя мною „Сялянку“, „Гапона“, „Дудара“, „Купалу" народ прыняў з вялізарным упадабаньнем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць, з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя, творы. З гэтае прычыны пашыраецца ўжо цяпер у часьці над Вяльлей і Нёмнам, над Сьвіслачай, Бярэзінай, Дзьвіной, Дняпром і г. д. чытаньне беларускага друку, а калі ўжо ахвота й любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца з часам багатшыя матар'ялы ў роднай мове... Гэтую маю думку і імкненьне зразумелі й ацанілі людзі ў Польшчы, не зразумелі ў Літве і на Беларусі... Няшчасная прошласьць давяла сялянскі народ да ўпадку, ня думаючы зусім аб духовай і моральнай адукацыі, хаця-б дзеля памяці на тое, што гэта дзеткі аднае маткі (славянскае-М. І.), што гэта пакрыўджаныя браты й хрысьцяне, каторыя маюць права да навукі ў роднай мове так, як да нябеснага хлеба... Пастанавіў я творамі ў роднай мове, адпаведнымі яго разуменьням, што знаходзяцца яшчэ ў калысцы, і палягчаючымі яму спосабам асьвячэньня з граматай, заахвоціць яго да роднага слова, да асьветы і маральна паправіць. Які вызваляючы збаўчы ўплыў аказалі гэтыя мае кніжкі на яго, трэба вывесьці з таго, што кніжкі ў народнай мове ўжо зусім разышліся, а новыя ня друкуюцца“.

Ясным і зразумелым стане пасьля гэтага несправядлівасьць абвінавачаваньня Марцінкевіча ў нацыянальнай маласьвядомасьці. З прадмовы да "Пана Тадэуша", а таксама із зазначанага вышэй ліста, хоць ёсьць у іх, што праўда, шмат недаказанага ў думках, яскрава відаць беларускае аблічча; відаць імкненьне да падняцьця дабрабыту нашага народу нацыянальным усьведамленьнем. Гэткім парадкам узіраючыся наагул на дзейнасьць Марцінкевічаву, мы, быццам, у ягоных гэроях, не спакмячаем тых цёмных бачынак тагачаснага жыцьця беларускага сялянства. Навет увесь ціжар прыгону, які бярэмем клаўся на сялянства, не выглядае страшным. 3 творства Марцінкевічавага астаецца ўражаньне малюнкаў бясклопатнага вясельля, скокаў і сьпеваў. Прарываючыяся калі-некалі пачуцьці сацыяльнае несправядлівасьці ў гэтым агульным жыцьцярадасным тоне як-бы сьціраюцца.

Праўда, Марцінкевіч, ідучы, як народнік-шляхціч, на сустрэчу сярмяжнаму люду, спушчаецца пры помачы беларускае кніжкі ў сялянскую хату; бае песьні, казкі, цікавячы й разьвіваючы любоў у цёмных масаў да ўсяго роднага беларускага. Ен рабіў гэткім парадкам будзённую працу нацыянальнага сьведамленьня - абуджэньня, якую рабіць вымагаў час. Марцінкевіч сваёй працай стрымаў значна той шалёны бег асыміляцыі нашага народу непрыяцельмі, што вялася ўсялякімі мэтодамі: наўперад праз каталіцтва да полёнізаваньня і праз праваслаўе да маскаленьня. А гэтая праца асыміляцыі вялася, як сам аўтар зазначае, шпаркім тэмпам. Палякі закладалі патайныя прыпынкі дзеля вышменававых мэтаў, а дзеля таго Марцінкевіч заклікаў адчыняць аналёгічныя прыпынкі беларускія і інш. Вось-жа за ўсе свае шчырыя жаданьні ня раз Марцінкевіч у сваім хатнім жыцьці цярпеў крыўды і ад польскага грамадзянства і ад paceйскага ўраду. Толькі нязначная група беларускіх інтэлігентаў як Вярыга-Дарэўскі, Каратынскі ды інш. падзялялі ягоныя думкі. Слова "Мураўёўшчына" найляпей характарызуе час расейскае рэакцыі, каторы перажываў пісьменьнік. Тым трудней было працаваць на грунце беларускім, калі ў 1864 годзе быў офіцыяльна забаронены друк у нашай мове.

Тэхніка вершу Марцінкевічавага (сылябічны) слабая, сустракаецца ня мала шурпатасьці, але ўся загана сьціраецца, калі прадставім сабе Марцінкевіча першым, у запраўдным значэньні гэтага слова, беларускім літаратурна-адраджэнскім пісьменьнікам. Мо' творства ягонае цяпер ужо крыху й асталае, але для многіх ня згубіла зусім цікавасьці.[13] Яно ня ёсьць скарбніцай духовай істравы, гэта баржджэй гістарычны матар'ял літаратурнага архіву. Аўтар „Гапона“, „Вечарніцаў" і інш. не абмыліўся, калі пісаў: „Калі ахвота й любоў да духовае стравы разбуджана, знойдуцца з часам багатшыя матар'ялы ў роднай мове"... Прадчуцьце збылося. Мы ўжо матар'ялы гэтыя маем. Праўда, не ў такой меры, якую патрабавалі-б, але з гонарам заяуляем - маем! Нашыя сучасныя павадыры-ідэелěгі выйшлі з тае беларускае нівы, якую яшчэ зусім ня так даўно засяваў Марцінкевіч. Вось чаму ён, як першы запраўдны беларускі пісьменьнік, пачаўшы выяўленьне праяваў беларускага жыцьця, народных думак і жаданьняў у прыгожай беларускай пісьменнасьці; як Бацька беларускае комэдыі, будзе доўга жыць сярод шчырых беларускіх душаў і вечна на старонках нашае гісторыі культурна-нацыянальнага адраджэньня.


  1. Рэфэрат чытаны 30. XІІ. 1924 г. на абыходжаньні 40-ых угодкаў сьмерці пісьменьніка праскай беларускай колёніяй.
  2. Глядз. Зборнік "Беларусь" Менск 1924.
  3. "Dudarz Bіaloruskі" Менск 1875 г.
  4. мянюшка, выдуманае прозьвішча.
  5. Біографічны матар'ял гл.: М. Гарэцці: Гісторыя беларускае літаратуры". Вільня 1920 г. Е. Карскій: "Бѣлоруссы" ІІІ том. Киркоръ: "Живоп. Россія", том ІІІ 327 стар.
  6. Гл. творчасьць Марцінкевіча „Bіolaruskіja Pіeśnіary" Tom ІІ і ІІІ Пецярбург 1908.
  7. гл. "Крывіч" № 8.
  8. Гл. проф. У. Ігнатоўскі "Гісторыя Беларусі ў ХІХ і нач. ХХ в." Менск. 1925 стар. 153.
  9. Экзэмпляр "Сялянку" пераховуецца ў бібліëтэцы беларускага музэю І. Луцкевіча ў Вільні, але дагэтуль нявыдана другім выданьнем. Менскі Інбелкульт зьбіраўся да дню ўгодкаў перавыдаць.
  10. Гл. Фр. Аляхновіч: "Беларускі таатр“ Вільня, 1924.
  11. Літвой, як гэта дауней было звычайна, тут завецца Беларусь.
  12. гл. „Gazeta Polska" 1861 г. 111 ст., гл. зборнік "Заходняя Беларусь" 1924 г. Вільня: Нацыянальнасьць у творчасьці В. Дунін-Марцінкевіча".
  13. прыр. Ант. Навіна у газэце "Беларуская доля" № 15 1925 г. ст. "В. Дунін-Марцінкевіч".

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.