Вясною

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вясною
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1912
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Вясёлыя людзі — снуюць і гамоняць,
        Відаць, і ў іх сэрцы вясна,
І горкія думкі галоў іх не клоняць,
        Ім доля прыхільна, красна.

Цаны куску хлеба не знаюць, шчасліўцы,
        І голаў аб тым не баліць,
Як будзе багатая пожня на ніўцы,
        Як заўтрашні дзень перабыць;

Ці будзе прытулак звярэджаным плечкам,
        І ногі куды панясуць
Іх цела худое: ці к мору, ці к рэчкам,
        І рукі каму прададуць,

Свабодныя рукі з патрэсканай скурай.
        Шчаслівец не знае таго,
Як гнецца галеча прад чорнаю бурай
        Няўдалага жыцця свайго.

А хто гэта ходзіць адзін стараною?
        Чаму вы не рады яму?
Чаму ён не з вамі? Чаму галавою
        Так нізка панік ён? Чаму?

Шчаслівыя людзі — як хвалі, што ў моры:
        Іх вецер узніме — бягуць,
І тое, прад чым пакланяліся ўчора,
        Пры ветры другім аплююць.

(1912)