Вярбіна
Jump to navigation
Jump to search
Вярбіна Верш Аўтар: Якуб Колас 1909 Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy |
Над вадою адзінютка
Пахілілася вярбіна;
Ные бедная ціхутка.
Ці ж то ёсць у ёй кручына?
Мые Нёман ёй карэнні,
І дурэе вецер з ёю,
А пад нізам чарадою
Ціснуць ногі ёй каменні.
Ёсць кручына немалая,
І шуміць яна так нудна,
Бо ёй доля не спрыяе,
Бо расці ў каменнях трудна…
Так і ты, народ наш бедны,
Як вярбіна, проці волі
Доўга носіш пояс медны,
Гнешся ты, як крыж у полі!
(1909)