Жыве Беларусь! (1943)/1943/4-5/Волат

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Волат (Казлоўскі, 1943))
Волат
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1943 год
Крыніца: часопіс «Жыве Беларусь!» (Менск), 1943, № 4-5, кастрычнік-лістапад, б. 2
Іншыя публікацыі гэтага твора: Волат (Казлоўскі)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В О Л А Т

Увесь сьвет ведаў славу волата — гаспадара. Днепр, Дзьвіна, Нёман і Прыпяць насілі дабро ягоных палёў у далёкія краіны. Ягоны войстры меч дасягаў кожнага ворага.

У бесьперарыўным слаўным змаганьні з заўзятымі ворагамі не магла аднак устаяць ягоная чалавечая сіла. Цела ягонае апанавала дрымота.

Заснуў волат…

Ягоны меч абхапіла шматгадовая іржа.

Зарасьлі ліхазельлем нівы і сенажаці. Падуплелі і пахіліліся ад старасьці дубы—сьветкі слаўнае мінуўшчыны. Ператварыліся у руіны старыя замчышчы. Зямля пакрылася крыжамі і курганамі. Волатавых унукаў апанавала ціхая, мляўкая сьпякота. Мячы іхныя паела іржа нявольніцкага пацыфізму…

— Сьпіць слаўны волат! — агаласілі ворагі і хлынулі на ягоную гаспадарку. Атуманілі расьцярушаных волатавых унукаў; зачынілі перад імі дзьверы асьветы, дзяругаю маны закрылі ім вочы.

Страшная цемра пакрыла волатаву бацькаўшчыну.

— Сьпіць!! Вось добра. Ня будзіць, а то — бяда, як прачнецца!—шапталі ворагі, упраўляючыся на чужой гаспадарцы, і няволілі дзяцей сьпячага волата…

Бачачы гэткую несправядлівасьць абурыліся духі волатавых слаўных прадзедаў.

— Абудзіся! — шапталі яны пошумам непраходных пушчаў.

— Уставай! Твае дзеці у няволі! — будзілі журчаньнем быстрых рэчак, што нясьлі у далёкае мора крывавы пот працоўнага народу.

— Прачніся! — Заклікалі шопатам ніваў, што з подзьмухам ветру апускалі каласістыя галоўкі, сумуючы над нядоляю працоўных.

— Уставай! Ачышчай пакрыты шматгодняй іржою слаўны свой меч!—крычэлі громам праўды і сьвяцілі у вочы маланкаю справядлівасьці.

— Зварушыся, слаўны волат! — будзілі сумнымі песьнямі пакутнага народу і плачам галодных.

І зварухнуўся волат…

Усьцешыліся духі ягоных прадзедаў. Сагналі яны усе воды, што паўсталі із сьлёзаў паднявольнага народу у вочы волату.

І ён прачнуўся.

Ажыўляючым зрокам аглянуў сваю гаспадарку. Ягоныя унукі нясьлі нявольніцкую лямку, узбагачаючы прагавітых ворагаў.

— Што-ж вы зрабілі з маіх дзяцей!? Якім правам забралі маю гаспадарку!?—крыкнуў волат на ворагаў і сьціснуў магутнаю рукою свой войстры меч.

— Мы іх кормім сваёй уласнай стравай! Мы ім асьвячаем іхную ноч лучынай. Мы іх накіроўваем на наш уласны шлях! — запішчэлі ворагі, са страхам глянуўшы на паўсталага волата.

А ён з агідай ад іх адвярнуўся. Глянуў бадзёра на сваіх унукаў і адраджаючым іхныя душы голасам заклікаў:

— О, дзеці родныя! Як-жа-ж вы пазваляеце на гэткую паняверку! Вы, насьледнікі мае славы, дзе падзелася вашая рэзвасьць баёвая? Чаму мячы вашыя іржа праядае?

Схамянецеся!

Але людзі яго не разумелі, іх апанавала ляніва - мляўкая дрымота, зашчэпленая бацылам пацыфізму ваяўнічымі ворагамі.

— Мір! Мір! Мы за мір! — крычэлі яны, пахіліўшы нявольніцкія сьпіны.

З агідай паглядзеў волат на ворагаў, што так зманліва акалечылі душы ягоных унукаў, што парабілі іх змадзеўшымі мірнымі нявольнікамі. Поўны жыцьцёвае сілы, магутнаю рукой ён падняў свой слаўны меч і парываў мляўкія, ціхія, нявольніцкія душы пераконваючымі словамі:

— О, людзі-нявольнікі! Мір у гэткіх абставінах—вечная цемра, вечная няволя!

Што-ж з вас ня хоча быць вольным?!

І задумаліся нявольнікі. Загаманілі між сабою. Тыя, што цярпелі голад і холад, босыя, пагарджаныя—крычалі:

— Зямля палітая потам—нашая зямля!

Мы — гаспадары на ёй!

У паход зьбірацца!

Мір — наша згуба!

Другія, што меней адчувалі няволю, будучы ажырэўшымі ад варожае стравы, што выгадна грэліся на цёплых печах, сытыя, адзетыя — не хацелі зьмены: баяліся змаганьня, каб ня страціць свайго выгоднага, хаця і нявольніцкага, жыцьця. Яны, сагнуўшы свае таўстыя каркі, піскліва галасілі:

— Мы за мір! Хаця таксама хочам быць вольнымі, але толькі праз мір. Самыя ворагі адумаюцца і дадуць нам волю!

— Ажырэлае племя! — казаў абураны волат: дзе і калі было так, каб хто мірна і ахвотна даў волю сваім нявольнікам? Нявольнік, што ня зьбіраецца у паход за волю, хоча міру — не дастойны быць вольным!

Сказаўшы гэта, волат адвярнуўся ад ажырэлых, апанаваных мляўкім пацыфізмам нявольнікаў і стаў заклікаць тых галодных, абдзёртых, гатовых палажыць жыцьцё за сваю волю:

— У паход зьбірацца, паднявольны, бедны народзе!

Падбадзёраныя, пагарджаныя, худыя нявольнікі крыкнулі у вадзін голас:

— Вядзі нас, волат!

Твой войстры меч працярэбіць парослыя маною сьцежкі; нашыя мазалістыя далоні паднімуць родны сьцяг!

— Больш не засьнём! — магутным голасам сказаў волат і падняў высока свой меч. На гэны меч бадзёра зірнулі бунтарныя вочы паднявольнага народу. Ад гэтага бадзёра - баёвага узгляду з трэскам асыпалася з мяча іржа, што стагодзьдзямі на ім нарастала. І ён заблішчэў, як сонца. Ягоны бліск асьвяціў усю паднявольную краіну, пранікнуў душы і сэрцы пакрыўджаных, уліў ім надзею перамогі.

На бліск гэнага мяча ворагі закрылі далоняю вочы і пачалі зманлівую зьвягу.

Але дарма!

Блішчыць меч у магутнай волатавай руцэ і паказвае ягоным унукам шлях да іхнае перамогі.

Ул. Казлоўшчык.