Водгульле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Водгулле)
Jump to navigation Jump to search
Водгульле
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/89


Ці коска зазвоніць у час касавіцы,
      Ці песьню дзяўчо запяе,
Ці неба зазьзяе ў агнях бліскавіцы,
      Ці вецер задзьме-зазлуе,

Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
      Ці грукне над лесам пярун, –
Усё адклікаецца ў вольных абшарах,
      Ўсё іх дакранаецца струн.

А ты, калі гора каго напаткае,
      Ці жальба пачуецца, плач,
Або запануе дзе крыўда ліхая –
      На ўсё адгукніся, адзнач.

А радасьць пачуеш, надзеі ўзаўюцца,
      Каб добрыя весткі падаць,
Няхай тады струны твае засьмяюцца
      І песьняю шчасьця гучаць.

(1921)