Перайсці да зместу

Ветразі (1929)/I/Аб чым шумяць над возерам бярозы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цені даўняга ⁂ Аб чым шумяць над возерам бярозы
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Мая любімая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Аб чым шумяць над возерам бярозы?
Аб чым гамоняць хвалі між трысьця?
Ці гэта ноч і месяц пад гіпнозам?
Ці я пад хмелем мудрасьці жыцьця?

Як разгадаць?!.
А ўрэшце і ня варта
Канцоў прычын няведамых шукаць.
О, ня філёзаф я… і не на зорнай варце,
Каб таямніцы сьвету вартаваць.

Мне не дала прырода тонкіх грацый,
І я ні зяць уласьніка, ні кум.
Мне не належаць скарбы і багацьце,
Хоць я і сам багацьця не вазьму.

Дзе за капейку голаву хілілі,
Там я ішоў пагардаю зарэць,
Маё багацьце — песьня творчай ліры,
Мне наканована у песьні дагарэць.

Я кожнай хвойкі гоман адчуваю,
Я чую крокі нават туманоў,
Таму і злосьць, і крыўду прабачаю
У лёгкім тлуме творчых аганькоў.

Таму і ноч, і месяц пад гіпнозам,
А я пад хмелем музыкі жыцьця.
Мне шэпчуць вершы белыя бярозы,
Мне шэпчуць казкі хвалі між трысьця.

19-III—29 г.