Атаман

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з І застукала сэрца улана…)
Jump to navigation Jump to search
Атаман
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1924


Калі сёння на сельскім сходзе
Крычаць:
«Трактар давай замест сох!..»
Думка ўраз — аб паўстанцкім паходзе
Па беларускіх лясох.

Колькі раз грымела паўстанне,
Каб пазбыцца няволі, пут…
Ды заўсёды ў мужыцкім стане
Канчаў справу чужынца суд.

Суд ліхі — над паўстанцам расправа!..
Каб мужык — дык паўстанец, бунтар?
Аб паўстаннях жыла толькі слава,—
Пра іх пелі наш лірнік, дудар…

Але ў песнях чуваць адвага…
На вачах — не пабачыш слёз…
А з грудзей не нясецца скарга
На мужыцкі паганы лёс…

Час мінуў… і мы у паўстанні…
Неспакой у мужыцкай крыві!..
Ну, цяпер ты, чужынец, васпане,
Мужыка, як раней, задаві?!

Не, пастой! ты нас не зможаш:
Бач, паўстанцаў новы набор…
Зноў знаёмае нам падарожжа:
Пушча, поле, імшары ды бор.

Мужыкі збунтаваліся дужа,
А у іх цяпер ёсць атаман…
І крыві не спужае іх лужа,—
Пераможа мужыцкі стан.

Вось і мы у паўстанні,—
Неспакой у мужыцкай крыві…
Ну, цяпер, пан, чужынец паганы,
Мужыка, як раней, задаві?!

* * *

Жмурыць вочы вечар сіні…
— Гэй, на плечы торбы-ранцы!..
Каля лесу, па даліне
Ідуць хлопцы-навабранцы.

Ідуць хлопцы… млеюць ногі…
Па траве дыбаюць роснай…
Лепей голад, як астрогі…
А без хлеба — млосна… млосна…

Навабранцы — хлопцы бравы,
Самахвотна выйшлі з хаты…
— Дай спачынем ля дубравы,
Хоць падсушым світы-латы.

Жмурыць вочы вечар сіні…
А наўкола — ціша, ціша…
Толькі вецер пры даліне
Куст алешніку калыша.

Знялі хлопцы торбы-ранцы,
На траве прыселі роснай…
— Эх вы, хлопцы, эх, паўстанцы!..
А без хлеба — млосна… млосна…

Эх, ды што там!.. Што яда нам,
Калі мы цяпер ў паходзе!
Быць хутчэй бы аб’яднаным
З тым, хто хоча жыць у згодзе.

Зноў на плечы торбы-ранцы…
Каля лесу, па даліне
Мужыкі ідуць — паўстанцы…
Жмурыць вочы вечар сіні…

* * *

Не лясы шумяць,
Не дубравы гамоняць,
Плача бацька, маці:
На паход, бач, звоняць.

На паход, бач, звоняць
Са званіцы-ўлоння,
З тых сяліб-загонаў,
Што паны палоняць.

Не жагнай, матуля,
Крык там не паможа…
Як прыйду адтуль я,
Будзе жыць нам гожа.

Плечы не сагнем мы,
Вольна будзе жыці…
Сіла ёсць сягоння,—
Бывай!.. Не тужы ты.

Плача бацька, маці:
На паход, бач, звоняць…
Не лясы шумяць,
Не дубровы гамоняць…

* * *

І застукала сэрца улана:
На зямлі нашай — больш не яздок…
Паглядзеў — мужыкоў як наслана!..
Чуе грозны загад атамана:
«Мінск і Вільня, а там — Беласток!..»

Эх, пайшлі!.. Зварухнулася сіла,
Толькі рэхаю стогне абшар…
Хоць сягодня яшчэ і не ў Вільні,
Але тут вось мужык гаспадар!

Чуеш, сёння на сельскім сходзе
Крычаць:
«Трактар давай замест сох!..»
А галодных шмат яшчэ ходзіць
Па беларускіх лясох.

Але што!.. Хай праведзены межы,
Хай на целе краіны парэз…
Чуем вольны мы спеў Белавежы —
Там гукае паўстанцамі лес.

Тут аб трактары сёння размова,
Аб канале, электраплугах…
Калі ж трэба — заўсёды гатовы!
Добра знаем паўстанцкі мы шлях!..

Не заблудзім у буру і слоту,
Хоць засцеле балоты туман…
Тут гатовы паўстанцкія роты
І на варце ўсягды атаман!

Абы чуць неспакой на балоце,
Хай заплача няволяй лаза,—
У паўстанцкім апошнім паходзе
Буду першы я партызан!

1924