«Безназоўнае» (Луцкевіч)
«Безназоўнае»: Зборнiк вершаў Янкі Купалы Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1925 Крыніца: Іскра. 1925. 24 чэрв. |
Дваццатыя ўгодкi сваей паэтыцкай творчасьці, якія прыпадаюць на сёлетні год, адзначыў Купала выпускам у сьвет новага зборніку вершаў пад загалоўкам «Безназоўнае» (Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925).
Паскольку ранейшыя назовы зборнікаў твораў Купалы мелі кожнаму зразумелыя назовы: «Жалейка», «Гусьляр», «Шляхам жыцьця», «Спадчына», — пастольку апошні назоў вельмі мала гаворыць аб тым, што знойдзем, расчыніўшы хораша надрукаваны томік найнавейшых вершаў нашага юбіляра. I трэба думаць, што Купале трудна было знайсьці такі назоў, які выявіў бы вельмi зложны працэс, каторы за апошнія гады адбываецца ў ягонай душы і знаходзе сваё выяўленьне ў найнавейшых вершах Купалы.
Купала перад усім — сын Зямлі, які гэтак вырас духова па-над акружаючую яго масу, што думкай абняў ня толькі сваю ўбогую вёску, але і ўвесь народ — усю беларускую нацыю. Не дарма ж ён лічыцца нацыянальным песьняром-прарокам, які вядзе беларускую масу да духовага і матэрыяльнага вызваленьня. Але пад той час, як у аснове яго ідэалёгіі раней ляжала усё ж такі ідэалёгія сялянская, — цяпер, у сувязі зь пяршынствам беларускага работніка ў будаваньні вольнае Бацькаўшчыны, у Купалы пачынаюць гучэць новыя матывы і тоны — пралетарскія. I мо нідзе ў жыцьці няма такое цеснае «змычкі» між ідэалёгіяй селяніна і работніка, як у гэтым новым зборніку Купалы, для якога аўтар не знайшоў адпаведнага назову.
Хаця Купала ўжо ў сваей вершаванай паэме «Сон на кургане» зачапляе злыбеды работніцкага жыцьця, але толькі тут —у новым зборніку — ён пачынае гаварыць языком работніка. Вось уступны верш у «Безназоўным»:
...О так! Я — пралетар!..
Яшчэ учорах раб пакутны —
Сягоньня я зямлі ўладар
I над царамі цар магутны!
Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсiх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!
Вось як рашуча, адварачваецца Купала ад старое сялянскае ідэалёгіі! Але і «сусьветнае грамадзянства» яго йшчэ няпоўнае: Купала пераймаецца новай для яго пралетарскай ідэалёгіяй, адварачваецца ад родных ніў, але пры ўсiм сваім інтэрнацыяналізьме ня можа пазбыцца таго, што становіць істоту ягонае душы: ня можа пазбыцца любві да сваей Бацькаўшчыны, ня можа пазбыцца «сноў аб Беларусі».
Купала апынуўся на ростані: з аднаго боку ўсiм сваім цяжарам яго ўдзержывае вёска зь яе асаблівым сьветапаглядам, з другога — захоплівае размах і сіла работніцкага руху. А побач з гэтым ідзе барацьба — ці мо шуканьне нейкага кампрамісу, які пагадзіў бы яго гарачую любоў да Беларусі з касмапалітычнай ідэалёгіяй пралетарыя.
Хіба гэтым і тлумачыцца выбар назову зборніку. Дый зьмешчаны ў ім верш «Безназоўнае» толькі пацьвярджае нашу дагадку аб тэй ідэйнай эвалюцыі, якую перажывае сяньня Янка Купала.
Ня будзем тут затрымлівацца над паасобнымі вершамі Купалы. Яны — непараўнаныя па свайму хараству і сіле — і тады, калі паэт дае цудоўны абраз ляснога возера (асабліва пекная тут рытміка пры рыфмаваных толькі другіх радкох!), — і тады, як апісвае далёкі Крым, што даў гэтулькі натхненьня некалі Адаму Міцкевічу, — і тады, як на трывогу б’ець у званы... Купала — мастак слова — выявіў сябе тут ува ўсей сваей велічы.
На жаль, далёка ня увесь зборнік Купалы складаедца з новых рэчаў. Блізу палова — рэчы ўжо друкаваныя, як, да прыкладу, «На папасе» (гл. «Шляхам жыцьця»), «Хаўтурны марш» з Уейскага (зборнік «Наша Ніва» 1920 г.) і інш. Ёсьць і перапевы старых матываў, як «Адшчапенцам (заходнім)», вельмі нагадуючыя аналягічныя вершы ў зборніку «Шляхам жыцьця».
Усе ж такі «Безназоўнае» — прынамся новая частка яго — гэта йшчэ адзін цэнны ўклад у нашу літаратуру, гэта — новы крок наперад да сфармуляваньня нашае адраджэнскае ідэалёгіі, а разам і мастацкі ўзор для нашае паэтыцкае моладзі.