Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыязнь мацнела ўсё болей, выдзяляючыся поўнаю ўзаемнасьцю. Калі Эвэліна ўносіла ў іхнія ўзаемныя адносіны сваю спакойнасьць, сваю ціхую радасьць, даводзіла да ведама сьляпога новыя адцені навакольнага жыцьця, дык і ён, у сваю чаргу, даваў ёй… сваё гора. Здавалася, быццам першае знаёмства з ім зрабіла чуламу сэрцу маленечкае жанчыны крывавую рану: вымце з раны кінджал, які зрабіў удар, і яна сплыве крывёю. У першы яшчэ раз, пазнаёміўшыся на ўзгорачку ў сьцяпу з сьляпым хлопчыкам, маленечкая жанчына адчула вострую пакуту спачуцьця і цяпер яго прысутнасьць рабілася для яе ўсё больш і больш неабходнаю. У разлуцы з ім рана быццам адкрывалася зноў, боль ажываў, і яна імкнулася да свайго маленькага прыяцеля, каб бязустанным клопатам сьцішыць сваю ўласную пакуту.


VI.

Аднойчы ў цёплы асеньні вечар абедзьве сям’і сядзелі на пляцыку перад домам, любуючыся зорным небам, сінеўшым глыбокаю бліскучасьцю і гарэўшым агнямі. Сьляпы, паводле звычаю, сядзеў побач з сваёю прыяцелькаю каля маці.

Усе на момэнт сьціхлі. Каля сядзібы было зусім ціха; толькі лісьцьцё час ад часу, чутліва схамянуўшыся, мармытала штосьці малазразумелае і зараз-жа сьціхала.

У гэтую мінуту бліскучы мэтэор, сарваўшыся аднекуль з глыбіні цёмнае лазуры, праляцеў зыркаю палоскаю па небе, пакінуўшы за сабою фосфарычны сьлед, пагасшы памалу і незаўважанна. Усе паднялі вочы. Маці, сядзеўшая побач з Петрыкам, пачула, як ён схамянуўся і ўздрыгнуў.

— Што гэта… было? — павярнуўся ён да яе з неспакойным тварам.

— Гэта зорка ўпала, дзіця маё.